«Тут маё месца сілы» — Сяргей Варуха ўзначальвае Яечкавіцкую сярэднюю школу, якую некалі сам скончыў

- 13:18Интервью

Дырэктар Яечкавіцкай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Сяргей Варуха дзеліцца з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сакрэтамі кіравання сельскай установай адукацыі, яе дасягненнямі і расказвае пра любоў да роднага краю.

Мы з Яечкавічаў

— Сяргей Анатольевіч, вы па адукацыі выкладчык гісторыі і беларускай мовы і літаратуры, таму да вас адразу пытанне, якое, напэўна, чулі не аднойчы: Яечкавічы — адкуль такая цікавая назва?

— Назва сапраўды ўнікальная — упершыню наша вёска ўпамінаецца ў архівах XVI стагоддзя. Тады яна стаяла на балоце — вясной рака Піна, якая цячэ побач, моцна разлівалася і нават падбіралася да хат. На вадзе гняздзілася шмат дзікіх гусей і качак. Вяскоўцы плавалі на лодках-пласкадонках і збіралі птушыныя яйкі. Гэтыя яйкі для іх былі “залатыя” — з іх і жылі: елі, вазілі ў Пінск на продаж. І дагэтуль незвычайная наша назва адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Сваю малую палескую радзіму я вельмі люблю і хварэю за яе душой — за яе развіццё, дабрабыт. Скажу шчыра, у мяне былі прапановы пера­ехаць, перайсці на больш высокую пасаду. Але я для сябе вырашыў заставацца на сваім родным кавалачку зямлі і рабіць усё, каб ён станавіўся лепшым. Думаю, мяне падтрымаюць усе нашы яечкаўцы. Мы тут як адна вялікая сям’я: ніхто не хоча расставацца з роднай вёскай — яна трымае, не адпускае.

Сёлета школа адзначыла 50-годдзе. Адначасова і сістэма адукацыі Яечкавічаў, якая пачалася тут яшчэ ў 1905-м з народнага вучылішча, святкуе 120-годдзе.

— Вы захапляецеся краязнаўствам, а як развіваецца гэты напрамак у школе?

— На базе нашай установы ёсць гісторыка-краязнаўчы музей, які быў створаны яшчэ ў 1982 годзе ветэранамі педагагічнай працы, якіх, на жаль, ужо няма з намі. Сярод іх, напрыклад, наша мясцовая  паэтэса і педагог Лізавета Сямёнаўна Саханчук. У тыя часы я яшчэ быў школьнікам, але ўжо вельмі цікавіўся этнаграфіяй. І тады, і пазней, калі стаў студэнтам (я скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна), збіраў для музея цікавыя прадметы народнага побыту. Разам з сябрамі мы запісвалі традыцыі нашых продкаў, вывучалі, як яны апраналіся, якія казкі расказвалі, — шмат чаго… Напрыклад, цікавай асаблівасцю адзення нашага краю было тое, што ў халады жанчыны насілі доўгія хусткі. Вядома, мы збіралі падрабязныя звесткі і пра аднавяскоўцаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у музеі ёсць вялікі раздзел, прысвечаны ваеннай гісторыі. І зараз нашы школьнікі займаюцца даследчай дзейнасцю, шукаюць унікальныя экспанаты. У школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Краязнавец”.

— Школа для вёскі даволі вялікая — 128 дзяцей. Усе з Яечкавічаў?

— Амаль усе, але арганізаваны падвоз дзетак і з суседніх населеных пунктаў. Цікава, што большасць нашых аднавяскоўцаў — карэнныя яечкаўцы: людзі, якія тут выраслі, неахвотна пераязджаюць і, нават атрымаўшы адукацыю, вяртаюцца сюды праца­ваць. Яечкаўцы па сваёй натуры людзі доб­рыя, чулыя, заўсёды гатовыя дапамагчы.

На сёння 18 з 28 педагогаў — нашы выпускнікі.

Я пасля заканчэння ўніверсітэта два гады працаваў у школе ў суседняй вёсцы, а ў 2005 вярнуўся ў родную ўстанову. Спачатку настаўнічаў, а потым стаў дырэктарам. Быў перыяд, калі я нават два гады быў начальнікам аддзела па адукацыі нашага райвыканкама. Але зразумеў — гэта не маё. Я павінен працаваць у школе, быць на ўроку, побач з дзецьмі… У выкладчыкі пайшоў па поклічы сэрца, хаця ў маёй сям’і настаўнікаў не было. Я самы першы, і, можа, з мяне і пачнецца настаўніцкая дынастыя, бо мой сын — будучы настаўнік фізкультуры, зараз вучыцца ў Беларусім дзяржаўным унівесітэце фізічнай культуры.

Вектар поспеху

— Ведаю, што ў школы вельмі моцны алімпіядны напрамак.

— Як кіраўнік установы адукацыі заўсёды раблю акцэнт на якасці адукацыі. Для нас гэта перш за ўсё выхаванне сапраўднага грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. Але мы не забываемся і пра такія паказчыкі, як перамогі на алімпіядах. За апошнія 5 гадоў, напрыклад, 11 нашых вучняў прынялі ўдзел у III абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды — 7 з іх сталі пераможцамі! Тры гады запар мы прымаем удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды — у гэтым годзе атрымалі дыплом II ступені па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Дзякуючы гэтай перамозе, мой сын Максім без экзаменаў паступіў у БДУФК, зараз вучыцца на 1 курсе. Займаецца спортам сур’ёзна — стаў рэкардсменам Беларусі ў бегу на 600 і 800 метраў, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту. На Міжнародных летніх спартыўных гульнях “Дзеці Прымор’я” ва Уладзівастоку атрымаў 3 залатыя медалі. Дарэчы, амаль кожны год нашы вучні перамагаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спабор­ніцтвах.

— Дзеці ў Яечкавічах не толькі спартыўныя, але і творчыя.

— Стараемся развіваць у іх і гэтыя навыкі: прымаем удзел у творчых конкурсах, напрыклад, у конкурсе “ТэхнаЁлка”. Яшчэ адзін з цікавых напрамкаў — турыстычны. Ужо некалькі гадоў запар група нашых юных турыстаў перамагае на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Спазнай Радзіму — выхавай сябе”.

— Калі б трэба было апісаць Яечкавіцкую школу парай фраз, што б вы сказалі?

— Наша школа — гэта саюз адна­думцаў — настаўнікаў, дзяцей, іх бацькоў. Мы добра вядомы менавіта гэтым адзінствам. А яшчэ мы цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі яечкавіцкімі Домам культуры, дзіцячым садам, гаспадаркай, Праваслаўнай царквой. На базе школы дзейнічаюць ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт” і ваенна-патрыятычны атрад. Не так даўно ў нашай вёсцы быў пабудаваны храм прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. Яго протаіерэй Алег Ілюшын прымае актыўны ўдзел у пат­рыятычным выхаванні нашых школьнікаў, ды і ўсе яго дзеці, вядома, вучацца ў нас. Сям’я айца Алега, між іншым, у 2022 годзе перамагла на рэспубліканскім конкурсе “Сям’я года”, на ім ён якраз прадстаўляў праект нашага клуба і атрада. Айцец Алег — унікальны чалавек. Калісьці ён з жонкай пакінуў добрую работу і наладжаны быт у Маладзечне, каб прыехаць сюды, у глыбінку, будаваць храм практычна з нуля… Дарэчы, напрамак узаемадзеяння школы і царквы, можна сказаць, стаў для нас брэндавым — па адпаведнай тэме мы праводзілі семінары для кіраўнікоў устаноў адукацыі, класных кіраўнікоў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. У гэтым годзе наша вучаніца Хрысціна Кузьмінчук артымала дыплом ІІІ ступені на XXIII раённай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “З навукай у будучыню”. Яна прадстаўляла работу “З Божым словам у славу Вялікай Перамогі” ў секцыі “Праваслаўе”.

Стыль кіравання — сельскі

— Ці кожны можа стаць на чале сельскай школы, якія нюансы ёсць у кіраванні такой установай?

— Скажу так: пачынаць 20 гадоў назад мне было няпроста. Але тады вельмі дапамаглі калегі-педагогі. За цёплую атмасферу, якую яны ствараюць у нашай установе, я ім і сёння вельмі ўдзячны. А наконт менавіта сельскай школы… Напэўна, дырэктарам нідзе нялёгка быць. Дзеці ўсе розныя — кагосьці трэба і пахваліць, а кагосьці заахво­ціць. Трэба падтрымліваць добрыя зносіны з бацькамі, з калектывам.

Дырэктару школы вельмі важна разумець вялікую адказнасць, ад гэтага залежыць імідж установы адукацыі.

У сельскай школе заўсёды прысутнічае пэўная сямейнасць. Дзверы майго кабінета для ўсіх адчынены, кожны можа прыйсці параіцца, паскардзіцца… І школа, і наша вёска — як адно гняздо, з якога мы ўсе выйшлі. У нашым калектыве ёсць настаўнікі, якія яшчэ мяне вучылі, і ёсць тыя, хто хадзіў са мной у адзін клас.

— Пра якія прафесіі марылі ў дзяцінстве? Калі б не настаўнік — то хто?

— У старшых класах я хацеў стаць адвакатам! І, ведаеце, мая мара спраўдзілася — я завочна скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Республікі Беларусь і атрымаў юрыдычную спецыяльнасць.

— Як бавіце вольны час, калі, зразумела, ён ёсць у дырэктара?

— Я ўсё жыццё жыву ў роднай бацькоўскай хаце. У мяне ёсць свой участак, сад, дзе растуць прыгожыя туі, кветкі… Наводзіць парадак у садзе, даглядаць расліны мне не проста падабаецца — гэта мой спосаб адпачынку, эмацыянальнай стабілізацыі. Люблю займацца фізкультурай, а то і проста прайсціся ўздоўж рэчкі Піны. Разам з сям’ёй арганізуем паездкі на вела­сіпедах. Галоўнае, ведаю: ніколі не прамяняю наш прыгожы край ні на які мегаполіс — у горадзе сябе проста не ўяўляю. Я прызваны жыць тут, у Яечкавічах, і працаваць на карысць дзяцей і будучага пака­лення.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара