У Бабруйскім аграрна­-эканамічным каледжы ў новым навучальным годзе гатовы прыняць 263 першакурснікі

- 11:11Абитуриент, Образование

Лічбы набору зацверджаны: у Бабруйскім дзяржаўным аграрна­-эканамічным каледжы ў новым навучальным годзе гатовы прыняць 263 першакурснікі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Фармат навучання

— Прынцыповых змяненняў у лічбах набору ў 2025 го­дзе не адбылося. Не змяніўся і пералік прафесій, па якіх мы прапануем абітурыентам атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Па-ранейшаму каледж рыхтуе спецыялістаў па такіх запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях, як “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”, “Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм”, “Правазнаўства”, “Мантаж і эксплуатацыя санітарна-тэхнічнага абсталявання будынкаў і збудаванняў”, — расказвае дырэктар Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Яўген Канавалаў. — Як вядома, лічбы прыёму фарміруюцца з улікам патрэб рынку працы.

Абітурыенты маюць магчымасць паступаць як на дзённую, так і на завочную форму навучання. На адны спецыяльнасці можна паступіць на аснове агульнай базавай адукацыі, на іншыя — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Так, асвойваць праграмаванне сёлета змогуць 30 абітурыентаў-дзевяцікласнікаў. Для іх прадугледжана толькі платная форма навучання. Затое бюджэтныя месцы чакаюць выпускнікоў 9-х класаў на спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя санітарна-тэхнічнага абсталявання будынкаў і збудаванняў”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” і “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”. Будучых бухгалтараў і будаўнікоў чакаюць на бюджэце і пасля 11 класа.

Што тычыцца юрыдычнай адукацыі, то атрымаць яе змогуць толькі выпускнікі з агульнай сярэдняй адукацыяй: на дзённай форме навучання 25 месцаў на бюджэце, 5 — на платнай аснове, яшчэ 35 чалавек змогуць вучыцца платна завочна.

Новыя веды і навыкі

Працэс навучання кожнай з прафесій мае сваю спецыфіку.

— Напрыклад, будучыя тэхнікі-будаўнікі — спецыялісты па вытворча-тэхнічнай дзейнасці ў будаўнічых арганізацыях на пасадах майстра, вытворцы работ, тэхніка па падрыхтоўцы і арганізацыі вытворчасці. У каледжы іх вучаць выконваць і арганізоў­ваць будаўніча-мантажныя работы, а таксама кантраляваць іх тэхналагічную паслядоўнасць, весці ўлік працы, тэхнікі, паступлення будматэрыялаў, аналізаваць вытворча-тэхнічную дакументацыю. Вучэбным планам прадугледжана вывучэнне інжынернай графікі, тэхнічнай механікі, электратэхнікі з асновамі электронікі. Таксама навучэнцы засвойваюць прадметы па арганізацыі і кіраванні будаўнічай вытворчасцю: “Эканоміка будаўніцтва”, “Нармаванне працы і каштарыса”, “Дакументацыя майстра”, “Прадпрымальніцтва ў будаўніцтве” і інш. Будучыя спецыялісты ўніка­юць у метралогію і кантроль якасці, дзейнасць сістэм аўтаматызаванага праектавання і аўтаматызаваных сістэм кіравання ў будаўніцтве. Акрамя кваліфікацыі “тэхнік-будаўнік”, навучэнцы атрымліваюць адну з рабочых прафесій: муляра або тынкоўшчыка 3-га разраду, — знаёміць з працэсам навучання па спецыяльнасці намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Кірава.

Праграмісты атрымліваюць рабочую прафесію аператара ПЭВМ, бухгалтары — кантралёра-касіра, а спецыялісты па мантажы і эксплуатацыі санітарна-тэхнічнага абсталявання — слесара-сантэхніка. Апошнія, дарэчы, знаёмяцца з тэхнічнай механікай, гідраўлікай, цеплатэхнікай, асвойваюць слясарныя работы, вывучаюць вузлы санітарна-тэхнічных сістэм цэнтральнага ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі, вентыляцыі, кандыцыяніравання будынкаў і збудаванняў, вучацца чытаць і распрацоўваць будаўнічыя чарцяжы і схемы трубаправодных сістэм, а таксама практыкуюцца ў тэхналогіях мантажу, рамонту і абслугоўвання санітарна-тэхнічнага абсталявання.

У тэхнікаў па мантажы і эксплуатацыі санітарна-тэхнічнага абсталявання сярод прадметаў агульнатэхнічнага кампанента — “Геадэзія”, “Будаўнічае матэрыялазнаўства”, “Асновы гідраўлікі і аэра­дынамікі”. У вучэбна-вытворчых майстэрнях яны асвойваюць зварку, рэзанне труб з розных матэрыялаў, знаёмяцца з сістэмамі аўтаматызаванага праектавання інжынерных сетак. Праграма навучання прадугледжвае слясарную, зварачную, труба- і вентыляцыйна-нарыхтоўчую вучэбную практыку.

Акрамя абавязковых прадметаў, навучэнцы атрымліваюць дадатковую інфармацыю на факультатыўных занятках. Будучых юрыстаў, напрыклад, знаёмяць з работай сістэмы выканання пакаранняў, асновамі медыяцыі і правапрымяняльнай практыкі, расказ­ваюць пра грамадскую небяспеку карупцыі. Ёсць факультатывы патрыятычнай, псіхалагічнай і маральнай накіраванасці.

