Першыя крокі ў навуку робяць вучні сярэдняй школы № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі Алены Рыбінай. Асаблівыя поспехі яны дэманструюць у экалагічным кірунку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Даследчы вопыт дзеці пачынаюць атрымліваць з 6—7 класа і ў далейшым свядома выбіраюць навучанне ў медыцынскіх і аграрных профільных класах, паступаюць ва ўніверсітэты на адпаведныя спецыяльнасці.

Ален Рыбіна і яе вучань Кірыл Шумякоў
З клопатам аб малых рэках
— Больш за дзесяць гадоў назад мы з вучнямі пачыналі першыя даследаванні, — прыгадвае настаўніца. — Прысвечаны яны былі экалагічнаму стану малых рэк Талачына і штучнага вадасховішча ракі Друць. Паколькі наша школа знаходзіцца побач з гэтым вадаёмам, нам было важна як мага больш даведацца пра яго. Мы вывучалі віды антрапагеннага ўздзеяння на яго, бралі пробы вады і з дапамогай хімічнага эксперымента вызначалі наяўнасць іонаў жалеза, магнію, медзі, свінцу, сілікатаў, сульфат-іонаў, хларыдаў, а таксама вадародны паказчык (рН) і канцэнтрацыю кіслароду ў вадзе, што з’яўляецца важным параметрам для водных насельнікаў. Правялі апытанне мясцовага насельніцтва аб магчымасці аказаць пасільную дапамогу ў ліквідацыі экалагічных праблем. Усе гэтыя работы былі адзначаны дыпломамі на раённых конкурсах. Даследаванне пра вадасховішча Друці было надрукавана ў зборніку па выніках абласной НПК “Эўрыка”. Запомніўся міні-праект “Экалогія майго горада”, зняты вучнямі відэаролік “Адваротны бок медаля” пра раку Шчань, якая цячэ ў межах горада. Побач з ёй зоны адпачынку, прыватныя дамы і смецце, якое людзі скідваюць у раку або паблізу.
Раслінны алей замест хімікатаў
Ідэя для даследчай работы “Адпрацаваны раслінны алей як натуральны пестыцыд і памочнік для саду” ўзнікла выпадкова. Па тэлебачанні паказалі сюжэт пра тое, як з выкарыстанага расліннага алею вырабіць мыла. Праблема ўтылізацыі гэтага прадукту сапраўды існуе. Калі зліваць яго ў каналізацыю, гэта пагражае засмечваннем, а калі ён трапляе ў вадаём, то ўтварае плёнку, якая перашкаджае газаабмену. Адзінаццацікласніцы Лізавета Кубарская і Ульяна Савік узяліся за распрацоўку тэмы. Змешвалі алей са шчолаччу, разлічвалі дозы, награвалі, праводзілі іншыя маніпуляцыі. У выніку з сумесі з каліевай шчолаччу атрымалася вадкае гаспадарчае мыла, а з натрыевай — цвёрдае, якое нічым не адрозніваецца ад пакупнога.
— Школьніцы пайшлі далей і стварылі на аснове свайго прадукту сродак для абароны садовых раслін ад шкоднікаў, — адзначае Алена Рыбіна. — На прышкольнай тэрыторыі дзейнічае вучэбна-развіццёвая аграэкасядзіба, дзе расце каля ста карлікавых яблынь. Вядома, што нават высокаўстойлівым да хвароб гатункам пладовых дрэў патрэбны прафілактычныя апрацоўкі інсектыцыдамі (2—3 за сезон). Апырскванне школьнага саду новым растворам дапамагло захаваць яблыні здаровымі. Лічынкі гінуць у шчолачным асяроддзі, а насякомыя — з-за таго, што клейкая субстанцыя забівае іх дыхальную сістэму. І, што асабліва важна, гэты сродак экалагічна чысты. Ліза і Ульяна знайшлі яшчэ адно прымяненне сваёй распрацоўцы: пакрылі гэтым сродкам напярэдадні зімы жалезны садовы інвентар, абараніўшы метал ад карозіі.
Як вынік даследавання: у школе быў арганізаваны пункт для збору адпрацаванага масла. У перыяд канікул у школьным лагеры вучні выраблялі мыла, а затым пестыцыд для апрацоўкі яблынь для школьнага саду. Даследаванне вучаніц было адзначана дыпломам ІІІ ступені ў XXVI Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў. Лізавета сёння вучыцца ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, а Ульяна — у Віцебскім медуніверсітэце.
Ад семечка да саджанца

Вучні 2-й школы супрацоўнічаюць з Талачынскім лясгасам, Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, а таксама з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прадстаўнікі гэтых арганізацый дзеляцца вопытам, далучаюць дзяцей да прыродаахоўных акцый. Вучні высаджваюць дрэвы, удзельнічаюць у зарыбленні вадасховішча ракі Друць, а таксама ў ініцыятывах “Чысты лес”, “Чысты бераг”, “Адновім лясы разам”, “Дай лесу новае жыццё”. З мэтай зрабіць свой горад больш чыстым і зялёным вучні 2-й школы стварылі ініцыятыўную групу “Экалагічны патруль”. Сярод традыцыйных акцый асаблівай папулярнасцю карыстаецца плогінг, або прабежка, сумешчаная са зборам смецця. Старшакласнікі расказваюць аб простых, але важных правілах экалагічных паводзін малодшым школьнікам.
Сумесна з лясгасам вучаніцы Ганна Сай і Карына Кандрацьева займаліся вызначэннем чысціні атмасфернага паветра па эпіфітных лішайніках. Як вядома, там, дзе паветра забруджана, лішайнікі не растуць. Дзяўчынкі вывучалі розныя месцы ў горадзе і па наяўнасці пэўных відаў лішайнікаў вызначалі чысціню паветра там. Самае чыстае аказалася ў парку, дзе прысутнічалі ўсе віды лішайнікаў.
— Вырасціць саджанцы з насення — такую мэту паставіў перад сабой сямікласнік Кірыл Шумякоў, — працягнула настаўніца. — Удзел у экалагічных акцыях натхніў яго на ўласнае даследаванне пра ўплыў экалагічных фактараў на вырошчванне елкі і хвоі з насення. Кірыл выявіў умовы, без якіх немагчыма вырасціць здаровыя іглічныя саджанцы. У іх ліку правільная падрыхтоўка насення (абавязковая стратыфікацыя і вытрымка перыяду спакою), час пасадкі (сезон напрамую ўплывае на ўсходжасць), эдафічныя фактары (склад і якасць грунту), кліматычныя ўмовы (водны, паветраны і цеплавы рэжымы). Саджанцы выраслі, і гэтай вясной іх высадзілі ў адкрыты грунт на тэрыторыі школьнай аграэкасядзібы.
Аднак шлях ад насення да гатовага дрэва займае каля двух гадоў. Кірыл вырашыў паскорыць працэс і вырасціў елку спосабам пасынкавання. Аказалася, што пры правільным падборы ўмоў гатовы пасадачны матэрыял можна атрымаць за год. Сёлета вучань прадставіў вынікі двухгадовай работы па вырошчванні елкі і хвоі з насення і чаранкоў на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”, дзе заняў 1-е месца. Яго работы двойчы атрымлівалі дыпломы на рэспубліканскім узроўні ў конкурсе “Квітней, мой лес” і на вобласці ў конкурсе работ даследчага характару “Я спазнаю свет”.
Вызначыцца з профілем
Штогод выпускнікі сярэдняй школы № 2 імя М. П.Лугоўскага, якія наведваюць урокі і факультатывы Алены Эдуардаўны, паступаюць ва УВА на спецыяльнасці хіміка-біялагічнага профілю або звязаныя з гэтымі прадметамі: на хімфак БДУ, у медыцынскія і педагагічныя ўніверсітэты, сельскагаспадарчую і ветэрынарную акадэміі. Многія ўжо працуюць, у тым ліку ў Талачыне.
Зараз педагог выкладае ў групе медыцынскай накіраванасці, а ў мінулым навучальным годзе працавала з будучымі аграрыямі.
— Чатыры мае выпускнікі сёлета паступілі ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, з іх тры — па мэтавых накіраваннях ад сельгаспрадпрыемстваў Талачына. Аляксандр Касцянка паступіў па выніках заключнага этапу ўніверсітэцкай алімпіяды, — падкрэсліла Алена Эдуардаўна. — Акрамя таго, два выпускнікі пайшлі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій як навучэнцы групы аграрнай накіраванасці.
Са школьнікамі мы былі ў сельгасакадэміі з экскурсіяй, знаёміліся з вучэбным працэсам, сучаснымі лабараторыямі. І нават атрымалі ідэю для даследчай работы “Хуткасць вываду антыбіётыкаў з малака ў дойнага статка кароў і коз”, якую правялі Андрэй Грышкевіч, тады адзінаццацікласнік, а цяпер студэнт ветэрынарнай акадэміі, і Лізавета Караткевіч, якая вучыцца ў медыцынскім універсітэце.
Бацькі Андрэя валодаюць вялікай гаспадаркай у вёсцы Коласава і пагадзіліся дапамагчы: давалі малако для аналізу і інфармацыю пра стан жывёл. На працягу некалькіх месяцаў юныя даследчыкі праводзілі назіранні і тэсціравалі малако з дапамогай спецыяльных палосак. Яны высветлілі, што пасля лячэння жывёл найбольш распаўсюджанымі ў ветэрынарыі антыбіётыкамі прадукцыя, атрыманая ад іх, пэўны час застаецца непрыдатнай для ўжывання: малако не скісае і пры гатаванні той ці іншай стравы можа распадацца на фракцыі. Тэрміны залежаць ад розных фактараў: стану здароўя жывёл, умоў утрымання, тыпу антыбіётыка і нават мэты яго прымянення: для прафілактыкі або лячэння. Атрыманыя даныя будуць карысныя ўладальнікам асабістых падсобных гаспадарак пры выбары лепшага прэпарату. Тым самым скароціцца перыяд, калі малако будзе непрыдатным.
***
Для вучняў 9-х класаў, якія пакуль вызначаюцца з выбарам профілю, Алена Эдуардаўна распрацавала прафарыентацыйную квест-гульню. Каманды праходзяць станцыі, дзе іх сустракаюць куратары — навучэнцы з груп аграрнай і медыцынскай накіраванасці, якія даюць ім заданні: вызначыць зерневыя культуры, розныя віды сельгастэхнікі, жывёл і іх прыметы, размясціць на ілюстрацыях унутраныя органы чалавека і назваць іх, указаць паслядоўнасць дзеянняў пры рэанімацыі, па прыметах рэакцыі вызначыць рэчыва і тып рэакцыі і напісаць яго ўраўненне. Напрыканцы ўсе гульцы атрымліваюць памяткі “Формула выбару прафесіі”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы





