Як разнастайныя педагагічныя тэхнікі дапамагаюць настаўніцы Бараўлянскай гімназіі Ганне Пацэль рабіць урокі насычанымі

- 9:02Главная, Знак качества, Образование

Для паспяховай матывацыі вучняў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бараўлянскай гімназіі выдатнік адукацыі Ганна Пацэль прымяняе разнастайныя педагагічныя тэхнікі. Сэнсавыя асацыяцыі, дакладныя і недакладныя сцвярджэнні, аратарскае майстэрства і праблемныя сітуацыі не толькі дапамагаюць рабіць урок насычаным і разнастайным, але і развіваюць у навучэнцаў сэнсатворчасць і думкадзейнасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Думкадзейнасць

Падрыхтоўка да ўрока для Ганны Мечыславаўны Пацэль — гэта дзейнасць, якая перш за ўсё накіравана на дасягненне канкрэтных мэт. Педагог іх вызначае не ў адзіночку, а разам з вучнямі.

— Мне вельмі падабаюцца словы Марка Твэна: “Хто не бачыць канчатковай мэты, вельмі здзіўляецца, што прыйшоў не туды”, — прыводзіць цытату вядомага пісьменніка, журналіста і аратара Ганна Мечыславаўна. — Са сваімі вучнямі ставім мэты на год, чвэрць, месяц, урок і потым часта звяр­таемся да іх. Стараюся арганізаваць кожныя заняткі такім чынам, каб вучань атрымаў задавальненне ад самой дзейнасці, каб свядома ішоў да паглыблення ведаў, павышэння свайго культурнага і інтэлектуальнага ўзроўню.

Матывацыя, з якой гімназісты прыходзяць на ўрок, вызначае падыходы настаўніцы ў выкладанні. Гледзячы на тое, як навучэнцы адгукаюцца на тэму, што вывучаецца, Ганна Пацэль разнастайвае заняткі адным са сваіх любімых прыёмаў. Назваць некалькі спосабаў прымянення тэмы, якую праходзяць вучні, у жыцці, падабраць словы-асацыяцыі да яе ці растлумачыць сябру, які адсутнічаў на ўроку, — дзейсныя спосабы прыцягнуць увагу да незнаёмага матэрыялу.

— Таксама прашу паразважаць над тым, як гэтая тэма спатрэбіцца ў будучай прафесіі, пераканаць аднакласніка ў неабходнасці яе вывучэння, — дадае педагог. — Сярод метадаў, якія павышаюць матывацыю, — гульня ў “тайнага” вучня. Яе сэнс у наступным: я выбіраю вучня, запісваю яго прозвішча на лісце паперы, а дзецям аб’яўляю, што калі той, каго запісала, будзе актыўны на ўроку, то клас атрымае пэўны бонус. Не менш цікавы падыход, які заахвочвае да паглыбленага вывучэння матэрыялу, — пошук патрэбных арфаграм ці пунктаграм у цытаце, вершы ці ў прытчы, якая выбрана творам дня. На яго аснове таксама складаем сказы і выказванні. Упэўнена: паспяховай з’яўляецца тая матывацыя, якая заахвоч­вае школьніка да адпаведнай дзейнасці з мэтай свядомага пашырэння і паглыблення ведаў, павышэння якасці свайго культурнага ўзроўню.

За гады работы педагагічная скарбонка Ганны Пацэль папоўні­лася шэрагам метадаў, прыёмаў і форм работы, якія дапамагаюць вырашаць праблему фарміравання ўнутранай матывацыі школьнікаў.

— Часта выкарыстоўваю для гэтага ўрыўкі з вершаў, прытчы, пытанні-жарты, жыццёвыя сітуацыі, — дзеліцца вопытам Ганна Мечыславаўна. — Напрыклад, пасля вялікіх перамог беларускіх спартсменаў на спаборніцтвах вучням прапануецца пагуляць у “Моўны футбол (баскетбол, валейбол)”: адна група задае пытанні другой па пэўнай тэме, стараючыся “забіць гол” — задаць такое пытанне, на якое сапернікі не адкажуць. Тут прысутнічае і выхаваўчы момант — фарміраванне гордасці за сваю Радзіму. Часта прапаноўваю вучням прыём сэнсавых асацыяцый. Напрыклад, пры вывучэнні лірыкі Пімена Панчанкі запісваю ў якасці эпіграфа да ўрока яго знакамітыя словы: “Без чалавечнасці не бу­дзе вечнасці”. Вучням патрэбна да слова “чалавечнасць” скласці спіс слоўных асацыяцый і падкрэсліць самыя важныя на іх погляд.

Матываваць да інтэлектуальнай дзейнасці і прасочваць новыя сэнсы ў тым, што вывучаецца, Ганне Пацэль дапамагае метад “Індуктар” — адметны сродак падачы вучэбнай інфармацыі.

— “Індуктар” — пачатак урока, які матывуе творчую дзей­насць кожнага вучня, гэта арганізацыя настаўнікам праблемнай сітуацыі, стварэнне эмацыянальнага настрою, падключэнне падсвядомасці вучня, — тлумачыць настаўніца. — Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыслоўе як часціна мовы” ў 7 класе прапаную на верхнім радку аркуша паперы напісаць слова “прыслоўе”. Пад гэтым словам на 5—7 сантыметраў правесці ўніз вертыкальную лінію. Злева ў слупок запісаць асацыяцыі, якія ўзнікаюць, калі гучыць слова “прыслоўе”, а з правага боку — прыклады прыслоўяў. Затым неабходна прадоўжыць сказ “Прыслоўе — гэта…”. Для сённяшніх школьнікаў час Вялікай Айчыннай вайны — далёкая гісторыя і не такая вост­рая і балючая тэма, якой была раней для маладых людзей. Таму, вывучаючы аповесць Васіля Быкава “Жураўліны крык”, прапаную васьмікласнікам сканструяваць свае пытанні да аўтара, твора ці нейкага героя на асобных лістках. Затым адбываецца абмен пытаннямі па­між вучнямі або паміж групамі. Як паказвае практыка, найбольш пытанняў атрымлівае Пшанічны, а аўтару дзеці задаюць такія пытанні: чаму дзеянне адбываецца менавіта на чыгуначным пераездзе, чаму героямі твора з’яўляюцца толькі мужчыны, чаму ўсе загінулі, ці былі прататыпы ў герояў аповесці? Прыём “Інтэрв’ю” можна вы­карыстоўваць на этапах “Паведамленне тэмы ўрока”, “Матывацыя ”.

Знайсці лішняе слова

Расказваючы пра метады выкладання, Ганна Пацэль прызнаецца: ёй пашчасціла працаваць у класах, дзе большасці дзяцей не цікавыя гатовыя веды, простыя пытанні, праблемы, якія не патрабу­юць удумлівага асэнсавання, даследавання. А значыць, выйсце тут адно — падштурхоўваць гімназістаў да вырашэння праблемных сітуацый, якія спрыяюць развіццю кемлівасці і падрабязнаму, дэта­лёваму даследаванню кантэксту.

— Стварэнне праблемных сітуацый арганізоўваю на ўсіх этапах урока: знаходжанне лішняга слова, параўнанне слоў, выразаў і сказаў, падзел на групы з наступным тлумачэннем — усё гэта абавязковыя складнікі заняткаў, — падкрэсліла Ганна Мечыславаўна. — Лічу, што настаўнік знаходзіцца ў пастаянным пошуку шляхоў, метадаў, тэхналогій, якія стымулю­юць станоўчыя змяненні ў інтэлектуальнай і эмацыянальнай сферах асобы кожнага дзіцяці.

Разважаючы пра тое, як удаецца захапіць вучняў родным словам, Ганна Пацэль прызнаецца:

— Даволі складана пры­віць захапленне беларускай мовай, тым больш у канкурэнцыі з іншымі прадметамі. Але ў нас ёсць перавагі перад настаўнікамі хіміі, фізікі, біялогіі, бо з гэтымі прадметамі дзеці знаёмяцца пазней, у 6—7 класе. Тут галоўнае — паспець перацягнуць вучня на свой бок.

Педагог не хавае: трэба прыкласці вялікія намаганні, каб матываваць адораных гімназістаў да вывучэння роднай мовы і літаратуры па-за межамі школьнай праграмы. Ад настаўніка патрабуецца насамрэч многа. Самае важнае — упэўніць навучэнца, што ён здольны на адказную працу — быць удзельнікам алімпіяднага руху.

— Настроіць дзіця не толькі на штодзённую работу з настаў­нікам, але і навучыць працаваць самастойна, — таксама важна, — падкрэслівае Ганна Мечыславаўна. — А яшчэ трэба працаваць з сям’ёй, бо калі сям’я не зацікаўлена ў выбары дзіцяці, то ніякага поспеху не будзе. Часцей за ўсё ў сем’ях высокаматываваных дзяцей прызнаецца каштоўнасць адукацыі, вельмі адукаванымі з’яўляюцца і самі бацькі, якія праяўляюць асаблівую ўвагу да школьнай адукацыі.

У рабоце з таленавітымі школьнікамі Ганна Мечыславаўна Па­цэль камбінуе разнастайныя формы і сродкі. Пошукавы метад, засваенне новага матэрыялу ў праблемнай сітуацыі, прыёмы аратарскага майстэрства бездакорна дапаўняюць практычныя і групавыя заняткі.

— Для такіх вучняў падбіраю матэрыял павышанага ўзроўню складанасці і эўрыстычнага характару, што садзейнічае развіццю іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, — тлумачыць методыку работы таленавіты педагог. — Вельмі часта даю заданні пошукава-даследчага характару, якія патрабуюць работы з дадатковай літаратурай, слоўнікамі рознага тыпу і даведнікамі. Алімпіяда — гэта вялікая работа, а жаданне працаваць — самае галоўнае ў алімпіядным руху. Плён ад свядомай працы будзе намнога большы, чым ад прымусовай.

Работу ў групах настаўніца беларускай мовы праводзіць толькі з адоранымі дзецьмі: яна характарызуецца больш высокім узроўнем складанасці. У гэтым кірунку педагогу падабаецца практыкаваць работу па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.

На працягу некалькіх гадоў такія рознаўзроставыя групы, у якіх старэйшыя школьнікі ву­чаць малодшых, працуюць у мяне па суботах, — раскрывае педагагічныя сакрэты настаўніца. — Малодшым падабаецца, што яны разам са старшакласнікамі. У нас ёсць пэўныя тэмы, якія вучні старшых класаў традыцыйна самі тлумачаць малодшым сябрам. Дзеці слухаюць водгукі, напісаныя старшакласнікамі, і ў 7 класе самі ўпершыню пішуць такія работы.

Роля педагога

За час свайго настаўніцтва, а гэта больш за 30 гадоў, у Ганны Мечыславаўны сфарміраваліся ўласныя погляды на тое, якім павінен быць ідэальны ўрок. Настаўніца гаворыць, што камбінаваныя заняткі яшчэ доўга будуць заставацца класікай, але без нетрадыцыйных, цікавых форм сёння не абысціся. Выкарыстанне такіх метадаў навучання ў практыцы педагога — гэта не прыгожая, модная тэорыя, а практычная дзей­насць, якая па­казвае добрыя вынікі, ву­чыць дзяцей адстойваць сваё меркаванне, дапамагае засвойваць веды па беларускай мове.

Сёння істотна мяняюцца патрабаванні да ўрока роднай мовы і літаратуры, да яго зместу, падбору матэрыялу, методыкі правядзення, — канстатуе педагог гімназіі. — Звязана гэта з пераарыентацыяй канчатковай мэты — зрабіць вучня не толькі чытачом, слухачом мовы, але і яе актыўным носьбітам. Таму на першым плане — узаемадзеянне настаўніка і вучня. Беларуская мова і літаратура валодаюць асаблівымі магчымасцямі ўздзеяння на вучня, яны фарміруюць гарманічную, інтэлектуальна развітую асобу.

Мяняецца і роля педагога. Сёння яна заключаецца ў стварэнні рознабаковай адукацыйнай прасторы, арыентаванай на тое, каб у кожнага дзіцяці была магчымасць праявіць сябе. Да ўрока таксама асобныя патрабаванні: ён павінен быць не толькі якасна новым па форме і па змесце, але і развіццёвым, творчым, асобасна арыентаваным і гуманістычным.

— Асноўная задача такіх заняткаў — актывізацыя дзейнасці вучняў з выкарыстаннем разнастайных форм і метадаў работы, змена відаў дзейнасці, пастаянны кант­роль за засваеннем ведаў і набыццём уменняў і навыкаў, — аналізуе Ганна Мечыславаўна. — Ад каманднага стылю педагог пераходзіць да супрацоўніцтва, арыентуецца на дзейнасць вучня. Мяняюцца і пазіцыі навучэнца, іншым становіцца яго мысленне — рэфлексіўным, накіраваным на вынік. Галоўнае на ўроку тое, што настаўнік павінен не толькі даваць заданні, але і ства­раць аптымальныя ўмовы для развіцця асобы вучня.

Выбіраючы метад для правядзення наступнага ўрока, Ганна Мечыславаўна абавязкова ўлічвае яго адпаведнасць вызначаным вучэбна-выхаваўчым задачам, праграмным патрабаванням да ведаў.

— Калі вучань сам знахо­дзіць нешта новае, няхай і суб’ектна новае, то тут ярка праявіцца творчае мысленне, — падсумоўвае Ганна Пацэль. — Падчас навучання ў дзяцей з’яўляецца патрэба ў новай інфармацыі, новых уражаннях. Я ўпэўнена, што цікавасць садзей­нічае праяўленню творчасці і іні­цыятывы ў самастойным набыцці ведаў. Хочацца адзначыць і тое, што некалькі маіх вучняў звязалі свой жыццёвы шлях з прафесіяй настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Веру ў тое, што і яны ў будучыні будуць працаваць натхнёна і рабіць усё, каб дзецям на іх уроках было цікава.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА