Складана, але цікава

- 12:12Адукацыйная прастора, Апошнія запісы

Сёлета Брэстчына прымала ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і працоўным навучанні. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі ў Брэсце і Кобрыне.

— У сёлетняй рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі прынялі ўдзел 109 вучняў 9—11 класаў, — расказаў старшыня журы па геаграфіі, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта БДУ, доктар геаграфічных навук, прафесар П.С.Лопух. — Алімпіяда складалася з трох тураў: тэарэтычнага, мультымедыйнага і практычнага. У тэарэтычным туры, на які адводзіліся 3 гадзіны, вучням прапаноўвалася 8 пытанняў па розных раздзелах фізічнай і эканамічнай геаграфіі. У мультымедыйным туры патрабавалася за 1,5 гадзіны на аснове прапанаванага ілюстрацыйнага матэрыялу знайсці адказы на пытанні, якія тычыліся геаграфічных аб’ектаў і карт. Змест практычнага тура сёлета быў зменены і максімальна набліжаны да ўзроўню міжнароднай алімпіяды. Тур складаўся з дзвюх частак. За першыя 2 гадзіны вучні павінны былі абазначыць на гатовай картаграфічнай аснове аб’екты пэўнага квартала Брэста зыходзячы з іх функцый. За другія 2 гадзіны патрабавалася на аснове атрыманай інфармацыі выканаць 4 блокі заданняў і скласці 2 карты, дзе апісаць геаграфічнае становішча тэрыторыі, яе гістарычнае фарміраванне, значэнне, мэтавую і функцыянальную прыналежнасць, а таксама вызначыць праблемы пэўнай тэрыторыі і прапанаваць шляхі іх вырашэння. Гэтае заданне добра правярала факталагічныя ўменні і навыкі школьнікаў.
Найбольшыя цяжкасці ў алімпіяднікаў выклікаў практычны тур. Некаторыя вучні не ўмеюць сістэматызаваць і аналізаваць інфармацыю. У цэлым жа ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў парадаваў. Сярод іх шмат працавітых, мэтанакіраваных і здольных вучняў. Хацелася б, каб пераможцы абласных этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд таксама мелі пэўныя прывілеі пры залічэнні ва УВА.
Адзінаццацікласнік Раман Пульвас з гімназіі № 1 Ліды ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 3 класа. У 9 і 10 класе юнак станавіўся ўладальнікам дыпломаў ІІІ ступені Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Гэтым прадметам Раман захапляецца даўно. Асабліва падабаюцца яму эканамічная геаграфія і геаграфія краін і мацерыкоў.
Да алімпіядных спаборніцтваў юнака з 9 класа рыхтуе настаўнік геаграфіі У.М.Валюк, манера выкладання якога дазваляе вельмі лёгка засвойваць цікавы матэрыял. Шмат даводзіцца працаваць і самастойна ў вольны ад вучобы час.
Сёлетняя алімпіяда падалася Раману складанай, але цікавай. Самымі цяжкімі для яго аказаліся заданні па фізічнай геаграфіі, звязаныя з гісторыяй фарміравання Зямлі. Неадназначныя ўражанні выклікала заданне пра гісторыка-культурнае развіццё Беларусі, якое, на думку юнака, не вельмі суадносіцца з геаграфіяй. У мультымедыйным туры замест ранейшых 30 пытанняў было 45. Раман лічыць, што практычны тур стаў больш цікавым, але на яго правядзенне выдаткавана мала часу.
— Галоўнае на алімпіядзе — вера ў сябе, — упэўнены юны географ. — Можна многага не ведаць, але, дзякуючы ўпэўненасці, дасягнуць добрых вынікаў.
Юнак з радасцю адзначыў высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды, найперш бытавых умоў і харчавання. Адчуваліся надзвычай добразычлівыя адносіны да гасцей з боку кіраўніцтва і педагогаў Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Спадабалася юнаку і насычаная культурная праграма.
Раман прызнаўся, што пасля заканчэння гімназіі збіраецца паступаць на геаграфічны факультэт БДУ. Праўда, пакуль не вызначыўся, на якую спецыяльнасць — “Геалогія” ці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Юнак лічыць іх даволі перспектыўнымі ў якасці будучай прафесіі.
Дзевяцікласніца Валерыя Альгамец з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя ўдзельнічае ў алімпіядах па геаграфіі з 6 класа. Гэтым прадметам дзяўчыну зацікавіла маці Людміла Рыгораўна, якая працуе настаўніцай геаграфіі. Дзякуючы ёй, Валерыю прыцягваюць іншыя краіны і заморскія падарожжы. Трэба адзначыць, што вучаніца на працягу 3 гадоў удзельнічала ў рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях у секцыі “Геаграфія”, дзе атрымлівала дыпломы розных ступеней. А ўвогуле, прызналася Валерыя, у ліцэі ўдзяляецца вялікая ўвага падтрымцы і падрыхтоўцы алімпіяднікаў.
У тэарэтычным туры найбольш складанымі для дзяўчыны аказаліся “кліматычныя” пытанні і пытанні, звязаныя з эканамічнай геаграфіяй. Мультымедыйны тур падаўся даволі лёгкім. Ды і практычны тур быў вельмі цікавым. Валерыя шкадуе толькі пра недахоп часу для яго выканання.
Алімпіядніцы вельмі спадабаўся прыгранічны Брэст, абвешчаны сёлета культурнай сталіцай Беларусі.
З выбарам будучай прафесіі Валерыя пакуль не вызначылася, але цвёрда ўпэўнена, што геаграфічныя веды абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.
Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Валерыя Альгамец з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, Мікіта Рагоўскі з гімназіі Светлагорска Гомельскай вобласці і Ягор Гафараў з гімназіі № 1 Віцебска; дзесяцікласнікі Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч Брэсцкай вобласці, Арцём Зубрыцкі з гімназіі № 22 Мінска і Вольга Папко з сярэдняй школы № 5 Жлобіна Гомельскай вобласці; адзінаццацікласнікі Павел Хвалько з гімназіі № 3 Баранавіч Брэсцкай вобласці, Іван Дарашэвіч з гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці і Уладзіслаў Дагліс з гімназіі № 1 Жодзіна Мінскай вобласці. Спецыяльны прыз міністра адукацыі Беларусі дастаўся адзінаццацікласніку Андрэю Валасюку з Юхнавіцкай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

***

— Сёлета ў Рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні ўдзельнічалі 38 дзяўчат і 39 юнакоў з 8—11 класаў і ПТНУ, — расказала старшыня журы па працоўным навучанні, загадчыца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі ВДУ імя П.М.Машэрава, кандыдат тэхнічных навук І.А.Сысоева. — Задача алімпіяды па працоўным навучанні заключаецца ў тым, каб школьнікі паказалі здольнасці і дасягненні ў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці.
Алімпіяда складалася з тэарэтычнага, практычнага і творчага тура. У тэарэтычным туры, на які адводзілася адна гадзіна, школьнікі адказвалі на пытанні, складзеныя ў тэставай форме. Гэты тур правяраў веды алімпіяднікаў не толькі па тэарэтычных асновах працоўнага навучання, але і па многіх сумежных вучэбных дысцыплінах, напрыклад, па матэматыцы і фізіцы. Прыемна, што вучні паспяхова справіліся з прапанаванымі пытаннямі.
Практычны тур доўжыўся 4 гадзіны. У ім неабходна было паказаць майстэрства ў стварэнні вырабаў. Так, юнакі з дапамогай драўніны і металу шчыравалі над мадэлямі помніка Перамогі, а дзяўчаты — над сувенірнымі вокладкамі для пашпартоў з элементамі беларускіх матываў. Спачатку вучні на працягу паўгадзіны стваралі тэхналагічныя карты вырабаў, а затым пачыналі ўвасабляць задуманае ў рэальнасць. Заданні практычнага тура атрымаліся аптымальнымі па складанасці.
Надзвычай цікава прайшоў творчы тур, на якім прэзентаваліся і абараняліся індывідуальныя праекты, прычым у рознай форме: у вершах, песнях і танцах. Радуе, што майстэрства вучняў з году ў год павышаецца. Акрамя тэхналагічнага боку вырабаў, ацэньвалася і ўменне іх прыгожа прэзентаваць. Вызначыць самыя лепшыя работы было надзвычай цяжка, бо яны эксклюзіўныя і нераўназначныя па сваім прызначэнні.
Па словах І.А.Сысоевай, алімпіяда па працоўным навучанні патрабуе павышэння матывацыі яе ўдзельнікаў праз каціроўку атрыманых дыпломаў пры залічэнні ў пэўныя УВА. Старшыня журы выказала вялікую падзяку настаўнікам-энтузіястам і таленавітым вучням.
Адзінаццацікласнік Аляксей Ваўчок з сярэдняй школы № 181 Мінска ўдзельнічае ў “працоўных” алімпіядах з 8 класа. Да гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва юнака заахвоціў настаўнік працоўнага навучання Г.Э.Кокар.
На думку Аляксея, для практычнага тура быў выбраны даволі складаны выраб для выканання. У творчым туры юнак прэзентаваў сервіровачны столік з электрададаткам, над якім шчыраваў паўгода. У тэарэтычным туры найбольшыя цяжкасці выклікалі разліковыя задачы.
Аляксей прызнаўся, што навыкі і ўменні, атрыманыя на працоўным навучанні, надзвычай карысныя для жыцця. Прафесійную дзейнасць юнак плануе звязаць з праграмаваннем.
Дзесяцікласніца Ганна Шчука з гімназіі № 4 Баранавіч Брэсцкай вобласці таксама ўдзельнічае ў алімпіядзе па працоўным навучанні з 8 класа. На рахунку дзяўчыны некалькі дыпломаў ІІІ ступені, атрыманых на абласных спаборніцтвах. На заключны этап рэспубліканскай алімпіяды Ганна прыехала ўпершыню.
Дзяўчына прызналася, што любіць майстраваць сваімі рукамі. У свой час Ганна наведвала гурток мяккай цацкі ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч.
Заданне практычнага тура алімпіядніцы спадабалася і цяжкасцей не выклікала. У творчым туры Ганна паказвала летнюю сукенку з аксесуарамі. А вось у тэарэтычным туры давялося папацець над пытаннямі па матэрыялазнаўстве.
Працоўным навучаннем дзяўчына захапляецца для душы. У будучым плануе стаць перакладчыкам.
Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнік Уладзіслаў Карасёў з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці, дзевяцікласніцы Кацярына Хілько з гімназіі № 74 Мінска і Марына Нікалаеня з Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага Капыльскага раёна Мінскай вобласці, дзесяцікласнік Андрэй Віннік з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці, адзінаццацікласнікі Ілья Завадскі з Перакольскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, Лізавета Чаховіч з сярэдняй школы № 2 Оршы Віцебскай вобласці і Аляксандр Малашэнка з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.