Урокі настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 12 Барысава Настассі Гвоздзь вучаць дзяцей разумець мінулае і аб’ектыўна аналізаваць сучаснасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сувязь пакаленняў
Адзін з самых любімых перыядаў Настассі Віктараўны — гісторыя старажытных часоў. Менавіта з гэтага раздзела працягваюць знаёміцца з прадметам вучні 5 класа.
— Ёсць памылковае меркаванне, што гісторыю ў 5 класе толькі пачынаюць вывучаць, — тлумачыць педагог. — Як прадмет — безумоўна, але ж знаёмства з гісторыяй пачынаецца яшчэ ў 4 класе падчас вывучэння курса “Мая Радзіма — Беларусь”. На ім не фарміруюцца гістарычныя веды — храналогія, картаграфія, работа з гістарычнымі паняццямі, але дзяцей уводзяць у гістарычны экскурс. Як вынік, у 5 клас яны прыходзяць падрыхтаваныя для ўспрымання гісторыі як навукі.

Старажытны свет — гэта вельмі захапляльны перыяд. Упершыню дзеці пра яго даведваюцца, калі на ўроках літаратуры ў пачатковых класах чытаюць міфы і легенды. У 5 класе Настасся Віктараўна дапамагае ім пашырыць веды:
— Са старажытнай гісторыяй вучні сутыкаюцца і ў рэальным жыцці. Яны ведаюць, што знойдзены на вуліцы камень — гэта абломак старажытнага ледавіка. Мне вельмі падабаецца, што да мінулага можам дакранацца разам, а яшчэ рада дапамагаць дзецям фарміраваць усвядомлены падыход да навучання. 6 клас — таксама цікавы этап у жыцці школьнікаў. Гэта той час, калі вывучаецца гісторыя роднага краю, Беларусі, у тым ліку раздзелы па малой радзіме.
Больш сур’ёзна да вывучэння дысцыпліны падыходзяць вучні старшых класаў: яны маюць уяўленне пра падзеі, якія адбываюцца ў свеце, і могуць па-рознаму іх ацэньваць і трактаваць. Што можна зрабіць для таго, каб сусветная гісторыя ўспрымалася правільна?
— Два гады назад педагогі Барысаўскага раёна прымалі ўдзел у абмеркаванні курса “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Мы разглядалі праграмы, падручнікі, выказвалі свае думкі, сустракаліся з міністрам адукацыі. Андрэй Іванец трапна заўважыў, што адукацыя — гэта той фундамент, які дае магчымасць апынуцца ў будучыні, адчыніць перад сабой усе дзверы. Але галоўным застаецца пытанне, якім ты зойдзеш у гэтыя дзверы чалавекам, грамадзянінам. На адной з рэспубліканскіх педагагічных нарад Прэзідэнт сказаў, што той з нас, хто ведае гісторыю Беларусі, — сапраўдны беларус, а не тутэйшы, ён не згубіцца ні ў адным кутку Зямлі.
Наша задача — не проста навучыць асноўным паняццям, датам, азначэнням, а стварыць цэласную карціну, паказаць кожнаму маленькаму вучню, што ён — грамадзянін сваёй краіны, носьбіт каштоўнай гістарычнай культуры Беларусі і ў той жа час частка сусветнай супольнасці, — лічыць педагог.
Важны экспанат
Настасся Віктараўна расказала, што любіць будаваць урок на аснове асобаснага падыходу:
— Праблема гісторыі ў тым, што тыя падзеі, якія вывучаюцца, адбыліся даўно, яны ад нас далёкія. Мы разумеем, і дзеці таксама, што вайна — гэта дрэнна, гэта пра боль, разбурэнне, голад. Але калі гістарычнае разуменне будуецца паводле асабістага, свайго мінулага — на прыкладзе бабулі, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны была маленькай і падтрымлівала сувязь з партызанскай брыгадай, на аснове дзядулевых ордэнаў і медалёў, — гісторыя ўспрымаецца не проста як гісторыя вялікай краіны. Яна становіцца роднай, зразумелай і даступнай для кожнага вучня. Мне падабаецца тэндэнцыя, што многія пачалі складаць сямейныя радаводы. Дзеці з бацькамі збіраюць рэдкія дакументы, ювелірныя ўпрыгажэнні, пашпарты, білеты членаў камуністычных партый продкаў, а пасля прыносяць гэтыя архівы на ўрок, каб расказаць пра перыяд, які вывучаем, з пункту гледжання сваёй сям’і. Гэта дазваляе раскрыцца кожнаму вучню, нават не самаму моцнаму: падчас аповеду пра сваіх родных гісторыя для яго становіцца персаналізаванай.
Найбольш распаўсюджаным экспанатам сямейных архіваў з’яўляюцца фатаграфіі. Часта менавіта на іх аснове педагог будуе заняткі.
— Фатаграфіі для сучаснага чалавека — гэта не проста крыніца гістарычнай інфармацыі, але і частка культурнай прасторы, — зазначае педагог. — Развіццё інфармацыйнага грамадства ў значнай ступені павысіла медыяадукацыйны патэнцыял фатаграфіі. Таму заданні, звязаныя з яе аналізам, з’яўляюцца асабліва значнымі ў выкладанні гісторыі, бо развіваюць крытычнае мысленне вучняў і дапамагаюць фарміраваць вучэбна-пазнавальныя і медыяінфармацыйныя кампетэнцыі.
З вопыту настаўніцы, работу з фатаграфіямі на ўроках гісторыі трэба пачынаць менавіта з даследавання сямейнага фотаархіва. Гэта дапаможа вучням самастойна вызначыць, хто сфатаграфаваны, калі і дзе быў зроблены здымак.
Далей работа можа быць працягнута ў форме праектнай дзейнасці па выяўленні сямейна-роднасных сувязей і складаецца з такіх этапаў, як пошук, апрацоўка і сістэматызацыя фота. Аналізуючы простыя выявы, навучэнцы паступова пераходзяць да аналізу здымкаў, якія адлюстроўваюць больш складаныя працэсы жыцця і грамадства.
Музейныя ўрокі, работа з архівамі, сустрэчы са сведкамі важных падзей збліжаюць дзіця з мінулым і робяць гістарычны працэс зразумелым. Метады, якія апісвае педагог, працуюць для навучэнцаў кожнага класа, галоўнае — правільна выкарыстоўваць інфармацыю:
— Калі шасцікласніка можна проста прывесці ў музей, растлумачыць яму гістарычны матэрыял на аснове археалагічнай калекцыі, то з навучэнцамі 10 класа ўсё інакш. Улічваючы, што старшыя класы з храналагічна-падзейнага этапу перайшлі на этап вывучэння канцэнтра, яны самі ўсё могуць нам расказаць, бо валодаюць базай. Калі гаварыць пра гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай, то ў 10 класе вучань здольны правесці паралелі і аналогіі з развіццём іншых цывілізацый і дзяржаў.
Аналізуючы новы падручнік, педагог заўважае, што ў яго добры метадычны складнік. Візуалізацыя, якая ў ім закладзена — ілюстрацыі, карты, картасхемы, стужкі часу, — дазваляе перанесці гістарычны працэс з абстрактнага на рэальны. Сярод пераваг дапаможніка і тое, што ён дапоўнены многімі гістарычнымі крыніцамі. Гэта сёння вельмі важна, бо ў прыярытэце — функцыянальная адукаванасць.
— Вучні павінны ўмець чытаць і бачыць адказы на пытанні, — зазначае настаўніца гісторыі. — У падручнік дабаўлены ўрокі-практыкумы, урокі-абагульненні, якія таксама прадугледжваюць набыццё шэрага навыкаў, у тым ліку картаграфічных, храналагічных, работу з гістарычнай асобай, аналіз і сінтэз матэрыялаў з розных крыніц.
Дыялог на роўных
Работа з матываванымі дзецьмі для Настассі Віктараўны — гэта дыялог на роўных. Прыклад настаўніцы іх матывуе і пабуджае да перамог.
— Навучэнцы, якія больш за іншых захапляюцца гісторыяй, заўсёды гатовы да даследаванняў, удзелу ў конкурсах, — падкрэслівае педагог. — Мы можам пахваліцца тым, што ў школе прымяняецца міжпрадметны падыход. Ужо 7 гадоў вучні вывучаюць кітайскую мову як асноўную і, прымаючы ўдзел у шматлікіх конкурсах, актыўна карыстаюцца ёй. Так, у мінулым годзе дзеці падрыхтавалі экскурсію па Барысаве, па тых мясцінах, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны знаходзіліся канцэнтрацыйныя лагеры. Пасля прэзентавалі яе на кітайскай мове. Нашы школьнікі таленавітыя і цікавяцца не толькі вывучэннем замежнай мовы, але і гісторыяй роднага краю.
Краязнаўчая работа — вялікая прастора для дзейнасці. Настасся Гвоздзь заўсёды шукае сувязь мінулага з сучаснасцю. Педагог ганарыцца, калі тэму, нагоду для даследавання заўважаюць яе вучні, і прыводзіць цікавы прыклад:
— Недалёка ад школы знаходзяцца могілкі. Калісьці даўно, яшчэ ў царскія часы, на іх месцы адбылося крушэнне цягніка, — з ім звязаны першыя пахаванні на адзначанай тэрыторыі. Калі дзеці хадзілі прыбіраць тэрыторыю ля помніка савецкім воінам, які знаходзіцца там жа, непадалёк заўважылі незвычайны помнік — ён быў ім незразумелы. Вучні звязаліся з мясцовым архівам і даведаліся гісторыю яго ўстаноўкі.
Настасся Віктараўна ўпэўнена: нельга вучыць дзяцей таму, што не цікава самому педагогу:
— Мяне прываблівае таксама савецкая гісторыя — яна простая і даступная. Многія недаацэньваюць савецкі перыяд у гісторыі Беларусі. Для нашага пакалення, пакалення дарослых настаўнікаў, усё, што адбывалася ў тыя часы, зразумела, а для тых, хто сёння сядзіць за партай, савецкі час быў вельмі даўно, гэта ўжо далёкае мінулае. Таму даследаванні сённяшнім школьнікам праводзіць лягчэй, бо па этапе савецкага часу сабрана многа матэрыялаў, ёсць гістарычныя сведчанні і нават сведкі.
Шчырай цікавасцю да прадмета, прафесіяналізмам Настасся Гвоздзь натхняе калег і далучае іх да краязнаўства і даследаванняў:
— Наш малады спецыяліст выкладчык гісторыі Данііл Сітнікаў распрацаваў турыстычны маршрут, які прызначаны не толькі для вучняў, але і для педагогаў раёна. Для мяне важна, каб калегі разумелі, што прадмет, які выкладаем, сур’ёзны і пазнавальны. Разумеючы гэта, настаўнікі будуць больш упэўнена расказваць пра гісторыю, мінулае і багатую спадчыну Барысаўшчыны.
Наталля САХНО
Фота аўтара



