На ўроку адказвае Чычыкаў: як Вольга Кіслова з гімназіі № 10 Гомеля інтэгруе нейрасеткі і платформы ШІ ў сваю работу

- 9:05Главная, Образование

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Гомеля Вольга Кіслова, лаўрэат рэс­публіканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”, паспяхова інтэгруе нейрасеткі і платформы ШІ ў сваю работу, развіваючы ў вучняў уменне крытычна ацэньваць адказы, ствараць розныя праекты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Нейрасеткі можна выкарыстоўваць для ажыўлення літаратурных герояў, дзе дзеці мадэ­лююць дыялогі з імі, а ChatGPT адказвае ад імя персанажаў класічных твораў. Гэта дапамагае глыбей зразумець характары герояў твораў, іх учынкі і памкненні, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Зараз у 10 класе праходзім паэму М.Гогаля “Мёртвыя душы”. Планую рэалізаваць праект, у якім вучні змогуць весці, напрыклад, дыялог з персанажамі кнігі, уяўляючы, што гэта адбываецца праз некаторы час пасля іх сустрэчы з Паўлам Чычыкавым. Дарэчы, гімназісты змогуць пачуць дыялог паміж Манілавым і, скажам, сучасным следчым, каб скласці поўную карціну падзей. Старшакласнікі павінны дакладна фармуляваць пытанні разумнаму памочніку, тлумачыць, чаго хо­чуць дасягнуць, і аналізаваць атрыманыя адказы і паводзіны герояў.

Цікава, ці змогуць дзеці, зыходзячы з уласных меркаванняў ад прачытанага, аб’ектыўна ацэньваць адказы нейрасеткі — наколькі яны атрымаюцца гарманічнымі і аўтэнтычнымі для таго ці іншага вобраза. Такі вопыт, несумненна, спрыяе развіццю крытычнага мыслення, аналітычных навыкаў і разуменню асаб­лівасцей розных тыпаў характару. Акрамя таго, такі падыход становіцца альтэрнатыўнай заменай традыцыйнай характарыстыцы персанажа на ўроку.

Задача настаўніка ў такіх праектах — прадэманстраваць тыя прагрэсіўныя магчымасці, якія прадстаўляе ШІ, правесці вучняў па шляху даследавання разам з нейрасеткай, пры гэтым не падмяніўшы свае думкі ідэямі разумных дадаткаў.

Папрацаваўшы ў класе, дзеці разумеюць, што нейрасетка — генератар ідэй. Пабудова дыялогаў з платформай, якая іграе ролю персанажа, пашырае магчымасці для абмеркавання розных літаратурных тэм.

— Раней мы з дзецьмі маглі ствараць візуальныя праекты на аснове нейрасеткі: навучэнцы малявалі ілюстрацыі да твораў і тлумачылі штучнаму інтэлекту свае ідэі словамі, развіваючы навыкі дакладнага тлумачэння, — працягвае суразмоўніца. — Цяпер тэхнічная частка ўскладнілася і выкарыстанне пэўных задач становіцца больш актуальным для дадатковых заняткаў або выканання дамашняга задання.

Педагог рэкамендуе працаваць з папулярнымі і праверанымі платформамі, напрыклад, GigaChat, DeepSeek. Праўда, трэба ўлічваць, што ў кожным дадатку ёсць свае мінусы (акрамя вядомых рызык). Так, апошні сэрвіс здольны пасля вызначанай колькасці запытаў абнуліцца і перастаць памятаць, пра што з ім размаўлялі. Ствараць музычныя кампазіцыі ў адзін клік асабліва падабаецца дзецям, у гэтым пасадзейнічае платформа Suno і GigaChat.

— З нейрасеткай можна правесці конкурс па стварэнні ілюстрацый або вокладкі кнігі. Такі падыход вучыць школьнікаў думаць лагічна, развівае мастацкае ўяўленне і навыкі камунікацыі, — дадае педагог. — А стварэнне партрэтаў літаратурных персанажаў або абстрактных паняццяў (напрыклад, пачуццяў кахання, сяброўства, адданасці) у тандэме з праграмамі дапамагае вучням праз творчую практыку зразумець складаныя тэмы.

Выкарыстанне штучнага інтэлекту дазваляе зрабіць навучанне больш жывым і індывідуалізаваным. Сёння настаўнік здольны стварыць індывідуальную траекторыю падрыхтоўкі высокаматываванага вучня ці падтрымкі дзяцей з пэўнымі цяжкасцямі ў навучанні. І гэта будзе сапраўды індывідуальная, разлічаная толькі на аднаго вучня траекторыя.

Да Дня настаўніка Вольга Аляксандраўна задумала рэалізаваць міні-праект на ўроку рускай мовы, напрамую звязаны з тэкстам і яго стылістыкай.

— Мая задача — дапамагчы дзецям адчуць стыль, абапіраючыся на характэрныя прыкметы і асаблівасці, — адзначае настаўніца. — Замест таго каб проста прачытаць тэкст у падручніку, кожны клас будзе ствараць сваю ўласную газету. Гэта дасць магчымасць убачыць большую разнастайнасць матэрыялаў і глыбей зразумець стылістычныя нюансы. У гэтым годзе выпуск газеты будзе прымеркаваны да Дня настаўніка. Кожны клас складзе матэрыял для пэўнай руб­рыкі, а артыкулы і віншаванні напіша нейрасетка — гэта стане дамашняй нарыхтоўкай. Затым групы абмяняюцца некалькімі варыянтамі шаблонных артыкулаў і прымераць на сябе ролі карэктара і рэдактара, самастойна выконваючы ўсе функцыі па паляпшэнні матэрыя­лаў. Адзначу, што дзеці атрымаюць сырыя даныя, напісаныя анлайн-платформай, з усімі магчымымі памылкамі. І гэта добрае поле для рэдактуры. Так навучэнцы на практыцы будуць асвой­ваць стылістыку, правільную пабудову сказаў, а таксама навучацца выпраўляць моўныя, сінтаксічныя і марфалагічныя памылкі.

Інтэграцыя ШІ — гэта не толькі інструмент павышэння эфектыўнасці навучання, але і магчы­масць пашырыць гарызонты пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Вядома, правільнае прымяненне тэхналогій патрабуе педагагічнага майстэрства. Педагогі могуць ствараць займальныя, інтэрактыўныя ўрокі, раскрываць патэнцыял сваіх вучняў і фарміраваць новую адукацыйную культуру, у якой тэхналогіі служаць інструментам для глыбокага ра­зумення і праяўлення творчасці.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Вольгі Кісловай