Чым здзіўляюць установы адукацыі Клічаўскага раёна ў Год добраўпарадкавання

- 17:12Интервью

Як праходзіць у школах і садах падрыхтоўка да новага навучальнага года? Якія навацыі плануецца рэалізоўваць з 1 верасня? Гэтыя пытанні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з начальнікам аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Аленай Несцяровіч.

Камфортныя ўмовы

— Хоць лета не балуе сёлета спёкай, але аздараўленчая кампанія ідзе поўным ходам. Алена Васільеўна, як адпачыва­юць юныя жыхары раёна?

— Гэтым летам аздараўленчая кампанія ахоплівае больш за 83% навучэнцаў — гэта 1095 чалавек. Для юных жыхароў Клічаўскага раёна летам арганізаваны вольны час у 9 аздараўленчых, 6 ваенна-патрыятычных і 4 лагерах працы і адпачынку. У іх на працягу ўсяго лета пабыва­юць больш за 560 школьнікаў. Аздараўленне ажыццяўляецца ў тры змены па 15 дзён. Адна з іх прысвечана 80-годдзю Перамогі.

Гэтымі днямі працягвае прымаць гасцей аздараўленчы лагер “Ольса”, дзе з чэрвеня па жнівень весела і з карысцю адпачнуць каля 450 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку 25 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У лагеры запланавана 5 змен. Каб стварыць камфортныя ўмовы для выдатнага баўлення часу, набыта новае тэхналагічнае абсталяванне для харчаблока, выкананы работы па бягучым рамонце жылых карпусоў.

Пры гэтым 80 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо адпачылі, не забываючы пра штодзённыя трэніроўкі, у спартыўна-­аздараўленчых лагерах, якія ў чэрвені і ліпені працавалі на базе 7 школ.

У Клічаўскім ЦДАДіМ адкрыта гульнявая пляцоўка “Вясёлкавы настрой”, працуе пункт пракату ролікавых канькоў і скейтбордаў, веласіпедаў, спартыўнага інвентару.

— Якія магчымасці ў тых школьнікаў, якія хочуць летам не толькі адпа­чыць, але і папрацаваць?

— Магчымасць падзарабіць летам у рамках часовай працоўнай занятасці выдалася 70 навучэнцам. У 6 школах падлеткі 14—16 гадоў дапамагалі абнавіць інтэр’ер, удзель­нічаючы ў афарбоўцы цокаля сцен і фасадаў будынкаў, выкарыстоўваючы акрылавыя і эмалевыя фарбы. Юнакі і дзяўчаты рамантавалі кнігі ў школьных бібліятэках, працавалі на клумбах і газонах, удзельнічалі ў рамонце парт і крэслаў. За 5 дзён работы кожны зарабіў каля 110 руб­лёў.

На збожжатаку прадпрыемства “Максімавічы-Агра” ў чэрвені працаваў студэнцкі атрад з 8 навучэнцаў Максімавіцкай сярэдняй школы. У жніўні туды адправіцца яшчэ адзін атрад школьнікаў.

Некаторыя дзеці праяўляюць самастойнасць і ў індывідуальным парадку знахо­дзяць работу. Так, гэтымі днямі чатыры дзяўчыны з сярэдняй школы № 2 імя Ф.І.Кавалёва дапамагаюць з праполкай саджанцаў мясцоваму лясгасу. Усяго за два летнія месяцы самастойна працаўладкаваліся каля двух дзясяткаў школьнікаў.

…І алея жураўлёў

— Лета — гэта пара не толькі адпачынку, але і актыўных рамонтных работ. Алена Васільеўна, як праходзіць у школах і садах падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— На правядзенне рамонтаў і набыццё абсталявання з бюджэту выдзелена больш за 870 тысяч рублёў. У прыватнасці, на выкананне асноўных работ па бягучым рамоце будынкаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі бюджэтам прадугледжана каля 225 тысяч рублёў. Гэтыя работы ў вучэбных і дапаможных памяшканнях, школьных спартыўных залах якраз падыходзяць да завяршэння. Па меры неабходнасці ў школах заменена электрычнае, сантэхнічнае і асвятляльнае абсталяванне, дзвярныя камплектуючыя, вокны. Таксама ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. Так, да пачатку навучальнага года закуплена 6 адзінак халадзільнага абсталявання на суму 14,14 тысячы рублёў: 2 пасудамыечныя машыны, 2 марміты, электрапатэльня і электрапліта. Усе харчаблокі аснашчаны праграмай колькасна-сумавага ўліку сыравіны і гатовай прадукцыі.

На тэрыторыі Клічаўскага раёна — 2 гарадскія і 5 сельскіх школ, 6 дзіцячых садоў, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У Дзмітрыеўскай сярэдняй школе Клічаўскага раёна капітальна адрамантавана сістэма пажарнай аўтаматычнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей.

На выкананне работ па добраўпарадкаванні тэрыторый ва ўстановах да­школьнай адукацыі бюджэтам прадугледжана каля 288 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі, адштурхваючыся ад патрэб устаноў, мы мяняем агароджы, рамантуем ценявыя навесы, ажыццяўляем замену асфальтавага пакрыцця на дарожках і ў альтанках. Таксама для ўладкавання вулічных пляцовак набываюцца новыя гульнявыя і спартыўныя комплексы рознай канфігурацыі.

— Чым здзіўляюць установы адукацыі ў Год добраўпарадкавання?

— Пачынаючы з вясны і асабліва актыўна летам ва ўсім раёне ідзе добраўпарадкаванне прышкольных тэрыторый. У навучальных установах распрацаваны планы мерапрыемстваў па навя­дзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Ужо значна змяніліся ўваходныя групы устаноў, пры­школьныя клумбы і газоны. Пасаджана 75 дрэў, 154 кусты, 4845 кветак, добраўпарадкавана 1,43 га газонаў.

Важна, што падчас навучальнага года, а таксама летніх канікул да добраўпарадкавання тэрыторый устаноў адукацыі прыклала руку практычна кожнае дзіця.

Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 напярэдадні Дня Перамогі з’явілася сімвалічная алея жураўлёў, дзе побач з кожнай белай птушкай — саджанцы катальпы, крона якой падчас цвіцення нібы пакрываецца густым белым воблакам.

У Бацэвіцкай сярэдняй школе па суседстве з млыном і хаткай з’явяцца новыя архітэктурныя формы: каменная рэчка з драўляным мастком, а таксама цягнік-клумба з яркімі петуніямі. Да таго ж гэтай вясной педагогі і навучэнцы значна маштабавалі агарод лекавых траў, які з’явіўся ва ўстанове пару гадоў назад і сёння ўключае больш за 30 культур.

Драўляныя цуды

— Колькі першакласнікаў і маладых спецыя­лістаў чакаеце ў новым навучальным годзе? Якія навацыі плануецца рэалізоўваць з 1 верасня?

— У верасні за школьныя парты сядуць больш за 1250 школьнікаў, у тым ліку звыш 110 першакласнікаў. А шэрагі педагогаў папоўняць 5 маладых спецыялістаў.

У новым навучальным годзе ў цэнтры дадатковай адукацыі плануецца рэалізаваць праект “Драўляныя цуды”. У новай сталярнай майстэрні, абсталяванай неабходнай тэхнікай і інструментамі, хлопчыкі і дзяўчынкі змо­гуць асвойваць асновы цяслярства, вырабляючы цацкі. Драўляныя вырабы будуць перададзены ў дар дзецям з АПФР. Яшчэ адна ініцыятыва цэнтра — адкрыццё аб’яднання па інтарэсах этнаграфічнай накіраванасці на базе падворка “Сушанская хата”. Наведваючы аб’яднанне, дзеці, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, будуць вывучаць старадаўнія мясцовыя традыцыі, рамёствы, звычаі.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Аксаны МЫЦЬКО