Яркіх адметнасцей у дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля шмат. Тут выхоўваюць будучых лесаводаў, артыстаў, вучоных і адказных грамадзян, вучаць дзяцей фінансавай дасведчанасці і бяспечным паводзінам праз унікальныя гульні, распрацаваныя выхавальнікамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гуляючы — да перамогі!
“Сонейка” Капыля — гэта дзяцінства, поўнае сэнсу і радасці. Гэта свет гульняў, з дапамогай якіх выхаванцы рознабакова развіваюцца.

— Нашы педагогі з’яўляюцца аўтарамі ўнікальных гульняў і дыдактычных матэрыялаў, адзначаных узнагародамі на высокім узроўні. Напрыклад, на раённым этапе фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” іх распрацоўкі сталі пераможцамі ў намінацыях “Куток бяспекі” і “Дыдактычная гульня”, атрымалі 2-е месца ў намінацыях “Азбука бяспекі” і “Ганаруся, што навучылі”. Трыумфальнай стала перамога на рэспубліканскім этапе фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”, які праводзіцца раз у тры гады, — дыплом І ступені за гульню “Знаўцы правіл бяспекі”, — дзеліцца Алена Некраш, кіраўнік дашкольнай установы.
Гульня ахоплівае ўсе віды бяспекі: сацыяльную, тэхнічную, прыродную, бытавую. Усе элементы зроблены з драўляных пазлаў, маюць сучаснае і прывабнае афармленне, малюнкі для якога створаны з выкарыстаннем нейрасетак. Сама гульня складаецца адразу з некалькіх кампанентаў, што выклікае асаблівую зацікаўленасць і захапленне ў дзяцей: “Дарожка бяспекі” з шэрагам заданняў, кніжка-гармонік, па якой выхаванцы самі прыдумваюць апавяданні, лабірынты (“Бяспека ў лесе”, “Бяспека дома”), кубікі-трансформеры.

— Педагогі цэнтра таксама распрацавалі шэраг унікальных дыдактычных гульняў па розных адукацыйных галінах, якія вылучаюцца крэатыўнасцю, варыятыўнасцю, інфарматыўнасцю і з’яўляюцца гульнямі-трансформерамі. Адна з іх — аўтарская гульня па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей “Нацыянальная бібліятэка”. Яе знешні выгляд адпавядае назве. А змест уключае ў сябе казкі, творы беларускіх аўтараў, знаёмства з якімі спрыяе разуменню дзецьмі важнасці культурнай спадчыны нашай краіны, — расказвае кіраўнік.

Яшчэ дзве распрацоўкі, створаныя рукамі выхавальнікаў, лэпбук “Чароўны кашалёк” і інтэрактыўная дыдактычная гульня “Юныя фінансісты”, занялі 1-е месца на раённым конкурсе па фінансавай дасведчанасці. Яны ў цікавай форме знаёмяць дзяцей з гісторыяй грошай, валютамі розных краін, такімі паняццямі, як сямейны бюджэт, даходы і расходы, даюць магчымасць выхаванцам “зарабляць грошы” і “рабіць пакупкі” ў макеце супермаркета і многае іншае.
Тэатр пачынаецца з…
Для выхаванцаў цэнтра ён пачынаецца з тэатральнай студыі “Сонейка”. Гэта сапраўдная майстэрня з выдатнай матэрыяльнай базай. Тут ёсць асобная невялікая сцэна, спецыяльна прыстасаваная для маленькіх артыстаў, сапраўдная касцюмерная з шафай, сцяна з вялікай калекцыяй масак і лялек, сталы для грыму. Ёсць і свой батлейкавы тэатр. Кіруе гэтай чароўнай справай таленавіты педагог Таццяна Сергіеня.

— Матэрыялы работы з выхаванцамі, абсталяванне тэатральнай студыі былі прадстаўлены на конкурсе “Дзіўны свет дзяцінства”, дзе занялі 2-е месца ў Мінскай вобласці. Ганарымся іх перамогамі ў рэспубліканскім фестывалі “Энергамарафон”: двойчы маленькія артысты дашкольнага цэнтра займалі 1-е месца на вобласці ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, — дзеліцца кіраўнік цэнтра.
Казачны рэпертуар студыі пастаянна дапаўняецца новымі яскравымі пастаноўкамі. Напярэдадні Новага года адбылася прэм’ера павучальнай казкі “Непаслухмяная Насця”. Маленькія акцёры пераканаўча данеслі да гледачоў важныя ідэі: павагу да старэйшых, каштоўнасць сяброўства, шчырасць і спагадлівасць. Такія выступленні — магутны інструмент сацыялізацыі і эмацыянальнага развіцця выхаванцаў.
Лясныя патрулі і падарожнікі
Дашкольнае лясніцтва ва ўстанове адукацыі было створана сумесна з Капыльскім доследным лясгасам.
— Супрацоўніцтва з лясгасам глыбокае і сістэматычнае. Распрацаваны план сумесных мерапрыемстваў. Лесаводы прыходзяць у госці да дашкольнікаў і праводзяць цікавыя заняткі ў даступнай форме: як садзіць лес, як клапаціцца пра яго. Асаблівай любоўю дзяцей карыстаецца дырэктар гадавальніка Віктар Сцепановіч, чые аповеды зачароўваюць маленькіх слухачоў, — падкрэслівае Алена Некраш.

“Лясныя патрулі” — так назвалі сябе юныя лесаводы — у групах дашкольнага цэнтра з насення вырошчваюць саджанцы. Потым маленькія саджанцы пераязджаюць у падораную лясгасам цяпліцу на тэрыторыі цэнтра. А далей — сапраўдныя выезды на лясныя дзялянкі, дзе дзеці разам з бацькамі высаджваюць дубочкі, бярозкі і сосны. Чарговая паездка запланавана на восень.
Незабыўныя ўспаміны і эмоцыі атрымалі выхаванцы “Сонейка” падчас наведвання сучаснага малочнатаварнага комплексу УП “ПІК-Лясное”. Экскурсія праводзілася ў рамках ранняй прафарыентацыйнай работы з дзецьмі і была арганізавана ТАА “Вестаграсэрвіс”.
— Дзеці на ўласныя вочы ўбачылі, адкуль бярэцца малако, пазнаёміліся з маленькімі цяляткамі, нават пагладзілі іх. Колькі было радасці! Малым падарылі альбомы і фламастары, і пасля вяртання дашкольнікі з захапленнем адлюстроўвалі свае ўражанні ў малюнках. Гэта было першае для нашых выхаванцаў такое сумеснае падарожжа за межы горада разам з бацькамі. І яго станоўчы вынік натхняе на працяг, — з усмешкай прызнаецца загадчыца ўстановы.
Кузня юных вучоных
Педагогі “Сонейка” ўмеюць запаліць іскру дапытлівасці ў дзяцей, вучаць іх назіраць і рабіць высновы. Пацвярджэнне гэтага — штогадовыя перамогі выхаванцаў у раённым і абласным этапах фестываля “Я — даследчык”.
— Свежыя перамогі: Кіра Мяцельская атрымала дыплом I ступені ў намінацыі “Бюро знаходак” (кіраўнік С.В.Гецман), Надзея Зянюк таксама атрымала дыплом I ступені ў намінацыі “Дзіця і прырода” (кіраўнік В.К.Кандрацьева). Плануем і далей вынікова далучаць дзяцей да даследчай дзейнасці, — дзеліцца Алена Георгіеўна.

Тэрыторыя цэнтра — сапраўдны горад маленства. Тут ёсць пляцоўкі для даследчай, пазнавальна-практычнай, тэатральнай, музычнай дзейнасці. Клапатлівымі рукамі калектыву аформлены чароўны куток: ручай з мастком, млын, вуллі, куток лесу, грыбы, агарод і маленькі гадавальнік.
Унутры будынка — найцікавейшыя міні-музеі хлеба і традыцыйных рамёстваў, беларускі куток і куток, прысвечаны гісторыі Капыля, яго славутасцям. Займаюцца дашкольнікі і па праграме “Інфарматыка без разеткі”. Кваліфікаваны спецыяліст Святлана Гецман вучыць дзяцей азам алгарытмічнага мыслення, логікі, рашэння задач без выкарыстання камп’ютараў — праз рух, гульні, спецыяльныя падручнікі.
Дзеля шчаслівага дзяцінства
— Сіла “Сонейка” ў яго калектыве, аснова якога — выхавальнікі першай і вышэйшай катэгорыі. Яны не проста працуюць, яны жывуць сваёй справай. Да іх далучаюцца маладыя спецыялісты, для якіх створаны ўнікальны клімат настаўніцтва. Нашы педагогі актыўна і вельмі паспяхова прымаюць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства розных узроўняў — ад раённага да міжнароднага. Другі год запар займаем прызавыя месцы ў міжнародным конкурсе “Майстэрства без меж”, у мінулым годзе Вольга Камяк, а ў гэтым — Вольга Кандрацьева атрымалі дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу “Лепшы выхавальнік”, — з гордасцю расказвае Алена Георгіеўна.
У дашкольнай установе цалкам укамплектавана і абсталявана група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Сярод выхаванцаў дашкольнага цэнтра пяць маюць расстройства аўтыстычнага спектра (РАС). Кваліфікаваныя настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг праводзяць з дзецьмі карэкцыйную работу. У хуткім часе ў цэнтры плануецца стварэнне сенсорнага пакоя для рэлаксацыі і карэкцыі. Педагогі цэнтра імкнуцца забяспечыць кожнаму дзіцяці камфорт і магчымасць развівацца. Цэнтр не стаіць на месцы. Кампанія “Вестаграсэрвіс”, якая так спадабалася на экскурсіі дзецям, закупіла новыя шафы для адзення. А ў чэрвені — ліпені пройдзе касметычны рамонт, каб зрабіць прастору яшчэ больш прыемнай і сучаснай.
— Іх лес малады, але ён будзе расці. Іх зоркі толькі запальваюцца на сцэне, але ўжо ззяюць на конкурсах. Іх веды пра бяспеку і фінансы — гэта фундамент разумнага жыцця, — разважае Алена Георгіеўна. — А наш калектыў будзе рабіць усё неабходнае, каб кожны дзень у “Сонейку” быў для нашых выхаванцаў сапраўдным сонечным святам. Бо, калі дзіця не хоча ісці дадому з сада, гэта самая вялікая ўзнагарода і пацвярджэнне таго, што мы на правільным шляху.
Марына Жданава
Фота аўтара





