Захапленне інтэлектуальнымі гульнямі спрыяе поспехам у вучобе, упэўнены педагогі Альхоўскай сярэдняй школы

- 9:05Главная, Образование

Каманда педагогаў Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна больш за 10 гадоў паспяхова ўдзельнічае ў інтэлектуальных турнірах. Бяруць прыклад з вопытных настаўнікаў і вучні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы для настаўнікаў невялікай сельскай школы сталі неад’емнай часткай іх вольнага часу яшчэ ў 2011 годзе, калі дырэктарам стаў Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч. Ён ужо меў пэўны вопыт у гэтым кірунку і на новай пасадзе адразу сабраў каманду аднадумцаў, якая атрымала прыгожую назву “Гульні розуму”.

У ліку пастаянных удзельнікаў каманды — настаўніца пачатковых класаў Часлава Сідарэвіч і настаўніца матэматыкі Алена Клімашэўскіс.

— Гульні “Што? Дзе? Калі?” горада атамшчыкаў — тое, без чаго ўжо цяжка ўявіць наша жыццё. Галоўнае, дзеля чаго мы кожны трэці аўторак едзем у Астравец на гульню, — задавальненне, якое атрымліваем ад працэсу. Наогул, настрой ад кожнай такой сустрэчы доўжыцца яшчэ некалькі дзён: абмяркоўваем гульню, пытанні, адказы… — дзеліцца Часлава Сідарэвіч.

Яна прызнаецца, што каман­дзе з лёгкасцю паддаюцца пытанні, якія тычацца гісторыі і літаратуры, а яшчэ фізікі і астраноміі. Нярэдка дакладныя адказы падказваюць логіка і інтуіцыя.

З улікам таго, што ў педкалектыў Альхоўскай школы сёння ўваходзяць 15 чалавек, у інтэлектуальных турнірах задзейнічаны кожны пяты педагог. Вось такая матэматыка малых лічбаў з вялікім імкненнем да перамог.

— Галоўным трафеем традыцыйнага ў раёне круглагадовага інтэлектуальнага турніру “Што? Дзе? Калі?” шмат гадоў з’яўляецца “Яблык азарэння” чырвонага, жоўтага або зялёнага колеру — у залежнасці ад месца ў тройцы лідараў. Атрымаць яго — няпростая задача з улікам таго, што кожны месяц у турнірах спаборнічаюць да 25 каманд. Да таго ж падчас каляднага турніру, акрамя ўдзельнікаў з Астравецкага раёна, падключаюцца і госці з Ашмян, Смаргоні. Так што канкурэнцыя ў нас заўсёды высокая. І ўсё ж сярод усіх педагагічных каманд мы вылучаемся. Шкляныя статуэткі, якія ў розныя гады заваявала наша каманда, заўсёды на вачах у школьнікаў. Для нашых навучэнцаў гэта адзін са стымулаў удзельнічаць у гульнях юных разумнікаў і разумніц, — адзначае Сяргей Анатольевіч.

Не першы год Алена Клімашэўскіс актыўна захапляе інтэлектуальным рухам старшакласнікаў. Шукаць адказы на пытанні з зорачкай на заняткі клуба “Інтэ­лектум” да яе спяшаюцца каля 15 школьнікаў.

— Кожная наша сустрэча ў межах аб’яднання па інтарэсах — гэта віктарыны, конкурсы. Заняткі будуюцца па сістэме “гуляем спазнаючы”. Усе разам мы рашаем задачы на логіку, абменьваемся цікавымі фактамі, — расказвае Алена Валер’еўна.

Да таго ж школьнікам педагог рэкамендуе літаратуру для развіцця агульнай эрудыцыі. У асноўным гэта кнігі савецкіх пісьменнікаў, якія не толькі вучаць дзяцей вечным каштоўнасцям, але і змяшчаюць шмат карыснай інфармацыі пра навакольны свет, культуру, гісторыю.

Практычна кожны месяц вучні Альхоўскай сярэдняй школы ўдзельнічаюць у турнірах ад мясцовага да рэспубліканскага ўзроўню. У розныя гады яны ўваходзілі ў тройку лідараў рэспубліканскага турніру па інтэлектуальных гульнях на кубак Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Думка беларуская”, III Рэс­публіканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў малых населеных пунктаў у каманднай “Сваёй гульні”, станавіліся аднымі з лепшых у рэспубліканскім турніры “Альпійскія гульні”, абласных асінхронных турнірах па гульні “Што? Дзе? Калі?”.

З 2015 года Алена Клімашэўскіс, якая мае непасрэднае дачыненне да кожнай з пералічаных перамог, сфарміравала добрую базу пытанняў для трэніровак членаў клуба і пастаянна ўдасканальвае свае веды ў гэтай галіне, удзельнічаючы ў турнірах і звяртаючыся да платформ адкрытых інтэрнэт-крыніц.

— Удзел у турнірах і гульнях значна пашырае кругагляд і ву­чыць важнаму ўменню хутка пры­маць рашэнне, быць адказным не толькі за сябе, але і за ўсю каманду. Такія надпрадметныя веды і навыкі кожнаму з нашых юных інтэлектуалаў абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, — дзеліцца меркаваннем Алена Валер’еўна.

Сёння ў Альхоўскай сярэдняй школе ёсць тры рознаўзроставыя каманды школьнікаў-інтэлектуалаў. І задзейнічана ў іх амаль палова ўсіх навучэнцаў.

— Ці ўплывае захапленне інтэлектуальнымі гульнямі на поспехі ў вучобе? Безумоўна! Сёння адукацыйны працэс у школе будуецца ў інтарэсах усяго 43 навучэнцаў. Але кожны год з абласнога этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы вучні вяртаюцца з дыпломамі і пахвальнымі водзывамі, — дадае дырэктар.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара