Бывае, трапляеш на ўрок і з першых хвілін радуешся за дзяцей: ім бязмерна пашанцавала з таленавітым, энергічным педагогам, які жыве сваёй справай. Такой з’яўляецца настаўніца музыкі Відзаўскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна Аліна Насыр, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Баян, піяніна, гітара, ансамбль…
Азіраючыся на сваё дзяцінства, Аліна Іванаўна ўпэўнена гаворыць, што музыка — яе лёс:
— Нарадзілася я ў вёсцы Відзы-Лаўчынскія, што за 3 кіламетры ад Відзаў. Колькі сябе памятаю, залазіла на стул і спявала, адчуваючы сябе артысткай. Сусед дзядзька Валодзя часта сядзеў на лавачцы з баянам у руках, іграў. А я пяцігадовая ўладкоўвалася побач і вачэй не адрывала ад яго рук, лавіла кожны гук і прагна ўбірала ў сябе музыку. Першыя ўрокі ігры на баяне атрымала на той самай лавачцы. А калі пайшла ў школу, літаральна прымусіла маму паехаць за 40 км у Браслаў і запісаць мяне ў музычную школу. Як бы я туды дабіралася, не ведаю, але, на шчасце, у тым жа годзе на базе Дома культуры ў Відзах адкрыўся філіял Браслаўскай музычнай школы. Я была адной з першых яе выпускніц па класе баяна.
Наведваючы Відзаўскую сярэднюю школу з 5 па 10 клас, актыўная вучаніца спасцігала яшчэ і тэатральнае мастэйрства, іграла на клавішных у вакальна-інструментальным ансамблі сельскага клуба. Абодва калектывы ў канцы 1970-х гастралявалі па Браслаўскім раёне, захапляючы сваёй творчасцю мясцовых жыхароў. Яшчэ адным музычным інструментам, які неўзабаве асвоіла школьніца, была гітара. На ёй дзяўчына навучылася іграць дзякуючы студатрадаўцам, якія аднойчы прыехалі ў вёску на бульбу. Дарэчы, гітара і нотны сшытак з тэкстамі і акордамі, якія дасталіся ёй ад вясёлых студэнтаў, сталі адным з лепшых падарункаў дзяцінства.
У старшых класах Аліна Іванаўна марыла паступіць у Мінск у інстытут культуры, хацела стаць рэжысёрам самадзейнага тэатра, нават узяла мэтавае накіраванне для вучобы. Аднак з-за хваробы мамы прапусціла экзамены і толькі ў канцы лета змагла зноў задумацца пра вучобу.
Паступаць вырашыла ў цяперашні Полацкі каледж (філіял ВДУ імя П.М.Машэрава). З лёгкасцю здала творчыя экзамены і неўзабаве пачула: “Віншуем. Вы паступілі”. Вось так яна апынулася ў педагогіцы, якой прысвяціла ўжо 39 гадоў. Настаўніца адзначае:
— Ведаеце, вялікае шчасце — знайсці сябе і сваё месца ў жыцці! Для чалавека гэта, мабыць, самае галоўнае. Бо так шмат няшчасных людзей, якія ідуць з патухлым позіркам на работу і там нібы адбываюць павіннасць.
Шмат гадоў настаўніца збірала з дзецьмі мясцовы фальклорны матэрыял (уключаючы элементы гаворкі мясцовых жыхароў, песні, гульні, абрады) і ўдзельнічала ў краязнаўчых конкурсах і фестывалях. Расказваючы пра сябе, педагог падкрэслівае: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся — гэта абсалютна пра мяне. У Відзах усё роднае. Я вельмі люблю школу. Тут не проста мая малая радзіма — гэта маё жыццё”.
Прафесійны шлях Аліны Насыр пачынаўся з пасады музычнага кіраўніка ў дзіцячым садзе. Праз два гады энергічнага супрацоўніка прызначылі на пасаду загадчыка, аднак высветлілася, што адміністрацыйная работа з яе папяровай руцінай, бухгалтарскай і іншай справаздачнасцю — гэта зусім не яе. Неўзабаве педагог пачала сумяшчаць творчую дзейнасць у садзе роднага пасёлка Відзы-Лаўчынскія з работай настаўніка музыкі і педагога-арганізатара ў мясцовай школе, а яшчэ акампанавала ў сельскім клубе. У 1999 годзе яна перайшла працаваць у Відзаўскую сярэднюю школу.
Урокі радасці
— З першых дзён у школе зразумела: гэта маё! Школа дала магчымасць займацца ўсім, пра што я марыла. Рыхтуем, напрыклад, канцэрт з вакальнымі, тэатральнымі, харэаграфічнымі нумарамі. Сцэнарый пішу я. Рэжысёр — я. Музыкант-акампаніятар — я. Трэба толькі любіць і сумленна рабіць сваю справу, не ленавацца. Мерапрыемства можна правесці так, што ўсе будуць чакаць яго заканчэння, або, наадварот, так, што гледачы не змогуць адарваць вачэй ад сцэны, — пераканана настаўніца.
Няцяжка здагадацца, што ўсе творчыя вечары, святы, канцэрты, за якія бярэцца Аліна Іванаўна, праходзяць на адным дыханні. Для вучняў яна была і застаецца адным з любімых настаўнікаў. Кожныя яе заняткі ў пачатковых класах — гэта маленькае шоу. Акампануючы на Yamahа, педагог вітае выхаванцаў песняй, а яны ў такт напяваюць адказ. На думку настаўніцы, урок музыкі — гэта ўрок радасці.

— Ні адзін іншы прадмет не дае дзецям столькі эмоцый. Мы спяваем, гуляем, танцуем, рухаемся, жартуем. Першарадная задача настаўніка ў малодшых класах не ў тым, каб вучні даведаліся новы тэрмін ці развучылі песню, а ў тым, каб запаліць душу дзіцяці, напоўніць яе дабром, любоўю, душэўнасцю і духоўнасцю, — дзеліцца сваім бачаннем прадмета настаўніца. — Сумная эмоцыя і слёзы таксама частка ўрока. А як інакш дакрануцца да струн дзіцячай душы? У маім педагагічным арсенале ёсць музычная кампазіцыя, якая як лакмусавая папера паказвае, што за дзеці перада мной. Вось прыходзяць вучні 2 класа, і я ўключаю песню Аляксандра Ярмолава “Маленькае тыграня”. Гэта гісторыя пра тыграня з круглымі вачыма, якое трапіла да людзей у сеткі і апынулася ў клетцы заапарка. Сумуючы па маме, тыграня бачыць яе ў снах і марыць вярнуцца ў Амурскі лес. Калі я бачу, што нават хлопчыкі, пачуўшы радкі песні, пачынаюць хаваць вочы, у якіх блішчаць слёзы, то разумею, што перада мной чыстыя і жывыя душы! І важна, каб па меры сталення яны не зачарсцвелі.
Музыка ў руках умелага педагога становіцца, калі трэба, і лякарствам ад смутку.
— Выдатна, што ёсць магчымасць 30% музычнага матэрыялу падбіраць самастойна. Бывае, прыходзяць дзеці на ўрок у дрэнным настроі, чымсьці моцна засмучаныя, і я разумею, што іх трэба супакоіць, развесяліць. Вядома, адыходжу ад плана. Арганізоўваю жарт-хвілінку і ўключаю запальную “Ягаду-малінку”. Адразу з’яўляюцца ўсмешкі, — працягвае суразмоўніца.
Ніводнае музычнае свята ў школе не праходзіць без удзелу Аліны Іванаўны. Акрамя ўрокаў музыкі ў пачатковых класах, педагог вядзе факультатывы “Рытміка”, “Вакальны ансамбль (фальклорны)” і аб’яднанне па інтарэсах “Сольны спеў”, прымае ўдзел ва ўсіх агульнашкольных мерапрыемствах, асаблівае месца ў якіх займае сямейны вечар духоўнай паэзіі і музыкі “Святло жывой свечкі”. А яшчэ яна дапамагае ў арганізацыі брэндавага мерапрыемства раёна — балю для таленавітай моладзі.
Школьнікі, якія прыходзяць да педагога на факультатыў, шмат працуюць. Ёсць тыя, з кім Аліна Іванаўна займаецца сольнымі спевамі індывідуальна. Хтосьці вучыцца іграць на гітары. Выкладваючыся на занятках на ўсе сто, настаўніца таго ж патрабуе ад сваіх выхаванцаў. Бо, скажам, вакальная падрыхтоўка — гэта не толькі добра пастаўлены голас і бездакорна вывучаная песня, гэта стварэнне суцэльнага, гарманічнага вобраза, дзе прадуманы кожны жэст, кожны рух, міміка асобы. Плюс уменне рухацца на сцэне і працаваць з залай. Спяваючы песню, кожнае слова вучань павінен пражываць і прапускаць праз сябе.
— Займаючыся з вакалістамі, вучу іх адчуваць праз сцэну сувязь з аўдыторыяй, каб, стоячы перад залай і аддаючы ўсяго сябе, узамен атрымаць каласальны зарад энергіі і пазітыву, — адзначае педагог.
“Мне ўсё-ўсё цікава!”
На працягу ўсяго жыцця Аліна Іванаўна нястомна развіваецца ў прафесіі, наведваючы курсы павышэння кваліфікацыі. Прыязджаючы ў Мінск на вучобу, па вечарах, як гэта павялося яшчэ шмат гадоў назад, наведвае тэатры, філармонію. У яе лексіконе ёсць прымаўка: “Не той стары, каму 63, а той, хто скіс у 33 або 23”.
— Здараецца, сустракаеш моладзь, абменьваешся думкамі, і здаецца, што перад табой дарослыя людзі, якія пражылі жыццё, усё бачылі і ўсё ведаюць. Быццам бы яны стаміліся жыць. Як так? А я не стамілася, я люблю жыццё. Мне ўсё-ўсё цікава! Цікава пазнаваць нешта новае і затым прымяняць гэта на сваіх занятках. Заўсёды бяру на заметку знаходкі калег, адаптую пад сябе і выкарыстоўваю. Ахвотна бяруся ўвасабляць у жыццё прапановы іншых людзей, калі разумею, што можа атрымацца арыгінальна і карысна, — дзеліцца настаўніца. — Так было з праектам “Святло жывой свечкі”. Да мяне звярнуўся протаіерэй Ігар Чачуковіч з пасёлка Богіна, што за 8 кіламетраў ад Відзаў, і сказаў, што хоча арганізаваць пры храме царкоўную школу, а настаўніка музыкі ў пасёлку няма, папрасіў дапамагчы. Вядома, я згадзілася прыязджаць два разы на тыдзень і праводзіць з дзецьмі развіццёвыя музычныя заняткі. З часам з’явіўся невялікі хор, з якім мы выступалі на царкоўных святах. І аднойчы нас запрасілі на баль праваслаўнай моладзі ў Глыбокім.
Вяртаючыся дадому познім вечарам, Аліна Іванаўна знаходзілася пад велізарным уражаннем ад убачанага і ўжо гарэла ідэяй правесці нешта падобнае ў сваёй школе. Не дачакаўшыся раніцы, педагог патэлефанавала намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце і падзялілася задумамі, якія круціліся ў галаве і неўзабаве выліліся ў вечар духоўнай паэзіі і музыкі — сапраўднае сямейнае свята, дзе, акрамя школьнікаў, прысутнічаюць і іх бацькі.
— У першай частцы нашай сустрэчы пры святле свечак дзеці ў прыгожым адзенні душэўна чытаюць прыгожыя вершы, выконваюць лірычныя песні. У рамках вечара праводзім конкурс сярод школ раёна на духоўную тэматыку. Гэта могуць быць сачыненні або відэаролікі пра сям’ю, пра хобі кагосьці з блізкіх, прэзентацыі пра гісторыю свайго роду і г.д. Кожны раз прыдумваем штосьці новае. Пасля — баль. Усе дзеці ў школе на рытміцы ледзь не з пачатку навучальнага года развучваюць вальс, таму вясной грацыёзна кружацца ў танцы, — апісвае сваю прыдумку Аліна Насыр.
А два гады назад святочны баль для таленавітай моладзі стаў штогадовым брэндавым мерапрыемствам Браслаўшчыны, на якім Аліна Іванаўна з’яўляецца распарадчыкам.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара





