Як настроіць навучэнцаў на рабочы лад, ведае настаўніца англійскай мовы Алена Дзядзюля

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Як “разагрэць” навучэнцаў на пачатку ўрока і настроіць іх на рабочы лад, ведае настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Глуска Алена Дзядзюля. У ход ідуць розныя педагагічныя знаходкі, хітрыкі, ажыўлялкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сітуацыя поспеху

Па словах Алены Васіль­еў­ны, да выбару педагагічнай прафесіі яна прыйшла не адразу. Да 9 класа хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, аднак, паспрабаваўшы свае сілы ў алімпіядным руху па хіміі, прыйшла да высновы, што гэта не зусім яе стыхія.

— Вельмі хацелася, каб будучая прафесія была звязана з работай з людзьмі. Так я і апынулася ў педагогіцы, — расказвае А.Дзядзюля. — А замежная мова была выбрана дзякуючы майму настаўніку з вялікай літары Наталлі Мікалаеўне Каранеўскай. Менавіта яна захапіла і ўцягнула ў цудоўны свет замежнай мовы.

У школу настаўніца прыйшла працаваць, яшчэ калі была студэнткай 4-га курса філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і ўжо 13 гадоў выкладае англійскую мову вучням.

— Самы вялікі плюс работы ў школе — усведамленне таго, што ты сапраўды прыносіш карысць: грамадству, краіне, а галоўнае, вучням. Калі бачыш у вачах дзяцей, што ты ім патрэбен, то адчуваеш сябе неабходным у іх жыцці. Бо яны часам аб­дзелены бацькоўскай увагай з-за занятасці татаў і мам, — працягвае суразмоўніца. — Школа і школьны калектыў — гэта жывы і пастаянна зменлівы арганізм, гэта новыя прафесійныя выклікі, якія дазваляюць быць у тонусе сучаснага жыцця. Гэта ўдзел з вучнямі ў канферэнцыях, конкурсах, алімпіядах. Пошук, работа, памылкі, поспехі, перамогі. А таму маё жыццёвае крэда — “Ніколі не спыняцца на дасягнутым”.

На ўроках педагога эфектыўнасць вызначаецца пад­рыхтаванасцю навучэнцаў да міжкультурнай камунікацыі, гэта значыць, уменнем прымяняць веданне англійскай мовы ў зносінах, ці то гэта дыялог, маналог, палілог, ці то пісьмовая мова.

— Перадумова паспяховага ўрока — складанне плана, — лічыць Алена Дзядзюля. — Эфектыўнасць урока залежыць ад яго структуры — этапаў урока, кожны з якіх нясе вельмі важную метадычную функцыю. Заўсёды пачынаю ўрок з этапу warming-up activity. Гэты момант цудоўна “разагравае” навучэнцаў, рыхтуе да работы на ўроку. Я прымяняю розныя хітрыкі: гульні, мікрадыялогі, эмацыянальныя песенькі. Часта выкарыстоўваю лічылкі, вершы, скорагаворкі, рэбусы, загадкі. Карыстаюся імі, каб з першых мінут прыцягнуць увагу навучэнцаў да тэмы, настро­іць іх органы маўлення на гаварэнне на англійскай мове.

На ўроках настаўніца выкарыстоўвае розныя ажыўлялкі, як валеалагічныя, аздараўленчыя (гімнастыка для вачэй, цікавыя гульнявыя фізпаўзы), так і разнастайныя рухавыя гульні.

У навучанні Алена Васіль­еўна аддае перавагу вуснаму маўленню, хаця чытанню і перакладу таксама ўдзяляе шмат увагі. Літаральна з першых мінут навучання імкнецца пераканаць дзяцей у тым, што трэба пераадолець страх гаварэння на англійскай мове.

— Лічу, што дзецям неабходна спачатку добра засвоіць лексіку. Веданне слоў імкнуся рознымі спосабамі даво­дзіць да аўтаматызму. Школьнікі вывучаюць словы так, што на ўроку здольны перакла­даць словы з рускай мовы на англійскую і наадварот на час. Пасля асваення лексікі пераходзім да вуснага маўлення і пісьма. Добра засвоіўшы словы, дзеці з лёгкасцю могуць перакладаць на мову цэлыя апавяданні. Яны хутка складаюць дыялогі, маналогі, — расказвае педагог.

Для падтрымання матывацыі дзяцей да вывучэння мовы Алена Дзядзюля стварае сітуа­цыю поспеху. Адчуваючы пачуццё паспяховасці ў камунікатыўнай дзейнасці, вучань перажывае радасць, эмацыянальны ўздым. У яго з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах, павышаецца самаацэнка, з’яўляецца жаданне зноў дасягнуць добрых вынікаў.

— Для навучання ўменню пісьмова выкладаць свае думкі падбіраю такія фармулёўкі заданняў, якія змяшчаюць пабуджальны матыў да пабудовы выказвання, — тлумачыць педагог. — Спачатку актывізую лексічны і граматычны матэрыял, з мэтай па­збягання магчымых памылак асноўныя граматычныя структуры прадстаўляю на дошцы ці ў табліцы. Для некаторых заданняў (розныя віды пісем) абавязковы ўзор, а таксама магчыма складанне плана выказвання, выкарыстанне выяўленчай нагляднасці (пры апісанні жылля, горада).

Прыёмы візуалізацыі, як традыцыйныя (схемы, апорныя канспекты, табліцы), так і новыя (воблака слоў, інфаграфіка), настаўніца падбірае з улікам канкрэтных вучэбных задач на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, абагульненні і сістэматызацыі ведаў і інш.

Імклівая інфарматызацыя грамадства прывяла да карэнных змяненняў у разнастайных сферах дзейнасці чалавека, у тым ліку паспрыяла фарміраванню ў малодшага пакалення новага тыпу мыслення — кліпавага. Так, дзеці, якія выраслі ў эпоху высокіх тэхналогій, па-іншаму гля­дзяць на свет. Іх успрыманне не паслядоўнае і не тэкставае. Яны бачаць малюнак у цэлым і ўспрымаюць інфармацыю па прынцыпе кліпа. У выніку пры арганізацыі заняткаў існуе неабходнасць візуалізацыі інфармацыі. Прымяненне разнастайных сродкаў і прыёмаў нагляднасці робіць урок больш эфектыўным, бо дазваляе задзейнічаць розныя каналы ўспрымання інфармацыі.

Дамашні рэлакс

Пяць гадоў Алена Васіль­еўна рыхтуе вучняў да конкурсаў даследчых работ і алімпіяд.

— Несумненна, каб паспяхова падрыхтаваць навучэнца да любога інтэлектуальнага конкурсу, настаўнік павінен прадаставіць яму моцную дыдактычную базу. Таму нямала часу займае аналіз работ мінулых гадоў, складанне і падбор заданняў па актуальных тэмах. І абавязкова планаванне работы: па кожным класе вызначаюцца тэмы на вывучэнне і складаецца план работы на навучальны год. З практыкі відаць, што чым раней пачынаецца работа, тым лепшы вынік паказвае навучэнец. Так, ужо з 3 класа прыглядаюся да дзяцей, у якіх ёсць здольнасці, лінгвістычнае чуццё і цікавасць да замежнай мовы, — заўважае педагог. — Калі гава­рыць пра даследчыя работы, то тут трэба ісці ў нагу з часам, знайсці такую тэму, якая актуальная ў сучасным свеце і абавязкова мае практычную значнасць. Толькі пры такой умове можна атрымаць высокія вынікі. Летась Дар’я Урбанская праводзіла даследаванне “Вывучэнне замежнай мовы праз сетку інтэрнэт”, а сёлета Ілья Васілеўскі — “Дыялекты Глуска на замежнай мове”.

Мэтанакіраваная работа прыносіць станоўчыя вынікі. Выхаванцы настаўніцы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых прадметных алімпіяд, конкурсаў даследчых работ. Так, Ілья Васілеўскі сёлета на раённым этапе алімпіяды стаў уладальнікам дыплома І ступені, а Карына Буклей — дыплома ІІІ ступені.

— Школа — такі ўнікальны механізм, што, вярнуўшыся з яе, працягваеш праца­ваць і дома. Планы, канспекты, сшыткі — гэта, так бы мо­віць, віды дамашняга рэлаксу. Але калі ёсць магчымасць, ніколі не адмаўляюся ад прагулак на свежым паветры. Такі від правядзення вольнага часу дапамагае перазарадзіцца і набрацца сіл, — гаворыць педагог.  

Алена Дзядзюля з’яўляецца пераможцай раённага этапу конкурсу метадычных распрацовак па замежнай мове, накіраваных на развіццё чытацкай адукаванасці. Яна прызнаецца, што сітуа­цыя поспеху не дае сядзець склаўшы рукі, таму ў планах — працягнуць работу па падрыхтоўцы вучняў да інтэлектуальных спаборніцтваў, а таксама да паспяховай здачы ЦЭ і ЦТ.

І стымул, і матывацыя

Актыўна ў сваёй дзейнасці Алена Дзядзюля прымяняе інфармацыйна-­камунікацыйныя тэхналогіі.

ІКТ дазваляюць скараціць часавыя выдаткі пры падрыхтоўцы да заняткаў, павы­сіць шчыльнасць урока, павялічыць уздзеянне на розныя каналы ўспрымання і апрацоўкі інфармацыі, узбагаціць нагляднасць, якая забяспечвае ўсвядомленасць і асэнсаванасць вучэбнага матэрыялу, які ўспрымаецца дзецьмі.

Урокі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі выклікаюць у навучэнцаў непадробленую цікавасць. Заняткі праходзяць у гульнявой форме, дзецям прасцей запамінаць тую ці іншую інфармацыю. Матэрыялы, прадстаўленыя на інтэрнэт-платформах Wordwall, LearningАpps і інш., накіраваны на развіццё навыкаў гаварэння, чытання, пісьма, на ўспрыманне іншамоўнага маўлення на слых і яго разуменне. Прычым названыя рэсурсы карысныя яшчэ і тым, што падабраць матэрыял можна не толькі па тэме ўрока, а і па ўзроўні ведаў вучняў.

Для правядзення таго ці іншага віду кантролю педагог прымяняе рэсурсы платформ Islcollective і Liveworksheets, на якіх ёсць шмат тэстаў, практыкаванняў рознага ўзроўню, з дапамогай якіх у навучэнцаў можна праверыць як лексіку, так і граматыку, навыкі чытання і вуснага маўлення. Практыкаванні педагог спампоўвае, раздрукоўвае і дае кожнаму навучэнцу індыві­дуаль­на. Часам, выкарыстоўваючы мультымедыйны праектар, арганізуе франтальную работу і работу ў групах. Калі-нікалі звяртаецца і да відэаўрокаў, якія ў асноўным згрупаваны па граматычных тэмах. Па хо­дзе прагляду з’яўляюцца пытанні для праверкі разумення альбо адпрацоўкі граматыкі. 

Мабільныя дадаткі, якія ўстаноўлены на тэлефонах, выхаванцы Алены Васільеўны выкарыстоўваюць пераважна дома. У дзяцей з’яўляецца магчымасць замацаваць атрыманыя на ўроках веды і навыкі. І не проста адпрацаваць, але і разабраць свае памылкі. У большасці дадаткаў ёсць зваротная сувязь: яны выдаюць не толькі правільныя адказы, але і разбіраюць памылкі і даюць тлумачэнне.

У практыку работы настаўніцы ўвайшлі віктарыны, дыспуты, дэбаты, якія дапамагаюць рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урока, практыкуе педагог і перавернутае навучанне. Напрыканцы вывучэння кожнага раздзела школьнікам прапаноўваецца выканаць ­праект, які можа быць як групавым, так і індывідуальным. Навучэнцы разуме­юць, што паспяховае выкананне праекта залежыць ад кожнага ўдзельніка, таму актыўнасць і праяўленне свайго пункту гледжання вельмі неабходны. Акрамя таго, дзеці вучацца працаваць у камандзе, у кожнага ўдзельніка ёсць свае абавязкі, неабходнасць правільнага ацэньвання зробленага, сваёй работы і работы аднакласнікаў. А гэта вялікі стымул для актыўнага засваення ведаў.

Формы работы для праектнай дзейнасці вельмі разнастайныя: навучэнцы бяруць інтэрв’ю, шукаюць інфармацыю праз прагляд відэа, друкаваныя крыніцы. У выніку ў іх развіваюцца навыкі чытання, гаварэння, пісьма.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара