Даць матывацыю, далучыць да спадчыны, выхаваць асобу: Вольга Шчыпіла выпрацавала сваю формулу паспяховага навучання

- 13:20Уроки истории

Амаль 20 гадоў Вольга Шчыпіла з сярэдняй школы № 2 Мсціслава не проста перадае веды аб мінулым, а даносіць да навучэнцаў гістарычную праўду, далучае іх да нацыянальнай культуры і традыцый. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Даць матывацыю

— Дзеці зараз даволі прагматычныя. Нярэдка пытаюцца: “Навошта вучыць гісторыю?” Адказ нязменна перарастае ў важныя развагі. Тлумачу, што менавіта гісторыя дазваляе нам разумець сутнасць падзей сучаснасці. Не­здарма гавораць: хто не ведае мінулага, не можа аб’ектыўна ўспрымаць цяперашні час. Цалкам згодна з такім сцвярджэннем. Гісторыя — падмурак нацыі, тыя асновы, якія дапамагаюць зразумець, хто мы і адкуль з’явіліся. Усё гэта даношу да навучэнцаў на ўроках, — падзялілася Вольга Пятроўна.

За некалькі дзесяцігоддзяў Вольга Шчыпіла выпрацавала сваю формулу паспяховага навучання. Педагог пераканана: для эфектыўных заняткаў сухога выкладання фактаў недастаткова, таму стараецца даць вучням матывацыю, бо тады вывучэнне гісторыі ператвараецца ў займальны працэс:

— У структуры ўрокаў выкарыстоўваю разнастайныя метады і тэхналогіі. Але ўпор раблю на візуалізацыю. У навучэнцаў назіраецца кліпавае мысленне. Праз візуалізацыю ім прасцей складаць лагічныя ланцужкі і выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі.

На кожных занятках Вольга Шчыпіла выкарыстоўвае фатаграфіі, плакаты, схемы, табліцы. Для вучняў пачатковых класаў яна самастойна распрацоўвае гістарычныя пазлы, для старшакласнікаў — ментальныя карты. Разам з навучэнцамі настаўніца ажыццяўляе віртуальныя гістарычныя падарожжы.

— Вандруем з дзецьмі па розных гістарычных эпохах. Падрабязна вывучаем падзеі, біяграфіі вядомых людзей. Пасля вучні пішуць сачыненні-эсэ, ствараюць малюнкі. Гэта захапляе школьнікаў і дае ім трывалыя веды, — заўважыла Вольга Пятроўна.

У практыцы Вольгі Шчыпіла выдатна зарэкамендавала сябе выкарыстанне аўтарс­кіх рабочых лістоў. Педагог рэгулярна прымяняе іх на ўроках. Гэты прыём дзейсны ў апісанні пэўнага гістарычнага перыяду.

— Заданні распрацоўваю так, каб вучні шукалі, думалі, сістэматызавалі, параўноўвалі. Дзеці працуюць з картамі, храналагічнымі табліцамі, што садзейнічае глыбокаму разуменню вучэбнага матэрыялу. Гэта вельмi важна. Бо для ўсведамлення сутнасці мінулага мала проста выву­чыць тэму. Трэба яшчэ ўмець аналізаваць, праводзіць паралелі, рабіць высновы, знахо­дзіць ісціну ў шэрагу фактаў, — адзначыла Вольга Пятроўна.

Далучыць да спадчыны

Адной з галоўных сваіх задач Вольга Шчыпіла бачыць захаванне гістарычнай памяці. На яе погляд, у гэтай справе настаўнікі гісторыі наогул павінны быць на перадавых ролях:

— У гістарычнай памяці схаваны вытокі, культурны код нацыі. У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб гісторыя не была забыта. Як педагог таксама ўдзяляю гэтаму напрамку павышаную ўвагу. Стаю на варце мінулага, далучаю дзяцей да спадчыны продкаў. Зразумелай і даступнай мовай расказваю навучэнцам гістарычную праўду, вучу адрозніваць дакладную інфармацыю ад фэйкаў і фальсіфі­кацый.

У захаванні гістарычнай памяці Вользе Шчыпіла істотна дапамагае школьны музей. Яна ўпэўнена, што гісторыю дзеці павінны вывучаць не толькі па падручніках:

— Наш літаратурна-края­знаўчы музей — жывая адукацыйная прастора. Навучэнцы тут падрабязна знаёмяцца з гісторыяй і этнаграфіяй малой радзімы. Усе экспазіцыі інтэрактыўныя. Вучні могуць узяць экспанаты ў рукі, у літаральным сэнсе дакрануцца да мінулага. Музейныя залы развіваюць у дзяцей назіральнасць, паступова ператвара­юць іх у юных даследчыкаў.

Патэнцыял музея настаў­ніца ўсебакова выкарыстоўвае як у арганізацыі ўрокаў, так і ў пазакласнай дзейнасці. Па рэальных прадметах даўніны вучні вывучаюць тэмы “Наш край”, “Рассяленне славян”, “Узнікненне гарадоў”, “Вялікакняжацкая ўлада” і інш.

— Мсціслаўшчына мае багатую старажытную гісторыю. Дзецям заўсёды ці­кава знаё­міцца са знакавымі гістарычнымі перыядамі на прыкла­дзе роднай зямлі. Часта тое, пра што даведваемся ў музеі, падмацоўваем экскурсіямі. Так, незабыўныя эмоцыі ў вучняў пакідае выезд у месца першага паселішча славянскіх плямён крывічоў і радзімічаў у раёне, — расказала Вольга Шчыпіла.

Моцныя ўражанні ў хлопчыкаў і дзяўчынак выклікае наведванне музейнай залы Вялікай Айчыннай вайны. Па архіўных дакументах, успамінах відавочцаў, адметных экспанатах навучэнцы вывучаюць факты генацыду, зверскія расправы фашыс­таў над мірнымі жыхарамі Мсціслава і навакольных вёсак.

— Падзеі ваеннага ліхалецця, напэўна, найбольш яскрава паказваюць вучням значнасць гістарычнай памяці. Бо няма ніводнай сям’і, якую б вайна не закранула. У адных блізкія ваявалі на франтах, у другіх — давалі адпор ворагу ў партызанскіх атрадах, у трэціх — працавалі ў тыле. Мае навучэнцы разумеюць: успаміны пра мужнасць, гераізм і подзвігі прадзедаў павінны захоўвацца праз пакаленні. Гэта наш святы абавязак як нашчадкаў пераможцаў, — заўважыла суразмоўніца.

Выхаваць асобу

У ліку працоўных прыярытэтаў Вольгі Шчыпіла — выхаванне навучэнцаў. Гэтую работу яна таксама будуе на гістарычных арыенцірах:

— Пастаянна нагадваю вучням, што без ведання гісторыі чалавек як дрэва без каранёў. Гісторыя нашай краіны шматгранная, яна прывівае дзецям нацыянальныя духоўна-маральныя каштоўнасці, фарміруе грамадзяніна і пат­рыёта, які ўсведамляе адказнасць і за сваё жыццё, і за лёс Радзімы.

На думку педагога, правільным крокам стала ўвядзенне ў вучэбную праграму новай дысцыпліны, якая дае магчымасць вывучаць айчынную гісторыю ў кантэксце сусветнай.

Зараз навучэнцы разглядаюць грамадскае, культурнае і эканамічнае развіццё Беларусі ў параўнанні з тым, што адбывалася ў той час у іншых краінах і рэгіёнах.

— Гэта станоўча ўплывае і на агульны кругагляд навучэнцаў, і на фарміраванне грамадзянс­кай ідэнтычнасці ў моладзі, — падзялілася Вольга Шчыпіла. — На карысць будзе і асобны раздзел у падручніку, прысвечаны станаўленню незалежнай беларус­кай дзяржавы. За сённяшнімі дзецьмі — наша будучыня. Веданне палітычнага ладу і сацыяльнага курсу краіны дазволіць ім прадаўжаць рух па выбраным народам шляху.

У выхаванні Вольга Пятроўна імкнецца быць для вучняў узорам для пераймання ў праяўленні актыўнай грама­дзянскай пазіцыі. Акрамя ўрокаў, яна займаецца класным кіраўніцтвам, узначальвае музей, вядзе гурток па края­знаўстве. Сумесна са сваімі падапечнымі настаўніца праводзіць розныя даследаванні, складае экскурсійныя маршруты, брашуры і відэафільмы па гісторыі.

— Працую з душой і радую­ся, што такі падыход знаходзіць водгук сярод дзяцей. Удаецца натхняць іх на маленькія адкрыцці, па-сапраўднаму захапляць гісторыяй. Неверагодна ганаруся сваімі вучнямі. Яны рэгулярна выходзяць у пера­можцы рэс­публіканскіх даследчых і інтэлектуальных конкурсаў, праяўляюць сябе на алімпіядах. Вялікая гордасць — выпускнікі, якія вырашылі пайсці па маіх слядах — ста­лі педагогамі, — падкрэсліла Вольга Шчыпіла. — Дасягненне для мяне і тое, што абсалютна ўсе былыя навучэнцы сталі прыстойнымі людзьмі. Цяперашніх вучняў таксама хочацца выхаваць годнымі асобамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара