“Ліцэіст аднойчы — ліцэіст назаўсёды” — надпіс на старым архіўным фотаздымку Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ застаецца актуальным і сёння. Ліцэйскі дух сапраўды згуртоўвае, натхняе, дае пуцёўку ў жыццё і не адпускае. Выпускнікі ліцэя дапамагаюць сваім малодшым таварышам рыхтавацца да алімпіяд і конкурсаў, вяртаюцца пасля заканчэння УВА выкладчыкамі, з задавальненнем прыязджаюць на вечары сустрэч, святы і проста пры кожнай магчымасці заходзяць да сваіх педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Брэнд якасці

Сёння Ліцэй імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ — вядомы брэнд у нашай краіне, знак якаснай адукацыі — прымнажае традыцыі, развіваецца, набываючы новыя грані, улічваючы дынаміку грамадска-палітычнага жыцця, развіцця эканомікі, трэнды лічбавізацыі. Пра гэта яскрава сведчаць і вынікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды: на рахунку ліцэістаў 58 дыпломаў! У чым сакрэт такога поспеху, ці ёсць яшчэ куды імкнуцца, якія напрамкі вызначаюць сёння развіццё ўстановы, расказвае дырэктар ліцэя Таццяна Мамчыц.
— Кожная ўстанова адукацыі славіцца найперш перамогамі сваіх вучняў, — адзначае Таццяна Паўлаўна. — Калі гаварыць пра сакрэт поспеху нашай установы, то першы яго складнік — таленавітыя, працаздольныя навучэнцы. Да нас прыходзяць матываваныя, мэтанакіраваныя, амбіцыйныя, з шырокім кругаглядам старшакласнікі, якія цікавяцца тым альбо іншым прадметам, звычайна маюць вопыт удзелу ў алімпіядах і конкурсах, нацэлены на дасягненне высокіх вынікаў. У ліцэі сфарміраваны свае алімпіядныя каманды па 11 прадметах. Хацелася б, каб такія каманды былі створаны па ўсіх прадметах — нам ёсць да чаго імкнуцца.
Другі складнік — моцны выкладчыцкі склад. Мы імкнёмся захоўваць баланс паміж вопытнымі педагогамі, якія адбыліся ў прафесіі, і іх маладымі, энергічнымі, крэатыўнымі калегамі. У ліцэі працуюць педагогі з вялікім стажам, многія з якіх самі з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд, аўтарамі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, членамі журы ў самых розных спаборніцтвах. Гэта настаўніца інфарматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Анжаліка Лапо, настаўнік фізікі Леанід Марковіч, настаўнік матэматыкі Ігар Варановіч, настаўнікі хіміі Вадзім і Віталь Матулісы і інш. Творча, з іскрынкай выкладаюць маладыя педагогі: настаўніца замежнай мовы Людміла Длюбарская, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ірына Звягінцава, Аляксандра Сакулевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Антанiна Змiтрукевiч i інш. Гэты баланс вопыту і маладосці дазваляе карыфеям падсілкоўвацца энергетыкай маладых, а моладзі — вучыцца ў старэйшых і фарміраваць уласны педагагічны почырк.

Поспеху ўстановы садзейнічае арганізацыя адукацыйнага працэсу па вучэбных праграмах з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў. Паступаючы ў ліцэй (а ў нас самы вялікі конкурс у рэспубліцы — ад 8 да 13 чалавек на месца), вучні размяркоўваюцца па профілях, па якіх яны займаліся ў сваіх школах і гімназіях. Да таго ж практыкуем індывідуальны падыход: для таленавітых вучняў мы складаем персанальныя адукацыйныя планы, якія ўключаюць дадатковыя заняткі з трэнерамі, факультатывы, трэніровачныя зборы, унутраныя алімпіяды і г.д.
Псіхалагічная падрыхтоўка і ўменне працаваць ва ўмовах стрэсу, абмежаванага часу з’яўляюцца ключавымі для нашых алімпіяднікаў. Не менш важная і падтрымка былых навучэнцаў ліцэя. Напрыклад, наш выпускнік, неаднаразовы прызёр міжнародных алімпіяд, студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Мацвей Зорка дапамагае нашым навучэнцам рыхтавацца да алімпіяд. Зараз, дарэчы, на пляцоўцы ліцэя 30 навучэнцаў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Базылева рыхтуюцца да Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, якая сёлета пройдзе ў Аўстраліі.
Паколькі мы ведамасная ўстанова БДУ, то маем доступ да рэсурсаў універсітэта: бібліятэкі, электронных рэсурсаў, прадметных лабараторый. Пашыраць веды нашым навучэнцам дазваляюць і летнія школы навукова-даследчага характару, у якіх тэорыя спалучаецца з практыкай і творчасцю. Нашы ліцэісты любяць летнія школы ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Брыганціна”, МДАЛ “Лідар” у Ждановічах.
Быць ліцэістам-алімпіяднікам — гэта звышзадача, задача з зорачкай, з якой нашы дзеці паспяхова спраўляюцца. За 35 гадоў (менавіта столькі існуе ліцэй) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды на рахунку ліцэістаў больш за 2000 перамог. Каля 60 дыпломаў традыцыйна навучэнцы заваёўваюць штогод.
Алімпіядны рух — гэта трамплін для нашых будучых вучоных, даследчыкаў, лідараў, бо спаборніцтвы выпрацоўваюць характар. А міжнародныя алімпіяды, упэўнена, не толькі развіваюць інтэлект, але і выхоўваюць патрыятызм.
Кожны знойдзе сябе
— Таццяна Паўлаўна, што дазваляе ліцэю заставацца канкурэнтаздольным? Назавіце напрамкі, якія сёння з’яўляюцца прыярытэтнымі.
— Мне здаецца, што наш ліцэй па-за канкурэнцыяй, бо многія інавацыі апрабоўваюцца менавіта тут. Установа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай па ўкараненні новых праграм і вучэбных планаў, напрамкаў профільнага навучання, інфармацыйных тэхналогій. Летась завяршыўся інавацыйны праект па апрабацыі эксперыментальнага вучэбнага плана па вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні. У нас адбылася нарада, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі 20 ліцэяў краіны, дзе мы дзяліліся сваім вопытам.
Мы з’яўляемся адзіным ліцэем, дзе навучанне вядзецца па 12 профілях. Нашы профілі ствараюцца ва ўнісон са спецыяльнасцямі, якія адкрываюцца ў БДУ. Імкнёмся быць наперадзе іншых устаноў адукацыі з пункту гледжання разумення, якія кампетэнцыі патрэбны навучэнцам для паспяховага ўваходжання ў дарослае жыццё.

Наш ліцэй — унікальнае адукацыйнае асяроддзе, дзе ўладараць сяброўства, узаемаразуменне, павага, калі роўны вучыць роўнага, урочны і пазаўрочны час запоўнены інтэрактывам і творчасцю. Думаю, калі ва ўсіх школах будуць створаны такія ўмовы, то кожны вучань знойдзе сябе. Сучасным настаўнікам трэба адмаўляцца ад ідэі “Слухайце мяне: я ведаю, што вам трэба” і прыходзіць да думкі “Я магу дапамагчы вызначыцца з тым, што вам патрэбна”.
Асаблівы акцэнт у ліцэі сёння робіцца на прафарыентацыйнай рабоце. Дэканы факультэтаў БДУ вельмі шчыльна працуюць з нашымі выкладчыкамі і навучэнцамі, раскрываюць апошнім кар’ерныя магчымасці атрымання той ці іншай спецыяльнасці. Асабліва цеснае супрацоўніцтва наладжана з дэканам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Аляксандрам Арловічам, дэканам эканамічнага факультэта Ганнай Каралёвай.
Вялікая ўвага ўдзяляецца і праектам, звязаным з гісторыяй, захаваннем гістарычнай памяці, фарміраваннем у навучэнцаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі на прыкладах гераічнага мінулага нашай краіны. Мы падыходзім да гэтага нефармальна. Гэта не проста лекцыі, круглыя сталы, а жывая памяць. Летась мы адкрылі экспазіцыю “Куток памяці”, прысвечаную генацыду беларускага народа. У яе аснове — сямейныя гісторыі і эсэ навучэнцаў ліцэя пра вайну, якія з 2004 года збірае настаўніца матэматыкі Алена Карпава. Гэты ўнікальны матэрыял стаў асновай для стварэння “Кнігі Памяці”, прадстаўленай у якасці экспаната.
Летась мы адкрылі ваенна-патрыятычны клуб “Каскад” з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, фарміравання ў іх павагі да подзвігу продкаў, знаёмства з ваеннымі прафесіямі. Члены клуба наведваюць вайсковыя часці, палігоны, знаёмяцца з памятнымі мясцінамі, добраўпарадкоўваюць мемарыялы і помнікі воінскай славы.
Захоўваем традыцыі
— Таццяна Паўлаўна, якія традыцыі склаліся за гады існавання ліцэя? Што за час работы дырэктарам лічыце асабістым дасягненнем?
— Ліцэй — гэта вялікая, дружная сям’я. І ў нас гавораць: ліцэіст аднойчы — ліцэіст назаўсёды. Сапраўды, былых ліцэістаў не бывае. Навучэнцы, якія толькі паступаюць у ліцэй, выступаюць гідамі па ўстанове. З юнацкім максімалізмам і азартам яны расказваюць пра ліцэйскае жыццё, вучэбныя аўдыторыі, інтэрнат і не могуць дачакацца, каб пагрузіцца ў атмасферу гэтага жыцця. Напярэдадні навучальнага года праходзіць мерапрыемства “Салют, карапузы!”, падчас якога навучэнцы прымаюцца ў ліцэйскую сям’ю. Ладзіцца таксама відовішчнае мерапрыемства “Візітоўкі”: 10-я класы прадстаўляюць сябе праз прызму сваіх профіляў. Да таго ж ёсць добрая традыцыя, якая называецца “Улазіны”: адміністрацыя і педагогі прыходзяць у інтэрнат у госці да іншагародніх навучэнцаў. Традыцыйна ліцэісты гатуюць пяць тазікаў дранікаў і рыхтуюць творчыя нумары.
Яшчэ адна даўняя традыцыя — правядзенне штогадовай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, прымеркаванай да дня нараджэння ўстановы. Яна дазваляе раскрыць навуковыя таленты ліцэістаў і дае вопыт публічных выступленняў. Сёлета ў нас было пададзена каля 150 заявак на ўдзел у канферэнцыі.
Ужо пры маім дырэктарстве была закладзена традыцыя правядзення “Сустрэч з цікавымі людзьмі”. На гэтыя сустрэчы мы запрашаем грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, блогераў, артыстаў, вядомых выпускнікоў ліцэя, людзей, якія дасягнулі значных вышынь у нашай краіне сваім розумам, прадпрымальнасцю, асобаснымі якасцямі. Гасцямі ліцэя былі міністр адукацыі Андрэй Іванец (дарэчы, наш выпускнік), намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ягораў і інш. У маі мы чакаем у госці першага касманаўта Героя Беларусі Марыну Васілеўскую. Сэнс гэтых сустрэч у тым, каб пачуць кожнага, каму неабыякава, як мы будзем жыць заўтра.
За час работы ў ліцэі сваім галоўным дасягненнем лічу паступленне нашых выпускнікоў у мінулым годзе ва УВА Беларусі: 80% навучэнцаў засталіся ў краіне, 73% паступілі ў БДУ. Пераканана, што самыя таленавітыя дзеці павінны заставацца на Радзіме, развіваць яе.
Набліжаем будучыню
— Які адбітак накладвае на дзейнасць ліцэя прысваенне яму імені Ф.Э.Дзяржынскага?
— Прысваенне ліцэю імені ўраджэнца Беларусі Ф.Э.Дзяржынскага сапраўды да многага абавязвае. Перш за ўсё мы хацелі развіць у нашай моладзі цікавасць да вывучэння гісторыі і культуры сваёй краіны, сфарміраваць высокія маральныя арыенціры на аснове выбітных учынкаў канкрэтнага чалавека. Гэта не толькі ўвекавечванне памяці знакамітага ўраджэнца Беларусі, але і асабісты маральны прыклад, жыццёва неабходны падрастаючаму пакаленню. Пасля рэвалюцыі, калі было многа дзяцей-сірот, менавіта Ф.Э.Дзяржынскі вялікую ўвагу ўдзяляў выхаванню дзяцей, новым тэндэнцыям іх інтэлектуальнага развіцця (арганізацыі гуртковай работы, тэатральнай дзейнасці). Упершыню пад яго кіраўніцтвам была прынята дактрына выхавання дзяцей і моладзі на 1920—1940 гады. І тады, і цяпер відавочна, што, калі ў моладзі не сфарміраваны асобасныя якасці, нанізваць веды няма ніякага сэнсу.
— Сёлетняя ўступная кампанія ў ліцэй ужо распачалася. Раскажыце пра яе асаблівасці.
— Ніякіх значных змяненняў не адбылося. Крыху падкарэкціраваны правілы прыёму ў ліцэй. Для стварэння камфортных умоў для нашых абітурыентаў уведзена папярэдняя рэгістрацыя ў асабістым кабінеце. Да 15 красавіка ўсім жадаючым неабходна было зарэгістравацца. Сёлета мы набіраем 262 абітурыенты па 12 профілях. На 17 красавіка было пададзена 1388 заяў (летась — звыш 2000). Зразумела, гэта не канчатковая лічба. Будуць і тыя абітурыенты, хто прыйдзе ў звычайныя прыёмныя дні.
— Якім бачыцца ліцэй у найбліжэйшай будучыні? Якія планы хацелася б рэалізаваць?
— Планаў у ліцэя шмат. З верасня мы распрацоўваем праект па міжнародным супрацоўніцтве з гімназіямі і ліцэямі Кітая. Сёлета хочам паспрабаваць адкрыць летні даследчы лагер “Будучая эліта ШАС”, дзе беларускія вучні разам з кітайскімі будуць удзельнічаць у розных праектах.
Мы адкрылі ў ліцэі гурток па робататэхніцы, і вельмі хочацца, каб установа загучала на міжнародных пляцоўках па гэтым напрамку. Мы напісалі пісьмо міністру асветы Расійскай Федэрацыі з просьбай паўдзельнічаць ва Усерасійскай алімпіядзе па штучным інтэлекце. Ёсць навучэнцы, якія захоплены магчымасцямі яго выкарыстання.
“Захоўваем традыцыі, набліжаем будучыню” — місія нашага ліцэя. Мы будзем і далей абапірацца на тое лепшае, што створана ў ліцэі, прыўносячы новыя тэндэнцыі ў выхаванне, навучанне і захаванне гістарычнай памяці. Без фармалізму, укладваючы душу і сэрца. Будучыня ліцэя бачыцца ў канструктыўным, камандным, зладжаным руху наперад.
Для мяне камандная работа — дастаткова эфектыўная, правераная часам, бо ў ёй кожны чалавек можа раскрыцца. Усе ўдзельнікі размяркоўваюцца па ролях, зыходзячы са сваіх магчымасцей і жаданняў, разам працуюць на адну мэту і вынік. Нездарма на адной з ратуш напісана: “Ніхто не ведае так многа, як усе мы разам”.
***
На выбар прафесіі Т.П.Мамчыц аказалі ўплыў аўтарытэтныя, харызматычныя педагогі. З лёгкай рукі настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 Ліды А.Г.Сямашка Таццяна захапілася літаратурай і паступіла на філалагічны факультэт БДУ.
У 1999 годзе Т.П.Мамчыц уладкавалася на работу ў Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Працавала лабарантам, выкладала “Асновы тэорыі нацыянальнай бяспекі”. Затым была навуковая дзейнасць, дысертацыйнае даследаванне. З 2013 года Таццяна Паўлаўна заняла пасаду загадчыка вучэбна-метадычнага ўпраўлення інстытута і суправаджала педагогаў у іх адукацыйнай дзейнасці. З кастрычніка 2023 года Т.П.Мамчыц узначальвае Ліцэй БДУ.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





