Запаўняюць «Дзённік радасці» і «Кола ўдзячнасці»: як Іна Барысік з Глуска стварае ўмовы для паспяховасці кожнага вучня

- 10:10Первый учитель

Не аднаму пакаленню дзяцей дала пуцёўку ў жыццё настаўніца пачатковых класаў гімназіі Глуска Іна Барысік. Усмешлівая, жыццярадасная, адкрытая, яна ўразіла мяне з першай сустрэчы. Чым больш размаўлялі, тым больш я пераконвалася, што гэта чалавек шырокай душы, добры, цярплівы, поўны павагі да людзей і любові да дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Іна Аляксееўна сее разумнае, добрае, вечнае на працягу 34 гадоў. Для сённяшніх гімназістаў 2 “А” класа іх першая настаўніца — пяшчотная і клапатлівая, як матуля. “Строгая і добрая адначасова, заўсёды дапаможа, растлумачыць і выслухае”, — расказваюць яе выпускнікі-старшакласнікі. “Працавітая, добрасумленная, спагадлівая і шчырая”, — адзначаюць баць­кі яе падапечных. “Любіць вучыць і ўмее гэта рабіць! Творча працуе, захапляе дзяцей вучобай, дае трывалыя веды”, — дзеляцца калегі.

Дзе ж ён, той пункт адліку, з якога пачынаецца настаўнік, які здольны зра­біць школьную дарогу сваіх вучняў такім займальным і пазнавальным падарожжам?

— Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае асоба педагога, — сцвярджае дырэктар Сяргей Яўгеньевіч Сяргееў. — Настаўнік цікавы вучням, калі цікавы сабе. Жаданне вучыцца абуджаецца ў дзіцяці толькі тады, калі яно адчувае яго ў дарослым чалавеку. Толькі ўласным прыкладам настаўнік можа абудзіць у вучняў прагу да ведаў, выхаваць любоў да жыцця, бацькоў і Радзімы, адкрыць яркія таленты.

На яго думку, менавіта такія педагогі працуюць у гімназіі. І мая суразмоўніца — адна з іх.

Лёс прывёў Іну Барысік з Караганды ў Глуск — на радзіму мужа, якая і стала для яе родным краем.

— Для мяне галоўнае, каб дзецям было псіхалагічна камфортна і яны хацелі ісці на ўрок, — гаворыць Іна Аляксееўна.

На яе думку, жаданне даведвацца новае — гэта і ёсць жаданне вучыцца:

— Мой урок — гэта прастора, у якой дзіця вучыцца на сваім вопыце. Я вучу праз гульню, творчасць і рэальныя справы.

Метадычная скарбонка І.А.Барысік на­ліч­вае шмат унікальных прыёмаў, скіраваных на падтрыманне ў дзіцяці жадання авалодаць ведамі.

Перш за ўсё гэта навучанне праз квесты і гульнявыя заданні, калі звычайны ўрок ператвараецца ў міні-прыгоды. Напрыклад, на матэматыцы ў гульнявых сітуацыях найлепшым чынам спалучаюцца арыфметыка, маўленне і логіка. Яшчэ адзін цікавы фармат навучання — “Нясумная лабараторыя”: дзеці выконваюць вясёлыя доследы, вывучаюць фізічныя з’явы і простыя хімічныя рэакцыі.

У фокусе ўвагі педагога — фарміраванне эмацыянальнага інтэлекту і культуры зносін. Кожны панядзелак у пазаўрочны час калектыўна запаўняецца дзённік радасці. Дзеці выказваюць здагадку, што добрага ўжо адбываецца ці можа адбыцца. Як кажуць, праекціруюць пазітыў. Традыцыя з’явілася пасля таго, як класная зацікавіла дзяцей і бацькоў творам “Паліяна” Элінор Портэр. Усе — ад малога да вялікага — літаральна захапіліся гісторыяй пра дзяўчынку з дзіўным талентам знахо­дзіць радасць у любой сітуацыі. Гульня ў ра­дасць палюбілася ўсім, бо выпрацоўвае звычку аптымістычнага стаўлення да жыцця. І мае працяг. Па пятніцах кожны можа адчуць сябе на вышыні ў “Коле ўдзячнасці”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адзначаюць, за што ўдзячны сваім аднакласнікам, бацькам, настаўнікам. Такая станоўчая рэфлексія гімназічнага тыдня вучыць паважаць адно аднаго і іншых, выказваць пачуцці словамі.

Работа з бацькамі як з роўнымі парт­нёрамі — надзейны спосаб згуртавання класнага калектыву, сям’і і школы. Іна Барысік ніколі не піша ў дзённіках і не выказ­вае вучням і бацькам заўвагі, якія гучаць як прысуд. Наадварот, яна не стамляецца разважаць над сваёй працай, зноў і зноў шу­каць адказ на галоўнае пытанне: як абудзіць і падтрымаць у дзіцяці жаданне вучыцца? Іна Аляксееўна лічыць сваёй галоўнай задачай выхоўваць у вучнях дабрыню, спагаду, чалавечнасць.

— Ярлык, ці слоўнае кляймо, асабліва ў дашкольным узросце, у пачатковых класах, можа даць штуршок стыгматызацыі дзіцяці, адчужэнню яго ад класнага калектыву, зніжэнню яго самаацэнкі і ацэнкі навакольных і нават фарміраванню комплексу… А гэта можа значна паменшыць магчымасці дзіцяці да навучання і негатыўна паўплываць на ўсё далейшае жыццё.  І наадварот, больш высокія чаканні могуць заахвоціць дзіця, — упэўнена педагог.

Іна Аляксееўна стварае ўмовы для паспяховасці кожнага вучня. Булінгу ў гімназіі ўвогуле не месца, а калі ёсць неабходнасць дапамагчы дзіцяці напрацаваць аўтарытэт, то сродкі для гэтага заўсёды знойдуцца. Перш за ўсё гэта адказнае даручэнне. Напрыклад, дзяжурства па класе. Дзеці прывыкаюць да таго, што гэта сапраўды ганаровая місія. А замацоўваецца такое ўяўленне проста: з самай раніцы на класнай дошцы з’яўляецца партрэт дзяжурнага. Публіч­насць абавязвае! Павага з боку іншых пачынаецца з павагі дзіцяці да сябе. І яшчэ адзін цікавы момант: адказна праявіўшы сябе, дзяжурны ў суправаджэнні педагога, якая трымае яго за руку, нясе ў настаўніцкую класны журнал, ставіць на палічку. У Іны Аляксееўны нямала прыкладаў, калі дзіця пры падтрымцы і веры ў яго магчымасці паступова раскрывалася ўнутрана, павышала самаацэнку, вырастала ў вачах іншых. Як тут не прыгадаць гісторыю яе выпускніка з адметным пісьменніцкім талентам. Не адразу ён стаў прызнаным казачнікам і пачынаючым пісьменнікам-фантастам, паспяховым вучнем і алімпіяднікам адначасова. Чулы педагог своечасова заўважыла, што дзеці спрабавалі “ўзважыць” рэальнасцю казачныя сюжэты аднакласніка. Неабходна было дапамагчы вучню паверыць у сябе. Урокі з элементамі творчасці, тыдні казкі, конкурсы на самую цікавую казку ад першай асобы, “Чароўныя прыгоды вачыма герояў” і іншыя захапляльныя заняткі і мерапрыемствы дапамаглі дзецям адчуць стваральную сілу казкі і разгледзець побач зорку гэтага жанру. Відавочна, што настаўнік пачынаецца з вучня, у якога паверыў. А школа — з першага настаўніка, які пакарыў сэрца вучня.

Міні-праекты, якія ствараюць і выконваюць вучні самі, заўсёды на ўра. Кожны месяц у класе праходзіць “Праект тыдня”. Напрыклад, міні-праекты “Мая сям’я”, “У свеце прафесій”. Дарэчы, патрыятычны, краязнаўчы акцэнт заўсёды ў прыярытэце: “Мая вуліца”, “Помнікі нашага горада”. Напярэдадні любімых зімовых свят дзеці з задавальненнем выконваюць праекты “Як сустракаюць Новы год у розных краінах”, “Цудоўная ёлка”. Разам з бацькамі рыхтуюць выставу сувеніраў з розных месцаў нашай краіны і дружалюбнага замежжа, тэматычных паштовак, ладзяць беларускія народныя гульні і танцы з прывязкай да роднай мясцовасці, звяртаюцца да культурных традыцый розных народаў свету. Міні-праект “Самы цікавы лік” — выдатная ідэя для засваення матэматычных паняццяў. Дзеці ствараюць матэматычнае шоу аб ліках з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу, ажыўляюць лічбы ў малюнках. Добрым штуршком для самастойнага спасціжэння загадак і адкрыццяў Сусвету служыць праект “Касмічнае падарожжа”. Маленькія аматары касмічных прыгод вырабляюць макеты Сонечнай сістэмы, ракеты, на якой “падарожнічаюць”. У развіцці маўлення дзяцей і ўпэўненасці ў сабе перавага належыць тэатралізацыі. Галоўнае, на думку Іны Барысік, што дзеці пастаянна прапаноўваюць ідэі, з захапленнем рэалізоўваюць іх.

Іна Барысік упэўнена, галоўнае — выхаваць чалавека. І тут узгадваюцца словы вядомага савецкага педагога Сымона Львовіча Салавейчыка: “Мы выхоўваем не дзіця, а чалавека. Кожнаму чалавеку, колькі б яму ні было, хоць паўгода, трэба, каб яго лічылі чалавекам. Лічыце чалавека за чалавека — больш для выхавання нічога не трэба, тут — праўда, толькі праўда і ўся праўда”.

Яшчэ доўга пасля нашай сустрэчы адчуванне цяпла і дабрыні, якімі шчодра дзеліцца з людзьмі Іна Аляксееўна, не пакідала мяне. Акрамя таго, што яна сапраўдны прафесіянал, яна яшчэ і клапатлівая маці і жонка. Разам з мужам выгадавалі і выхавалі дастойных дзяцей — дзве дачкі і сына, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, творча рэалізоўваюцца ў прафесіі. Яшчэ раз пераконваюся, што таленавіты настаўнік таленавіты ва ўсім, і ў першую чаргу гэта чалавек з вялікім сэрцам.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота з архіва Іны Барысік