У мінскім аўтамеханічным каледжы адкрыецца спецыяльнасць «Кузаўны рамонт транспартных сродкаў»

- 11:06Абитуриент, Образование

Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага чакае юнакоў, якія хацелі б ведаць усё пра рамонт аўтакузаваў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мы штогод вывучаем рынак працы. На адным з нашых базавых прадпрыемстваў — Мінскім аўтамабільным заводзе — узнікла патрэба ў аўтамалярах — спецыялістах, якія змогуць фарбаваць канструкцыі кузаваў аўтамабіляў і іх часткі. Таму і было прынята рашэнне адкрыць новую спецыяльнасць “Кузаўны рамонт транспартных сродкаў”, — праінфармаваў намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Аляксандр Гамза.

Набіраць навучэнцаў на новую спецыяльнасць будуць на базе 9 класаў на тэрмін навучання 3 гады 5 месяцаў. Першы набор складзе 30 чалавек — бюджэтнікаў. Выпускнікам будзе прысвоена кваліфікацыя “кузаўшчык 6-га разраду”.

— Гэта будуць рабочыя, але з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія будуць валодаць усімі відамі малярных і электразварачных работ. У такіх кадрах зацікаўлена ўся аўтатранспартная гаспадарка краіны — СТА, аўтапаркі, прадпрыемствы і арганізацыі, якія ажыццяўляюць вытворчасць, эксплуатацыю і рамонт транспартных сродкаў, — патлумачыў Аляксандр Анатольевіч.

Паводле яго слоў, выпускнікі спецыяльнасці “Кузаўны рамонт транспартных сродкаў” будуць умець праводзіць тэхнічнае дыягнаставанне і геаметрыю кузаваў транспартных сродкаў, аднаўляць кузавы і іх элементы ў тым ліку пры дапамозе зварачных работ, рыхтаваць аўтатранспарт да афарбоўкі і фарбаваць.

— З пачатку бягучага навучальнага года мы вядзём перамовы з супрацоўнікамі МАЗа па адкрыцці вучэбнай майстэрні на іх базе для падрыхтоўкі нашых будучых спецыялістаў. Спадзяёмся, што ў хуткім часе яна пачне функцыянаваць, — дадаў А.Гамза.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва рэдакцыі выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі