Дзве вядучыя ўстановы адукацыі на поўначы Беларусі ўзначальваюць родныя браты, прадстаўнікі вялікай прафесійнай дынастыі. Знаёмцеся: Канстанцін і Аляксандр Кісялёвы — дырэктары віцебскіх гімназій № 2 і № 5 імя І.І.Люднікава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Разам па жыцці
— Старэйшы брат — той, хто з дзяцінства апякае малодшага, аберагае і, здараецца, навязвае сваё меркаванне. Гэта пра вас?
Канстанцін Кісялёў. Несумненна. Калі розніца ва ўзросце невялікая, то апека выглядае недарэчна. Але ў нашым выпадку яна складае 6 гадоў — гэта каласальны вопыт, асабліва ў дзяцінстве і юнацтве. Чаму не дапамагчы, калі разумею, як будзе лепш? Цяпер таксама раз-пораз нешта карыснае падказваю брату, хаця з часам гэты працэс стаў узаемным. Саша рэфлексіўна адносіцца да парад: не ўсё прымае, аднак да многага прыслухоўваецца.
Аляксандр Кісялёў. Мы па жыцці разам. Колькі сябе памятаю, для мяне Косця — арыенцір і галоўны абаронца. Магчыма, таму сфера адукацыі мяне ўрэшце і прымагніціла. У школьныя гады ўсе ведалі, што ў мяне за спінай сур’ёзны старэйшы брат — выдатнік і каратыст, таму ўсведамлялі важнасць пазітыўнай камунікацыі са мной.
Канстанцін Кісялёў. Насамрэч у такім ключы мая дапамога ні разу не спатрэбілася, Саша жартуе. Ён з маленства самастойны, разважлівы і з характарам.
Аляксандр Кісялёў. Акрамя рабочых і сямейна-бытавых зносін, у нас ёсць непарушная традыцыя: раз у месяц мы збіраемся на брацкі дзень. Размаўляем, абмяркоўваем набалелае, штосьці ўспамінаем і плануем. Перарастае ўсё звычайна ў педсавет, бо мы жывём работай. Атрымліваецца, у нас сёння брацкі дзень з “Настаўніцкай”. Дарэчы, нам цікавыя не толькі справы нашых устаноў. У поле абмеркавання перыядычна трапляе дзейнасць лепшых педагогаў, навучэнцаў і кіраўнікоў педагагічных калектываў рэгіёна. Дынаміка выніковасці — адукацыйны кейс, які потым можна паказваць сваім настаўнікам, прыводзячы ў прыклад. У Косці якасна іншы ўзровень аналітыкі, ён вядзе статыстыку дасягненняў і па Беларусі. Мне гэта важна: павінен жа я бачыць, наколькі хутка змагу стаць другім у краіне пасля брата-лідара! Упэўнены, мэта рэальная.
Свет захапленняў
— Цікава: захапленні ў вас блізкія або адрозныя?
Канстанцін Кісялёў. Галоўныя мае захапленні са школьных гадоў — спорт і музыка. Некалі мы з сябрамі стварылі сваю групу, спявалі ўласныя творы і каверы на рок-класіку. У 1997 годзе мяне нават прызналі лепшым маладым рок-вакалістам Беларусі. Пра адзінаборствы ўжо прагучала: імі я займаўся гады тры, у 6 класе быў чэмпіёнам Віцебска па каратэ-до шатакан. Потым палюбіў футбол, выступаў за зборную вобласці. У цяперашні час у мяне засталіся тыя ж захапленні. Дарэчы, у спорце іх перанялі абодва мае сыны. Таму мая матывацыя ўтрая мацнейшая, чым раней.
— А більярд?
Канстанцін Кісялёў. Таксама люблю. Хаця для мяне більярд хутчэй не спорт, а інтэлектуальны адпачынак, у якім прывабліваюць напружанасць думкі, прыгожая матэматычнасць. У студзені ў парадку дырэктарскага заахвочвання я запрасіў у більярдную нашых пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы — гэта 20 навучэнцаў, 14 з іх прайшлі на рэспубліку. Ідэя сябе апраўдала, усе гулялі з захапленнем. Што цікава, некалькіх алімпіяднікаў з таго часу па выхадных рэгулярна бачу ў більярднай. Зусім нядаўна былі там з братам. Правялі час ва ўпартай барацьбе. Ён гуляў супраць мяне з маім з малодшым сынам. Між іншым, яны прайгралі.
Аляксандр Кісялёў. Удакладняй, брат: адзін раз! Як матэматык у більярдзе я добра бачу ўсе камбінацыі, але тут важна ўмець рэалізаваць іх. Гэта нагадвае кіраўніцкі аспект у адукацыі: здаецца, усе разумеюць, як павінна быць, аднак не ва ўсіх атрымліваецца гэта ажыццявіць. Вось у Косці стратэгія і тактыка ў непарыўным адзінстве. У дырэктарскай рабоце ён наватар, многае ва ўстанове адукацыі рабіў упершыню, і, па-мойму, не кожны здолее за ім паўтарыць. У тым ліку таму, што ў кожнай установы адукацыі свой шлях развіцця. Што да захапленняў, то спортам я сістэмна не займаюся, але часам наведваю спартыўную залу. З дзяцінства ў мяне былі іншыя прыярытэты: тэхніка, інжынерыя, праграмаванне, камп’ютарныя тэхналогіі.
— Даводзілася чуць ад вашых педагогаў: “Наш дырэктар выдатна спявае”. Адкуль яны пра гэта ведаюць?
Канстанцін Кісялёў. У першы год работы ў гімназіі на апошнім званку я падарыў песню выпускнікам. Калектыў той учынак ацаніў, і нарадзілася новая традыцыя: калі ў нас праходзяць знакавыя ўрачыстасці, напрыклад, Дзень ведаў, “Гімназіст года”, выпускны вечар, дырэктар спявае. Падчас выступлення ўстанаўліваецца надзвычай эмацыянальная зваротная сувязь з гледачамі. Песня надае мерапрыемству крэатыву і ўнікальнасці.
Аляксандр Кісялёў. Я падобную рэакцыю таксама адчуваю, толькі ў меншым маштабе. На мерапрыемстве “Гімназіст года” ў нас не спяваю. Затое на 8 Сакавіка віншую песняй жанчын, ім вельмі падабаецца.
Пошук прызвання
— Падзяліцеся фірменным спосабам: як стаць дырэктарам?
Канстанцін Кісялёў. Першапачаткова я нацэльваўся пасля філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава пайсці мамінай сцежкай — на тэлебачанне. Потым адвучыўся ў аспірантуры і планаваў застацца ва ўніверсітэце, аднак на кафедры не знайшлося месца. Пайшоў у школу. Настаўніцкі вопыт у мяне быў з 4 курса. Працягнуў напрацоўваць яго ў цяперашняй гімназі № 8, далей у сярэдняй школе № 2 Віцебска (з 2022 года носіць імя Ф.Ц.Блахіна). Толькі ж хацелася ў выкладчыкі і навукай займацца!
Часам здаецца, што абставіны склаліся неспрыяльна, а жыццё парушае планы. А табе проста падказвае само жыццё, дзе твой сапраўдны шлях!
Настаўнічаў я паспяхова, але нядоўга: у школе № 2 мяне прызначылі намеснікам дырэктара. У розны час выконваў абавязкі завуча і па выхаваўчай, і па вучэбнай рабоце. Потым ужо, калі ўліўся ў школьную сістэму, з’явіліся думкі пра дырэктарства: што зрабіў бы на гэтай пасадзе, з дапамогай якіх сродкаў? Прызнаюся, у мяне былі дастаткова сур’ёзныя амбіцыі. Тая сістэма, якая паступова складвалася ў маім уяўленні, ідэальна падыходзіла для вялікай установы адукацыі. Адчуваў у сабе сілы кіраваць такой і разумеў, што з рэсурсамі невялікай школы паўнавартасна разгарнуцца, каб рэалізаваць мае планы, нерэальна. Менавіта таму пагадзіўся ў 2009 годзе на прапанову ўзначаліць гімназію № 2.
— Гэта была вядомая ўстанова адукацыі з адметнай гісторыяй і традыцыямі, пазнавальным стылем…
Канстанцін Кісялёў. Так, моцная аднапрофільная лінгвістычная гімназія. Я выразна бачыў, дзе і за кошт чаго мы зможам выйсці на самы высокі ўзровень. За 16 гадоў, дзякуючы калектыву і пэўным кіраўніцкім крокам, гэта ўдалося здзейсніць.
Мы 6 гадоў запар лепшыя ў краіне ў алімпіядным руху: сёлета атрымалі 22 дыпломы па 9 прадметах і 4 пахвальныя водзывы. З адрывам лідзіруем у вобласці па выніках ЦЭ і ЦТ: у мінулым навучальным годзе 100-бальных вынікаў было 21. Гэта без уліку алімпіяднікаў, з імі яшчэ 10 трэба дабавіць.
За 5 гадоў у нас 14 дыпломаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, важкая скарбонка медалёў міжнародных алімпіяд і даследчых канферэнцый, лідарскія пазіцыі ў Беларусі па інтэлектуальных гульнях. Былі мы і чэмпіёнамі Еўропы па брэйн-рынгу. Актыўна ўдзельнічаем у тэлепраекце “Я ведаю”, у 2023 годзе наш вучань перамог у суперфінале, сёлета 4 чалавекі прайшлі ў суперфінал па сваіх паралелях.
Аляксандр Кісялёў. Ведаеце, калі школьнік многа і з захапленнем займаецца матэматыкай і інфарматыкай, то пераключыцца на штосьці іншае практычна немагчыма. Таму далейшая траекторыя пасля матэматычнага класа ў мяне была прадказальная: БДУІР, інжынерная спецыяльнасць. Я працаваў на тэлебачанні. Маёй сферай адказнасці быў апаратна-студыйны блок, кантроль выпуску ўсіх тэлеперадач — цікавая тэхнічная работа. У пэўны час зразумеў, што мне для развіцця неабходна грунтоўная эканамічная аснова. Набыў другую вышэйшую адукацыю ў ВДТУ, паглыбіўся ў сферу маркетынгу. Дарэчы, дапамагаў брату ў пачатку яго дырэктарскай работы, зыходзячы са сваіх ведаў і напрацовак. Для мяне гэта быў яшчэ адзін цікавы маркетынгавы праект. А трэцяй маёй вышэйшай адукацыяй стала педагагічная, яе я набыў у ВДУ імя П.М.Машэрава.
— Нечаканы паварот…
Аляксандр Кісялёў. Усё ж такі ёсць, напэўна, генетычная схільнасць да прафесійнага прызвання. Спрабуеш сябе ў розных напрамках, у прынцыпе задаволены, бо ўсё атрымліваецца і перспектывы выдатныя, аднак у падсвядомасці сядзіць думка: не знайшоў ты сваё, сапраўднае. Таму я і пайшоў у настаўнікі. Так склалася, што ў школу № 2, дзе раней працаваў мой брат. Праз некалькі месяцаў я стаў завучам. Як мы ў сям’і жартуем, за тым жа сталом сядзеў, што і Косця да мяне. Чацвёрты год узначальваю гімназію № 5 імя І.І.Люднікава. Менеджмент, маркетынг, інжынерная і эканамічная база мне тут вельмі спатрэбіліся. У нас выдатны педагагічны калектыў. Мая папярэдніца Людміла Дзярыба — цудоўны прафесіянал, пры ёй сярэдняя школа № 32 стала гімназіяй. Малады дырэктар часам хоча рэзка ўсё змяніць ва ўстанове, але гэта не мой выпадак. Мне проста трэба было зафіксаваць дасягнутае і выйсці на больш высокі ўзровень. І калі браць у комплексе развіццё ўстановы адукацыі, то гімназія сёння ў ліку лепшых у вобласці. Мы — у развіцці.
Школа кіравання: гімназія № 2

— Падзеліцеся алгарытмамі вашых дзеянняў на дырэктарскай пасадзе?
Канстанцін Кісялёў. Першае і галоўнае для дырэктара — стратэгія развіцця.
Я правёў грунтоўны аналіз, вывучыў патэнцыял, праблемы, магчымасці, якія былі на той момант, і выбудаваў алгарытм дзеянняў па паэтапным павышэнні якасці адукацыі ў гімназіі. Адным з ключавых аспектаў стаў рост прывабнасці ўстановы для людзей. У першы год маёй работы, калі меркаваць па наборы, пра вялікую папулярнасць гімназіі гаварыць не даводзілася. Таму я выпрацаваў механізмы, дзякуючы якім мы пачалі прыбаўляць. Сярод важных рашэнняў, якія эфектыўна працуюць, адзначу пераарыентацыю на мнагапрофільны фармат. Па замежных мовах установа традыцыйна была моцнай, аднак спатрэбілася кардынальна ўзмацніць усе астатнія прадметы. На мнагапрофільнасці грунтуецца дзеючая канцэпцыя гімназіі. Другое, без чаго немагчымы рост, — кадры. Мы шмат вучыліся ў калег, у тым ліку паспяховых у алімпіядным руху і рабоце з адоранымі навучэнцамі. Часта я запрашаў у гімназію вядучых педагогаў вобласці і краіны, нашы маладыя настаўнікі ездзілі ў іншыя ўстановы набірацца вопыту.
— Іх высокія вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць!
Канстанцін Кісялёў. Для мяне вельмі каштоўна тое, што нам удалося вырасціць у калектыве сённяшніх педагагічных зорак першай велічыні, такіх як Ганна Міненка, Алена Маісеева, Вольга Каламійцава. Мы стварылі матэматычны цэнтр міжнароднага ўзроўню, найперш дзякуючы майстэрскаму тандэму Святланы Матросавай і Аляксандра Шугаля. Не менш вядомага ў сістэме айчыннай адукацыі Сяргея Крывенку я некалі ўгаварыў не кідаць педагогіку. Пераканаў яго, што як настаўнік ён зможа больш даць свету і атрымаць шмат задавальнення ад працы. Сяргей Мікалаевіч вярнуўся ў гімназію і, думаю, ні разу не пашкадаваў аб гэтым. Мой прагноз на будучыню спраўдзіўся: яго званне заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь — найлепшае сведчанне гэтага. Такім чынам, з самага пачатку ў прыярытэтным парадку мы падтрымлівалі лінгвістычны напрамак, фарсіравалі матэматычны, а па факце сістэмна развівалі ўсе прадметы — ад грамадазнаўства да фізічнай культуры і здароўя. У адказ на запыт дзяцей і бацькоў каля пяці гадоў назад стварылі медыцынскі профіль, які ў нас запатрабаваны і вельмі якасны, у тым ліку дзякуючы рабоце настаўніка хіміі Руслана Шклейніка. Да таго ж я прывабіў моцнага біёлага з ВДМУ — Марыну Лапухіну. Безумоўна, немагчыма гаварыць пра выніковасць установы адукацыі ў адрыве ад развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы. У гімназіі яна сучасная, бяспечная, насычаная найноўшым абсталяваннем.
Нас вельмі радуе, калі нашы выпускнікі становяцца калегамі. Для станаўлення маладых настаўнікаў, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі ў 2021 годзе мы адкрылі музей настаўніцтва гімназіі.
Калі казаць пра мой кіраўніцкі стыль, то ён дастаткова аўтарытарны. Пры гэтым заўсёды спачатку слухаю меркаванні людзей, потым аналізую іх і прымаю рашэнне — і яно абавязковае да выканання.
— Што вы ўкладваеце ў канцэпцыю “гімназія максімальнай рэалізацыі”?
Канстанцін Кісялёў. У кожнага з нас свае інтарэсы і здольнасці. Калі бацькі аддаюць дзіця ў нашу гімназію, то могуць быць упэўнены: яго патэнцыял пры адпаведнай рабоце навучэнца будзе максімальна раскрыты ў любым напрамку вучэбнай, грамадскай, творчай, спартыўнай дзейнасці. Тое ж адносіцца і да педагогаў: для іх створаны абсалютна спрыяльныя ўмовы, каб займацца любімай справай.
Школа кіравання: гімназія № 5
— Пагаворым пра канкурэнцыю: ці бываюць на брацкіх днях пытанні і тэмы, закрытыя толькі таму, што вы абодва — дырэктары?
Канстанцін Кісялёў. Закрытых тэм не існуе. Канкурэнцыя выключна здаровая, радуемся поспехам адзін аднаго і перадаём вопыт. Напрыклад, з навучэнцамі гімназіі № 5 займаюцца нашы трэнер па праграмаванні Вераніка Лакціна і матэматык Аляксандр Шугаль.
Аляксандр Кісялёў. Адназначна ў нас ёсць узаемнае жаданне, каб кожная ўстанова развівалася і рухалася наперад. Ніякай канкурэнцыі — толькі падтрымка, партнёрства і шчырая радасць за дасягненні брацкіх гімназій (ужо не толькі мы іх так называем). Калегі з гімназіі № 2 не хаваюць сваіх прафесійных сакрэтаў, а нашы настаўнікі карыстаюцца магчымасцю ўзяць ад іх усё лепшае, каб інтэграваць у сваю сістэму выкладання. Кадры вырашаюць усё. У нас зладжаная педагагічная каманда, патэнцыял якой пастаянна расце. Моладзь і вопытныя калегі бяруць прыклад з Наталлі Ціханоўскай, Нікі Цішчанка, Андрэя Малалетнікава, Анжэлы Ісачанка, Вольгі Міцкевіч, Юліі Семянюк — і яны, у сваю чаргу, штораз паляпшаюць папярэднія дасягненні.
Параўноўваючы агульную дынаміку выніковасці абедзвюх гімназій: нашы траекторыі суадносныя, мы ў прынцыпе праходзім тыя ж этапы.

Мы ўмацоўваем кадры, матывуем навучэнцаў і бацькоў, планамерна развіваем матэрыяльна-тэхнічную базу. Раней пры якаснай (гэта важна) рабоце педагогаў у нашай гімназіі былі адзінкавыя перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Цяпер маем 3—4 пераможцы штогод, за 4 алімпіядныя сезоны атрымана 11 дыпломаў. На гарадскім этапе алімпіяды 4 гады назад было 63 пераможцы, сёлета — 118. Трое з пяці навучэнцаў раёна — пераможцаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару — з нашай гімназіі. Для нас норма перамагаць на раённых і гарадскіх конкурсных мерапрыемствах рознай накіраванасці, хоць у Першамайскім раёне вельмі сур’ёзная канкурэнцыя, шмат моцных устаноў адукацыі. І ўжо сталі для нас арыенцірамі вобласць і рэспубліка: сёлета выйшлі ў фінал “100 ідэй для Беларусі”, перамаглі ў суперфінале тэлепраекта “Я ведаю”, занялі 2-е месца ў фінале “Энергамарафону” і, між іншым, бонусам атрымалі сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы на 155 тысяч рублёў. Наш Народны музей Баявой славы 39-й арміі, якім кіруе Марына Агеенка, — у топе-100 музеяў устаноў адукацыі па міжнародным рэйтынгу Музея Перамогі ў Маскве. Нашы навучэнцы рэгулярна ездзяць на змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, паспяхова ўдзельнічаюць у абласных конкурсах “Квант”, “Эўрыка” і рэспубліканскім “ТэхнаІнтэлект”.
— Як у вашых установах адукацыі арганізавана павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў?
Аляксандр Кісялёў. Сёлета мы выдалі рэкорд: за адзін тыдзень адразу 17 педагогаў атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Унікальнасць вопыту адзначылі ў горадзе і вобласці, бо сапраўды такое здараецца рэдка. Галоўны паказчык прафесіяналізму — вынік. З першага дня сваёй работы я запусціў канцэпцыю максімальнай выніковасці. Гэтае слова рэфрэнам гучыць у нас на кожным мерапрыемстве. Спачатку не ўсе ўспрымалі яго адназначна, але паступова і дзеці ўслед за настаўнікамі, і бацькі нацэліліся: мы ўсе разам і кожны паасобку працуем на найвышэйшы вынік. Не абавязкова перамагаць на алімпіядах. Напрыклад, калі ты валанцёр, то павінен быць лідарам і займацца гэтым шчыра. Калі ты моцны ў творчасці, важна, каб ад тваіх работ і выступленняў людзі былі ў захапленні. Натхняе вучоба як працэс пазнання — вучыся выдатна, вызначы для сябе далейшы шлях у прафесію і здай ЦЭ на 100 балаў. Хаця аптымальна, канечне, вучобай сябе не абмяжоўваць. Калі хочаш праявіць сябе ў спорце — калі ласка, у цябе велізарная колькасць магчымасцей. На рэспубліканскіх спаборніцтвах шмат нашых прадстаўнікоў у складзе абласных каманд. У маштабных спартыўных праектах, такіх як “300 талентаў для Каралевы” і “Шкаліяда”, мы ў ліку пераможцаў. Гэта важны момант, бо вынік накіраваны найперш на развіццё і ўмацаванне здароўя дзяцей. На “Снежным снайперы” таксама добра выступаем. Або возьмем інтэлектуальную творчасць: на конкурсе “Патрыёт.by”
занялі 1-е месца. На прававой алімпіядзе ў БДУ — аналагічна. Нядаўна парадавалі нашы пачынаючыя журналісты: па выніках юнкараўскага конкурсу “Старт” іх прызналі лепшымі ў краіне. У нас вучыцца няпроста, затое вельмі цікава, прэстыжна і перспектыўна.
Абумоўленасць лёсаў
— Вы — прадстаўнікі педагагічнай дынастыі. Наколькі моцны адбітак гэта накладвае на ваша светаўспрыманне?
Канстанцін Кісялёў. Зыходзячы з нашага жыццёвага вопыту, можна гаварыць пра абумоўленасць лёсаў. Мы не толькі педагогі ў чацвёртым пакаленні, але і дырэктары ў трэцім. Прадзед Сцяпан быў дырэктарам школы. Дзядуля Васіль працаваў дырэктарам у Маладзечанскім раёне, а пасля пераезду — завучам у Віцебскім раёне. У Старым Сяле ў іх з бабуляй склаўся цудоўны педагагічны дуэт: Васіль Сцяпанавіч — філолаг, завуч, выдатнік адукацыі, Валянціна Варфаламееўна — настаўніца пачатковых класаў, выдатнік адукацыі і цудоўны філолаг. І бацькі ў нас педагогі. Бацьку Леаніда Леанідавіча Кісялёва выпускнікі і сёння ўспамінаюць добрым словам. Ён выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе № 39 Віцебска (цяпер гімназія № 7 імя П.Я.Кандраценкі). Калі праз 20, 30 гадоў вучні ўдзячныя настаўніку, гэта дарагога варта. У маці Людмілы Васільеўны Кісялёвай педагагічная адукацыя, аднак яна прысвяціла працоўнае жыццё тэлебачанню. Хаця па сутнасці журналістыка вельмі блізкая да педагогікі. Мае сыны разглядаюць адукацыю як сферу прафесійнай дзейнасці, аднак іх больш прываблівае інжынерна-тэхнічны напрамак. Гледзячы на дзяцей, успамінаю свайго брата ў яго школьны час.
Аляксандр Кісялёў. Мая жонка па першай адукацыі будаўнік, інжынер. Калі пазнаёміліся, пра настаўніцтва яна не думала, але неўзабаве паддалася сямейнаму ўплыву. Я настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, і яна атрымала такую ж спецыяльнасць. Моцны матэматык. Праўда, зараз яе ўвага сканцэнтравана на сям’і, у нас трое дзетак. Старэйшая дачка вучыцца ў гімназіі № 2 і марыць стаць настаўніцай. Прычым па прыкладзе паважанага настаўніка Канстанціна Леанідавіча, які вядзе ў яе факультатыў па рускай мове і літаратуры (ён жа любімы дзядзька Косця), хоча выкладаць менавіта гэты прадмет. Я поўнасцю падтрымліваю яе рашэнне. Адна ўмова: трэба стаць выніковым настаўнікам, адбыцца ў прафесіі, свету, людзям і сабе прыносіць пазітыў і карысць. Тады ўсё будзе добра.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава





