Дзейнасць цэнтра «Кропка росту» мсціслаўскай школы № 2 дазваляе распрацоўваць індывідуальныя адукацыйныя маршруты

- 9:00Главная, Образование

Аўтарскі праект па арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў ажыццяўляюць у сярэдняй школе № 2 Мсціслава. Тут створаны спецыялізаваны цэнтр “Кропка росту”, дзейнасць якога накіравана на ўсебаковае развіццё навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння перад школай стаіць задача не проста даць веды, на першы план выходзіць выхаванне дзяцей. За час навучання педагогам трэба сфарміраваць самадастатковую асобу, грамадзяніна-патрыёта з шырокім кругаглядам і высокай маральнай культурай. Таму ўзнікла ідэя стварэння цэнт­ра “Кропка росту”. Мы сістэматызавалі грамадска карысную дзейнасць і дадатковую адукацыю, што да­ло вучням неабмежаваныя магчымасці для самарэалі­зацыі, — паведаміла дырэктар Алена Вяркеенка.

Цэнтр аб’яднаў 16 напрамкаў. Гэта дазваляе любому навучэнцу знайсці занятак па душы і раскрыць свае здольнасці. Дзеці, захоп­леныя мастацтвам, з энтузіязмам наведваюць студыю творчасці “Яркі стыль”. Для тых, каму бліжэй спорт, у школе функцыянуе клуб “Чэмпіён”. Эрудытаў тут запрашаюць у інтэлектуальны клуб “Ізвіліум”. Тых, хто цікавіцца літаратурай, далуча­юць да работы на школьным радыё і тэлебачанні. Да вывучэння гісторыі навучэнцаў стымулююць праз края­знаўчы музей, у якім арганізавалі школу экскурсаводаў.

— Павышаную ўвагу ўдзяляем развіццю цікавасці да гульні ў шахматы, таму наладзілі шахматны ўсенавуч, які ахоплівае значную колькасць вучняў. Маральныя якасці развіваем праз валанцёрскі рух, які таксама знаходзіць водгук сярод нашых хлопцаў і дзяўчат, — адзначыла Алена Адамаўна.

У прыярытэце выхаваўчага працэсу ў школе — прывіццё вучням патрыятызму і грамадзянскасці. Фармі­раванню гэтых якасцей у дзяцей садзейнічае работа ваенна-патрыятычнага клуба “Фенікс” і дыспут-клуба “Новае пакаленне”.

— У сучасных рэаліях неабходна валодаць крытычным мысленнем, уменнем аналізаваць інфармацыю. Такія навыкі дзеці набыва­юць у дыспут-клубе. Мы рэгулярна праводзім разнастайныя дыскусіі, сустракаемся з экспертамі з розных сфер. У фармаце дыялогаў і дэба­таў навучэнцы набыва­юць важныя каштоўнасці і перакананні, вучацца адстойваць свой пункт гледжання, — расказала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Галакціёнава.

Матывуюць вучняў 2-й школы і да набыцця лідарскіх якасцей, да праяў­лення актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць фармі­раванне для юных лідараў, атрад сяброў міліцыі і цэнтр бяспекі.

— Навучэнцы аказва­юць пасільную дапамогу міліцыянерам і ратавальнікам. Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў яны пат­рулююць вадаёмы, удзельнічаюць у прафілактычных рэйдах. Для папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў наносяць адметныя надпісы паблізу пешаходных пераходаў. Разам з інспектарамі РАНС дзеці ўдзельнічаюць у рабоце па прафілактыцы пажараў. Акрамя таго, вучні ствара­юць тэматычныя відэаролі­кі прававой накіраванасці, распрацоўваюць гульні, з якімі наведваюць дзіцячыя садкі, — патлумачыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Асіпенка.

Ключавая роля ў цэнтры “Кропка росту” адво­дзіцца прафарыентацыі. Пачаткоўцы масава наведваюць аб’яднанне “Майстарслаў”. Больш прадметна са светам прафесій дзеці знаёмяцца на сярэдняй і старшай ступені навучання.

— У нашай установе вя­лікая ўвага ўдзяляецца дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы, таму ў праек­це “Кропка росту” праду­гле­джаны адпаведныя напрамкі. У папулярызацыі інжынерных спецыяльнас­цей дапамагае гурток па робататэхніцы, дзе дзеці займаюцца праграмаваннем, буду­юць мадэлі меха­нічных прылад. У лабараторыі мікрадаследаванняў “Біяхімікум” навучэнцы праводзяць эксперыменты, даследаванні. Сур’ёзна да будучай прафесіі рыхтуем і вучняў педагагічных класаў. Для іх працуе школа маладога важатага, у рамках якой юнакі і дзяўчаты могуць паспрабаваць сябе ў ролі педагога ці выхавальніка, — заўважыла Алена Вяркеенка.

Цэнтр “Кропка росту” функцыянуе ў 2-й мсціслаў­скай школе 4 гады, і яго эфектыўнасць відавочная.

— Палепшылася вучэбная паспяховасць вучняў. Дзеці вынікова праяўляюць сябе ў алімпіядах, інтэлектуальных, творчых, спартыўных спаборніцтвах, — падкрэсліла Алена Адамаўна. — “Кропка росту” дапамагае нам выхоўваць будучых сацыяльна адказных грама­дзян, цалкам гатовых да жыцця ў грамадстве.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара