Каханне, паразуменне і падтрымка ва ўсім — у гэтым бачаць аснову сямейнага дабрабыту педагогі Кароўчынскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Максім і Вікторыя Аўраменка.

І ў прафесіі, і ў жыцці настаўнікі — галоўная апора адно аднаму.
— Гісторыю нашага знаёмства можна назваць лёсавызначальнай. Сустрэліся мы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры, дзе ў студэнцтве працавалі выхававальнікамі падчас педагагічнай практыкі. Сутыкнуліся воляй выпадку і зразумелі, што блізкія па духу і светапоглядзе. Завязалася сяброўства, якое хутка перарасло ў вялікае і светлае пачуццё, — падзяліўся Максім Іванавіч.
— З той пары мы пастаянна побач. Пятнаццаць гадоў назад стварылі сям’ю. За гэты час перажылі шмат радасных момантаў. Вядома, узнікалі і цяжкасці. Але дзякуючы каханню і ўзаемападтрымцы даволі лёгка іх пераадольваем, — паведаміла Вікторыя Юр’еўна.
У Кароўчынскай школе Вікторыя Юр’еўна вядзе ўрокі хіміі і біялогіі, Максім Іванавіч раскрывае дзецям таямніцы фізікі і інфарматыкі. У педагагічнай дзейнасці абое прытрымліваюцца адзіных прынцыпаў.
— Заняткі будуем з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў. Імкнёмся разгледзець патэнцыял дзяцей, раскрыць іх здольнасці. Упор робім і на практыкаарыентаванасць. Актыўна выкарыстоўваем інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўныя заданні, метад праектаў, наглядныя доследы і эксперыменты. Гэтыя методыкі дазваляюць ствараць на ўроках атмасферу калектыўнага пошуку, развіваюць крытычнае мысленне навучэнцаў, дапамагаюць ім усвядоміць, як прымяняць атрыманыя веды ў штодзённым жыцці, — расказалі суразмоўнікі.
Падыходы педагогаў прыносяць адпаведныя вынікі. Школьнікі праяўляюць цікавасць да вучобы, паказваюць належны ўзровень паспяховасці, рэгулярна адзначаюцца ў алімпіядным руху і даследчых конкурсах.
Да таго ж праз розныя формы работы педагогі фарміруюць у дзецях грамадзянскасць, патрыятызм, правільныя маральныя каштоўнасці.
— Высокія адзнакі па прадметах не настолькі важныя, як станаўленне асобы дзіцяці. Не кожны вучань можа быць выдатнікам. Але кожнага мы павінны выхаваць добрым чалавекам, — перакананы Максім Іванавіч.
— Часта арганізоўваем пазаўрочныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Я дадаткова вяду класнае кіраўніцтва. Стараемся быць для вучняў прыкладам у справах і ўчынках. Вучым іх праяўляць любоў да Радзімы, быць адказнымі, справядлівымі, працавітымі, — адзначыла Вікторыя Юр’еўна.
Гэтак жа, як вучняў, Максім і Вікторыя Аўраменка выхоўваюць уласных дзяцей. У іх сям’і растуць тры цудоўныя дзяўчынкі. Старэйшая Багдана ўжо шасцікласніца. Яна гордасць бацькоў — выдатніца, актывістка, алімпіядніца, а яшчэ творчая натура: займаецца харэаграфіяй, выступае ў вядомым у раёне танцавальным калектыве.
— Творчыя таленты праяўляе і сярэдняя дачка Даша. Яна наведвае школу мастацтваў, займаецца маляваннем і саломапляценнем. У вучобе выдатніца, як і сястра. Малодшая Яна пакуль дашкольніца. У тры годзікі і яна паказвае творчыя задаткі: з задавальненнем спявае песні, чытае вершы, — заўважылі бацькі.
У дачушках Максім Іванавіч і Вікторыя Юр’еўна бачаць самае вялікае шчасце. Выхоўваюць іх у атмасферы цеплыні, любові і клопату.
— Любую вольную хвіліну прысвячаем дочкам. Сумесна праводзім вечары, працуем на прысядзібным участку, шмат падарожнічаем па Беларусі. Вельмі хочам, каб нашы дзяўчынкі выраслі сумленнымі і прыстойнымі людзьмі, — падзялілася Вікторыя Аўраменка.
Педагогі імкнуцца пакінуць добры след у сэрцах вучняў, дапамагчы ім знайсці сваё месца ў грамадстве.
— Неверагодную матывацыю і натхненне атрымліваем, калі на сувязь выходзяць удзячныя выпускнікі. Былыя навучэнцы жыццеўладкаваны і з добрай усмешкай успамінаюць школьныя гады. Для нас гэта лепшая працоўная ўзнагарода, — падкрэслілі настаўнікі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





