У прафесійным развіцці важна не стаяць на месцы, лічыць дырэктар школы № 3 Мастоў Аляксандр Хільмановіч

- 13:20Интервью

Дырэктар сярэдняй школы № 3 Мастоў Аляксандр Хільмановіч перакананы: замацаванне маладых спецыялістаў галоўным чынам залежыць ад атмасферы ў калектыве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За 23 гады ў педагогіцы Аляксандр Хільмановіч назапасіў нямала лайфхакаў, дзякуючы якім школа № 3 з’яўляецца неаднаразовым прызёрам штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мастоўшчыны.

— Дыялог з кожным кіраўніком школы заўсёды па­чынаецца з размовы пра ўстанову адукацыі. Як у некалькіх словах ахарактарызуеце сваю?

— Формулай “243+36”, дзе першая лічба — колькасць навучэнцаў, а другая — таленавітых педагогаў. Мая каманда складаецца з творчых, кампетэнтных і высокакваліфікаваных настаўнікаў. Імкнёмся не толькі матываваць дзяцей на поспех, але і падкрэсліваць значнасць любога іх дасягнення, робячы яго здабыткам установы. Мы ствараем асяроддзе, у якім маленькі чалавек верыць у свае сілы і ведае: шлях да поспеху яму падкажа настаўнік.

Каманда педагогаў нашай школы — гэта пераважна людзі з вялікім стажам у прафесіі. Але хапае і моладзі. Сёлета ў якасці маладых спецыя­лістаў да работы прыступілі настаўнік пачатковых класаў і педагог-арганізатар. Абедзве дзяўчыны прыйшлі пасля вучобы ў Ваўкавыскім падкаледжы і пацвердзілі маё перакананне: у каледжах рыхтуюць надзейныя кадры.

Мы і самі нярэдка агітуем дзяцей на выбар такой траекторыі атрымання будучай прафесіі. У старшым звяне па пытаннях прафарыентацыі прадметна працуем з моладдзю ў рамках груп аграрнай і педагагічнай накірава­насці.

— А сябе маладым спецыя­лістам памятаеце?

— Мы часта гаворым пра свядомы шлях у прафесію. Безумоўна, гэта вельмі важна. Для нас адзін з арыенціраў у рабоце — выхаваць сабе змену. Азіраючыся на свой вопыт, магу сказаць: вялікі ўплыў на тое, ці застануцца ў прафесіі маладыя спецыялісты, аказвае ў першую чаргу калектыў, у якім яны апынаюцца на старце.

Калі пачынаў свой шлях у педагогіцы, у краіне не было такіх механізмаў стымулявання і падтрымкі маладых спецыялістаў, як сёння. Зарплата была невялікай, але было дакладнае разуменне таго, што педагогіка — асаблівае асяроддзе. Вельмі хацелася заставацца яе часткай. Спрыяў гэтаму і творчы складнік у зносінах з калегамі і вучнямі. Памятаю, у школе сярод маладых педагогаў сабралася нават тэатральная трупа. Мы разам з вучнямі ставілі невялікія спектаклі да святочных дат. Не для таго, каб перамагчы ў якім-небудзь конкурсе, а проста для стварэння настрою ва ўстанове, часткай якой усе мы былі.

Шчыра прызнацца, вопыт творчай рэалізацыі на сцэне часам аказваецца патрэбным мне і сёння (усміхаецца).

— З пункту гледжання кіраўніка, на чым важна ра­біць акцэнт у развіцці ўстановы адукацыі?

Люблю паўтараць калектыву, што шлях развіцця вызначае пастаянны рух. І дадаю: дасягаючы вышыні, важна памятаць, што дагоняць цябе вельмі хутка.

Наша школа, як сёння кажуць мае вучні, стараецца заставацца ў трэндзе і знешне, і ўнутрана. У гэтым годзе значна змянілася яе тэрыторыя пасля ўстаноўкі сучаснай варк­аўт-пляцоўкі і ўвасаблення ідэй па добраўпарадкаванні, якія падказалі калегі з раённага цэнтра творчасці.

На вынік працуе і педагагічны калектыў. Толькі ў мінулым навучальным годзе пяць нашых вучняў прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Мы заўсёды шукаем новыя напрамкі для руху наперад. Аднымі з першых у раёне пачалі актыўную даследчую дзейнасць у сферы энерга­зберажэння і экалогіі. У мінулым годзе на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” настаўніца пачатковых класаў Таццяна Навіцкая заняла 3-е месца ў намінацыі “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры рэсурса- і энергазберажэння ў навучэнцаў”. Пачынаючы з 2022 года толькі ў гэтым конкурсе заваявана 18 дыпломаў абласнога і раённага ўзроўняў.

З 2025-га ўступілі ў рэспуб­ліканскі адукацыйны праект “Зялёныя школы” і прэтэндуем на атрыманне статусу “Зялёная школа”.

— Аляксандр Яўгенавіч, вы гаворыце, што важна не стаяць на месцы. Якім вы бачыце сваё далейшае прафесійнае развіццё як кіраўніка?

— Развіццё — гэта пастаяннае самаўдасканаленне, пошук новых гарызонтаў. І для мяне як для кіраўніка развіццё — гэта перш за ўсё стварэнне ўмоў для развіцця кожнага члена калектыву, кожнага вучня. Каб нашы настаўнікі маглі рэалізаваць свой патэнцыял, а вучні вырасталі не проста адукаванымі, але і творчымі, ініцыятыўнымі людзьмі.

Сёлета падчас раённай жнівеньскай канферэнцыі ў квартэце з іншымі кіраўнікамі школ і гімназіі Мастоўшчыны выходзіў на сцэну з песняй “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. У маім выпадку гэтае выказванне справядлівае на ўсе 100.

Шлях у педагогіку выбраў нечакана для самога сябе. У хатнім архіве і сёння захоўваецца відэа, дзе я, выпускнік школы, адказваю на пытанне, кім хачу стаць. Што, вы думаеце, я тады сказаў? “Толькі не настаўнікам!” Сустрэча з выдатнымі людзьмі ў прафесіі прымусіла карэнным чынам перагледзець свой адказ на тое пытанне — праз гады вучобы ва ўніверсітэце і падчас атрымання першага прафесійнага вопыту.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара