Краязнаўчы цэнтр, «Беларуская хатка» і серыя міні-музеяў у чамадане створаны ў дзіцячым садзе № 4 Верхнядзвінска. Тут малыя разам з выхавальнікамі робяць макеты славутасцей, дыдактычныя гульні і інтэрактыўныя плакаты. Падрабязней — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Адзін з кірункаў нашай дзейнасці — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У дашкольнай установе адукацыі створаны ўмовы для азнаямлення дзяцей з гісторыяй і культурай роднага краю, традыцыямі беларускага народа, жыццём нашых продкаў, — адзначыла загадчыца сада Жанна Грыгор’ева. — У рамках рэалізацыі абласнога творчага праекта ў 2022 г. у нас быў адкрыты краязнаўчы цэнтр, дзе па тэматычных блоках прадстаўлены распрацаваныя педагогамі метадычныя прадукты.

Першая тэма «Мая сям’я»: тут прадстаўлены макеты генеалагічнага дрэва сем’яў выхаванцаў. Работы атрымаліся арыгінальныя. Дзеці з задавальненнем расказваюць пра сваіх родных. Створана і генеалагічнае дрэва дашкольнай установы, дзе ёсць інфармацыя аб усіх загадчыках дзіцячага сада.
Наступны блок «Мой дзіцячы сад. Мая група» рэалізаваны ў выглядзе фотакалажу «Наша група — дружная сям’я!», які ўключае цікавыя моманты з жыцця групы, заняткі, прагулкі, аб’яднанні па інтарэсах, рэжымныя моманты, ранішнікі. Для тэматычных блокаў «Вуліцы майго горада» і «Мой горад» педагогі зрабілі дыдактычныя гульні «Назаві вуліцу», «Назаві свой адрас», «Дзе знаходзіцца гэты будынак?», «Іх імёнамі названы вуліцы горада» з выкарыстаннем тэхналогіі візуалізацыі, а таксама макеты славутасцей горада (мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам вызваліцелям і землякам, міні-заапарк «Лясная казка», фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», «Набярэжная», «Куток лесу»).
Распрацаваны канспекты забаў і экскурсій як па ўстанове, так і за яе межамі па тэмах «Мой любімы горад Верхнядзвінск», «Што нам варыць кухар на абед?» (экскурсія на кухню), «Чысціня — залог здароўя» (на пральню), «У госці да пекара» (на хлебазавод), «У госці да кнігі» (у бібліятэку).
У краязнаўчым цэнтры аформлена фотазона да 80-годдзя Перамогі, стэнд з інфармацыяй пра герояў, якія праславілі Верхнядзвінск, творы мастацкай літаратуры пра вайну, песні пра Перамогу, а таксама дыдактычныя гульні ў выглядзе лэпбукаў на замацаванне гэтых ведаў. Распрацаваны інтэрактыўныя плакаты аб родным краі, аб гісторыі мемарыяльнага комплексу ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам вызваліцелям і землякам, а таксама фотастэнды да 45-годдзя дзіцячага сада.

— Два гады назад мы вырашылі стварыць міні-музей «Беларуская хатка», — працягнула намесніца загадчыцы па асноўнай дзейнасці Святлана Мядзелец. — Беларусы казалі: «Свая хатка як родная матка». І таму ў стварэнне экспазіцыі мы ўклалі ўсю душу, каб кожны госць адчуў дух, цяпло дома жывога і сапраўднага. Экспанаты збіралі разам дзеці, бацькі і педагогі. Гэта старадаўнія прадметы: гаршкі для гатавання ежы, калаўрот, прас, сельскагаспадарчыя прылады.

Пра тое, як беларусы жылі 100 гадоў назад, расказваюць маленькія экскурсаводы — выхаванцы дзіцячага садзіка. Перад карэспандэнтам выступілі Саша Ціманская і Ліза Скавародка. Іх падтрымлівала маладая выхавальніца Вікторыя Маляўка — у мінулым выпускніца гэтай дашкольнай установы.
Малых далучаюць да традыцыйных беларускіх абрадавых свят. З гэтай мэтай распрацаваны дыдактычны дапаможнік «Кола народных свят», які складаецца з 12 лялек-абярэгаў з QR-кодамі з інфармацыяй і лэпбукаў.
Сёлета адбыўся агляд-конкурс міні-музеяў у чамадане. Педагогі і бацькі выхаванцаў сабралі 10 міні-музеяў з дыдактычнымі гульнямі: «Ніхто не забыты, нішто не забыта», «Лён працай моцны», «Саломка — золата Беларусі», «У майстэрні ў ганчара», «Навагоднія цацкі нашых бацькоў», «Музей хлеба», «Народная лялька-абярэг», «Старонкі мінулага і сучаснасці. Гісторыя горада Верхнядзвінска», «Цацкі нашых продкаў», «Падарожжа ў мінулае праса». Музеі можна ўзяць з сабой у групу на заняткі, усе экспанаты дазваляецца браць у рукі.

— Работа па стварэнні музейнага асяроддзя толькі пачалася, аднак ёсць і станоўчыя вынікі. Дзеці з задавальненнем прыходзяць у музей, цікавяцца гісторыяй экспанатаў, у іх развіваецца маўленне, абагачаецца слоўнікавы запас, з’яўляюцца даследчыя навыкі, — падкрэсліла Ж. Грыгор’ева.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара








