Настаўнік фізікі школы № 14 Оршы Вадзім Пабойнеў ператварае свае ўрокі ў захапляльныя эксперыменты

- 9:00Школьный физмат

Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 14 Оршы Вадзім Пабойнеў ператварае свае ўрокі ў захапляльныя эксперыменты. Педагог плануе трэці раз прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і прадставіць на суд экспертаў свае цікавыя знаходкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З пачуццём “вау!”

— Папярэдні ўдзел у конкурсе надаў мне большай упэўненас­ці ў сабе і яскрава засведчыў: няма нічога недасягальнага. Гэта была свое­асаблівая школа вынослівасці і загартоўкі характару. Зразумела, калі ты прайграеш, знойдзеш тысячу прычын і тлумачэнняў гэтага: не так на цябе паглядзелі, не так зразумелі, не тыя балы налічылі і г.д. А потым, усё асэнсаваўшы і ўзважыўшы, разумееш, чаму атрымаўся пэўны вынік. І гэта ўмацоўвае дух, загартоўвае, дае сілы і натхненне. Зараз на старце новага конкурсу з’явіліся цікавыя ідэі, якія можна было б прадэманстраваць. І я падумаў: а чаму б не паспраба­ваць яшчэ раз? — адзначае Ва­дзім Алегавіч.

У педагогіку Вадзіма Пабойнева прывяла дапытлі­васць. Спачатку ўласная — а чаму менавіта так адбываецца? — да фізікі, да прыроды з’яў, да законаў, якія кіруюць светам. Яшчэ ў 5 класе хлопец ра­забраў лямпачку, няправільна злучыў правады, чым выклікаў кароткае замыканне. За што, дарэчы, атрымаў наганяй ад бацькоў.

Цікавасць да прадмета падагрэў у Кубліцкай сярэдняй школе Ушацкага раёна настаўнік фізікі Уладзімір Юр’евіч Краўчанка, які прынёс свайму выхаванцу старую патрапаную кнігу, дзе апісваліся займальныя доследы.

Асабліва ўразіў Вадзіма эксперымент з газетнай паперай, якую неабходна было нацерці і прыкласці да печкі, а потым выключыць святло і дакрануцца да гэтай паперы нажніцамі. Відовішча неверагоднае — паміж паперай і нажніцамі прабягала іскра. І вось гэтае пачуццё “вау” — аказваецца, фізіка спрацоўвае, і гэта так цікава! — і прывяло хлопца ў прафесію.

Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава малады настаўнік накіроўваецца ў школу і ўжо 16 гадоў раскрывае вучням таямніцы фізікі.

— У школе я працую больш, чым існуе ТikTok, але менш, чым табліца Мендзялее­ва, — жартуе педагог. — І застаўся ў прафесіі не толькі таму, што ўмею тлума­чыць законы Ньютана ці рашаць задачы, а таму, што бачу, як у вучняў загараюцца вочы, калі яны разуме­юць тэму. Памятаю першы свой урок, калі пасля дэманстрацыі доследу адзін вучань спытаў: “Гэта што, рэальнасць можа быць ілюзіяй?” У гэты момант я зразумеў, што фізіка — гэта не формулы ў пад­ручніку, гэта шлях да здзіўлення, да мыслення. А такія эфектныя, яскравыя доследы — фундамент матывацыі.

Работа з дзецьмі патрабуе вялізнага цярпення, любові і самааддачы. Гэта нават не работа ў класічным разуменні. Гэта лад жыцця, пры якім мы становімся маладымі і поглядамі, і душой: пастаянна трымаем сябе ў тонусе, каб не адстаць ад часу.

Сваю задачу педагог ба­чыць у фарміраванні дапытлівага, думаючага маладога чалавека. Для Вадзіма Пабойнева важна не колькасць выдатнікаў, а коль­касць дзяцей, якія перастаюць баяцца прадмета і задаюць на ўроку і пасля яго пытанні.

— У 7 класе навучэнцы пачынаюць вывучаць фізіку і праяўляюць да яе непадробленую цікавасць, аднак гэтая цікавасць лянівая, — гаво­рыць Вадзім Алегавіч. — Вучні ўспрымаюць фізіку як відовішча, а для большага паг­лыблення ім па-ранейшаму патрэбен праваднік — захоплены настаўнік, які дапаможа перайсці ад прагляду ролікаў на YouTube і ў TikTok да рэальных эксперыментаў і адкрыццяў.

Фізіка — гэта навука аб прыродзе, а прыроду трэба вывучаць праз дзеянне, упэўнены педагог. Калі навучэнцы бачаць, як працуюць законы фізікі ў рэальнасці, яны запамінаюць матэрыял значна лепш, чым калі б проста завуч­валі параграфы.

Для захаплення школьнікаў прадметам Вадзім Алегавіч уключае ў навучанне невялікія эксперыменты, простыя па выкананні, якія не патрабуюць фізічных прыбораў і спецыяльнага абсталявання, з таго матэрыялу, што заўсёды пад рукой і акружае нас у што­дзённым жыцці: пустыя бутэлькі, накрыўкі, ніткі, зубачысткі, зерне, абгорткі ад цукерак, вяроўкі, паветраныя шарыкі, скотч і інш. Асаблі­васць іх прымянення заключаецца ў тым, што навучэнцам даецца магчы­масць сваімі рукамі правесці эксперымент, унікнуць у тую ці іншую тэму, разабрацца.

Каб прыцягнуць клас у актыўную пазнавальную дзей­насць, настаўнік арганізуе групавую альбо парную работу, бо часта вучні адно аднаму на сваёй мове мо­гуць патлумачыць матэ­рыял лепш за настаўніка. У іх выпрацоўваюцца навыкі работы ў камандзе, камунікацыі, адказнасці за атрыманы вынік. Эксперыментальныя заданні, якія прапануе педагог, могуць быць аднолькавымі для ўсіх альбо рознымі. Звычайна заданні падбіраюцца ў залежнасці ад класа і ўзроўню развіцця ў вучняў эксперыментальных уменняў.

Так, пры вывучэнні тэмы “Трэнне. Сіла трэння” ў 7 класе В.Пабойнеў дэманструе праб­лемны эксперымент па захрасанні драўлянай зубачысткі ў бутэльцы з рысам. Педагог знаёміць вучняў з трэннем, прычынамі яго ўзнікнення. На этапе замацавання прапаноўвае навучэнцам выканаць франтальнае эксперыментальнае заданне: назіранне вертыкальнага руху непразрыстага шарыка на нітцы. Абсталяванне атрымлівае кожная пара навучэнцаў, тым самым усе маюць магчы­масць рабіць эксперыментальнае заданне. Назіраючы за фізічнай з’явай, дзеці заўважаюць, што пры нацягванні ніткі шар спыняецца. У выніку эўрыстычнай гутаркі навучэнцы прыхо­дзяць да высновы, што сіла трэння спыніла шарык.

— Я даю магчымасць старшакласнікам выказаць абсалютна любую версію незалежна ад таго, правільная яна альбо не. І часта атрымліваецца, што яны выда­юць такія варыянты адказаў, што, здаецца, я б сам да гэтага і не дадумаўся. Потым гэтыя гіпотэзы актыўна выкарыстоўваюцца ў даследчай дзейнасці, — заўважае настаўнік.

Практыкуе Вадзім Пабойнеў і дамашні эксперымент, калі той ці іншы дослед (напрыклад, як змясціць варанае яйка ў бутэль­ку) навучэнец разам з баць­камі выконвае дома і здымае відэаролік. Адразу зацікаўліваецца боль­шасць класа, а да канца года ўсе старшакласнікі прадстаўляюць свае відэаролікі.

Выкарыстанне нестандартнага абсталявання пры выкананні эксперыментаў адыгрывае важную ролю ў адукацыйным пра­цэсе: падахвочвае вучняў да крэатыўнага падыходу ў вырашэнні задач, развівае іх творчае мысленне і здольнасці знахо­дзіць нестандартныя рашэнні. Абсталяванне, якое выкарыстоўвае настаўнік, часта звязана з іншымі навукамі, такімі як хімія, біялогія, што садзейнічае інтэграцыі ведаў і фарміраванню ў школьнікаў цэласнага ўяўлення аб навуцы. Практыка паказвае, што менавіта такія эксперыменты, якія вучню можна правесці самому, выклікаюць у яго найбольшую цікавасць і спрыя­юць развіццю экспе­рыментальных уменняў. Ак­рамя таго, гэтыя эксперы­менты дазваляюць больш эфектыўна працаваць са школь­нікамі, якія маюць праблемы ў навучанні.

— Галоўнае для мяне — не прайсці як мага больш тэм, а каб вучэбны матэрыял быў добра засвоены дзіцем. Звычайна ў памяці застаецца тое, што звязана з жыццём, з практычнай дзейнасцю. Разам з вучнямі мы запускалі ў павет­ра ракету, майстравалі цацачныя аўтамабілі і вывучалі механіку, ставілі эксперыменты, звязаныя з атмасфернымі з’явамі. І прыходзячы на вечары сустрэчы, мае выпускнікі прыгадваюць менавіта такія яскравыя моманты, — тлумачыць Ва­дзім Алегавіч.

Работа педагога дае свой плён. Амаль 80% выхаванцаў В.Пабойнева выбіраюць спецыяльнасці, на якія пры паступленні неабходна здаваць фізіку. Навучэнцы паспяхова пішуць і абараняюць даследчыя работы. Так, Аляксандр Мяльто прадставіў рэкуператар паветра — энергазберагальнае вентыляцыйнае прыстасаванне, у якім халоднае паветра падаграваецца за кошт цяпла адпрацаванага пакаёвага паветра. Юнак адзначаны дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.

Новы навучальны год Ва­дзім Алегавіч сустрэў з новымі ідэямі. Акрамя ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік го­да”, педагог плануе развіваць даследчы напрамак: пад­рыхтаваць з вучнямі работу па электрычнасці і прадставіць яе на вобласці. А яшчэ ў планах настаўніка — у новым фармаце правесці тыдзень фізікі. І можна ніколькі не сумнявацца — у Ва­дзіма Пабойнева ўсё атрымаецца!

Наталля КАЛЯДЗІЧ