Для фарміравання функцыянальнай адукаванасці вучняў настаўніца англійскай мовы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Наталля Гіль прымяняе на ўроках візуалізацыю вучэбнага матэрыялу. Гэта дапамагае актывізаваць пазнавальную актыўнасць школьнікаў і спрыяе добраму засваенню зместу ўрока. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Воблака слоў
Візуалізацыя вучэбнага матэрыялу на ўроках замежнай мовы дазваляе мадэляваць іншамоўнае асяроддзе, ствараць сітуацыі, падобныя да рэчаіснасці. Гэта спрыяе таму, што вучні пачынаюць гаварыць па-англійску: прымяненне нагляднасці прыцягвае ўвагу школьнікаў, матывуе іх, робіць урок больш яркім і цікавым. Наталля Мікалаеўна расказала, што на працягу пяці гадоў даследуе выкарыстанне візуалізацыі і прымяняе яе на сваіх занятках.

— Рэалізацыя прынцыпу візуалізацыі — гэта актывізацыя кагнітыўных працэсаў, прыкладны характар, выкарыстанне ўнутры- і міжпрадметных сувязей, інтэнсіфікацыя трансляцыі ведаў, развіццё навыкаў і ўменняў па прадстаўленні, апрацоўцы, захоўванні і перадачы інфармацыі, развіццё творчага мыслення і іншае, — пералічыла педагог.
Сродкі візуалізацыі — гэта перадача ў зручнай і даступнай форме фанетычных, граматычных, лексічных, сацыякультурных і камунікатыўных ведаў з мэтай іх абагульнення і больш эфектыўнага засваення. Педагог растлумачыла, што візуалізацыя на ўроках англійскай развівае зрокавую памяць, прасторавае ўяўленне, робіць навучанне больш асэнсаваным, творчым. І гэта далёка не ўсе перавагі візуальнага метаду.
— Візуалізацыя дапамагае вучням у маўленчай практыцы і засваенні вялікай колькасці інфармацыі, — дадала Наталля Гіль. — Прымяненне візуальных форм засваення вучэбнай інфармацыі дазваляе змяніць характар навучання: паскорыць успрыманне, асэнсаванне і абагульненне, навучыць аналізаваць паняцці, структураваць інфармацыю. Важна зрабіць візуалізацыю інтэрактыўнай, таму што пасіўнае ўспрыманне інфармацыі з малюнка дрэнна запамінаецца і не фарміруе вобраз у свядомасці.
На ўроку замежнай мовы настаўніца можа карыстацца рознымі варыянтамі візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, такімі як відэаролікі, прэзентацыі, фрагменты кінафільмаў, схемы, ментальныя, лагічныя карты, апорныя канспекты, інфаграфіка, воблака слоў, матрыцы-падказкі, трэнажоры. А вось якаснаму зрокаваму ўспрыманню дапамагае тэхнічна абсталяваны кабінет, у якім абавязкова павінны быць камп’ютар, інтэрактыўная дошка, прынтар, доступ да інтэрнэту.
— У сваёй практыцы выкарыстоўваю такія прыёмы візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, як флэш-карты, інтэрактыўныя прэзентацыі, інтэлект-карты, кросенсы, воблака слоў, гексы, інтэрактыўныя шаблоны, — прывяла прыклад настаўніца. — Прымяняю іх на ўсіх этапах вучэбных заняткаў, у тым ліку падчас тлумачэння новага матэрыялу, абагульнення атрыманых ведаў, а таксама на этапе паўтарэння і замацавання вывучанага, кантролю і сістэматызацыі ведаў, падчас выканання дамашняга задання, самастойнай работы і г.д.
Найбольш вядомы і просты прыклад візуалізацыі — карткі і карцінкі. Яны ілюструюць сітуацыі, з’явы або прадметы, да таго ж выявы з’яўляюцца найбольш эфектыўным спосабам запамінання новых замежных слоў. Паказваючы школьнікам карцінкі, настаўніца акцэнтуе ўвагу на тым, які прадмет або сітуацыя намаляваны. Так у дзяцей фарміруюцца новыя асацыятыўныя сувязі і замацоўваецца візуальны вобраз незнаёмага слова ў памяці.
— Калі працуюць з карткамі, навучэнцы захопленыя, а эфектыўнасць запамінання вучэбнага матэрыялу павышаецца, — патлумачыла перавагу метаду педагог. — Акрамя таго, падчас такой работы ажыццяўляецца сама- і ўзаемакантроль. Выкарыстоўваю карткі практычна на кожным уроку на першай і другой ступенях навучання.
Свая гульня
Адным з найбольш распаўсюджаных спосабаў наглядна паказаць матэрыял Наталля Гіль лічыць прэзентацыю, якая можа ўтрымліваць тэкставыя матэрыялы, фатаграфіі, малюнкі, слайд-шоу, гукавое афармленне, відэафрагменты і анімацыю, крыжаванкі, інтэрактыўныя гульні або аўдыяфайлы.
— Апошнім часам вялікую папулярнасць набываюць дынамічныя прэзентацыі, якія ўяўляюць сабой вучэбнае відэа, заснаванае на мультымедыйнай прэзентацыі з актыўным выкарыстаннем анімацыйных эфектаў, — падзялілася Наталля Мікалаеўна. — Мультымедыйная прэзентацыя можа быць выкарыстана ў вывучэнні фанетыкі, лексікі і граматыкі і інш. Такі спосаб прадстаўлення матэрыялу дазваляе актывізаваць усе віды маўленчай дзейнасці — успрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых, маўленне, чытанне. Выкарыстанне мультымедыйных прэзентацый не парушае структуры і ходу заняткаў, захоўваючы ўсе неабходныя элементы адукацыйнага працэсу.
Слайды, якія рыхтуюцца для прэзентацыі, можна выкарыстоўваць падчас тлумачэння, замацавання матэрыялу альбо для стварэння праблемнай сітуацыі на ўроку. Па словах педагога, зарэкамендавалі сябе як найбольш эфектыўныя тыя распрацоўкі, у якія пасля тлумачэння матэрыялу дабаўлены практыкаванні на замацаванне або кантроль ведаў:
— Іх навучэнцы выконваюць адразу з экрана індывідуальна або франтальна. Магчымасць паказаць правільны адказ дазваляе арганізаваць узаема- ці самаправерку хутка і эфектыўна.
Усё тое, што звязана з гульнямі, таксама лёгка запамінаецца. Каб дасягнуць гэтага, Наталля Гіль уключыла ў сваю педагагічную практыку інтэрактыўныя віктарыны і гульні-прэзентацыі. Іх адметнасць — насычанасць рознымі элементамі візуалізацыі. Настаўніца расказала, што стварэнне падобнай віктарыны не патрабуе складаных праграм і можа быць цалкам заснавана на матэрыяле з вучэбна-метадычнага комплексу.
— Я карыстаюся віктарынамі, якія распрацавала па падабенстве з тэлевізійнымі гульнямі “Свая гульня”, “Хто хоча стаць мільянерам”, “Разумнікі і разумніцы”, — пералічыла варыянты Наталля Мікалаеўна. — Урок, на якім замацаванне пройдзенага моўнага матэрыялу праводзіцца ў форме інтэрактыўнай віктарыны, мае вялікі матывуючы эфект, але пры гэтым не страчвае вучэбнага і развіццёвага складнікаў, калі параўноўваць з тэсціраваннем.
Урок па шаблоне
Mind Maps — яшчэ адзін прыём візуалізацыі, які дапамагае эфектыўна вывучаць замежную мову. Ментальныя, або інтэлект-карты, педагог Астрашыцка-Гарадоцкай школы выкарыстоўвае для структуравання ідэй, запамінання вялікага аб’ёму інфармацыі, правядзення мазгавых штурмаў пры вывучэнні лексікі на этапе ўвядзення ў тэму і для яе замацавання. Такі падыход дазваляе навучэнцам самастойна або сумесна з настаўніцай вызначаць ідэі і арганізоўваць лексічныя адзінкі ў схемы. Ментальныя карты дапамагаюць рыхтаваць вучняў да маналогу і будаваць выказванне, вучаць чытаць тэкст, дзяліць яго на сэнсавыя часткі і ўстанаўліваць унутрытэкставыя сувязі. А яшчэ інтэлект-карты — выдатны інструмент для складання вусных выказванняў.
— Напрыклад, пры стварэнні з навучэнцамі 9 класа інтэлект-карт падчас вывучэння тэмы Healthy Lifestyle прытрымліваюся некалькіх правіл, — звярнулася да свайго вопыту настаўніца. — Спачатку вызначаем асноўную ідэю, праблему, ключавое слова і размяшчаем іх у цэнтры. У нашым выпадку гэта тэма Healthy Lifestyle. Далей ад яе малюем галінкі, як на дрэве, але важна, каб іх было не больш за шэсць. Кожная галінка мае свой колер, і над кожнай з іх пішацца сфера дзейнасці, якая адпавядае вызначанай тэме, напрыклад, Healthy Diet, Physical Activities. Затым працуем па чарзе з кожнай асобнай галінкай, ад якой малюем некалькі адгалінаванняў. Іх колькасць залежыць ад таго, якія вобразы і асацыяцыі з тэмай у нас узнікаюць. Калі работа з адной галінкай скончана, пераходзім да наступнай. І так робім з кожнай па чарзе. Для лепшага запамінання і засваення пажадана выкарыстоўваць малюнкі, карцінкі, асацыяцыі з кожным словам. Так адбываецца паўтарэнне і замацаванне лексічных адзінак па тэме.
Каб праверыць, наколькі эфектыўна навучэнцы засвоілі матэрыял, Наталля Гіль выкарыстоўвае інтэлект-карты і на этапе рэфлексіі. Педагог заўважыла, што яны вучаць дзяцей выбіраць, структураваць і запамінаць ключавую інфармацыю, а таксама прайграваць яе ў далейшым.
Сярод метадаў візуалізацыі, якія таксама палюбіліся настаўніцы, — кросенс, воблака слоў, гексы, інтэрактыўныя сшыткі. Апошнія ствараюцца з дапамогай тэхналогіі лэпбукінгу, калі вучні самастойна выразаюць, размалёўваюць і ўклейваюць шаблоны разнастайных форм на любыя тэмы.
— Шаблоны для інтэрактыўных сшыткаў могуць быць у выглядзе пялёсткаў, гармонікаў, кніжак-раскладушак, — падкрэсліла Наталля Гіль. — Выкарыстанне названага метаду мае мноства пераваг. Сярод іх нагляднасць, інтэрактыўнасць, актывізацыя творчага мыслення, павышэнне цікавасці да прадмета, развіццё памяці, уяўлення, логікі.
На пытанне, якім вучням інтэрактыўныя сшыткі прынясуць большую карысць, педагог адказала, што іх можна прымяніць да любой тэмы і любога тыпу ўрока, а цікавы ён будзе не толькі вучням малодшых класаў — старшакласнікі таксама знойдуць у іх карысць для сябе.
— Для мяне інтэрактыўныя сшыткі сталі метадам, які дапамог разнастаіць падачу граматычнага матэрыялу падборкай цікавых шаблонаў і схем і зрабіць вывучэнне граматыкі займальным, — прызналася Наталля Мікалаеўна. — Вядома, што асноўная мэта ўрокаў англійскай мовы — навучыць падтрымліваць зносіны ў новым моўным асяроддзі. Інтэрактыўныя сшыткі дапамагаюць вучню рабіць гэта, арыентуючыся на ўласныя інтарэсы, бо дзіця заўсёды з энтузіязмам і цікавасцю дзеліцца менавіта тым, чым цікавіцца само.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





