Загадчыца Ганцавіцкага ВМК: пастараемся, каб конкурс «Настаўнік года» стаў для нашых педагогаў выніковым

- 10:11Образование, Учитель года — 2026

Лета для метадычнай службы раёна — час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Пра нюансы сваёй дзейнасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчыца Ганцавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ала Кісялевіч.

І работа, і адпачынак

— Безумоўна, хацелася б сказаць, што лета для метадыстаў — час адпачынку, але на самай справе гэта не так. Па-першае, на працягу летніх канікул у раёне арганізавана работа аздараўленчых лагераў, арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне работы якіх ажыццяўляе наш метадыст Наталля Табола. Усяго запланавана аздаравіць каля 1000 дзяцей і падлеткаў раёна.

Па-другое, у раёне праводзіцца летняя спартакіяда школьнікаў на базе ўстаноў адукацыі. Яе арганізацыю курыруе метадыст Алена Муха.

Таксама да 1 верасня ўсе ўстановы адукацыі павінны быць забяспечаны падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі, вучэбна-метадычнай літаратурай. Гэты працэс знаходзіцца пад асаблівай увагай метадыста Святланы Дабрынец.

Лета для нас — гэта час аналізу работы за мінулы год, вывучэння новых нарматыўных актаў, планавання і правядзення інструктыўна-метадычных нарад і жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.

— Ала Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра вынікі работы ВМК у мінулым навучальным годзе. За якія праведзеныя мерапрыемствы вы адчувае­це асаблівую гордасць?

— Лічу, што з пастаўленымі задачамі ў мінулым навучальным годзе мы справіліся. У нас паспяхова дзейнічаюць раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, у якіх задзейнічана боль­шасць педагогаў, створаны творчыя групы настаўнікаў. Мы працавалі над адзінай метадычнай тэмай па развіцці функцыянальнай адукаванас­ці школьнікаў.

Што тычыцца выніковых мерапрыемстваў, то іх сумесна са спецыялістамі аддзела па адукацыі праведзена вялікая коль­касць. Адзін з самых яркіх праектаў — “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця”. Ён накіраваны на выяўленне і дэманстрацыю адметных рыс устаноў адукацыі раё­на. Так, сярэдняя школа № 2 Ганцавіч прадэманстравала асноўныя прынцыпы і падыходы ў рабоце па арганізацыі школьнага харчавання і фарміраванні культуры харчовых паводзін навучэнцаў. Магчымасці арганізацыі профільнага навучання раскрыла сярэдняя школа № 3 Ганцавіч. Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа прадставіла дзей­насць школьнага музея як рэсурсу духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Адаптыўнае прадметна-развіццёвае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадэманстраваў ЦКРНіР Ганцавіцкага раёна.

Вясной цікава і прадукцыйна прайшоў кірмаш мэтавай пад­рыхтоўкі, які з’яўляецца дзейснай формай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Мерапрыем­ствы, што праводзяцца ў раёне, адлюстроўваюцца на сайце, у Telegram-канале. Але ёсць і такая работа, якую не перадаць праз фота і відэа, тым не менш яна вельмі значная. Наш метадыст Алена Муха была кіраўніком рабочай групы па экспертызе праекта вучэбнай праграмы па рускай мове для 2 класа з беларускай мовай навучання. Метадыст Таццяна Радзюк з’яўляецца рэцэнзентам зборніка адукацыйных праектаў для ўстаноў да­школьнай адукацыі “Навучанне з захапленнем”.

Асобна хачу спыніцца на алімпіядным руху. У нашым раёне склалася пэўная сістэма работы ў гэтым напрамку: алімпіяды па матэматыцы і мовах праводзяцца пачынаючы з 3 класа. Штогод восенню мы арганізоўваем раённы конкурс даследчых работ “З навукай у будучыню”. Фармат яго правядзення некалькі разоў мяняўся. Мы рады, калі нашы дзеці становяцца пераможцамі і прызёрамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

У мінулым годзе ў раёне было 5 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 4 дыпломы заваяваны на абласной канферэнцыі даследчых работ. Мы ганарымся нашымі вучнямі, якія набралі 100 балаў на ЦЭ, і іх педагогамі. 7 стабальных вынікаў на 174 выпускнікі — сур’ёзнае дасягненне.

Практычны запыт

— А якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны сярод педагогаў?

— Найбольш запатрабавана ўсё, што звязана з практычнымі заняткамі: семінары-практыкумы, майстар-класы, калі ўдзельнікі прыцягваюцца да сумеснай дзейнасці, разам выра­шаюць задачы, ствараюць пэў­ны метадычны прадукт. З цікавасцю наведва­юць педагогі раёна майстар-класы настаўніка фізікі Хатыніцкай сярэдняй школы Дзмітрыя Бондара па ўдасканаленні і развіцці канструктарска-даследчых навыкаў на­вучэнцаў, настаўніцы фізікі і інфарматыкі гімназіі Таццяны Гурман па адукацыйнай робататэхніцы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Чудзінскай сярэдняй школы Іны Валадзько па выкарыстанні сучасных сродкаў візуалізацыі. Непадроблены інтарэс выклікаюць у педагогаў майстар-класы настаўнікаў-дэфектолагаў дзіцячага сада № 7 Ганцавіч Святланы Ціхан і Таццяны Занька па выкарыстанні кругоў Эйлера ў развіцці маўленча-мысліцельнай дзейнасці ў дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення, настаўніцы Дзяніскавіцкай сярэдняй школы Таццяны Дзенісені па выкарыстанні пастознай тэхнікі, альбо імпаста, па прадмеце “Мастацтва”.

Мы актыўна практыкуем і адкрытыя заняткі, бо адкрыты ўрок стымулюе педагога і многаму можа навучыць. Гэта вельмі адказна і хвалююча для настаўніка, але сапраўды неабходна: і на іншых паглядзець, і сябе пака­заць — не баяцца выйсці на пуб­ліку, зрабіць памылку, бо не памыляецца той, хто нічога не робіць. Мы праводзім у раёне тыдні прафесійнага майстэрства, дзе педагогі дэманструюць свае лепшыя напрацоўкі. 

— Ала Іванаўна, у якой дапамозе адчуваюць патрэбу настаўнікі?

— Тут усё індывідуальна. Хаця асноўная маса педагогаў раё­на — гэта вопытныя настаўнікі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, аднак ёсць пытанні, якія патрабуюць глыбокага вывучэння: нарматыўная база, кантроль і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, прымяненне норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці. 

Маладыя педагогі прыхо­дзяць да нас штогод. У сярэднім па 10 чалавек. Мы імкнёмся стварыць для іх спрыяльныя ўмовы. Ва ўстанове за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік. У раёне дзейнічае школа маладога настаўніка, работу якой курыруе Святлана Дабрынец. У цеснай сувязі з пачынаючымі настаўнікамі працуюць і метадысты па канкрэтных прадметах ці напрамках. Яны наведваюць урокі маладых спецыя­лістаў. Прычым не з мэтай пакрытыкаваць, знайсці пэўныя недахопы, а каб падказаць, даць параду, накіраваць у патрэбнае рэчышча.

Для пачынаючых настаўнікаў у нас праводзіцца конкурс “Малады педагог”. На жаль, з-за невялікай колькасці маладых спецыялістаў правесці паўнацэнны конкурс цяжка, таму свае напрацоўкі моладзь дэманструе ў межах раённых метадаб’яднанняў. Замацавальнасць маладых педагогаў у раёне складае каля 70 працэнтаў.

У найбліжэйшы час нам будуць патрэбны настаўнікі фізікі і матэматыкі, тэхнічнай працы, рус­кай мовы і літаратуры.

Ускладваем надзеі на педагагічныя групы, якія адкрыты ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч, Раздзялавіцкай сярэдняй школе. А сёлета педкласаўцаў выпусціла Малькавіцкая сярэдняя школа. Нашы вучні бяруць мэтавыя накіраванні. Мы працуем над тым, каб вырасціць сабе змену. Будзем спадзявацца, што нашы выпускнікі будуць вяртацца ў родны раён.

З належнай падтрымкай

— Рэалізацыя ва ўстановах адукацыі разнастайных праектаў — творчых, інавацыйных, эксперыментальных — садзейнічае прафесійнаму росту настаўнікаў. Над якімі праектамі працуюць педагогі ва ўстановах адукацыі?

— Практыка яскрава свед­чыць, што ўдзел у разнастайных праектах дае магчымасць педагогам павысіць свой прафесійны ўзровень. З 2021 па 2024 год у гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне ма­дэлі фарміравання чытацкай адукаванасці навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Гэтая тэма цікавая і актуальная, бо чытацкая адукаванасць — адзін з важных навыкаў, які павінен сфарміравацца ў чалавека. Тым больш што ў новым навучальным годзе плануецца правядзенне рэпетыцыі нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.

Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа ўдзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” (настаўніца хіміі Вольга Жалезная). У дзіцячым садзе № 7 Ганцавіч рэалізуецца экалагічны праект “Дашкольнае лясніцтва як эфектыўная форма выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту асноў экалагічнай культуры” .

Адна з задач новага навучальнага года, над якой мы будзем працаваць, — уключэнне ў новы інавацыйны праект.

— Што яшчэ ў планах на новы навучальны год?

— 2025/2026 навучальны год — час правядзення  галоўнага для педагогаў конкурсу “Настаўнік года”, і мы хочам, каб для нашых настаўнікаў ён стаў выніковым. У нашым раёне працу­юць розныя педагогі. Хтосьці хоча ўдзельнічаць у гэтых спаборніц­твах, але саромеецца сказаць аб гэтым, хтосьці заяўляе пра сябе, але дзесьці недацягвае. Многія педагогі прайшлі праз гэты конкурс. Адны ўдзельнічалі самі, іншыя былі ў камандзе, бо конкурс “Настаўнік года” — гэта работа каманды. Пераможцам конкурсу “Настаўнік года — 2009” стаў Юрый Андрэйчык, у фінал конкурсу ў розныя гады выходзілі Іна Рылка, Дзмітрый Бондар, лаўрэатамі на абласным этапе сталі Наталля Паплаўская, Марына Траяноўская, Таццяна Гурман.

Важна, каб педагогаў, якія хочуць і могуць удзельнічаць у конкурсе,  бачылі адміністрацыя, калегі і дзесьці ў пэўны момант іх падштурхнулі. З размоў з настаўнікамі высвятляецца, што яны не баяцца адкрытых урокаў, абагульнення вопыту, аднак публічнае выступленне на сцэне ў многіх выклікае цяжкасці.

Патэнцыял у нашых педагогаў ёсць. Крэатыўна і творча працу­юць Ларыса Віннік (сярэдняя школа № 2), Таццяна Дзенісеня, Настасся Шэмет (гімназія), Ірына Віктаровіч (сярэдняя школа № 3), Аляксандра Рабкавец (Раздзялавіцкая сярэдняя школа), Ганна Мельнік (Малькавіцкая сярэдняя школа) і інш.

Падрыхтоўка да конкурсу будзе эфектыўнай, калі створана каманда ў звязцы “школа — ВМК — аддзел па адукацыі”, а таксама камфортная псіхалагічная атмасфера для педагогаў, каб яны тварылі, раскрываліся, каб у іх вырасталі крылы. Вельмі важна настаўніку адчуваць падтрымку як з боку адмі­ністрацыі і калектыву, так і з боку сям’і. Калі такая падтрымка бу­дзе — будзе і вынік.

***

Пад кіраўніцтвам Алы Кісялевіч у Ганцавіцкім раённым ВМК працуюць 7 метадыстаў. Святлана Дабрынец курыруе школу маладога настаўніка, работу школьных бібліятэк, Юлія Кісялевіч — працэсы інфарматызацыі, выкладанне прадметаў фізіка-матэматычнага напрамку, Дзіяна Царкевіч — дзейнасць службы СППС. Азда­раўленнем дзяцей займаецца Наталля Табола. Таццяна Радзюк курыруе да­школьную адукацыю, Алёна Занька — выхаваўчы напрамак. Работа з настаўнікамі пачатковых класаў, фізічнай культуры і спорту, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі знаходзіцца пад пастаяннай увагай Алены Мухі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара