Высокатэхналагічны турызм

- 13:03Выбар прафесіі

У 2022 годзе на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ адкрываецца новая спецыяльнасць. Тут чакаюць абітурыентаў, якія мараць развіваць турызм з выкарыстаннем усіх магчымасцей лічбавай эпохі.

Адказ на выклікі глабалізацыі

Новая спецыяльнасць называецца “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць”. Падрыхтоўка па гэтым напрамку прапаноўвае інавацыйныя падыходы да ўсіх працэсаў у турыстычнай індустрыі.

— У Беларусі развіццё турыз­му з’яўляецца адным з прыя­рытэтных напрамкаў развіцця, — гаворыць прафесар кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі Кацярына Анціпава. — Разам з тым у турыстычнай галіне ёсць праблемы. Яны звязаны з выклікамі глабалізацыі, а таксама з новымі патрабаваннямі інфармацыйнай эпохі. Адкрыццё адпаведнай спецыяльнасці дазволіць нам рыхтаваць унікальных прафесіяналаў, здольных вырашаць праблемы канкурэнтаздольнасці турыстычнага прадукту і лічбавізацыі галіны.

Паводле даных Сусветнай турыстычнай арганізацыі, галоўным трэндам развіцця турызму ў XXI стагоддзі становіцца яго лічбавізацыя (геамаркетынг, стварэнне анлайн-сэрвісаў, платформ і індустрыі турызму 4.0). А геатэхналогіі з’яўляюцца ключавым элементам фарміравання турыстычнага іміджу любой краіны.

— Беларусь з’яўляецца візавай краінай для турыстаў з большасці дзяржаў, таму фарміраванне першых уяўленняў пра яе, набыццё турыстычных паслуг і канкрэтных турпрадуктаў ажыццяўляюцца выключна праз інтэрнэт, — адзначае Кацярына Анціпава. — Падставай для адкрыцця згаданай спецыяльнасці з’яўляецца рэальная патрэба турыстычнага рынку Беларусі ў спецыялістах новага пакалення. Яны будуць валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі апрацоўкі прасторавых даных, кампетэнцыямі анлайн-сэр­вісаў прадастаўлення турыстычных паслуг і вэб-праектавання турпрадуктаў. Фарміраванне гэтых кампетэнцый магчыма толькі з выкарыстаннем найноўшых геатэхналогій.

Чаму тут і чаму зараз?

Кацярына Анціпава звярнула ўвагу на глыбокія гістарычныя карані, традыцыі і навуковыя асновы, што дазволілі адкрыць новую інавацыйную спецыяльнасць.

Кацярына АНЦІПАВА, прафесар кафедры эканамічнай
і сацыяльнай геаграфіі:

“На рынку працы ў сферы турызму факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ — гэта брэнд і знак высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў”.

— Факультэт геаграфіі і геа­інфарматыкі БДУ мае 50-гадовы вопыт падрыхтоўкі кадраў для турыстычнай індустрыі на ўсіх узроўнях (вышэйшая адукацыя, павышэнне кваліфікацыі, магістратура і аспірантура). Значная частка спецыялістаў — ад дырэктараў турыстычных прадпрыемстваў да менеджараў і экскурсаводаў — з’яўляюцца нашымі выпускнікамі. На рынку працы ў сферы турызму наш факультэт — гэта брэнд і знак высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыя­лістаў, — падкрэсліла Кацярына Анатольеўна.

Трэба сказаць, што дагэтуль на факультэце была спецыялізацыя “Геаграфія турызму і экскурсійны менеджмент” у рамках спецыяльнасці «Геаграфія». Яе пераўтварэнне ў спецыяль­насць “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць” актуалізуе структуру і змест навучання з улікам патрабаванняў часу.

— З адкрыццём новай спецыяльнасці істотна палепшыцца пад­рыхтоўка ў галіне геатэхналогій турызму, бо цяпер прафесійныя веды студэнты будуць атрымліваць ужо з 1 курса, — гаворыць дэкан факультэта Дзмітрый Курловіч.

Дарэчы, падобнай падрыхтоўкі няма ў іншых установах вышэйшай адукацыі. Яе можна атрымаць толькі на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

— Новыя павевы, рызыкі і выклікі сусветнага развіцця, а цяпер яшчэ і пандэмія прывялі да таго, што турызм ва ўсім свеце нясе вялізныя страты, — гаворыць Кацярына Анціпава. — На нашым факультэце з 2000 года ёсць платформа для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне геаінфармацыйных (ГІС) тэхналогій. І калі высветлілася, што турызм можна развіваць з улікам інтэрнэт-рэсурсаў і новых картаграфічных дадаткаў, віртуальных тураў, то нашы напрацоўкі аказаліся вельмі дарэчы. Мы хутка ўключыліся ў падрыхтоўку спецыялістаў з якасна новымі кампетэнцыямі.

Зазірнём у вучэбны план

У вучэбным плане новай спецыяльнасці прадстаўлены інавацыйныя для вышэйшай школы модулі: “ГІС-тэхналогіі ў турызме” і “Інавацыйныя тэхналогіі ў турыз­ме”. У іх уключаны такія дысцыпліны, як “Мадэлі даных і сістэма кіравання базамі даных у турызме”, “Лічбавыя тэхналогіі ў турыз­ме”, “ГІС-аналіз і мадэляванне ў турызме”, “Тураперэйтынг”, “Анлайн-рэсурсы ў турызме”, “Асновы вэб-праектавання ў турызме” і інш.

Дзмітрый КУРЛОВІЧ, дэкан факультэта геаграфіі і геаінфармацыйных тэхналогій:
“Мы прапаноўваем якасна новы падыход да падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне турызму. Гэта будзе ў пэўным сэнсе прарыў”.

— Спецыяліст у галіне геа­тэхналогій зможа кваліфікавана выкарыстоўваць ГІС-інструментарый у турызме, аналізаваць пра­сторавыя даныя, ствараць карты і іншыя выявы на аснове ГІС, — тлумачыць Дзмітрый Курловіч. — Ён зможа выкарыстоўваць міжнародныя і краінавыя інфармацыйныя рэсурсы аддаленага доступу для распрацоўкі і прасоўвання на рынак канкурэнта­здольных тураў, а яшчэ авалодае асновамі вэб-дызайну і праграмавання для распрацоўкі сайтаў, мабільных дадаткаў і інтэрнэт-забеспячэння турыстычнага бізнесу.

Важна, што ў базісе падрыхтоўкі такіх спецыялістаў усё роўна ляжыць геаграфія (кваліфікацыя будучых выпускнікоў — “географ, спецыяліст па геатэхналогіях турызму і экскурсійнай дзейнасці”). Гэта ў тым ліку пажаданне работа­даўцаў — рыхтаваць не проста спецыялістаў па агульнай гасціннасці, важна, каб яны разумелі спецыфіку розных краін і рэгіёнаў,  заканамернасці прыроды і інш. Пагадзіцеся, вандроўнік, асабліва калі гаворка ідзе пра эксклюзіўны тур у далёкі свет, хутчэй прыслухаецца да географа, чым да простага менеджара ці айцішніка.

— Мы прапаноўваем якасна новы падыход да падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне турызму. Гэта будзе ў пэўным сэнсе прарыў, — рэзюмаваў Дзмітрый Курловіч.

Застаецца дадаць, што абітурыентам для паступлення на новую спецыяльнасць трэба прайсці ЦТ па геаграфіі, матэматыцы, беларускай ці рускай мове. Папярэдне плануецца прыняць 15 чалавек на бюджэтную форму і 5 — на ўмовах аплаты.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.