Выхаванцы дзіцячага сада № 12 Лунінца пад кіраўніцтвам педагогаў рэалізуюць праекты, прысвечаныя вывучэнню прыроды, гісторыі, культуры і традыцый малой радзімы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Метад праектаў зарэкамендаваў сябе не толькі ў рабоце са школьнікамі, але і з дашкольнікамі. Гэта ўнікальны спосаб супрацоўніцтва і сатворчасці дзяцей і дарослых. Уменне педагога выкарыстоўваць праектную дзейнасць — паказчык яго высокай кваліфікацыі, — адзначыла намеснік загадчыка ўстановы па асноўнай дзейнасці Кацярына Лагуценка.
Перш за ўсё малышам тут расказваюць пра месца, дзе яны нарадзіліся і жывуць.
— Пры падтрымцы бацькоў выхаванцаў старшай групы мы рэалізавалі праект «Мой родны горад — Лунінец», — расказала выхавальніца Ірына Ільючык. — Дзеці схадзілі на экскурсіі па горадзе, а затым у малюнках адлюстравалі свае любімыя месцы. Малышам асабліва запомніліся спартыўныя аб’екты: лядовая арэна, басейн, стадыён. У групе прайшлі заняткі, прысвечаныя гісторыі, сімвалам горада, вядомым землякам.
— Дзень Перамогі блізкі і зразумелы дзецям, — лічыць выхавальніца Ганна Дубініч. — У гэтым свяце закладзена вядомая з казак ідэя пра супрацьстаянне дабра і зла і перамогу дабра. Гэтае свята ўмацоўвае ў малых пачуццё гордасці і справядлівасці. У нашай групе ішла работа над праектам «Пра што нам раскажуць помнікі вайны?», вынікам якога стаў фотарэпартаж пра памятныя мясціны Лунінца.

Пад кіраўніцтвам выхавальніцы Ірыны Чырэц выхаванцы зрабілі гірлянду Перамогі (у рамках праекта «Я памятаю! Я ганаруся!») і ўсклалі яе да брацкай магілы ахвяр бамбёжкі Лунінца нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

— З малымі мы рэалізавалі некалькі экалагічных праектаў, — дадала І. Чырэц. — Вывучылі альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, у прыватнасці энергію ветру, вырабілі мадэль ветрагенератара. Абмеркавалі праблемы клімату. На тэрыторыі ўстановы стварылі метэастанцыю, дзе дзеці назіраюць за змяненнямі надвор’я ў розны час сутак і ў розныя сезоны. Праект адзначаны дыпломам I ступені на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа».

Да таго ж разам з Ірынай Міхайлаўнай выхаванцы прасачылі шлях хлеба: ад зярнятка да каравая, разгледзелі разнастайнасць хлебабулачнай прадукцыі і стварылі дзіцячую міні-энцыклапедыю «Па слядах зярнятка».
Пра неабходнасць сартаваць смецце з хлопчыкамі і дзяўчынкамі размаўляла выхавальніца Алена Кавалец. Арганізавала серыю эксперыментаў і паставіла тэатралізаваную экалагічную казку. У выніку праект «Уся справа ў смецці?» адзначаны дыпломам абласнога этапу конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа».

— Падчас творчых заняткаў мы выкарыстоўваем вялікую колькасць паперы і кардону. Калі сабралася шмат адходаў, спытала ў дзяцей: «Што будзем рабіць з непатрэбным матэрыялам?», — расказала А. Кавалец. — Малыя адказалі, што яго трэба выкінуць. А я прапанавала даць рэшткам паперы другое жыццё. Іх мы выкарыстоўвалі для новых вырабаў. І ў выніку прайшла выстава творчых работ выхаванцаў.
Плоскасныя вырабы для выставы «Эмоцыі вачыма дзяцей» і экран эмоцый для іх перадачы на працягу дня выхаванцы зрабілі ў выніку праекта «Свет дзіцячых эмоцый», распрацаванага педагогам-псіхолагам сада Таісіяй Мацко.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстановы





