Навучыць дзяцей вучыцца, закласці правільныя арыенціры пры выхаванні маленькай асобы. У гэтым бачыць сваю галоўную прафесійную задачу настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Крычава Таццяна Ягорава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Выкладанне ў пачатковых класах — асаблівая місія. Тут няма месца абыякавасці ці працы па шаблоне. Усведамляю, што на мне вялікая адказнасць, і прыкладаю ўсе намаганні, каб навучанне было дзецям у радасць, — падзялілася Таццяна Мікалаеўна.

У педагогіцы Таццяна Ягорава звыш двух дзесяцігоддзяў. За гэты час яна выпрацавала эфектыўную сістэму навучання, у аснове якой шчырая любоў да дзяцей і вера ў іх магчымасці:
— У нас з вучнямі даверлівыя прыязныя адносіны, што вельмі важна для раскрыцця іх патэнцыялу. Пэўны талент ёсць у кожнага навучэнца, неабходна проста разгледзець яго здольнасці і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча.
Сёлета ў Таццяны Мікалаеўны зноў першакласнікі. Пад яе крылом больш як 20 учарашніх дашкалят. За некалькі месяцаў педагог змагла знайсці паразуменне з усімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
— Заняткі імкнуся рабіць цікавымі, пазнавальнымі і прадукцыйнымі. У гэтым дапамагаюць гульнявыя метады і інтэрактыўныя заданні. Шырока выкарыстоўваю таксама прэзентацыі, схемы, кластары, ілюстрацыі, розныя анлайн-рэсурсы. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і сродкі візуалізацыі спрыяюць якаснаму засваенню матэрыялу, — расказала Таццяна Ягорава.
На ўроках Таццяна Мікалаеўна заўсёды прымяняе тэхналогію крытычнага мыслення. Для яе важна, каб навучэнцы былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі заняткаў: самастойна шукалі адказы на пытанні, выяўлялі праблемы, знаходзілі шляхі іх вырашэння.
Значным фактарам вучэбнай паспяховасці Таццяна Ягорава лічыць матывацыйную падтрымку вучняў. Яна ніколі не шкадуе для дзяцей заахвочвальных слоў. Настаўніца пераканана: звычайны зварот “Малайчына!” часта становіцца той сілай, якая рухае навучэнцаў да развіцця.
Сярод працоўных прыярытэтаў Таццяны Мікалаеўны не толькі трывалыя веды, а і духоўна-маральнае выхаванне вучняў.
— Хочацца выгадаваць сваіх падапечных спагадлівымі, сумленнымі, прыстойнымі людзьмі. Выхаваўчыя моманты пастаянна ўкараняю ў структуру ўрокаў. Выхаванне з’яўляецца ключавым і ў пазакласнай дзейнасці. Стараюся сама быць для навучэнцаў узорам для пераймання, наглядным прыкладам у паводзінах і ўчынках, — адзначыла суразмоўніца.
Павышаную ўвагу Таццяна Ягорава ўдзяляе фарміраванню ў вучняў патрыятызму і грамадзянскасці. Яна прывівае дзецям пачуццё прыналежнасці да беларускай нацыі, эмацыянальнай прыхільнасці да Радзімы:
— Сумесна з навучэнцамі падрабязна вывучаем біяграфіі суайчыннікаў, якія ўнеслі ўклад у культуру, навуку, мастацтва. Класам шмат вандруем, бываем на экскурсіях у музеях. Падчас такіх выездаў хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца бачыць прыгажосць прыроды Беларусі, унікальнасць нашых архітэктурных помнікаў, аўтэнтычнасць народных традыцый. Праз мерапрыемствы і знакавыя справы закладваю ў дзіцячы светапогляд задаткі грамадзянскасці. Мае вучні збіраюць другасную сыравіну, аказваюць дапамогу ветэранам, інвалідам, аднагодкам у складанай жыццёвай сітуацыі. Да любых выхаваўчых ініцыятыў прыцягваю бацькоў. Узаемадзеянне з сям’ёй дазваляе стварыць адзіную выхаваўчую прастору ў школе і дома, трансліраваць дзецям аднолькавыя каштоўнасці.
Сёння Таццяна Ягорава — настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Нягледзячы на салідны вопыт, яна бесперапынна займаецца павышэннем педагагічнага майстэрства:
— У сучасных рэаліях ніяк не абысціся без удасканалення прафесійных навыкаў. Каб захапіць дзяцей, трэба ўкараняць у адукацыю інавацыйныя методыкі. Вучуся новаму на курсах, метадычных семінарах, практыкумах, канферэнцыях. Нядаўна прайшла навучанне ў ПВТ, асвоіла праграмаванне на Scratch, зараз арганізую адпаведныя факультатывы для вучняў. У найбліжэйшых планах — паспрабаваць выступіць на конкурсе “Настаўнік года”, які істотна пашырае прафесійныя гарызонты.
Падыходы Таццяны Ягоравай станоўча ўплываюць на школьнікаў — навучэнцы дасягаюць высокіх вынікаў у алімпіядах, даследаваннях, творчасці.
— У літаральным сэнсе штодзень аддаю дзецям часцінку свайго сэрца. Прыемна назіраць, што гэта мае водгук, — падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна. — Цяперашнія вучні радуюць вучэбнымі поспехамі. Натхненне прыносяць і сустрэчы з пасталеўшымі выпускнікамі. Былыя малышы ператварыліся ў мэтанакіраваных маладых дзяўчат і юнакоў, але я ўсіх памятаю пайменна. А яны з цеплынёй успамінаюць мае ўрокі і настаўленні. Іх падзякі для мяне — лепшая ўзнагарода. А яшчэ — прычына не спыняцца на дасягнутым.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара




