Пазнавальны тур па Беларускім універсітэце транспарту

- 10:09Выбар прафесіі

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту ў асаблівай рэкламе патрэбы не мае. Ужо 60 гадоў гэтая ўстанова паспяхова рыхтуе высакакласных спецыялістаў для розных галін эканомікі.

Шчаслівая зорка БелДУТа

Зараз выпускнікі ўніверсітэта працуюць на ўсёй постсавецкай прасторы. Нядзіўна, бо большую палову свайго існавання размешчаная ў Гомелі ВНУ мела ўсесаюзнае значэнне. Юнакі і дзяўчаты з пятнаццаці рэспублік ехалі сюды, каб звязаць свой лёс з чыгункай, — менавіта такім быў асноўны кірунак тады яшчэ Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. Прагрэс не стаяў на месцы, а змены патрабавалі ўсё больш спецыялістаў. Гісторыя ўніверсітэта пачыналася з 6 кафедраў, а зараз іх — 43.
БелДУТ і сёння застаецца адной з прэстыжных і перадавых устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Яе больш старэйшыя выкладчыкі ўпэўнены, што над універсітэтам гарыць шчаслівая зорка, але стараюцца не гаварыць пра гэта ўголас — каб не сурочыць. А падарыў гэтую шчаслівую зорку не хто іншы, як знакаміты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Першы будынак таленавітага архітэктара — Гомельская мужчынская гімназія — зараз адзін з карпусоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Архіўныя звесткі сцвярджаюць, што, працуючы над праектам гімназіі, майстар меў намер стварыць сапраўдны храм навукі. І гэта ў яго атрымалася. Гомельская мужчынская гімназія стала самым буйным вучэбным будынкам у дарэвалюцыйнай Беларусі як па маштабе, так і па архітэктурна-мастацкай значнасці. А пакаленні выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў БелДУТа сапраўды ператварылі яго ў храм навукі, пра які і марыў С.Шабунеўскі.
Менавіта са знаёмства з гістарычным мінулым найстарэйшага ўніверсітэцкага корпуса і ўвогуле з гісторыяй ВНУ пачаўся пазнавальны тур па Беларускім універсітэце транспарту, арганізаваны для навучэнцаў з розных школ Гомеля і рэгіёна. Па сутнасці гэта той самы дзень адкрытых дзвярэй, толькі ў зусім новым фармаце.
— У прафарыентацыйнай рабоце трэба пастаянна шукаць новыя падыходы, бо цяперашняя моладзь дапытлівая і даволі прасунутая, а значыць, неабходна думаць, як яе зацікавіць, — дзеліцца думкамі доктар тэхнічных навук, прафесар, дэкан факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі А.Б.Няўзорава. — Збіраць юнакоў і дзяўчат у актавай зале і нудна расказваць ім пра факультэты і кафедры, прыводзячы нейкія лічбы, — ужо састарэлы метад, з ім трэба развітвацца.
Для гэтага, зразумела, неабходна прыдумаць нешта новае. І Ала Браніславаўна прапанавала інтэрактыўнае мерапрыемства, у якое ўключыліся ўсе. Экскурсіі па аўдыторыях універсітэта для будучых абітурыентаў правялі магістранты. Для знаёмства з факультэтамі і спецыяльнасцямі праводзіліся розныя эксперыменты і дзелавыя гульні, завадатарамі якіх сталі студэнты-белдутаўцы пры падтрымцы выкладчыкаў і прафесараў. Калі паказаць пазнавальны тур у выглядзе схемы, то гэта будзе кругавы рух з перамяшчэннем груп з кафедры на кафедру. У адведзеных аўдыторыях і лабараторыях кожную групу школьнікаў чакала магчымасць пабываць у ролі студэнта ці ўжо гатовага спецыяліста.
Прапануем услед за нашымі школьнікамі адправіцца ў пазнавальны тур па Беларускім універсітэце транспарту і наведаць яго факультэты.

Механічны факультэт

Адзін з найстарэйшых факультэтаў універсітэта, які за 60 гадоў свайго існавання падрыхтаваў больш за шэсць тысяч спецыялістаў. Сярод іх нямала вядомых імён. Дарэчы, у свой час механічны факультэт скончыў і цяперашні рэктар — прафесар В.І.Сянько.
У 50-х гадах на факультэце працавалі дзве кафедры, а сёння іх — дзевяць. Вядома, інжынер — прафесія запатрабаваная, а з улікам таго, што чыгуначная галіна пастаянна развіваецца, інжынеры-механікі і інжынеры-электрамеханікі, якіх рыхтуе механічны факультэт, без работы не застануцца. Тым больш што са сцен БелДУТа выходзяць сапраўдныя прафесіяналы, бо навучанне тут цесна пераплецена з вытворчасцю. Галоўныя веды студэнты факультэта атрымліваюць не ў лекцыйных аўдыторыях, а ў лабараторыях, якія абсталяваны мадэлямі і машынамі, а таксама на прадпрыемствах Беларускай чыгункі, дзе створаны філіялы кафедраў. У апошнія гады, дзякуючы стварэнню пры ВНУ выпрабавальнага цэнтра чыгуначнага транспарту “СЕКО”, магчымасці спасціжэння практычных ведаў будучых інжынераў значна ўзраслі.
У час пазнавальнага тура школьнікам прадставілі адну з найцікавейшых кафедраў — “Вагоны і вагонная гаспадарка”. У лабараторыі па вывучэнні канструкцыі вагонаў дзеці даведаліся пра новыя мадэлі вагонаў, паспрабавалі самастойна зрабіць замеры колавай пары, а таксама атрымалі адказы на свае пытанні ад загадчыка кафедры, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта А.У.Пігунова.

Будаўнічы факультэт

Гісторыя яго стварэння бярэ пачатак з моманту стварэння ВНУ — з 1953 года. Зараз будаўнічы факультэт — адно з вядучых падраздзяленняў універсітэта транспарту, дзе рыхтуюць інжынераў для будаўніча-дарожнага комплексу краіны.
Зараз у склад факультэта ўваходзяць тры выпускаючыя кафедры: “Даследаванні і праектаванне дарог”, “Будаўніцтва і эксплуатацыя дарог”, “Экалогія і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў”. Набытыя тут спецыяльнасці адкрываюць шырокія перспектывы для ініцыятыўных маладых людзей. Падчас навучання таксама не давядзецца сумаваць, бо будаўніцтва дарог — як аўтамабільных, так і чыгуначных — хавае ў сабе шмат цікавага. Студэнты заўсёды з нецярпеннем чакаюць выездаў на аб’екты, дзе робяць першыя крокі ў прафесію.
Пакуль удзельнікі пазнавальнага тура толькі робяць свой выбар, у дзень знаёмства з БелДУТам ім прадставілі кафедру “Даследаванні і праектаванне дарог”. Старшы выкладчык кафедры А.А.Ткачоў разам са сваімі студэнтамі разгарнулі ў памяшканні бібліятэкі выставу розных прыбораў і прыстасаванняў, якімі карыстаюцца пры будаўніцтве дарог будучыя інжынеры. Лазерны далямер, тэадаліт, нівелір — усё гэта школьнікі маглі не толькі ўбачыць, але і паспрабавалі рабіць замеры.

Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва

Першапачаткова інжынераў па праектаванні і будаўніцтве грамадзянскіх будынкаў рыхтавалі на будаўнічым факультэце на спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Але праз некалькі гадоў стала відавочнай патрэба стварыць асобны факультэт.
Зараз на факультэце вядзецца падрыхтоўка па чатырох спецыяльнасцях. Менавіта тут пазнаюць усе сакрэты прафесіі інжынеры па праектаванні і будаўніцтве грамадзянскіх будынкаў і інжынеры па выпуску будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, а таксама архітэктары і спецыялісты па экспертызе і кіраванні нерухомасцю. Ці можна назваць гэтыя прафесіі творчымі? “Можна!” — у адзін голас адказалі юнакі і дзяўчаты, з вялікай цікавасцю разглядаючы выкананыя будучымі архітэктарамі макеты будынкаў і цэлых жылых зон. Тут былі як звыклыя будынкі, так і ўвасабленні самых неверагодных задум. У іншай аўдыторыі, абсталяванай спецыяльнымі механізмамі і апаратамі, прафесар Д.У.Лявоненка расказваў, чаму дысцыпліна “Супраціўленне матэрыялаў” так неабходна будучаму будаўніку.

Гуманітарна-эканамічны факультэт

Даволі цікавую прэзентацыю свайго факультэта зрабілі студэнты з дапамогай старшага выкладчыка А.В.Бугаёвай. Факультэт рыхтуе эканамістаў, бухгалтараў, лагістаў і мытнікаў. Студэнты ўцягнулі школьнікаў у дзелавую гульню, дзе ім прапаноўвалася разыграць сцэнарый лагістычнай дастаўкі грузу з аднаго пункта ў іншы.

Кіраванне працэсамі перавозак

Таксама адзін з найстарэйшых факультэтаў універсітэта, на якім вядзецца падрыхтоўка інжынераў для чыгуначнага, аўтамабільнага і рачнога транспарту. Тут вучыцца больш за 800 студэнтаў па спецыяльнасцях “Арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце”, “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”, “Арганізацыя дарожнага руху”. Выпускнікі факультэта кіруюць перавозачным працэсам, каардынуюць работу розных службаў і падраздзяленняў транспарту, праектуюць транспартныя аб’екты.
Удзельнікам пазнавальнага тура давялося пабываць у вучэбнай лабараторыі, дзе студэнты засвойваюць складаны працэс кіравання рухам на прыкладзе паменшанай копіі чыгункі. Як гэта адбываецца, школьнікам расказаў асістэнт кафедры “Кіраванне эксплуатацыйнай работай” М.Ю.Страдомскі. Было відаць, што дзяцей уражвала лабараторыя, а калі Міхаіл Юр’евіч запрасіў іх паўдзельнічаць у гульні па адпраўцы цягніка па зададзеным маршруце, у тых проста загарэліся вочы.
Знаёмства з факультэтам прадоўжылася ў іншай аўдыторыі, дзе патэнцыяльныя студэнты пазнаёміліся з арганізацыяй дарожнага руху. Старшы выкладчык С.У.Скіркоўскі прадставіў дзецям мадэлі развязкі дарожнага вузла, якія выканалі студэнты, і абыграў на макеце розныя варыянты арганізацыі бяспечнага руху на дарозе. Трэба сказаць, што кіраванне дарожным рухам на факультэце разглядаецца праз прызму міжнароднай практыкі. Кафедра вельмі паспяхова ўдзельнічае ў розных міжнародных праектах. Толькі ў мінулым годзе яе выкладчыкі ездзілі на стажыроўку ў Вялікабрытанію, Італію, Грэцыю. Сёлета гэты шлях чакае і магістрантаў кафедры.

Электратэхнічны факультэт

Больш як тры тысячы высокакваліфікаваных інжынераў-электрыкаў падрыхтавана электратэхнічным факультэтам за час яго існавання. Сярод выпускнікоў факультэта — былы прэм’ер-міністр нашай краіны прафесар С.С.Сідорскі.
Для ўдзельнікаў пазнавальнага тура выкладчыкі і студэнты факультэта падрыхтавалі цікавую экскурсію ў лабараторыю кафедры “Сістэмы перадачы інфармацыі”. Асістэнт кафедры І.А.Жыгалін разам са студэнтамі ў віртуальным рэжыме паказалі будучым абітурыентам, як з дапамогай сучасных тэхналогій праектуюцца антэны і ўстанаўліваецца сувязь.

Ваенна-транспартны факультэт

Самы малады факультэт універсітэта транспарту, які быў створаны ў 2003 годзе. Але ў факультэта ёсць слаўныя традыцыі, закладзеныя яшчэ з пачатку існавання ВНУ ваеннай кафедрай, на базе якой і фарміраваўся факультэт. Сёння тут ажыццяўляецца падрыхтоўка афіцэраў для Узброеных Сіл па спецыяльнасці “Кіраванне падраздзяленнямі чыгуначных войскаў” з кваліфікацыяй “спецыяліст па кіраванні — інжынер”.
Што значыць быць курсантам ваенна-транспартнага факультэта, а таксама пра асаблівасці паступлення і навучання на факультэце, дзецям расказалі самі курсанты. Акрамя таго, яны гаварылі з хлопцамі пра службу ў арміі і пра нестандартныя сітуацыі, у якія могуць трапіць курсанты.

Тут вас чакаюць

Сцены БелДУТа навучэнцы школ і гімназій пакідалі кожны са сваімі думкамі і меркаваннямі. У той дзень яны атрымалі шмат інфармацыі, пазнаёміліся з цікавымі выкладчыкамі. Безумоўна, цяпер ім патрэбен час, каб усё гэта “пераварыць”. Але ж водгукі, якія пакінулі старшакласнікі, сведчаць, што задума аказалася не проста ўдалай. Гэта якраз тая ідэя, якая працуе на перспектыву.
— Я ўпэўнена, што дзецям спадабалася падарожжа па ўніверсітэце, — гаворыць Ала Браніславаўна. — Зразумела, не ўсе яны заўтра прыйдуць да нас у якасці абітурыентаў, але ж мы не ставілі перад сабой такой задачы. Перш за ўсё мы хацелі паказаць дзецям універсітэт, а таксама адкрыць ім важнасць тэхнічных прафесій.
У планах дэкана факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі прафесара А.Б.Няўзоравай яшчэ не ад зін такі пазнавальны тур. Цяпер ёй хочацца ахапіць гэтым як мага больш выпускнікоў сельскіх школ. Прафесар спадзяецца, што кіраўнікі сярэдніх школ зацікавяцца праектам і абавязкова пададуць заяўку на ўдзел сваіх навучэнцаў у чарговым пазнавальным туры па Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.