Большасць жыхароў задаволены вырашэннем сваіх пытанняў у дзяржорганах

- 13:54Інфармацыйная гадзіна

Большасць жыхароў Беларусі задаволены тым, як вырашаюцца іх пытанні ў розных дзяржаўных органах. Аб гэтым сведчаць вынікі нацыянальнага сацыялагічнага апытання, праведзенага інфармацыйна-аналітычным цэнтрам ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і Мінску, раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах.

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, насельніцтва Беларусі часцей за ўсё звяртаецца па атрыманне даведак і дакументаў ва ўстановы аховы здароўя (85 працэнтаў ад усіх апытаных), арганізацыі па месцы работы або вучобы (70,5 працэнта), на прадпрыемствы сувязі, у службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (па 66 працэнтаў) і мясцовыя органы ўлады (54 працэнты).
Наведваюць установы адукацыі, арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, ДАІ, органы ўнутраных спраў і сацыяльнай абароны ў сярэднім па 41 працэнце грамадзян. У сярэднім па 27,5 працэнта рэспандэнтаў звярталіся ў натарыяльныя канторы, ЗАГСы, землеўпарадкавальныя службы, арганізацыі архітэктуры і будаўніцтва. Сярод найменш наведвальных — падатковыя і мытныя органы (20,5 працэнта і 13,5 працэнта адпаведна).
Згодна з вынікамі апытання, пры звароце ў дзяржаўныя органы грамадзяне Беларусі значна часцей сутыкаюцца з праявай станоўчых якасцей іх работнікаў (паважлівае стаўленне, уважлівасць, тактоўнасць і інш.), чым адмоўнымі — 72 працэнта і 27,5 працэнта адпаведна.
Вырашэннем сваіх пытанняў часцей за ўсё задаволены грамадзяне, якія звярталіся ў ЗАГСы (88,5 працэнта), арганізацыі па месцы работы або вучобы, у натарыяльныя канторы і на прадпрыемствы сувязі (у сярэднім 81 працэнт станоўчых адказаў).
У сярэднім 71,5 працэнта апытаных цалкам задавольваюць вынікі звароту ў органы сацыяльнай абароны, арганізацыі па рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, установы адукацыі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады, падатковыя органы.
Крыху ў меншай ступені грамадзяне задаволены вырашэннем сваіх пытанняў у органах унутраных спраў і ДАІ, мытных структурах, арганізацыях архітэктуры і будаўніцтва, а таксама землеўпарадкавання (у сярэднім па 61 працэнце).
Згодна з атрыманымі данымі, у службу “аднаго акна” звяртаўся кожны трэці паўналетні жыхар Беларусі (34 працэнты). Запатрабаванасць гэтай паслугі вышэйшая сярод гараджан, чым сярод вяскоўцаў (37 працэнтаў і 24 працэнты адпаведна).
Як паказалі вынікі апытання, для жыхароў Беларусі найбольш прыдатнымі з’яўляюцца традыцыйныя формы работы са зваротамі грамадзян: асабісты прыём у выканкамах (56 працэнтаў), тэлефонныя гарачыя (32,5 працэнта) і прамыя лініі (24 працэнты).
Практычна кожны пяты (18 працэнтаў) назваў разгляд вусных зваротаў па тэлефоне. У сярэднім для 15 працэнтаў рэспандэнтаў прыдатныя пісьмовыя звароты і выязны прыём па месцы жыхарства. Магчымасць вырашаць свае пытанні, выкарыстоўваючы электронную пошту дзяржаўных арганізацый і сродкі масавай інфармацыі, прываблівае па 11,5 працэнта апытаных.