Практычна кожны дзясяты непаўналетні ў краіне — з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Сёння атрымаць прафесію гэтыя абітурыенты могуць больш чым у 30 каледжах краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Інтэлектуальныя прафесіі
У Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, дзе рыхтуюць спецыялістаў па праграмаванні, аўтаматызаваных сістэмах кіравання, робататэхніцы, мікраэлектроніцы і нанатэхналогіях, асаблівыя юнакі і дзяўчаты з захаваным інтэлектам атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Сярод 1030 навучэнцаў каледжа 89 — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР). Пад дэвізам “Мы не побач — мы разам” у каледжы амаль 20 гадоў працуе цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для маладых людзей з АПФР.

Сёння тут створаны ўсе ўмовы, каб асаблівыя дзеці з розных куткоў краіны маглі асвоіць мікраэлектроніку, праграмаванне, мікра- і нанаэлектроніку, фотасправу, азнаёміцца з робататэхнікай і атрымаць запатрабаваныя спецыяльнасці.
Сярод навучэнцаў з АПФР ёсць юнакі і дзяўчаты татальна невідушчыя, з парушэннем слыху і маўлення, расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС) і парушэннем апорна-рухальнага апарату.
— У мінулым годзе мы ўпершыню набралі дзве групы абітурыентаў з РАС пасля 9 і 11 класаў. У адну групу, дзе вучацца восем чалавек, увайшлі дзеці з парушэннем слыху, а ў другую — з парушэннем зроку. У новым навучальным годзе плануем упершыню на базе 9 і 11 класаў набраць змешаныя групы з улікам чатырох розных асаблівасцей псіхафізічнага развіцця, — расказвае дырэктар каледжа Георгій Козел. — Мы падрыхтавалі ўжо некалькі выпускаў татальна невідушчых праграмістаў і працягваем рухацца ў гэтым кірунку. У каледжы эфектыўна рэалізуецца адукацыйны прынцып “роўны вучыць роўнага”. У нас працуюць тры татальна невідушчыя выкладчыкі.
Роўны вучыць роўнага
Гэта Яўген Зелянкевіч і Аляксандр Севярын, якія знаёмяць падапечных з рознымі мовамі праграмавання, і педагог дадатковай адукацыі Анастасія Бергавіна.
— Важна не толькі навучыць дзяцей прафесіі, але і ўласным прыкладам паказаць, што любы чалавек, будучы мэтанакіраваным, упэўненым, а недзе, як гаворыцца, і прабіўным, можа многага дасягнуць. У каледжы мы ўсяляем упэўненасць у навучэнцаў, якія сумняваюцца ў сабе і сваіх сілах, — адзначае Аляксандр Севярын, які, маючы тры вышэйшыя тэхнічныя адукацыі, працягвае навучанне ў аспірантуры.
Яўген Зелянкевіч, скончыўшы спачатку Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Сацыяльная работа”, а пасля МДК лічбавых тэхналогій, застаўся выкладаць у каледжы праграмаванне.
— На жаль, праблема з працаўладкаваннем невідушчых стаіць даволі востра, — адзначае Яўген Аляксандравіч. — Таму я паступаў у каледж дзеля атрымання той прафесіі, па якой змагу гарантавана працаваць. На ранейшым месцы работы ў індывідуальным парадку вучыў невідушчых карыстацца камп’ютарам і смартфонам. Так што цяперашняя мая дзейнасць падобная да папярэдняй.
Па ўсіх вучэбных прадметах прафесійнага кампанента выкладчыкі каледжа распрацавалі вучэбныя метадычныя комплексы і электронныя адукацыйныя рэсурсы, а таксама інтэрактыўныя электронныя карты, гульнятэкі інтэлектуальных спаборніцтваў, віртуальныя лабараторыі, электронныя слоўнікі і энцыклапедыі, мультымедыйныя прэзентацыі.
Вучэбныя лабараторыі і кабінеты аснашчаны новай камп’ютарнай тэхнікай, інтэрактыўнымі дошкамі, сучаснай мэбляй. Напрыклад, кожнае рабочае месца навучэнцаў з парушэннямі зроку абсталявана камп’ютарам са спецыялізаваным праграмным забеспячэннем, тактыльным дысплэем Брайля, партатыўным электронным павелічальнікам, спецыяльнай партатыўнай прыладай для чытання гаворачых кніг на флэш-картах, планшэтам IVEO, навушнікамі.
У каледжы створана безбар’ернае асяроддзе з пандусамі, шырокімі дзвярнымі праёмамі, ліфтамі, спецыяльна абсталяванымі туалетнымі пакоямі. Для зручнасці, бяспекі навучэнцаў з парушэннямі зроку і для магчымасці самастойна арыентавацца ў вучэбным корпусе ёсць дастатковая колькасць паказальнікаў, стэндаў, знакаў і схем для арыентацыі і кіравання рухам.
Індывідуальны падыход
— Для кожнага асаблівага навучэнца выбудоўваецца індывідуальная траекторыя навучання. Як гэта робіцца? Пры паступленні ў каледж з кожным абітурыентам працуе псіхолаг, максімум інфармацыі атрымліваем ад бацькоў, якія лепш за ўсіх ведаюць, што для іх сына ці дачкі з’яўляецца раздражняльнікам, а што стымулятарам і матыватарам. Затым ажыццяўляецца штодзённы маніторынг паспяховасці. Па кожным дзіцяці штомесяц праводзяцца так званыя малыя педсаветы, на якіх выступаюць педагогі, разглядаюцца рэкамендацыі псіхолагаў. Такая карпатлівая праца вядзецца з кожным навучэнцам з АПФР на працягу ўсіх чатырох гадоў вучобы, — тлумачыць кіраўнік установы адукацыі.
Асаблівыя юнакі і дзяўчаты на аснове спецыяльнай адукацыі могуць асвоіць прафесіі тынкоўшчыка, маляра, цесляра, агародніка, рабочага зялёнага будаўніцтва, швачкі, сантэхніка, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, зборшчыка абутку, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ, фларыста.
Для навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра створаны камп’ютарныя кабінеты і пакой рэлаксацыі. Выкладчыкам дапамагае цьютар, які працуе ў дзвюх групах. Як адзначаюць у каледжы, абапіраючыся на шматгадовы вопыт, лепш за ўсіх з гэтай работай спраўляюцца бацькі навучэнцаў з асаблівасцямі, бо яны ведаюць спецыфіку такіх дзяцей, разумеюць, як з імі мець зносіны і, што немалаважна, шчыра суперажываюць.
Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі асаблівыя выпускнікі каледжа могуць працягнуць навучанне на факультэце камп’ютарнага праектавання ў БДУІР або на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі ў БНТУ.
Паспяховае працаўладкаванне
Першым рабочым месцам забяспечаны 100% выпускнікоў. Ёсць тыя, хто застаецца працаваць у каледжы. Сярод цяперашніх выкладчыкаў, лабарантаў, загадчыкаў лабараторый каля 15 былых вучняў установы адукацыі.
За перыяд дзейнасці цэнтра было выпушчана і працаўладкавана больш за 500 маладых спецыялістаў з АПФР, якія працуюць па атрыманых спецыяльнасцях у розных галінах вытворчасці, бюджэтных арганізацыях, сферы абслугоўвання. Больш за 30 навучэнцаў атрымалі дыплом з адзнакай, 14 выпускнікоў з парушэннем слыху і апорна-рухальнага апарату — вышэйшую адукацыю. Летась тры выпускнікі з парушэннем слыху па скарочанай траекторыі прадоўжылі навучанне на факультэце камп’ютарнага праектавання ў БДУІР па спецыяльнасці “Электронныя сістэмы і тэхналогіі” на бюджэтнай форме.
Асноўныя заказчыкі кадраў для маладых праграмістаў і фатографаў з АПФР — гэта прыватныя прадпрыемствы, а для тэхнікаў-тэхнолагаў і вымяральнікаў электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі — прадпрыемствы “Інтэграл”, “Атлант”, “Віток”.
Аздараўленчая творчасць
Свой вольны час навучэнцы каледжа любяць праводзіць, напрыклад, у клубе інклюзіўнай творчасці, дзе да прыгожага іх далучае Анастасія Бергавіна, якая адначасова вучыць асновам малюнка і спеваў асаблівых і звычайных выхаванцаў.

Да таго ж цяпер сумесна з Беларускім фондам міру каледж рэалізуе праект “Моцныя духам”, які ўключае ў сябе сістэму творчых майстар-класаў, сустрэч, трэнінгаў для навучэнцаў з АПФР. Заняткі з вядомымі ў розных сферах людзьмі дапамагаюць удзельнікам раскрыць свае таленты, стаць больш моцнымі і ўпэўненымі ў сабе, справіўшыся з такімі ўнутранымі ворагамі, як страх, гнеў, крыўда. Першы майстар-клас па маляванні з асаблівымі навучэнцамі і іх педагогамі правёў расійскі мастак-абстракцыяніст Сяргей Дас — ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, член Творчага саюза мастакоў Расіі. А яго гасцямі сталі касманаўты Алег Навіцкі і Марына Васілеўская.
Таксама запланавана сумесная работа з музыкантамі і прадстаўнікамі іншых крэатыўных прафесій. Па словах арганізатараў праекта, чакаецца, што ён будзе рэалізаваны не толькі ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, але і ў іншых установах адукацыі, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На аснове агульнай сярэдняй адукацыі юнакі і дзяўчаты з АПФР могуць стаць цырульнікамі, майстрамі па манікюры, аператарамі ЭВМ.
Педагогі каледжа ўпэўнены, што кожны чалавек павінен адчуваць сваю запатрабаванасць у грамадстве і мець магчымасці ўсебакова рэалізаваць сябе.
— Мы не ствараем цяплічных умоў для асаблівых выхаванцаў, хоць нябачна іх падтрымліваем. Мы робім максімум, каб яны маглі праявіць сябе. Яны адчуваюць сваю значнасць, бачаць свае поспехі і разумеюць, што яны раўнапраўныя члены калектыву, што іх прымаюць, паважаюць, з імі лічацца і, самае галоўнае, іх любяць, — падсумоўвае Георгій Уладзіміравіч. — Пры гэтым і ў працэсе вучобы, і на практыцы, і на рабоце да асаблівых навучэнцаў прад’яўляюцца такія ж патрабаванні, як і да звычайных людзей. Наша задача — не толькі даць ім прафесію, але і падрыхтаваць да работы практычна ў любым калектыве.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота каледжа і з архіва рэдакцыі





