Як Цімур Халілаў трапіў у педагагічную каманду: мэтавік з Гарадка прыступіў да работы ў роднай школе не ў жніўні, а на паўгода раней. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Невыпадковае рашэнне

— Цімур Русланавіч, вашы старэйшыя калегі з сярэдняй школы імя А.П.Сабалеўскага прагаварыліся, што вучнем вы былі не з ціхмяных-паслухмяных. Калі шчыра, дырэктар на дыван выклікала?
— Здаралася, бо я мог часам пасваволіць. У прынцыпе, даволі тыповая з’ява для ўзросту, калі актыўна фарміруецца характар. Пачаў адчуваць у школе смак самастойнасці, быў ініцыятыўным, рухавым і на ўсё меў сваё меркаванне. Адказнасці ж мне крыху не хапала. Вучоба давалася лёгка, але асаблівага жадання вучыцца ў мяне не было. І мэты не было, яна толькі ў старшых класах з’явілася. Вось тады я сур’ёзна ўзяўся за розум. Найбольш паўплывала на гэта тое, што я нацэліўся паступаць ва ўніверсітэт на педагагічную спецыяльнасць. Зыходзячы з вышэйсказанага, мой выбар можа здацца парадоксам ці выпадковасцю. Насамрэч не. Гэта быў эфект скаардынаванай работы сям’і і школы. Дома ў пэўны момант бацька паставіў мяне перад фактам: “Ты здольны вучыцца ва ўніверсітэце. Прафесію выбірай сам, аднак твой план — пасля 11 класа вышэйшая адукацыя. Як станеш дарослым, рабі што хочаш, а пакуль без варыянтаў”. Мне самому стала цікава паспрабаваць. Калі б я катэгарычна не захацеў, то мяне ніхто не прымусіў бы.
— Вы казалі пра ўплыў сям’і і школы на прафесійны выбар. Дзе найбольш ярка праявілася ўздзеянне школы?
— Відаць, настолькі дапякло хадзіць у дырэктарскі кабінет на разбор палётаў, што аднойчы я прыйшоў па мэтавае накіраванне. Гэта, канечне, жарт, а калі сур’ёзна, то гутаркі з дырэктарам Нінай Мікалаеўнай Яфрэмавай, безумоўна, аказалі на мяне ўплыў. У гэтым сэнсе яна класічны, добры кіраўнік педкалектыву: строгая, але справядлівая і заўсёды зыходзіць з інтарэсаў вучня. А яму часам трэба дапамагчы разабрацца ў прыярытэтах, штосьці параіць, прычым дасведчана і, што немалаважна, пераканаўча. Не ад кожнага тую навуку падлетак прыме як кіраўніцтва да дзеяння, бо неабходны давер і павага. Нашаму дырэктару я са школьных гадоў давяраю і прыслухоўваюся. Але найперш вучань бярэ прыклад з настаўнікаў. Дзякуй усім педагогам, якія разам з ведамі ўклалі ў мяне часцінку сваёй душы і жыццёвай мудрасці. У школе мне асабліва падабаліся геаграфія і матэматыка. Ездзіў на алімпіяды па геаграфіі. Прычым цікавасць да прадмета вырасла з захаплення асобай настаўніцы. Што тычыцца матэматыкі, то тут было ідэальнае супадзенне: мае інтарэсы, прыродныя задаткі і настаўніца, з якой я адчуваў сябе на адной хвалі. Геаграфію ў нас вяла Ларыса Іосіфаўна Наумёнак, а матэматыку — Вольга Анатольеўна Сарынава.
Буду настаўнікам!
— У кожнага чалавека ў жыцці быў любімы настаўнік. Што, па-вашаму, вылучае такіх педагогаў?
— Яны майстры сваёй справы і працуюць з дзецьмі на роўных: зацікаўлена вучаць, а не павучаюць. Несумненна, такія настаўнкі паслужылі для мяне прыкладам і матывацыяй: “Педагагічная спецыяльнасць? Чаму б і не!”
Настаўнічаць, лічу, лепш у роднай школе. Без высокай патэтыкі: тут усё блізкае і знаёмае, радзіма, дом. Аптымальны шлях відавочны — мэтавае накіраванне.
Мае намеры ў школе падтрымалі. Дырэктар пераканала адказных спецыялістаў у райвыканкаме (накіраванні тады выдаваў аддзел па адукацыі), што такі кадр школе патрэбны. Стаяла яшчэ адно ключавое для абітурыента пытанне: дзе вучыцца? На прафарыентацыйныя мерапрыемствы да нас ў Гарадок прыязджалі ў тым ліку прадстаўнікі ВДУ імя П.М.Машэрава. Універсітэт даволі папулярны ў моладзі. Параўноўваў яго потым з БДУ, БДУІР: як па матэрыяльна-тэхнічнай базе, так і па педскладзе, адносінах да студэнтаў ВДУ на вышыні. А спачатку я прыехаў у Віцебск на дзень адкрытых дзвярэй, каб даведацца пра магчымасці і ўмовы вучобы. Падкупіла, што там прапаноўвалася сумешчаная спецыяльнасць: можна было стаць настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі і праграмістам. З дзяцінства маім моцным захапленнем былі камп’ютары і ўсё, што з імі звязана. Самастойна вывучаў стварэнне сайтаў, мовы праграмавання. Паспяховасць па інфарматыцы меў на ўзроўні 8—10 балаў. Хаця часам спісваў.
— Навошта выдатніку спісваць?
— Вось характэрная педагагічная сітуацыя. Памятаю, на ўроку падглядваю ў тэлефоне заданне. Настаўнік гэта заўважае, аднак не перашкаджае, бо ведае, што рашэнне гэтай задачы ў рашэбніку — з памылкамі. Ён чакае, я выконваю, здаю. Педагог здзіўлены: правільна! “Як табе ўдалося? — пытаецца. — Ты ж спісваў, там нерабочае ўсё!” — “Спісваў, — прызнаюся я, — а памылкі ў працэсе заўважыў і выправіў.” У выніку замест заўвагі мяне пахвалілі. Напрацаваная школьная і дадатковая база спатрэбілася ва ўніверсітэце: на 1 курсе мне было прасцей у параўнанні з аднагрупнікамі, якія ў школе не займаліся праграмаваннем звыш праграмы. Калі паступаў, мяне сур’ёзна прываблівала перспектыва аднойчы пайсці ў ІТ-сферу. Па сутнасці, толькі ў студэнцкую пару я ўпершыню ўсвядоміў, што хачу працаваць настаўнікам не менш, чым праграмістам. А неўзабаве настаў момант, калі цвёрда вырашыў: буду менавіта настаўнікам.
Працоўны вопыт
— У школу вы вярнуліся з немалым працоўным вопытам. Як яго атрымалі?
— З 18 гадоў я працую, не магу сядзець без справы і на бацькоўскіх грашах. Першае маё рабочае месца было не ў школе, а на вытворчасці, у студатрадзе: мы збіралі на “Атланце” халадзільнікі. Потым уладкаваўся ў папулярную сетку хуткага харчавання. Раніцай — на пары ва ўніверсітэт, а пасля — у інтэрнат, крыху паспаць — і на работу, пасля начной змены амаль без перапынку — зноў на пары. Паўгода пратрымаўся, але жыць у такім тэмпе, працаваць якасна і вучыцца з высокай паспяховасцю нават жалезнага здароўя не хопіць — звольніўся. А тут якраз мой сябар прапанаваў падпрацоўку. Ён выкладаў дзецям праграмаванне і робататэхніку ў аб’яднанні па інтарэсах. Збіраўся перайсці на іншае месца работы, аднак не хацеў звальняцца, пакуль не знойдзе замену. Ён быў маім суседам па інтэрнаце, таму я рэальна ўяўляў будучыя ўмовы работы — і па яго аповедах, і па назіраннях за тым, як ён рыхтаваўся да заняткаў. Я і сам яму перыядычна дапамагаў: мы раіліся, удваіх нешта прыдумвалі. Карацей, мяне прынялі. Дзякуючы той рабоце, ува мне прачнуўся настаўнік. Да таго ж ва ўніверсітэце пачаліся практыкі — усе я правёў у роднай школе.
— Складана было весці першыя ўрокі?
— Страшнавата. Цяжкасці ў любым развіцці непазбежныя, проста з вопытам мяняюцца ўяўленні пра складанае. На старце педагагічнай дзейнасці мне дапамаглі дзве рэчы. Па-першае, я зразумеў, што мне рэальна падабаецца, а па-другое, што ў мяне добра атрымліваецца.
Яшчэ я памятаў, як да мяне адносіліся любімыя настаўнікі, і праецыраваў гэта на сваю работу. Вельмі многае ў паспяховасці вучняў залежыць ад педагога: як ён выкладае матэрыял, як будуе ўрок, як паводзіць сябе. Калі дзіця па нейкай прычыне абыякава ці нават негатыўна ставіцца да вучобы, часам варта паспрабаваць зацікавіць яго сваёй асобай і праз гэта прадметам, каб вучню захацелася ісці за настаўнікам. Для гэтага трэба пастаянна развівацца, быць у курсе навін, акрамя ведаў па прадмеце, мець добрую агульную эрудыцыю. Варта па-чалавечы адносіцца да дзяцей, і разам з тым не скаціцца ў панібрацтва. Інакш кажучы, неабходна самому адчуваць баланс і ўмець дзецям абазначыць мяжу, дзе заканчваюцца сяброўскія адносіны і пачынаецца настаўніцкая строгасць. Гэта трэба адчуць. Я адчуў, і цяпер такі кантроль амаль на аўтамаце адбываецца. Безумоўна, яшчэ важна валодаць методыкай, у якой ярка праяўляецца настаўніцкая індывідуальнасць.
— У прынцыпе, методыку выкладання здольны асіліць любы дарослы чалавек, калі ён паступіў ва ўніверсітэт…
— А з ліста або манітора прачытаць матэрыял па тэме ўрока ўвогуле можа кожны, уключаючы вучняў. Пытанне іншае: ці зможаш ты перадаць веды дзецям? Задача настаўніка — сітуатыўная інтэрпрэтацыя, гэта значыць, з улікам падрыхтаванасці, настрою дзяцей так расказаць сваімі словамі матэрыял, каб кожнаму ў класе стала зразумела і цікава. Тут, па-мойму, на першы план выходзяць прыродныя здольнасці да настаўніцтва. Дарэчы, многія мае маладыя калегі баяцца канфліктаў з бацькамі вучняў. У мяне здараліся выпадкі, калі бацькі прыходзілі разбірацца, іх нешта не задавальняла. Але мне заўсёды ўдавалася ўстанавіць з імі кантакт. Трэба не баяцца, а размаўляць. Даць выгаварыцца, не дапускаючы некарэктнасцей. Патлумачыць свой пункт погляду. Абавязкова знайсці, за што пахваліць дзіця. Супакоіць бацькоў, сказаўшы, што катастрофы няма, падказаць выйсце, як ты яго бачыш. Настроіць на сумесную работу.
У роднай школе

— А якім чынам вы апынуліся ў Гарадку на пасадзе педагога-арганізатара?
— У мінулым сакавіку, калі набліжалася практыка, прама спытаў у дырэктара: “А можна, каб я і практыку праходзіў, і падпрацоўваў паралельна? Ці ёсць нейкія вакантныя месцы, гадзіны?” Чуў, што так знаёмыя студэнты ў Віцебску рабілі. У выніку мяне прынялі педагогам-арганізатарам. Гэта каласальны вопыт, вельмі карысны. Я бліжэй пазнаёміўся з калегамі, навучэнцамі і нібыта родную школу адкрыў для сябе нанова — не як вучань або практыкант. Вялікі ўклад у тое, што гэты дэбют атрымаўся ўдалы, унесла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Мікалаеўна Дымская. Яна падбадзёрвала, калі ў мяне апускаліся рукі, вучыла складаць планы, настаўляла ў тых момантах, дзе аднаму справіцца мне было б цяжка. Увогуле, уся кіраўніцкая каманда школы і настаўнікі дапамагалі мне пры неабходнасці. Неўзабаве я пачаў сам арганізоўваць мерапрыемствы. Напрыклад, урачыстасці ў школе, прысвечаныя 9 Мая і 80-годдзю Перамогі. А з 15 жніўня я афіцыйна ў статусе маладога спецыяліста, які прыбыў па мэтавым размеркаванні. Працую па спецыяльнасці — настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі. Прапаноўвалі і педагогам-арганізатарам застацца, але вырашыў сканцэнтравацца на настаўніцкай рабоце. Нягледзячы на пэўны вопыт, зразумела, засталося шмат нюансаў, якія пакуль мне невядомыя. Гэта нармальна. На пасадзе настаўніка і ў нашым калектыве мне камфортна. Цікава выбудоўваць адносіны з дзецьмі, праводзіць урокі. Прыемна назіраць, як вучні стараюцца, прыслухоўваюцца да мяне, паспяхова засвойваюць вучэбны матэрыял.
— Дзе сустрэнеце Дзень настаўніка?
— Цяжка сказаць, бо дзесьці праз некалькі дзён мяне выклікаюць у ваенкамат. Да тэрміновай службы адношуся станоўча. Думаю, што я гатовы да выканання воінскага абавязку. Як працуецца ў школе, больш-менш ведаю, цяпер хачу паглядзець, як служыцца ў арміі. Загадваць далёка наперад — няўдзячная справа. Калі гаварыць пра работу, то мой план № 1 на перспектыву — пасля арміі вярнуцца ў школу.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





