Заслонаўскі дзіцячы сад Лепельскага раёна па выніках работы за 2024 год прызнаны лепшай у рэспубліцы ўстановай дашкольнай адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці. Загадчыца Ларыса Шастакова расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра тое, як яе калектыву ўдаецца ствараць неабходныя ўмовы для атрымання дзецьмі якаснай адукацыі.

Адчуванне ўтульнасці і цяпла ўзнікае пры ўваходзе ў лепшы дзіцячы сад. Сонечнага настрою дадае ярка-жоўты колер будынка. На тэрыторыі чысціня, ідэальна роўны газон. Нічога лішняга. Кампазіцыі з дэкаратыўных дрэў і кустоў гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. На прылеглай тэрыторыі сіламі калектыву высаджаны міні-парк.
Дзевяць гадоў назад ва ўстанове прайшоў капітальны рамонт. Быў абноўлены фасад, праведзена поўнае добраўпарадкаванне і азеляненне, з’явілася сучаснае надворнае гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Унутры памяшканняў стала светла, утульна, прасторна.
— Чаму наш дзіцячы сад прызнаны лепшым у рэспубліцы? Разважаючы пра гэта, скажу, напэўна, самае галоўнае: кожны наш супрацоўнік знаходзіцца на сваім месцы, адказна, з душой падыходзіць да сваіх абавязкаў. У нас склалася каманда аднадумцаў. Дастаткова часам намякнуць ці проста падумаць пра тое, напрыклад, што нядрэнна было б рэалізаваць пэўны творчы праект, а калегі ва ўнісон агучваюць цікавыя ідэі. Мы як адна вялікая сям’я, усе супрацоўнікі пражываюць у крокавай даступнасці да дзіцячага сада, — адзначае Ларыса Анатольеўна. — Першае, на што вы як наш госць звярнулі ўвагу, — гэта дагледжаная тэрыторыя. У гэтым вялікая заслуга Івана Мікалаевіча. Ваенны пенсіянер, прывучаны да парадку і дысцыпліны, гатовы працаваць у любое надвор’е. Калі раніцай я прыходжу на работу, першы, каго сустракаю, — Іван Мікалаевіч. І дзеці, нават здаля, вітаюць яго, а ён кожнаму ветліва адказвае.
Спецыфіка вёскі Заслонава ў тым, што ў ёй размяшчаецца вайсковая часць. Прыкладна ў паловы выхаванцаў дзіцячага сада бацькі ваеннаслужачыя. Раней установа знаходзілася ў падпарадкаванні розных вайсковых часцей, якія дзейнічалі ў Заслонаве. І толькі ў 1999 годзе перайшла да аддзела адукацыі. Кантынгент жыхароў вёскі не пастаянны, таму немагчыма спрагназаваць колькасць дашкольнікаў, якія будуць пражываць у мікрараёне Заслонаўскага дзіцячага сада, і, адпаведна, колькасць будучых выхаванцаў.
Праектная магутнасць сада — 59 месцаў, усяго тры групы. Раней не ўсе жадаючыя маглі сюды трапіць. Аднак сітуацыя палепшылася, калі на базе мясцовай сярэдняй школы ў 2022 годзе была адкрыта група для старшых дашкольнікаў. Дзіцячы сад пачаў супрацоўнічаць са школай, рыхтаваць выхаванцаў да пераходу ў статус вучняў.
— Выхаваннем і навучаннем малых у Заслонаўскім дзіцячым садзе займаюцца 12 педагогаў. Большасць маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У мінулым навучальным годзе прыйшлі два маладыя спецыялісты, і сёлета ў верасні калектыў папоўніцца выпускніцай Пінскага педагагічнага каледжа і кухарам з Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Ім прадастаўляецца арэнднае жыллё, — расказала Ларыса Анатольеўна. — Асаблівая ўвага — адаптацыі навічкоў згодна з індывідуальным планам уваходжання ў прафесію. За кожным маладым замацоўваецца вопытны настаўнік, моладзь далучаецца да работы раённай школы станаўлення педагога.
Ва ўстанове створана асяроддзе, у якім кожнае дзіця можа рэалізаваць свае інтарэсы і здольнасці.
— Мы забяспечаны неабходнымі вучэбнымі выданнямі, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. Назапашаны багаты метадычны матэрыял па розных адукацыйных галінах, — гаворыць кіраўнік. — Дзяцей вучаць думаць крэатыўна пры дапамозе праектнай і даследчай дзейнасці, пытанняў пошукавага характару, праблемных гульнявых сітуацый. У гэтым кірунку вынікі дэманструюць Галіна Леаненка і Ганна Трандзянок. Развіваюць нестандартнае мысленне праз элементы ТРВЗ і мадэляванне выхавальнікі Ніна Язвінская і Марыя Крывец. Гульнявы дапаможнік “Палачкі Кюізенера” і лагічныя блокі Дзьенеша ў рабоце з дзецьмі выкарыстоўвае Галіна Шчарбакова, дзеліцца вопытам з маладымі. Зрабіць навучанне наглядным і займальным з дапамогай тэхнік візуалізацыі добра ўмеюць Ларыса Мамыкіна і адзін з самых вопытных выхавальнікаў сада Софія Рахільчук. Дзеці цягнуцца да Софіі Іванаўны, з радасцю бягуць насустрач да гэтай чулай, добразычлівай жанчыны. Педагог умела наладжвае супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў. Таты і мамы пад яе чулым кіраўніцтвам прымаюць удзел у акцыях, выставах, конкурсах, выпуску газет.

Мы робім усё для таго, каб малыя адчувалі сябе беларусамі, патрыётамі сваёй краіны, расказваем пра прафесіі іх бацькоў. Сваімі сіламі пашылі дзіцячую вайсковую форму, падобную на тую, што носяць іх бацькі, якія служаць у Заслонаве. Вырабілі народныя касцюмы з вышыўкай. Адзенне запатрабавана падчас музычна-тэматычных мерапрыемстваў, свят, танцавальных чэленджаў і акцый.
З удзелам бацькоў выхаванцаў рэалізаваны праекты “Пра што раскажуць помнікі вайны?”, “Дом, у якім мы жывём”, “Мой родны кут, як ты мне мілы!”. З праектам “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць” выступалі на абласным даследчым конкурсе, дзе атрымалі 2-е месца. У выхаванкі, якая рыхтавала работу, тата і мама на той момант служылі ў вайсковай часці ў Заслонаве. Дзяўчынка вырашыла даведацца, што робяць жынчыны ў арміі.
Ва ўстанове працуе аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка” для дзяцей 4—5 гадоў пад кіраўніцтвам Ганны Трандзянок, якая знаёміць з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання: далонькай, пальчыкам, ватнымі палачкамі, дыскамі, з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, васковай крэйдай і акварэллю, паралонам, пры дапамозе манатыпіі і інш.
Дзіцячы сад узаемадзейнічае з клубам вайсковай часці 71327. На мерапрыемствах, якія праводзяцца ў клубе да дзяржаўных свят, выхаванцы выступаюць з музычнымі нумарамі. Дзяцей рыхтуюць музычныя кіраўнікі Жанна Сакалова і Аксана Чыжэўская. Педагогі выкарыстоўваюць лепшыя ўзоры беларускай музыкі, песень, танцавальных рухаў, знаёмяць малых з народнымі пацешкамі, гульнямі, традыцыйнымі беларускімі святамі.
У цэнтрах па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры, якія створаны ў кожнай групе, заўважаем серыю аўтарскіх лэпбукаў, з якіх малыя даведваюцца пра родны край, свой населены пункт, пра знакамітых землякоў, народныя традыцыі, дзяржаўныя сімвалы.

— Мы праводзім тэматычныя і віртуальныя экскурсіі да памятных месцаў Мінска, Лепеля, Заслонава, пешаходныя прагулкі з ускладаннем кветак да помніка К.Заслонаву, помнікаў воінам-танкістам і воінам-афганцам, будынку гарнізоннага Дома афіцэраў, дзе знаходзіцца музей баявой славы вайсковай часці 71327. На кансультацыях расказваем бацькам пра тое, як ва ўмовах сям’і пасеяць у дзецях зерне любові да роднай зямлі. У дапамогу ім распрацавалі маршруты выхаднога дня: “Мемарыяльны комплекс “Вішанькі”, “Подзвіг беларускага народа”, “Шлях да крынічкі” і іншыя, — гаворыць Софія Рахільчук.
У групах дзіцячага сада створаны куткі прыроды і пажарнай бяспекі, дзе прадстаўлены картатэкі сродкаў навучання, макеты вуліц і скрыжаванняў, атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў, тэматычныя інтэрактыўныя гульні, створаныя педагогамі. Перад бацькамі на сходах рэгулярна выступаюць супрацоўнікі РАУС, Асвода, РАНС. Педагогі разам з выхаванцамі вынікова выступаюць на раённых этапах рэспубліканскіх конкурсаў “Бяспечнае дзяцінства”, экалагічных праектаў “Зялёныя школы”, на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку, а таксама на раённай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Горад майстроў”.
Ва ўстанове на працягу многіх гадоў стабільна нізкі паказчык па захворваннях дзяцей.
— Тут варта дзякаваць за работу кіраўніку фізічнага выхавання Настассі Петрушэнка, — адзначае загадчыца. — Умацаванню здароўя спрыяе і рацыянальнае харчаванне, якое на працягу больш як 15 гадоў забяспечваюць нашы кухары. Мой дарослы сын, які хадзіў у гэты ж дзіцячы сад, дагэтуль успамінае садаўскія катлеты, галубцы, запяканку, боршч.
…Ларыса Анатольеўна ўпэўнена: калі не спыняцца, захоўваць традыцыі і адкрывацца новаму, можна дасягнуць многага.
— Разам з намеснікам Лізаветай Афанасенка мы і далей будзем падтрымліваць прафесійны рост кожнага педагога праз метадычную работу, абмен вопытам і інавацыі, — гаворыць Ларыса Шастакова. — Працаваць над умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэннем прадметна-прасторавага асяроддзя, робячы яго бяспечным, даступным, развіццёвым і інтэрактыўным. У нашых планах — стварыць міні-музей, які стане цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання. Але самае галоўнае — захоўваць атмасферу цяпла, клопату, творчасці, дзеля якой бацькі давяраюць нам самае каштоўнае — сваіх дзяцей.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





