Амаль 40 гадоў ураджэнка Заўралля Наталля Красуліна раскрывае пружанскім дзецям свет фізічных законаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У школьныя гады дапытлівая дзяўчына вельмі захаплялася фізікай і матэматыкай, таму планавала звязаць далейшае жыццё з імі. Больш за ўсё Наталлі Генадзьеўне хацелася займацца навукай і вынаходствамі.
Каб ажыццявіць мару, яна паступіла на фізічны факультэт Чэлябінскага дзяржаўнага ўніверсітэта. На 5 курсе стараннай студэнтцы, якая сур’ёзна займалася любімай навукай, прапанавалі работу ў канструктарскім бюро. Там яна, магчыма, і засталася б, каб не шлюб з вайскоўцам, размеркаваным у Беларусь.
— Прафесійны шлях пачынала ў адной з сельскіх школ Пружаншчыны, — успамінае Наталля Красуліна, якая сёння працуе ў сярэдняй школе № 3 райцэнтра. — Адаптавалася даволі хутка. Асаблівых цяжкасцей не адчувала. Імкнулася простай мовай данесці свой няпросты прадмет кожнаму вучню, прычым незалежна ад яго здольнасцей. Здаралася, што дзеці, якія раней не любілі дакладныя навукі, раскрываліся, пачыналі ўзмоцнена працаваць і дасягалі выдатных вынікаў у іх вывучэнні, а далей і ў прафесійнай дзейнасці.
У настаўніцкай прафесіі Наталлю Генадзьеўну больш за ўсё прываблівае работа з выхаванцамі. Педагогу падабаецца назіраць за тым, як яны развіваюцца, набываюць новыя веды, мяняюць светапогляд, пачынаюць цікавіцца прыродазнаўчымі навукамі.
— Мая прафесія заўсёды трымае ў тонусе і патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, пошуку і ўкаранення цікавых педагагічных ноу-хау, ведання адукацыйных трэндаў, — гаворыць Наталля Красуліна, прафесійным дэвізам якой з’яўляюцца словы Льва Талстога: “Хочаш навукай выхаваць вучня, любі сваю навуку і ведай яе, і вучні палюбяць і цябе, і навуку. І ты выхаваеш іх”.
Фізіка — адзін з самых складаных школьных прадметаў. І зацікавіць ім бывае няпроста. Але Наталлі Генадзьеўне гэта ўдаецца, хаця яна заўсёды падкрэслівае, што нічога асаблівага не робіць, а толькі займаецца любімай справай.
— Фізіка адыгрывае важную ролю ў развіцці функцыянальнай адукаванасці вучняў, — заўважае педагог. — Паколькі гэты прадмет добра паказвае сувязь з’яў навакольнага асяроддзя з жыццём, шырока выкарыстоўваю на ўроках практычныя заданні. Дзеці любяць назіраць, як фізічныя законы працуюць у рэальным свеце. Так, у рамках факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці “Законы фізікі ў жыцці чалавека і грамадства” рэалізаваны праекты “Флікер”, “Оптыка і мастацтва”, “Ведаю фізіку — правільна раблю рамонт!”, “Акустычны рэзананс”, “Рэзананс у біялогіі” і інш.
Назапашаны дыдактычны матэрыял дазваляе настаўніцы прымяняць нагляднасць амаль на кожным уроку фізікі ў 7—11 класах. У якасці нагляднасці выступаюць… займальныя мастацкія тэксты.
— Займальнасць выклікае цікавасць, ажыўляе аповед і прыцягвае ўвагу вучняў, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Умелае выкарыстанне мастацкіх тэкстаў дапамагае не толькі абуджаць пазнавальную цікавасць, але і запамінаць асабліва цяжкі матэрыял, развіваць творчыя здольнасці і самастойнасць. Не абыходжу ўвагай дэманстрацыйныя макеты, прыборы для доследна-эксперыментальнай работы і дыдактычныя гульні. Добрым матыватарам да паглыбленага вывучэння фізікі з’яўляецца прадметны тыдзень, які ахоплівае шырокі спектр вучэбных метадаў, гульнявых форм і адукацыйных тэхналогій.
Выхаванцы Наталлі Красулінай вырашаюць праблемныя сітуацыі і творчыя заданні, якія патрабуюць нестандартнага падыходу і міждысцыплінарных ведаў, аналізуюць і інтэрпрэтуюць даныя з розных крыніц. Фарміруючы прыродазнаўчанавуковую адукаванасць у вучняў, педагог развівае ў іх уменне навукова растлумачваць з’яву, правільна разумець атрыманыя звесткі і асаблівасці навуковага пазнання рэчаіснасці.
Высокаматываваных дзяцей Наталля Генадзьеўна актыўна далучае да даследчай і праектнай дзейнасці, алімпіяднага руху і розных конкурсаў. Не забывае настаўніца развіваць у вучняў і кагнітыўныя здольнасці, неабходныя не толькі для падтрымання пазнавальнай цікавасці, але і для падрыхтоўкі паведамленняў і прэзентацый на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.
— Прапаную дзецям індывідуальныя дамашнія заданні творчага і пошукавага характару, вітаю ўласную ініцыятыву, — гаворыць педагог. — Але найбольш эфектыўная індывідуальная работа пасля заняткаў, калі вучні атрымліваюць дадатковы матэрыял для самастойнай работы: рашэння праблемных сітуацый, лагічных задач, заданняў павышанай цяжкасці і заданняў на апярэджанне.
Затрачаныя намаганні прыносяць плён. Так, па выніках аднаго з абласных конкурсаў “З навукай у будучыню” выхаванцы Наталлі Красулінай адзначаны дыпломам І ступені за даследаванне эфектыўнасці выкарыстання прыроднага газу ў побыце на прыкладзе пліт “Гефест” і “Электралюкс”. Радуюць не толькі вынікі ўдзелу ў конкурсах даследчых работ, але і ў алімпіядным руху. Штогод выпускнікі выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці для працягу адукацыі ў вядучых УВА краіны, дзе займаюцца любімай фізікай у студэнцкіх навуковых таварыствах.
Наталля Генадзьеўна вядзе заняткі ў раённым рэсурсным цэнтры па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ, які наведваюць вучні гарадскіх і сельскіх школ. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, аўтарытэту і даверу сярод калег, педагог з’яўляецца шматгадовым кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі і членам іх творчай групы.
Настаўніца не засмучаецца, што не ажыццявіла дзіцячую мару, бо знайшла месца для любімай навукі на школьных уроках фізікі, якія не толькі пашыраюць кругагляд выхаванцаў, але і адкрываюць ім дарогу ў вялікую навуку.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





