Уладзімір Аляксандравіч ЯНЧУК: “Свет дзеліцца не на прафесараў і слесараў, а на добрых і дрэнных людзей”

- 12:35Погляд

Для многіх выбар прафесіі з’яўляецца непасільнай задачай, і яны аддаюць яе на волю іншых людзей, напрыклад бацькоў, або абставін (вынікі ЦТ). Аднак пусціўшы гэтую справу на самацёк, яны не ўсведамляюць, наколькі гэта несправядліва ў дачыненні да ўласнай будучыні. Бо нядбайнасць у такой важнай справе, як выбар прафесіі, можа каштаваць многіх радасцей у дарослым прафесійным жыцці. Пра складанасці выбару мы гутарым з дэканам факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прафесарам У.А.Янчуком.

— Часам здаецца, што да выбару мабільнікаў ці планшэтаў дзеці ставяцца больш адказна, чым да выбару будучай прафесіі. “Хачу быць праграмістам, не паступлю — пайду на будаўнічы, а там не атрымаецца — пайду ў педагагічны…” — і прычым гэтая з’ява зусім не рэдкая. Скажыце, Уладзімір Аляксандравіч, адкуль такая нядбайнасць у дачыненні да ўласнай будучыні?
— Праблема мае непасрэднае дачыненне да стану грамадства і каштоўнасцей той ці іншай прафесіі. Калі грамадства арыентавана на дыплом, а не на кваліфікацыю, то выбар прафесіі для пераважнай большасці людзей ператвараецца ў абстракцыю. І добра, што яшчэ ёсць бацькі, якія думаюць пра доўгатэрміновую часавую перспектыву і прыкладаюць намаганні для таго, каб дзіця самавызначылася.
Хаця гэтае самавызначэнне часта звязана з кан’юнктурнымі характарыстыкамі будучай прафесіі: каб было грошай паболей! Адсюль, напрыклад, павальнае жаданне стаць праграмістамі. Пры гэтым многія не ўлічваюць, што ў рэальнасці работа праграміста вельмі нудная і не кожны з ёй справіцца. Пры знешняй фетышызацыі таго, што будзе шмат грошай, трэба мець на ўвазе: праграмісту даводзіцца днямі сядзець за клавіятурай і выконваць мноства абсалютна не творчых функцый.
Клапоцячыся пра сваю будучыню, многія бацькі матывуюць дзяцей на атрыманне прафесіі медыка. Або абсалютна абсурднае для нашага грамадства павальнае імкненне на факультэт міжнародных адносін. Людзі вытрымліваюць велізарныя конкурсы, плацяць вялікія грошы, нават не праводзячы элементарнага маркетынгу. А між тым вельмі нямногія выпускнікі ФМА маюць дачыненне да дыпламатычнай работы. І гэта характэрна для нашай ментальнасці — укладваць сродкі ў малаперспектыўныя праекты.

— Матывацыя прыкладна такая: дзіця вывучыць замежную мову, атрымае сучасныя веды, наладзіць патрэбныя сувязі…
— Але ж гэта не крытэрыі выбару! Выбіраючы, малады чалавек павінен ведаць не толькі “светлы”, але і “цёмны бок Месяца” — толькі такая прафесійная арыентацыя з’яўляецца сумленнай. А галоўнае, што ён павінен усвядоміць: для таго, каб была перспектыва, яму давядзецца шмат працаваць.
Я многа езджу па свеце, пабываў ужо ў трэці краін свету, і ўсюды бачу адну асаблівасць: людзі вельмі шмат працуюць. У Японіі, напрыклад, 10-гадзінны працоўны дзень і 6-дзённы працоўны тыдзень. Вельмі напружана працуюць амерыканцы, немцы. І ў моладзі там ёсць дакладнае ўяўленне пра тое, што грошы не сыплюцца з неба. Таму людзі вельмі скрупулёзна падыходзяць да ацэнкі перспектыў любой справы, за якую бяруцца. Яны разумеюць, што калі раскідвацца, то будучыні не будзе.
У мінулым годзе адна мая студэнтка з Туркменіі пачала вельмі цікавае даследаванне тэмпаральнасці — гэта ўяўленне аб часавай перспектыве, наколькі чалавек думае пра заўтрашні дзень. І калі яна зрабіла кроскультурнае параўнанне кітайскіх і айчынных студэнтаў, то вынікі мяне проста ашаламілі. Калі кітайскі студэнт думае на 100 гадоў наперад: аб прафесіі, аб бацьках, аб дзецях і г.д., то наша моладзь жыве выключна сённяшнім днём, у яе няма заўтра, і яна не робіць інвестыцый у будучыню. Насамрэч, гэта вельмі трывожны сігнал, прычым не толькі для канкрэтнага чалавека, а для ўсяго грамадства. Бо грамадства, якое не думае пра будучыню, не мае перспектыў.
Я заўсёды тлумачу студэнтам, што гады вучобы ва ўніверсітэце даюцца ім для таго, каб набыць кваліфікацыю: “Калі вы скарыстаецеся гэтай магчымасцю і набудзеце кваліфікацыю, то праз пяць гадоў вам цаны не будзе. Калі ж вы прамарнуеце час, то праз пяць гадоў застаняцеся на такім жа ўзроўні, як прыйшлі, і цана ваша будзе такой жа ці нават меншай, бо вы пастарэеце”. Аднак я назіраю абсурдную рэч, з пункту гледжання заходняга чалавека — увогуле за мяжою разумення: многія студэнты плацяць грошы за тое, каб… не вучыцца. 4—5 гадоў яны стаяць у чарзе па дыплом, нават не думаючы пра тое, што будзе потым, марнуюць грошы і час.
Аднак вядома, што за кошт платнага навучання ў значнай ступені фарміруецца бюджэт універсітэтаў, таму ў нас выганяюць вельмі ашчадна. На жаль, гэта псуе ўсё студэнцкае асяроддзе: людзі, якія не жадаюць вучыцца, негатыўна ўплываюць на тых, хто прыйшоў па веды. У іх таксама адбываецца дэматывацыя.

— А калі б нядбайныя студэнты разумелі непазбежнасць адлічэння, то ўзяліся б за розум?
— Сістэма авалодання прафесіяй павінна быць жорсткай: не здаў — прабач! Гэта вельмі матывуе да працы. Паверце, замежныя студэнты працуюць з раніцы да вечара. А большасць экзаменаў яны здаюць не выкладчыку, а камп’ютару, які адрозніваецца абсалютнай непрадузятасцю. Так рыхтуюцца прафесіяналы.
Інакш, што гэта за адукацыя, калі адукаваны чалавек не адрозніваецца ад неадукаванага? Для таго, каб абмяркоўваць нейкія праблемы на ўзроўні здаровага сэнсу, не абавязкова заканчваць універсітэт. А вось калі ў чалавека ёсць кваліфікацыя, ён умее зазірнуць за гарызонт, убачыць падаплёку таго, што адбываецца, яму няма цаны. Адукацыя — гэта здольнасць больш шырока глядзець на свет, бачыць і ўмець рабіць тое, чаго не бачыць і не ўмее рабіць чалавек неадукаваны.

— Магчыма, Уладзімір Аляксандравіч, праблема ў тым, што ў нас масавая вышэйшая адукацыя? Ніжняя планка ЦТ на ўзроўні 5, 10, 15 балаў не выконвае функцыі заслоны для слаба падрыхтаваных абітурыентаў. Калі яны не асвоілі як след школьную праграму, што ўжо казаць пра ўніверсітэцкую?
— Не зусім так. Напрыклад, амерыканская сістэма тэсціравання самаацэначная. Калі малады чалавек атрымаў узровень С, то яму падыходзяць рабочыя прафесіі. Гэта, аднак, не значыць, што ён не можа замахнуцца на вышэйшую адукацыю, проста яго папярэджваюць: там яму будзе складана вучыцца, ён не атрымае фондавай падтрымкі і г.д. Але калі вельмі хочацца — калі ласка! Калі ён атрымаў узровень В, то можа паступаць ва ўніверсітэт, хаця Оксвард, Ель, Масачусетс — не для яго. Аднак, безумоўна, можна паспрабаваць. А вось узровень А сведчыць пра тое, што малады чалавек можа прэтэндаваць на самыя лепшыя ўніверсітэты. Больш за тое, яны самі будуць за ім ганяцца.
Гэта разгорнутая ацэнка магчымасцей, папярэджанне чалавеку аб тым, як ён будзе адчуваць сябе на тым ці іншым узроўні адукацыі. Можна замахнуцца і на больш высокі ўзровень, але там, каб утрымацца, давядзецца прыкласці большыя намаганні.
Задача нашай прафарыентацыі — таксама дапамагчы абітурыенту з самаацэнкай. Не заганяць яго ў рамкі, не пазбаўляць магчымасцей, а паказаць складанасці, якія могуць быць на розных узроўнях адукацыі. Пры гэтым абавязкова адзначаць, што гэтыя складанасці можна пераадолець, толькі для гэтага давядзецца прыкласці значна большыя намаганні. Гэта разумная сістэма прафарыентацыі. Аднак зноў жа яна спрацуе пры ўмове, што ўніверсітэты будуць выганяць усіх непаспяховых студэнтаў.

— А якая роля бацькоў у прафарыентацыі? Як знайсці правільныя словы і жыццёвыя прыклады, каб дзіця зрабіла правільны выбар?
— Функцыянал бацькоў, і не толькі ў дачыненні да выбару прафесіі, — паказаць дзецям наступствы таго ці іншага выбару. Мудрыя бацькі вучаць дзяцей прымаць самастойныя рашэнні і жыць аўтаномна.
Самае галоўнае ў прафесійным вызначэнні — высветліць, што чалавеку падыходзіць, а што — не (і па псіхафізіялагічных асаблівасцях, і проста па інтарэсах), таму вельмі важна паспрабаваць сябе ў розных сферах. Я не выпадкова ў свой час заклікаў не адмаўляцца ад мультыпрофілю, бо няма такіх інструментаў, якія дазваляюць адназначна спрагназаваць схільнасці дзіцяці. Яны могуць мяняцца. А манапрофіль заганяе чалавека ў рамкі. Бацькі ж часта выбіраюць школу побач з домам, не разумеючы, што калі ў дзіцяці гуманітарныя схільнасці, а яно вымушана хадзіць у політэхнічную гімназію, а потым працягваць тэхнічную адукацыю, то яму давядзецца мучыцца ўсё жыццё. Бо гэта сапраўдная трагедыя — займацца не сваёй справай. Калі чалавек не любіць прафесію, то і прадстаўнікі гэтай прафесіі і ўсе астатнія людзі становяцца для яго непрывабнымі. Вось чаму дзіця павінна паспрабаваць розныя напрамкі, прычым неаднаразова.

— А што могуць зрабіць для дзяцей педагогі?
— Рашэнне аб выбары прафесіі дзіця павінна прымаць самастойна, як і адказваць за наступствы. Бо калі прафесію навязалі бацькі ці настаўнікі, то яны акажуцца вінаватымі на ўсё жыццё.
Прафесіяналы, якія працуюць у дыягнастычных цэнтрах, павінны прапанаваць дзіцяці розныя варыянты дзеянняў і абавязкова расказаць пра рамкі (падкрэсліваючы, што гэтыя рамкі могуць быць пераадолены). Правільная прафарыентацыя паказвае чалавеку, што ў яго будзе атрымлівацца лепш, а што — горш, дзе патрабуюцца дадатковыя намаганні, а дзе будзе лягчэй прабіваць дарогу. Пры гэтым нельга казаць адназначнае “не”. Сярод дзяцей няма чыстых гуманітарыяў і тэхнароў, гэта ўжо потым, у працэсе адукацыі, яны становяцца такімі. Таму трэба разглядаць розныя напрамкі дзейнасці. Калі чалавек узаемадзейнічае са шматлікімі культурамі, ён разумее, што свет разнастайны, а сутыкаючыся з рознымі прафесіямі, ён усведамляе, што ёсць рэсурс развіцця.

— Вельмі доўга грамадскае меркаванне навязвала моладзі неабходнасць атрымання вышэйшай адукацыі. І раптам высветлілася, што ў краіне катастрафічна не хапае кваліфікаваных рабочых. Сёння добры фрэзероўшчык, зваршчык ці будаўнік больш каштоўны на рынку працы і можа прэтэндаваць на значна большыя заробкі, чым многія людзі з вышэйшай адукацыяй. Але грамадскае меркаванне па-ранейшаму ўплывае на мазгі, і моладзь разглядае прафесійную адукацыю пераважна як запасны варыянт. Як можна змяніць гэтую тэндэнцыю?
— Мы з вамі зноў вяртаемся да агульных асноў. У дэмакратычнай дзяржаве павінна фарміравацца талерантнасць, якая ўключае ў сябе паважлівае стаўленне не да прафесіі, не да статусу, а да чалавека. Дзяцей з малых гадоў трэба вучыць таму, што людзі дзеляцца не на прафесараў і слесараў, а на добрых і дрэнных людзей. І сантэхнік патрэбен грамадству не менш, чым чыноўнік. Гэта першы крок да таго, каб у будучыні ў чалавека не было комплексаў наконт рабочай прафесіі.
Прафесійную талерантнасць і гуманістычныя ідэалы трэба фарміраваць у школе. Няважна, які ў чалавека колер скуры, прафесія, палавая прыналежнасць, галоўнае — ён сам. Прафесар можа быць паганым чалавекам, а сантэхнік — любімцам мікрараёна (дарэчы, сантэхнік у маім доме — вельмі інтэлігентны чалавек, без шкодных звычак, май-стар сваёй справы). І можна атрымліваць задавальненне як ад разумовай, так і ад фізічнай працы — ад па-майстэрску зробленага крэсла, ад якасна выкананага рамонту і г.д.
Як вы разумееце, праблемы прафарыентацыі носяць сістэмны характар, і рашэнні ў гэтым напрамку таксама павінны быць сістэмнымі, з усведамленнем таго, што вынік будзе не заўтра. Трэба аб’ядноўваць мазгі і думаць, што рабіць зараз, каб праз 20 гадоў адбыліся кардынальныя змены ў бок якасці і развіцця.

— Дзякуй, Уладзімір Аляксандравіч, за вельмі цікавую гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.