Ад слоў да справы

Тэарэтычныя веды навучэнцы каледжа замацоўваюць на прадпрыемствах. На вытворчую і тэхналагічную практыку, папярэдне атрымаўшы рабочую прафесію, старшакурснікі адпраўляюцца на базавыя прадпрыемствы, з якімі супрацоўнічае каледж. У ліку сацыяльных партнёраў — Бабруйскі завод БПД, ДУКДП “Міжраённы домабудаўнічы камбінат” Бабруйска, Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Салігорска, ЖРЭУ Ленінскага раёна Бабруйска, “Бабруйсктрыкатаж” і Бабруйскі мясакамбінат.

Расказваючы пра супрацоўніц­тва ўстановы з прадпрыемствамі-партнёрамі, Алена Сяргееўна адзначае:

— Узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі ажыццяўляецца ў розных формах. Так, кожны год для знаёмства з дзейнасцю прадпрыемстваў арганізуюцца экскурсіі і сустрэчы з працоўнымі калектывамі для першакурснікаў, праводзяцца тэматычныя круглыя сталы з кіраўніцтвам, а таксама з выпускнікамі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. На гэтыя прадпрыемствы будучыя спецыялісты накіроўваюцца для праходжання тэхналагічнай і пераддыпломнай практыкі. Мы разам з кіраўнікамі практыкі ад арганізацый распрацоўваем індывідуальныя практычныя заданні, каб хлопцы і дзяўчаты атрымлівалі менавіта тыя навыкі, якія актуальныя і неабходныя сёння, бо пасля заканчэння навучання яны працаўладкоўваюцца, як правіла, на гэтыя вытворчасці. Акрамя таго, рэцэнзентамі дыпломных праектаў нашых выпускнікоў, членамі кваліфікацыйных камісій па прысваенні рабочых прафесій, а таксама старшынямі дзяржаўных экзаменацыйных камісій з’яўляюцца прадстаўнікі прадпрыемстваў — арганізацый — заказчыкаў кадраў. Яшчэ адзін важны момант супрацоўніц­тва — гэта правядзенне прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Арганізуючы дні адкрытых дзвярэй, мы заўсёды запрашаем прадстаўнікоў сваіх сацыяльных партнёраў у каледж, каб старшакласнікі бліжэй азнаёміліся са спецыяльнасцю, якая іх ціка­віць, а таксама ўбачылі для сябе перспектыву рэалізацыі ў выбранай прафесіі.

Спорт і творчасць

У вольны ад вучобы час маладыя людзі наведваюць студыі па вакале, танцах і тэатральнай творчасці, а таксама аб’яднанні па інтарэсах “Выток”, “Купалінка”, “Журналіст” і клуб “Патрыёт”. Многія падлеткі толькі ў каледжы адкрываюць у сабе здольнасці і таленты, як, напрыклад, трэцякурснік Мікіта Іваноў.

— На 1 курсе традыцыйна праходзіць творчы конкурс “Зорны дождж”. Калісьці я таксама прымаў у ім удзел. Каб падрыхтаваць вакальны нумар, прыйшоў на заняткі ў студыю “Кантакт” да Аляксандра Георгіевіча Шараварава. Прыйшоў і застаўся. Аказалася, у мяне шырокі галасавы дыяпазон, — успамінае Мікіта. — Мне захацелася навучыцца кіраваць сваім голасам. І вельмі хутка я стаў з задавальненнем разам з іншымі вакалістамі выходзіць на сцэну. Заняткі ў студыі прахо­дзяць тройчы на тыдзень, а калі рыхтуемся да важнага выступлення, то сустракаемся часцей. Акрамя творчага складніка, мяне прыцягвае цёп­лая, сяброўская атмасфера, якая пануе ў студыі, дзе сёння займаюцца 10 чалавек.

Таксама ў падлеткаў ёсць магчымасць праявіць сябе ў спорце: у каледжы працуюць секцыі па міні-футболе, баскетболе, настольным тэнісе, сілавым трохбор’і. Кіраўнік па фізічным выхаванні Уладзімір Крук ужо больш за 20 гадоў імкнецца захапіць спортам юнакоў і дзяўчат, у тым ліку і з дапамогай асабістага прыкладу. І ў яго гэта выдатна атрымліваецца. За гады работы Уладзімір Фёдаравіч, будучы майстрам спорту па грэка-рымскай барацьбе і гіравым спорце, падрыхтаваў дзясятак майстроў спорту і двух чэмпіёнаў свету па гіравым спорце.

Сёння ў каледжы спартыўныя заняткі і секцыі вядуць 4 выкладчыкі па фізвыхаванні. З 576 навучэнцаў яны адбіраюць каля 200 маладых людзей, для якіх спорт, як мінімум на гады вучобы, становіцца адным з галоўных захапленняў. Гэтыя навучэнцы ўвахо­дзяць у зборную каманду каледжа і прымаюць удзел у штогадовых спартыўных спаборніцтвах па розных відах спорту сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

— Калі прыходзяць першакурснікі, мы цікавімся, хто зай­маўся спортам. Праводзім спаборніц­твы паміж групамі, каб ацаніць патэнцыял, — тлумачыць Ула­дзімір Крук. — Рэдка сустрэнеш таго, хто наведваў спартыўную школу. Калі навучэнцы пераступаюць парог спартзалы, часцей за ўсё высвятляецца, што яны з цяжкасцю падцягваюцца. Але паступова сітуацыя выпраўляецца. Шмат увагі ўдзяляем агульнай фізічнай падрыхтоўцы. Настаўнік — гэта не той, хто вучыць, а той, хто жыве, як вучыць. А ў нашым выпадку — хто выходзіць разам з выхаванцамі на поле, становіцца пад валейбольную сетку, паказвае, як бегчы крос, і г.д.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлена каледжам