У выкладанні прадмета настаўніцы гісторыі ўздзенскай сярэдняй школы № 1 імя А.С.Пушкіна Ілоне Тарацэўскай дапамагаюць падарожжы і паходы. Тое, чым будзе напоўнены іх змест, залежыць ад тэмы, якая вывучаецца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выбраць гісторыю
Любіць гісторыю Ілона Тарацэўская пачала дзякуючы бацькам. Тыя цёплыя пачуцці, з якімі яны ўспаміналі пра Беларусь, падштурхнулі дзяўчынку даведацца пра родную краіну як мага больш.
“Мая сям’я, калі я была маленькая, у Беларусі не жыла, — расказвае пра сябе Ілона Міхайлаўна. — З-за таго, што тата ваенны, мы часта пераязджалі: Расія, Германія, Польшча — змянілі многа краін. Але настальгія ніколі не пакідала бацькоў. Я слухала іх аповеды пра Беларусь і палюбіла яе яшчэ да таго, як прыехала сюды”.
Заканчваючы 11 клас уздзенскай сярэдняй шклы № 1 імя А.С.Пушкіна, І.Тарацэўская дакладна ведала, што стане настаўніцай гісторыі: ёй вельмі хацелася паказаць сваім будучым вучням, што тыя, хто любіць свой край і лічыць сябе яго грамадзянінам, павінны ведаць мінулае Радзімы.
“Пасля заканчэння школы я паступіла ў БДПУ, выбрала для сябе гісторыю і замежную мову, нямецкую, — працягвае І.Тарацэўская. — Але другі прадмет не выкладала, заўсёды вучыла дзяцей выключна гісторыі”.
Свой першы ўрок па прадмеце настаўніца дагэтуль успамінае з хваляваннем і ўсмешкай, — гэта быў 9 клас. Нягледзячы на перажыванні, малады спецыяліст адразу змагла пабудаваць з вучнямі дыялог.
“Мне падабаецца камунікаваць з дзецьмі, абмяркоўваць шматлікія пытанні, разважаць па тэме параграфа, — прызнаецца настаўніца. — Вялікую ролю таксама адыгрывае пачуццё гумару. Навучэнцы любяць дарослых, якія ўмеюць пажартаваць і пасмяяцца”.
Знайсці падыход да тых, хто не хоча вучыць прадмет, і зацікавіць іх гісторыяй настаўніцы дапамагае індывідуальны падыход.
“Але разам з ім школьнікам падабаецца, калі на ўроках яны чуюць нешта новае, цікавае, што звязана з раздзелам, які вывучаецца, — дадае педагог. — Для гэтага па большасці тэм распрацоўваю памяткі, якія мы называем лайфхакамі, — сучасныя дзеці любяць гэтае слова. Калі раней прыходзіла на ўрок і магла захапіць клас аповедам, то сёння гэтага недастаткова. Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій дапамагае разнастаіць заняткі і прыцягнуць увагу навучэнцаў. У сённяшніх школьнікаў кліпавае мысленне — яны лёгка ўспрымаюць карцінкі. Менавіта таму ілюстрацыі — гэта мае частыя памочнікі”.
Сярод улюбёных форм работы педагога з класам — метад крытычнага мыслення. Каб навучыць школьнікаў адпаведна мысліць, настаўніца складае гістарычныя задачы, якія прымушаюць думаць, супастаўляць, рабіць высновы.
“Гэты падыход мне вельмі падабаўся яшчэ з тых часоў, калі сама вучылася ў школе, — успамінае Ілона Тарацэўская. — Ім падчас урокаў карысталася мая настаўніца гісторыі Галіна Валянцінаўна Гладкая. Таксама я пераняла ад яе такую форму работы, як запаўненне табліц. Яны дапамагаюць сістэматызаваць і аналізаваць матэрыял”.
Яшчэ адзін кірунак работы, якому Ілона Тарацэўская ўдзяляе многа ўвагі, — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.
“У нас дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Спадчына”, з удзельнікамі якога мы арганізоўваем адна- ці двухдзённыя паходы, — адзначае настаўніца гісторыі. — Таксама вядзём актыўную работу па зборы ўспамінаў сведкаў вайны”.
Дзякуючы пошукавай рабоце, якую арганізавала І.Тарацэўская разам з вучнямі, у горадзе на вуліцы Ленінскай устанавілі памятны знак вязням яўрэйскага гета: калі даведалася, што яно тут было, Ілона Міхайлаўна пачала вывучаць тэму і збіраць інфармацыю пра тых людзей, якія ў ім загінулі.
“З работай “Злачынствы акупацыйнай улады на тэрыторыі Узды ў 1941—1945 гадах” мы з навучэнкай Настассяй Гурбан, у якой я была класным кіраўніком, на абласным конкурсе работ даследчага характару “Ад даследаванняў да адкрыццяў” атрымалі дыплом ІІ ступені і ўдзельнічалі ў рэспубліканскім этапе, — дзеліцца дасягненнямі педагог. — Таксама ў конкурсе даследчых работ імя У.Вярнадскага атрымалі шэраг дыпломаў”.
Пацвярджэннем таго, што вучні Ілоны Міхайлаўны цікаўныя і матываваныя, служыць тое, што летась дзве выпускніцы педагога, Настасся Гурбан і Марыя Гаманкова, здалі ЦТ па гісторыі на 98 і 100 балаў адпаведна. Адказваючы на пытанне, ці лічыць такое дасягненне сваёй перамогай, І.М.Тарацэўская сціпла ўсміхаецца і гаворыць, што ёй прыемна бачыць у вучнях сваіх аднадумцаў.
Гістарычныя артэфакты
У верасні І.Тарацэўская стала класным кіраўніком у 5 класе. Першае, што прапанавала настаўніца сваім маленькім вучням і іх бацькам, — пайсці ў паход з начоўкай. Акрамя таго, што такія мерапрыемствы спрыяюць згуртаванасці класа, гэта выдатны спосаб пазнаёміць тых, хто толькі скончыў пачатковую школу, з новым прадметам у раскладзе — гісторыяй. А яшчэ ўлюбіць у яе дапамагае жывое знаёмства з мінулым.
“На тэрыторыі Уздзенскага раёна знаходзіцца сядзіба Наркевічаў-Ёдкі “Наднеман”, — дзеліцца інфармацыяй педагог. — З маім мінулым выпускам мы туды часта хадзілі валанцёрыць, дапамагалі прыбіраць тэрыторыю. Падчас такой дзейнасці і дзякуючы зносінам з тымі, хто там працуе, веды вучняў пра сядзібу і пра тых, каму яна належала, сталі больш глыбокімі. У мяне таксама многа матэрыялу пра гэты помнік, таму з задавальненнем адказвала на пытанні свайго 11 класа”.
Лепш адзін раз убачыць, чым некалькі разоў пачуць — гэта яшчэ адзін прынцып, які прымяняе Ілона Тарацэўская ў навучанні.
“Нагляднасць — гэта тое, чаго патрабуе сённяшняе пакаленне, — нагадвае настаўніца. — Таму для сваіх пяцікласнікаў я загадзя на ўрок рыхтую гістарычныя артэфакты. У мяне ёсць кавалак бяросты, папірусы з Егіпта, крэмній, з якога калісьці выраблялі прылады працы. Мне падабаецца назіраць за эмоцыямі дзяцей, калі яны бяруць гэтыя прадметы ў рукі, а пасля пачынаюць разважаць пра тое, якой была старажытнасць”.
Старшакласнікам дакрануцца да мінулага і больш дэталёва ўявіць тыя з’явы, якія яны вывучаюць, дапамагаюць паездкі ў архіў. Не так даўно навучэнцы 10 класа разам з Ілонай Міхайлаўнай былі ў Нацыянальным архіве, дзе знаёміліся з метрычнымі кнігамі.
“Мы знайшлі ў іх звесткі пра Уздзенскі раён, пра сваіх продкаў, — падкрэслівае педагог. — Толькі так, праз дотык да мінулага, можна прывіць цікавасць да прадмета і любоў да сваёй гісторыі, гісторыі малой радзімы”.
Наталля САХНО
Фота аўтара





