Узведзена па ўнікальным праекце, з’яўляецца эксперыментальнай. Чым усё ж такі адметная пачатковая школа № 48 Віцебска, якая пачала сваю работу на старце гэтага навучальнага года, і якім вопытам ужо можа падзяліцца? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У першую чаргу эксперымент нацэлены на стварэнне аптымальных умоў для пераходу ад дашкольнага дзяцінства да школьнага жыцця ў адпаведнасці з індывідуальнымі і ўзроставымі магчымасцямі дзяцей, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Практыка пацвярджае, што такі падыход дазваляе забяспечыць якасную адукацыю, усебаковае развіццё выхаванцаў і навучэнцаў у камфортным бяспечным асяроддзі.
Як паведаміла дырэктар Ілона Марчанка, установа ўмоўна падзелена на блокі: два прызначаны для дашкалят і адзін — для навучэнцаў пачатковых класаў. Прышкольная тэрыторыя ўяўляе сабой сапраўдны дзіцячы гарадок з мноствам цікавых, карысных і прывабных для дзяцей лакацый, уключаючы сучасныя пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху, гульні ў валейбол, баскетбол, футбол. На ўваходзе гасцей сустракае фотазона з выявай бусліка Прошкі — неафіцыйнага сімвала Першамайскага раёна горада. Прыемна ўражвае знешняе афармленне будынка і дызайн унутраных памяшканняў. Кожны паверх аформлены ў адметнай колеравай гаме. Усё дэталёва прадумана: сакавітыя, жыццярадасныя акцэнты, якія спрыяюць прыцягненню ўвагі і пазітыўнаму настрою, удала спалучаюцца са стрыманымі лаканічнымі рашэннямі, нацэленымі на максімальную канцэнтрацыю на адукацыйным працэсе.

Нядаўна калектыў прымаў гасцей і выступіў перад імі са своеасаблівай працоўнай справаздачай: да педагогаў завіталі намеснікі старшынь гар(рай)выканкамаў вобласці і кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска, якія курыруюць сацыяльную сферу. У холе першага паверха гасцей чакаў сюрпрыз: выдатная творчая прэзентацыя. Потым яна працягнулася ў музычнай зале, дзе выхаванцы парадавалі выкананнем беларускай полечкі… на лыжках!
— У Першамайскім раёне штогод у красавіку праводзіцца агляд-конкурс “Радзіма мая ў марах, у песнях, у словах” сярод устаноў дашкольнай адукацыі, — падзялілася музычны кіраўнік Алеся Рашотка. — Летась мы з выхаванцамі дзіцячага сада № 85, дзе я раней працавала, занялі 2-е месца, выконвалі знакамітую “Смуглянку”. Занялася адраджэннем традыцый музыкаў-лыжкароў і з новымі выхаванцамі. Люблю добрую музыку, сама пішу песні. Побач са мной працуюць маладыя спецыялісты Настасся Шастова і Ганна Беліжэнка. Стараюся ім дапамагчы, бо некалі мяне падтрымалі мае педагогі-настаўнікі, цяпер мая чарга.

Характэрная дэталь: у педкалектыве амаль кожны другі — малады спецыяліст. Таму сістэма настаўніцтва — адзін з безумоўных прыярытэтаў. За пачаткоўцамі замацаваны вопытныя педагогі, актыўна працуе школа маладога спецыяліста. Моладзь, у сваю чаргу, звычайна лепш арыентуецца ў камп’ютарных тэхналогіях, ахвотна іх выкарыстоўвае і дзеліцца ведамі. Поспех, як заўсёды, у адзінстве.
У настаўніцкай мы заспелі маладых педагогаў: Настасся Заляціла, Аляксандра Брызгалава і Кацярына Рочава засяроджана рыхтаваліся да заняткаў. Побач — столік для ноўтбукаў. Як патлумачыла Кацярына Вітальеўна, мабільны камп’ютарны клас значна пашырае магчымасці для работы. Зручная рэч — спецыяльная перасовачная платформа, дзе прадугледжана сістэма захавання ноўтбукаў і бяспечнай падзарадкі з аўтаматычным адключэннем.

У 1 “А” настаўніца пачатковых класаў Алена Шэйдзіна прадоўжыла тэму і зрабіла акцэнт на эфектыўных прыёмах выкарыстання на занятках традыцыйнай нагляднасці ў спалучэнні з сучаснымі тэхнічнымі рэсурсамі. Стаж Алены Уладзіміраўны ў адукацыі набліжаецца да чвэрці стагоддзя. Першая настаўніца трымае сувязь з усімі сваімі пяццю выпускамі і ганарыцца, што некалькі яе вучаніц выбралі педагагічныя спецыяльнасці і ўжо сталі яе калегамі.
Наступны пункт у школьным маршруце — царства кніг, дзе бібліятэкар Юлія Бадзяй праводзіла заняткі па патрыятычным выхаванні. У фондах бібліятэкі звыш 6 тысяч новых экзэмпляраў вучэбнай, мастацкай і метадычнай літаратуры. Інтэнсіўна задзейнічаны электронныя рэсурсы: дзяцей вучаць правілам бяспечнага знаходжання ў інфармацыйнай прасторы і яе выкарыстання. Прыгожа аформлены тэматычныя кніжныя выставы. Навучэнцы пачатковых класаў пры жаданні могуць пагуляць у знаёмыя па дзіцячым садзе і новыя цікавыя развіццёвыя гульні.

У спартыўнай зале найбольш здзівіў інтэрактыўны скаладром. Для кіраўніка фізічнага выхавання Алесі Івашка ўстанова адукацыі — першае рабочае месца, яна прыйшла сюды пасля заканчэння Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. З падобным абсталяваннем раней не сутыкалася. Тым цікавей было яго асвойваць!
Заняткі па плаванні праводзіла Людміла Залеўская. Педагог скіравала ўвагу на важны момант: басейн абсталяваны перасовачным электрычным пад’ёмнікам MINIK-Aqua. Безбар’ернаму асяроддзю ў школе надаецца вялікае значэнне. Таблічкі на дзвярах, схемы эвакуацыі і інфармацыйныя стэнды распрацаваны з улікам запатрабаванняў дзяцей з парушэннямі зроку. Калідоры выкладзены тактыльнай пліткай, усе пандусы маюць неабходнае прыніжэнне. Выдатна абсталяваны сенсорны пакой. Педагог-псіхолаг Настасся Храбтова і сацыяльны педагог Аліна Фралова паказалі, як яго рэсурсы дапамагаюць павысіць матывацыю да вучобы, служаць сродкам для адаптацыі дзяцей з аўтызмам і псіхаматорнымі парушэннямі, спрыяюць зніжэнню трывогі і агрэсіі. На аналагічным узроўні — абсталяванне кабінета настаўніка-дэфектолага.
— У нас ёсць 2 спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення плюс група інтэграванага навучання і выхавання, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, — пракаменціравала настаўнік-дэфектолаг Валянціна Стасюк. — Таму ўсе тэхнічныя прылады найперш для выхаванцаў, іх развіцця, актыўнага навучання і сацыялізацыі. Зразумела, што і нам гэта добрая дапамога. Напрыклад, мультысэнсарны маўленчы трэнажор дзейсны ў рабоце з дзецьмі з дызартрыяй і алаліяй, парушэннямі слыху. Тут радасны і значны кожны, нават самы маленькі прагрэс! Акрамя практычнага, мы з калегай Ганнай Казловай паступова назапашваем метадычны вопыт.

Нестандартныя і выніковыя падыходы да арганізацыі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу былі таксама прадэманстраваны на прыкладах работы лінгафоннага і інтэрактыўнага кабінетаў, студыі выяўленчага мастацтва. На старонках “Настаўніцкай” і газеты “Домой!” чытачоў неўзабаве чакае працяг знаёмства з калектывам школы. У тым ліку з прыцягальнай “Лагічнай матэматыкай” (гэтыя заняткі па-майстэрску праводзіць Кацярына Бярозка), узорнай арганізацыяй “Пакоя бяспекі”, дзе гаспадарыць Наталля Насенка, педагагічнымі знаходкамі настаўніцы англійскай мовы Юліі Сафронавай і выхавальніцы Вікторыі Пезікавай.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





