Мікіта Крывіцкі і Таццяна Дубавец рыхтуюцца да Дня ведаў. Маладая сям’я размеркавалася на работу ў Горацкі раён

- 9:02Главная, Образование

Настаўнікі, дэфектолагі, выхавальнікі – 15 маладых спецыялістаў прыбылі ва ўстановы адукацыі Горацкага раёна. Некаторыя з іх – выпускнікі мясцовых школ, якія набылі прафесію і вярнуліся працаваць на малую радзіму. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У ліку тых, хто свядома размеркаваўся ў родны горад, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Горак Лізавета Еўціховіч, якая вучылася па мэтавым дагаворы:

З выбарам прафесіі дакладна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве. Мне добра давалася вывучэнне замежнай мовы. А прыклад школьных настаўнікаў натхніў стаць на педагагічны шлях. Вучылася па мэтавым накіраванні, бо хацела прыехаць працаваць менавіта дадому. Узрадавалася, што размеркавалася ў гімназію, якую сама скончыла. Тут усё блізкае і знаёмае, калектыў прыняў мяне вельмі прыязна.

Зараз Л. Еўціховіч рыхтуецца да Дня ведаў. Яна будзе выкладаць англійскую мову ў паралелях 3-х і 5-х класаў, весці класнае кіраўніцтва:

– Падрабязна вывучыла дакументацыю, новаўвядзенні ў сферы адукацыі. Заняткі планую будаваць так, каб вучням было цікава. Сваю задачу бачу не толькі ў тым, каб даць дзецям трывалыя веды. Першачарговае для мяне – выхаваць іх прыстойнымі людзьмі. Нацэлена на плённую працу, бо ў прафесіі хачу застацца і пасля тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні.

Адметна, што ў 1-й гімназіі ўвесь калектыў дапамагае пачынаючым педагогам у прафесійнай адаптацыі. У кожнага маладога спецыяліста ёсць куратар – вопытны, высокакваліфікаваны настаўнік.

Усебаковую падтрымку моладзі аказваюць і ў сярэдняй школе № 3 горада. Сёлета маладымі спецыялістамі сюды прыехалі Марыя Прохарава, якая будзе выкладаць навучэнцам фізкультуру, і Аліна Даніловіч, якую чакае пасада настаўніка-дэфектолага.

– Спадабаўся цёплы прыём ва ўстанове, мне падрабязна растлумачылі ўсе нюансы работы. Акрамя выкладання, буду весці класнае кіраўніцтва. Планую таксама стварыць секцыі па баскетболе і лёгкай атлетыцы, уключыцца ў правядзенне шостага школьнага дня. Сучасным дзецям неабходна больш рухальнай актыўнасці, буду ладзіць для іх спартыўныя мерапрыемствы, далучаць да здаровага ладу жыцця, – сказала М. Прохарава.

А вось А. Даніловіч сваёй асноўнай мэтай бачыць максімальнае выпраўленне маўленчых парушэнняў у навучэнцаў. У гэтым кірунку яна ўжо выбудавала алгарытм дзейнасці:

– Методык ў маім арсенале шмат, але галоўны ўпор буду рабіць на індывідуальны падыход да вучняў. Прыемна ўразіла адукацыйнае асяроддзе школы. У маім кабінеце ёсць неабходнае абсталяванне для аказання дзецям кваліфікаванай карэкцыйнай дапамогі, таму ні аб чым не хвалююся. Пераканана: усё атрымаецца, а справіцца з цяжкасцямі дапамогуць старэйшыя калегі.

З пазітыўным настроем рыхтуюцца да працоўных будняў Мікіта Крывіцкі і Таццяна Дубавец. Яны не проста маладыя спецыялісты, але і маладая сям’я.

– Разам вучыліся на адным факультэце МДУ імя А.А. Куляшова, на выпускным курсе пажаніліся. Размеркаваліся ў розныя навучальныя ўстановы, але педагагічныя прынцыпы ў нас адзіныя. Выкладаць будзем гісторыю і грамадазнаўства, таму ў прыярытэце – станаўленне дзіцячай асобы, прывіццё вучням павагі да гістарычнай памяці, фарміраванне ў іх грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, – запэўнілі педагогі.

Пакуль Мікіта і Таццяна жывуць у бацькоўскай кватэры, але ў найбліжэйшы час ім акажуць садзейнічанне ў забеспячэнні арэндным жыллём. Увогуле, вырашэнню жыллёвых праблем маладых спецыялістаў у раёне ўдзяляецца вялікая ўвага.

Для маладых кадраў прадугледжаны разнастайныя стымулы. Вырашаем іх жыллёвыя і бытавыя пытанні, прадастаўляем матэрыяльныя выплаты. Многае робіцца для маральнай і псіхалагічнай дапамогі. Дзейнічаюць інстытут настаўніцтва, метадычныя аб’яднанні. Арганізуем адпачынкавыя мерапрыемствы, круглыя сталы, адкрытыя ўрокі і майстар-класы. Усё гэта ў комплексе матывуе моладзь да самаўдасканалення і развіцця прафесійнага майстэрства, – падкрэсліў начальнік аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама Уладзімір Лебедзеў.

Эфектыўная сістэма падтрымкі маладых спецыялістаў прыносіць адпаведныя вынікі. Пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні ў Горацкім раёне застаюцца звыш 65% педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара