Дарожную карту лічбавай трансфармацыі адукацыі абмеркавалі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі

- 9:00Главная, Образование

Пытанні фарміравання і развіцця лічбавага адукацыйнага асяроддзя, уключаючы штучны інтэлект, новай архітэктуры адукацыйнага працэсу, вопыту і перспектыў класаў інжынернай накіраванасці, робататэхнікі ў адукацыі, асаблівасцей падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў ва ўмовах лічбавай трансфармацыі адукацыі былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў ХІІ адкрытай міжнароднай канферэнцыі “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Кірунак — інжынерны

У цяперашні час лічбавізацыя пранікае ва ўсе аспекты адукацыі. Якія магчымасці для ўстановы адукацыі і ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу адкрывае выкарыстанне сучасных ІКТ, расказала дырэктар сярэдняй школы № 52 Аксана Цуран.

— У практыцы работы мы актыўна прымяняем электронныя вучэбныя платформы, укараняем мультымедыйныя рэсурсы ў структурную частку ўрока, нашы педагогі ўзбагачаюць свой вопыт і развіваюць навуковы патэнцыял, удзельнічаюць у анлайн-семінарах і канферэнцыях. Гэта садзейнічае павышэнню якасці адукацыі навучэнцаў, а ўстанова становіцца канкурэнтаздольнай. Бо лічбавізацыя адукацыі — гэта не проста адаптацыя новых тэхналогій, але і пераасэнсаванне педагагічных стратэгій, метадаў навучання і ўзаемадзеяння паміж навучэнцамі і педагогамі, — лі­чыць Аксана Пятроўна.

У класах інжынернай накіраванасці, а таксама дапрофільных 5—9 класах і пачатковай школе акцэнт робіцца на канкрэтнай практыка-арыентаванай калектыўнай справе. З’явіўся праект “Дзеці дзецям — самы добры праект на свеце”, які паспяхова рэалізоўваецца ў школе на працягу некалькіх гадоў. Галоўная ідэя праекта заключаецца ў фарміраванні патрэбы дзяцей ствараць тое, што неабходна іншым людзям, выкарыстоўваючы лічбавую адукацыю.

— Сёння аб’ектыўна існуе праблема недахопу кадраў тэхнічных спецыяльнасцей. І мы, педагогі, павінны расказаць пра прэстыж інжынерных спецыяльнасцей так, каб зацікавіць дзіця. Многія дзеці не ўяўляюць, як ствараюцца простыя бытавыя прадметы, якія для гэтага неабходна прыкласці намаганні, якімі ведамі варта валодаць. Мы прапаноўваем праектаваць, канструяваць, зрабіць самастойна задуманы выраб. І ўбачыць, як гэтыя прадметы прыносяць карысць і радуюць навакольных. Менавіта арыгінальная мадэль “праблема — рашэнне — вынік” стала асноўнай метадычнай платформай работы, — тлумачыць Аксана Цуран.

Навучэнцы на ўроках працоўнага навучання, інфарматыкі, на дадатковых занятках працу­юць над дызайнам школы (установу ўпрыгожваюць арыгінальныя дрэвы), ствараюць дапаможнікі для дзяцей з АПФР, нагляднасць для ўрокаў. 

— Упершыню ў краіне распрацавана і ўкаранёна інавацыйная мадэль праектнай дзейнасці сацыяльнай накіраванасці, — адзначае Аксана Пятроўна. — Навучэнцы 5—9 класаў прымалі актыўны ўдзел у стварэнні сенсорнага пакоя для дзяцей з АПФР. Галоўны атрыбут гэтага памяшкання — васьміног, выкананы з фанеры рознай таўшчыні. У холе другога паверха дзеці ра­зам з камандай настаўнікаў-дэфектолагаў распрацавалі інтэрактыўны дапаможнік “Гэты каляровы свет”. Рознакаляровыя кругі рознага дыяметра на сценах і падлозе дапамагаюць дзецям з асаблівасцямі ў развіцці навучыцца арыентавацца ў прасторы, знаходзіць аднадумцаў, не баяцца зносін.

Адзін з самых апошніх напрамкаў работы — стэндавы мадэлізм. Настаўнікі са сваімі вучнямі стварылі дакладную копію мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, максімальна дакладна перадалі яго знешні выгляд, выкарыстоўваючы адытыўныя тэхналогіі, матэматычны разлік і тэхнічную працу.

— Завяршаецца работа над кампазіцыяй “Нацыянальная бібліятэка”. Яна аб’яднала матываваных школьнікаў, маладых спецыялістаў і іх вопытных нас­таўнікаў. Навучэнцы на дадатковых занятках па матэматыцы вылічвалі дакладныя прапорцыі і памеры, алічбоўвалі мадэль на ўроках інфарматыкі, друкавалі на 3D-прынтары, канструявалі каркас на працоўным навучанні, вывучалі гісторыю стварэння бібліятэкі. У цяперашні час вя­дзецца работа па распрацоўцы тэхналагічнай карты гэтага вырабу, — паведаміла дырэктар.

Такі падыход даказаў сваю эфектыўнасць. Выкарыстоўваючы інавацыйныя тэхналогіі, педагогі паспяхова ўкараняюць новыя методыкі навучання, арыентуюцца на перавагі кожнага дзіцяці, што садзейнічае далучэнню да актыўнай дзейнасці навучэнцаў з рознай паспяховасцю, а гэта павышае іх адукацыйныя вынікі.

На грэбені лічбавізацыі

Праз укараненне інфармацыйна­-камунікацыйных тэхналогій і электронных інтэрнэт-­сэрвісаў у сталічнай гімназіі № 37 ажыццяўляецца поўная аўтаматызацыя кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці, ствараецца адзінае мабільнае адукацыйнае асяроддзе для педагогаў і навучэнцаў.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Чалдышкінай, сёння ў гімназіі акумулюецца работа раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, інжынерна-тэхнічнага цэнтра Фрунзенскага раёна, а таксама профільных класаў інжынернай накіраванасці. Асноўнай мэтай дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў інжынерна-тэхнічнага мыслення, папулярызацыя прадметаў фізіка-матэматычнага цыкла і павышэнне прэстыжу інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей.

Найбольш актуальныя напрамкі дзейнасці гімназіі ў галіне лічбавізацыі: рэалізацыя мабільнага навучання, асваенне і ўкараненне інтэрактыўных сродкаў навучання, укараненне элементаў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, асваенне асноў праграмавання, робататэхнікі і LEGO-тэхналогій, рэалізацыя 3D-мадэлявання і прататыпавання. Гэта стала магчыма дзякуючы добраму матэрыяльна-тэхнічнаму аснашчэнню ўстановы. Усе вучэбныя кабінеты гімназіі забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай, абсталявана 13 інтэрактыўных прадметных лабараторый.

Адзін з напрамкаў дзейнасці — распрацоўка інтэрактыўных прадуктаў педагогамі сумесна з навучэнцамі гімназіі. Так, у межах праекта “Гісторыя ў дзеянні” распрацаваны інтэрактыўныя гістарычныя  гульні “Слаўныя старонкі 1812 года”, “Вайна. Перамога. Памяць”, настольная гульня “Дарогамі Перамогі” і інш.

Яшчэ адзін напрамак — стварэнне блогаў і сайтаў па розных напрамках. Так, педагогам-псіхолагам гімназіі створаны блогі “Навігатар класнага кіраўніка”, “Бацькоўскі клуб “Кампетэнтнасць”, “На грэбені хвалі ў лічбавым акіяне”. Летась у межах рэалізацыі гранта “Фарміраванне экалагічнай функцыянальнай адукаванасці шляхам выкарыстання сучасных форм, метадаў і прыёмаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў пачатковых класаў” створаны інфармацыйны рэсурс блога “Зялёны астравок”. На ім сабраны розныя рэкамендацыі па падтрымцы здаровага і экалагічнага ладу жыцця, а таксама цікавыя факты аб навакольным асяроддзі.

Цікава тое, што ўсе распрацоўкі знаходзяцца ў прамым доступе на сайце гімназіі і могуць быць выкарыстаны педагогамі горада і рэс­публікі.

— Напрамкі дзейнасці гімназіі, звязаныя з інфарматызацыяй, сталі часткай яе жыцця, таму ўзнікла неабходнасць у папулярызацыі дзейнасці ўстановы ў галіне лічбавізацыі і STЕМ-адукацыі, у стварэнні музейнай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы “STЕМ-адукацыя: падарожжа ў лічбавую будучыню” ў межах рэгіянальнага праекта сталічнай адукацыі, — падзялілася Таццяна Чалдышкіна.

Пераадолець бар’еры

З году ў год трансфармуюцца ўзроўні ўкаранення ІТ­-тэхналогій, пашыраюцца межы іх выкарыстання ў гімназіі № 13.

— Сённяшняе пакаленне школьнікаў — пакаленне альфа — першае пакаленне, якое вырасла ў эпоху глабальнай лічбавізацыі. Планшэты і смартфоны для яго такія ж натуральныя, як для нас кубікі і мячы. Вучні гэтага пакалення па-іншаму ўспрымаюць інфармацыю, у іх іншыя каштоўнасці і прыярытэты. Але ўжо зараз відаць, што ў гэтага пака­лення ёсць праблемы з сацыяльнай камунікацыяй, — адзначыла дырэктар гімназіі № 13 Юлія Бакун.

Каб пераадолець гэты бар’ер, наладзіць сувязі паміж навучэнцамі, бацькамі, педагогамі і іншымі сацыяльнымі партнёрамі, у гімназіі створана інфармацыйна-камунікацыйная пляцоўка CIFRA 13 (цэнтр інфармацыйных функцыянальных рашэнняў у адукацыі), у якой аб’яднаны ўсе напрамкі лічбавізацыі, культывуецца маладзёжнае стартап-асяроддзе.

— Гэта інтэрактыўная пляцоўка для нефармальных зносін. Калі ў дзяцей заканчваюцца ўрокі, яны атрымліваюць і мабільныя тэлефоны, і доступ да інтэрнэту, і да ўсяго таго сучаснага абсталявання, якім аснашчана ўстанова адукацыі. І гэта адбываецца пад кантролем настаўнікаў, — тлумачыць дырэктар. — У гэтым асяроддзі навучэнцы ўзаемадзейнічаюць, выказваюць свае ідэі. Пры гэтым задача педагогаў — паказаць, як можна прасоўваць гэтыя ідэі далей. У аснове работы пляцоўкі пакладзена сацыялагічная тэорыя шасці рукапацісканняў, калі сеткі сацыяльных кантактаў спалучаюць зусім незнаёмых людзей праз кароткія ланцужкі агульных знаёмых, спрашчаючы камунікацыі і дапамагаючы распаўсюджванню ідэй. Калі мы гаворым пра ІТ-сферу, то знаходзім спецыялістаў пад канкрэтны запыт дзіцяці і настаўніка. Мы прыцягваем да гэтай дзейнасці бацькоў, прадстаўнікоў Парка высокіх тэхналогій, прамысловых прадпрыемстваў.

Яшчэ адзін бар’ер — недахоп фінансавання. Для закупкі неабходнага абсталявання, праграмнага забеспячэння, фінансавання праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў у гімназіі задзейнічаюць магчымасці прыватнага партнёрства, наладжваюць сувязі з ІТ-кампаніямі, з ПВТ, прадпрыемствамі. Напрыклад, у межах супрацоўніцтва на базе холдынга “БелОМА” для навучэнцаў праводзяцца заняткі па фізіцы (раздзел “Оптыка”).

Значны бар’ер — адсутнасць адкрытага вучэбна-метадычнага кантэнту ў галіне інфарматызацыі і лічбавізацыі. На думку Юліі Бакун, распрацоўкай навукова-метадычнага забеспячэння павінны займацца маладыя педагогі ў супрацоўніцтве з настаўнікамі-метадыстамі і спецыялістамі ІРА.

— Якім павінен быць гэты кантэнт? Можна выдзеліць шэсць кропак росту, якія запатрабаваны ў сучаснай школе: штучны інтэлект, тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, робататэхніка і праграмаванне, падрыхтоў­ка кадраў, ЗD-мадэляванне і прататыпаванне, лічбавая экасістэма кіравання данымі. Прапаную засяродзіць намаганні пэўнага інжынерна-тэхнічнага альбо рэсурснага цэнтра (з улікам сваіх моцных бакоў) у межах аднаго з гэтых напрамкаў, — падкрэсліла Юлія Бакун.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА