Пра што расказвае «Каменны летапіс Зямлі» ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе

- 12:18Гродненская область, Новости

Настаўнік гісторыі і геаграфіі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Леанід Калеснік ведае: нават за непрыметным каменем можа хавацца багатае мінулае, пра якое падручнікі не раскажуць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Малы крэмень — вялікая гісторыя

Фонд музея “Каменны летапіс Зямлі”, які з’явіўся ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе дзякуючы захапленню Леаніда Раманавіча, складаецца з больш як 600 экспанатаў. Мінералы, палеанталагічныя знаходкі і горныя пароды, якія тут прадстаўлены, настаўнік збіраў многа гадоў.

— Усё пачалося з таго, што ў 1990-я я знайшоў у лабаранцкай велізарную калекцыю мінералаў і горных парод — іх пастаўлялі ў савецкі час ва ўстановы адукацыі для правядзення ўрокаў, — расказвае Леанід Калеснік. — Знаходку забраў у кабінет геаграфіі і на некаторы час забыў пра гэта. Падчас праходжання курсаў у ГрАІРА пазнаёміўся з прафесійным геолагам Ула­дзімірам Жданюком, які падарыў мне многа буйных крышталёў. Гэта і падштурхнула да таго, што я прапанаваў стварыць у школе музей.

Вялікім дасягненнем педагог называе тое, што яму ўдалося самастойна сабраць калекцыю беларускага крэменю. Са слоў Леаніда Раманавіча, у свеце не існуе больш прыгожага і каштоўнага, з навуковага пунк­ту гледжання, каменю.

— Крэмень — гэта асаблівасць нашай мясцовасці, — працягвае настаўнік. — У нашай краіне мала яго месцаў зараджэння. У асноўным залежы крэменю можна знайсці ў пасёлку Краснасельскім, дзе дабываецца мел. У Гродне тыя кар’еры, дзе раней знаходзілі крэмень, ужо выпрацаваны. Яшчэ мелавыя кар’еры ёсць на ўсхо­дзе краіны, у Касцюковічах Магілёўскай вобласці, але там неабходнага каменю няма, залягае толькі трэпел.

Кожны крэмень — гэта цэлая гісторыя. Акамянеласці, якія на ім засталіся, яскрава расказваюць пра тое, што адбывалася ў мінулым.

Так, у экспазіцыі Леаніда Калесніка ёсць камяні, на якіх калісьці пасяліліся марскія вожыкі, а ёсць і такія, на якіх засталіся хады марскіх чарвякоў.

— Вывучэнне каменя можа перанесці нават у дагістарычныя часы, — сцвярджае педагог. — Многія экспанаты з адбітка­мі дагістарычнай флоры і фаўны — гэта звы­чайныя палявыя камяні, якія вывозяцца з агародаў, каб не перашкаджалі росту сельскагаспадарчых культур. Скамянелыя марскія вожыкі з высокай ступенню захаванасці — знаходка з кар’ераў, якую сам выпадкова заўважыў. Вучні таксама часта прыно­сяць у школу цікавыя рэчы. Неяк на полі падчас прыбірання камянёў навучэнцы знайшлі неалітычныя сякеры. Яшчэ адна рэдкая знаходка — каменная матыка, якую перадалі ў раённы музей Вялікай Бераставіцы.

Экспанаты школьнага музея арганічна дапаўняюць сапраўдныя палеанталагічныя знаходкі — акамянеласці з белемнітамі, караламі і іх папярэднікамі — імшанкамі, двухстворкавымі малюскамі, брахіяподамі і інш.

— Калі новая знаходка трапляе да мяне, важна вызначыць, што гэта за мінерал, — гаворыць Леанід Раманавіч. — Для гэтага існуюць пэўныя спосабы. Часта па знешніх прыметах бачу, што перада мной, але знаходзяцца і цяжкія акамянеласці, якія патрабуюць больш дакладнага вывучэння.

Узоры мінулага

На пытанне, якія самыя буйныя знаходкі былі ў педагога Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы, ён адказвае, што вялізныя крэмені. Некаторыя з іх настаўнік прэзентуе сябрам-скульптарам: яны ведаюць каштоўнасць такога падарунка.

— Лічу, што крэмень можна наз­ваць сімвалам нашай краіны сярод мінералаў, — дзеліцца Леанід Калеснік. — Гэты камень мае розныя фантазійныя формы, чым і зачароўвае.

Школьны музей “Каменны летапіс Зямлі” — жывая пляцоўка па вывучэнні многіх тэм. У 6 класе, калі школьнікі па геаграфіі праходзяць розныя віды горных парод, настаўнік прыводзіць іх у музей. Магматычныя, асадкавыя, метамарфічныя — сярод выставачнага матэрыялу можна знайсці ўсе неабходныя ўзоры.

— Наш музей працуе ў вучэбным рэжыме, — дадае педагог. — Усё, што ў ім знаходзіцца, дапамагае ў краязнаўчай рабоце, выкладанні прадметаў. Так, калі параграфы прысвечаны ландшафтам мясцовасці, жыццю чалавека ў прыродзе, мы ідзём у музей. Тут можна паглядзець і на ўзоры дахоўкі, цэглы XVI стагоддзя. Сярод цікавых экспанатаў — замок, выраблены па тэхналогіі XII стагоддзя. Яго я знайшоў на хутары ў свайго дзядулі. Цікава, што такі ж замок адлюстраваны ў адным з падручнікаў па гісторыі Беларусі.

Акрамя каменных экспанатаў, у музеі звяртае на сябе ўвагу кніга пад аўтарствам Леаніда Калесніка “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы”. Што цікавага ў ёй могуць знайсці школьнікі і як яна выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе?

— Алекшыцы — гэта мая родная вёска, у якой я вырас і вучыўся ў школе, а з Вялікімі Эйсмантамі звязана ўсё маё дарослае жыццё, прафесійнае станаўленне, — тлума­чыць настаўнік гісторыі. — На старонках выдання расказваю пра людзей, якія адыгралі значную ролю ў жыцці кожнага з населеных пунктаў, а яшчэ апісваю навакольную прыроду. Інфармацыя будзе карыснай як педагогам, так і вучням.

Разважаючы пра тое, у чым бачыць сваё прызванне як педагог, Леанід Раманавіч зазначыў:

— Калісьці мае настаўнікі навучылі мяне быць назіральным, заўважаць цікавае ў самых розных рэчах. Гэтаму я сёння вучу сваіх выхаванцаў. Наш свет вельмі цікавы, навокал шмат нязведанага. Галоўнае — навучыцца гэта бачыць.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА