Пералік ІТ-спецыяльнасцей пашыраецца

- 9:30Выбар прафесіі

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава можна атрымаць вышэйшую адукацыю па 38 спецыяльнасцях. Традыцыйна ўстанова рыхтуе педагагічныя кадры, але на цяперашні час яе місія ў адукацыйнай прасторы рэгіёна і краіны значна пашырылася.

— Для інфармацыйнага грамадства прыярытэтнай становіцца задача па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў у сферы IT-тэхналогій, — расказаў прарэктар ВДУ па вучэбнай рабоце Вяслаў Туркоўскі. — ІТ-тэхналогіі і праграмнае забеспячэнне іграюць важную ролю ў прамысловасці і будаўніцтве, дзяржаўным кіраванні, банкаўскай справе і фінансах, адукацыі, транспарце, індустрыі забаў, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Наш універсітэт паслядоўна пашырае падрыхтоўку адпаведных спецыялістаў. Ужо больш за 15 гадоў мы паспяхова рыхтуем студэнтаў па спецыяльнасці “Прыкладная матэматыка” з кваліфікацыяй “матэматык-праграміст”. З 2012 года прапануем спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм, вэб-праграмаванне і камп’ютарны дызайн)”, “Камп’ютарная бяспека”. Сёлета будзем упершыню ажыццяўляць набор па новай спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” з кваліфікацыяй “інжынер-праграміст”.
За час навучання па згаданых спецыяльнасцях студэнты вывучаюць больш за 40 дысцыплін і праходзяць агульнаінжынерную, тэхналагічную і пераддыпломную практыку. Пра ўзровень ведаў, атрыманых імі ўжо да 3—4 курса, красамоўна сведчыць давер работадаўцаў: многія студэнты паспяхова працуюць у розных фірмах над вырашэннем канкрэтных задач. Гэта дазваляе ім не толькі паглыбіць практычныя навыкі і атрымаць неабходны вопыт, але і кардынальна палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. А пасля заканчэння ВДУ выпускнікоў ІТ-спецыяльнасцей чакае прэстыжная, цікавая праца, якая добра аплачваецца.
— Нашы выпускнікі могуць працаваць у арганізацыях і на прадпрыемствах розных форм уласнасці: прыкладнымі праграмістамі, сістэмнымі праграмістамі, інжынерамі па аўтаматызаваных сістэмах кіравання, распрацоўшчыкамі сеткавага і камунікацыйнага праграмнага забеспячэння, інжынерамі па тэсціраванні праграмнага забеспячэння, распрацоўшчыкамі мультымедыйнага праграмнага забеспячэння і камп’ютарных гульняў, — адзначыў Вяслаў Туркоўскі.
Несумненна, будуць карыстацца попытам і выпускнікі спецыяльнасці “Руская філалогія (дзелавая камунікацыя)”, першы набор на якую ВДУ будзе ажыццяўляць у 2015 годзе. Таксама сёлета аднаўляецца набор на надзвычай важную спецыяльнасць “Эканамічнае права”. Студэнты гэтай спецыяльнасці глыбока вывучаюць розныя дысцыпліны юрыдычнага і эканамічнага профіляў, што дапаможа ім аказваць юрыдычныя паслугі па ўсіх напрамках эканамічнай дзейнасці і граматна вырашаць розныя праблемы прадпрыемстваў і арганізацый.

Таццяна БОНДАРАВА.