Сучасная казка сада № 38 Наваполацка: як разумнае люстэрка, інтэрактыўная падлога дапамагаюць у рабоце з дашкалятамі

- 9:05Главная, Образование

Інавацыйнае абсталяванне дапамагае зрабіць заняткі выхаванцаў новага дзіцячага сада № 38 Наваполацка захапляльнымі і эфектыўнымі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З энергіяй першага года

Урачыстае адкрыццё новай установы дашкольнай адукацыі адбылося сёлета напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Яна ўзведзена ў маладым мікрараёне, што стала сапраўдным падарункам яго жыхарам, сярод якіх нямала сем’яў з дашкалятамі. Сёння ў дзіцячым садзе функцыянуе 11 груп для выхаванцаў ясельнага і садаўскага ўзросту, у тым ліку 2 інтэграваныя і 1 спецыяльная для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Як адзначае загадчыца дзіцячага сада № 38 Наваполацка Таццяна Парадня, сфарміраваны тут працоўны калектыў імкнецца напоўніць новабудоўлю энергіяй актыўнасці і пазітыву. Прыйшло шмат моладзі, у тым ліку 7 маладых спецыялістаў. Касцяк калектыву склалі вопытныя прафесіяналы. Так, музычны кіраўнік Антаніна Адамаўна Новікава мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу ва ўстановах адукацыі горада. Кіраўнік фізічнага выхавання Людміла Васільеўна Шчарбакова — майстар спорту па лыжных гонках, удзельніца Алімпійскіх гульняў 1994 года ў Лілехамеры.

Калі ў архітэктуры новай установы дашкольнай адукацыі гучаць матывы чароўнага сярэднявечнага замка, то ўнутры дзяцей чакае казка на сучасны лад. Дзіцячы сад абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, што дазваляе рабіць заняткі для дзяцей максімальна карыснымі і яркімі. Набыта ўсё за кошт дзяржаўнага бюджэту, што чарговы раз пацвярджае імкненне нашай краіны ствараць для дзяцей найлепшыя ўмовы.

Падлога можа многа 

Для заняткаў фізкультурай у дзіцячым садзе прадугледжана некалькі памяшканняў — гімнастычная і фітнес-зала, а таксама вялікі басейн. У фітнес-зале ўсталяваны 8 міні-трэнажораў, на якіх вельмі любяць займацца дзеці. Але не толькі трэнажорамі прываблівае дзяцей гэтае памяшканне. Тут абсталявана інавацыйная падлога з выкарыстаннем элементаў дапоўненай рэальнасці.

— Сістэма складаецца з праектара, камп’ютара і датчыкаў руху, — тлума­чыць намеснік загадчыцы дзіцячага сада Наталля Луппава. — Інтэрактыўная падлога ўяўляе сабой напольную праекцыю, якая рэагуе на рухі дзяцей і дазваляе ім гу­ляць з віртуальнымі аб’ектамі. Гэтая сучасная тэхналогія аб’ядноўвае гульню і навучанне, што стымулюе актыўнасць нашых выхаванцаў, павышае іх цікавасць да заняткаў.

Мы зазірнулі ў залу ў той момант, калі дзеці разам з віртуальнымі вавёркамі выконвалі заданні на спраецыраванай на падлозе лясной сцяжынцы. Ім трэба было злавіць усе карычневыя арэхі і пераскочыць праз зялёныя, а таксама пераадолець розныя перашкоды.

Актыўныя гульні на інтэрактыўнай падлозе садзейнічаюць агульнай фізічнай актыўнасці, развіццю спрыту, хуткасці рэакцыі, каардынацыі рухаў. Многія з іх з’яўляюцца каманднымі, што вучыць дзяцей узаемадзейнічаць і дапамагаць адно аднаму, — адзначае кіраўнік фізічнага выхавання Ірына Арэшка.

Выкарыстоўваюцца магчымасці інавацыйнай падлогі не толькі на занятках па фізвыхаванні. Яе кантэнт уключае вучэбныя праграмы, якія дазваляюць па ходзе гульні фарміраваць элементарныя матэматычныя ўяўленні, спазнаваць навакольнае асяроддзе, захапляльны свет музыкі, правілы бяспечных паводзін. Таму ў другой палове дня дзяцей сюды прыводзяць ужо выхавальніцы і музычныя кіраўнікі. Дзякуючы гукавым эфектам, насычанай колеравай палітры і разнастайнасці віртуальных вобразаў інавацыйнай падлогі, заняткі ператвараюцца ў захапляльную вандроўку па свеце ведаў.

Ствараць горы і вулканы

Яшчэ адно памяшканне дзіцячага сада, у якое заўсёды з радасцю спяшаюцца выхаванцы, — гэта пакой псіхалагічнай разгрузкі. Цэнтрам прыцягнення тут з’яўляецца вялікі інтэрактыўны стол-пясочніца.

У кабінеце застаём заняткі дзіцячай групы пад кіраўніцтвам выхавальніцы Сняжаны Целяпень. Дзеткі з вялікім азартам адсочваюць раптоўнае з’яўленне сярод пяску віртуальных выяў жывёл ці рыб і імкнуцца як мага хутчэй накрыць іх далонькамі. 

— Нядаўна на занятках мы вывучалі розных прадстаўнікоў фаўны і цяпер у такой цікавай форме замацоўваем гэты матэрыял. Увогуле, магчымасці інтэрактыўнага стала-пясочніцы вельмі вялікія. Праектар здольны праецыраваць на пясок ландшафты, прыродныя з’явы, казачных персанажаў, лічбы і шмат чаго яшчэ. Дзеці могуць самі будаваць горы, капаць каналы, ствараць вулканы. Такія заняткі садзейнічаюць развіццю ўяўлення, маторыкі рук, інтэлекту, памяці, — дзеліцца педагог.

Сняжана Мікалаеўна адзначае, што ў рабоце з сучаснымі дзецьмі магчымасць выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі вельмі важная. Для хлопчыкаў і дзяўчынак гэтага пакалення віртуальныя вобразы ў гульні і навучанні — пажаданыя паплечнікі. Стымулюе наяўнасць сучасных тэхналогій і саміх педагогаў. Па словах выхавальніцы, акрамя інтэрактыўных падлогі і стала-пясочніцы, ёй вельмі падабаецца тое, што ў кожнай групе іх дзіцячага сада ёсць тэлевізар, у музычнай зале — мультыборд, дзейнічае добра абсталяваны камп’ютарны клас. 

— Сучаснае абсталяванне, новыя магчымасці былі ў ліку першасных прычын, чаму я вырашыла працаўладкавацца ў гэты дзіцячы сад. Дарэчы, дабіраюся сюды па мерках Наваполацка даволі доўга, каля 45 мінут. Але лічу, што гэта таго варта, бо працую з жаданнем і цікавасцю, — адзначае мая суразмоўніца. 

Святло маё,  люстэрка… 

Кожны ведае казку, дзе адным з дзеючых персанажаў выступала чароўнае люс­тэрка, якое ўмела размаўляць. Інавацыйнае разумнае люстэрка лагапеда, якое мы ўбачылі ў кабінеце настаўніка-дэфектолага, можа яшчэ і не такое. Напрыклад, яно рэагуе на подых, на рухі пальцаў рук.

— Гэты інтэрактыўны інструмент спалучае функцыі люстэрка і экрана. Ён дазваляе дзіцяці адначасова бачыць і сваё адлюстраванне, і аніміраваных казачных персанажаў, якія дапамагаюць яму выконваць практыкаванні на развіццё маўлення, артыкуляцыі, дыхання, слыху, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Святлана Яскевіч. — Важна, што сістэму можна адаптаваць пад кожнае дзіця — яго ўзрост, здольнасці, узровень моўнага развіцця. Ёсць кантроль прагрэсу, добра прадуманы аспект матывацыі і шмат чаго яшчэ. 

Падчас заняткаў з цікавасцю назіраем, як прыгожая лялька з разумнага люстэрка дапамагае хлопчыку правільна вымаў­ляць гук [о], а аніміраваны паравозік — гук [у]. Далей на маніторы з’яўляецца вялікі торт са свечкамі. Выхаванец як след дзьме ў мікрафон, і свечкі чароўным чынам гаснуць. А яшчэ люстэрка запрашае хлопчыка паўтарыць рухі віртуальнай далоні. Ён спраўляецца добра, і на экране з’яўляюцца пазітыўныя вобразы, падобныя на складзеныя з пальцаў фігуры, — напрыклад, зайка, сонейка. Відавочна, што такая зваротная сувязь дзіцяці вельмі даспадобы, яно выконвае заданні з вялікай ахвотай.  

Святлана Мікалаеўна расказвае, што, калі ў мінулым годзе яна праходзіла перападрыхтоўку ў Акадэміі адукацыі, ім расказвалі пра гэтую тэхналогію і паказвалі яе ў адным са сталічных ЦКРНіР. На той момант педагог і падумаць не магла, што ў хуткім часе пашанцуе самой што­дзень выкарыстоўваць разумнае люстэрка на занятках з дзецьмі. Адзначае, што асвоіла інавацыйную сістэму даволі хутка, плануе не толькі карыстацца замацаваным у ёй комплексам заданняў, а і ствараць уласныя.

Як адзначае кіраўніцтва дзіцячага сада, спыняцца на дасягнутым яны не збіраюцца. Плануюць набыць камплекты робататэхнікі і арганізаваць для выхаванцаў заняткі па гэтым перспектыўным напрамку. Спадзяюцца, што вучыць дзетак змогуць не толькі выхавальніцы, а і студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Так што ў казкі на сучасны лад у сценах гэтай установы да­школьнай адукацыі наперадзе яшчэ шмат захапляльных старонак.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара