Выпускнікі Глушкавіцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна вяртаюцца на малую радзіму працаваць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ахвотна прыходзяць яны і ў родную школу ў якасці настаўнікаў. Услед за роднай сястрой, настаўніцай фізічнай культуры і здароўя Алёнай Бурым, прыйшла на сваё першае працоўнае месца і настаўніца англійскай мовы Анастасія Бурым.
Падзяліцца часцінкай душы

Спорт заўсёды быў неад’емнай часткай жыцця Алёны Бурым, а зараз з’яўляецца і складнікам прафесіі.
Алёне Рыгораўне яшчэ ў школе вельмі падабаліся ўрокі фізічнай культуры. Дзяўчына захаплялася лёгкай атлетыкай, футболам, валейболам. Разам з вясковымі дзецьмі бавіла вольны час на спартыўнай пляцоўцы. У старшай школе стала першай на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды. Жаданне быць настаўніцай фізічнай культуры і здароўя ўмацавалі родная цётка Святлана, якая працавала загадчыцай дзіцячага сада ў суседняй вёсцы, і дырэктар школы Ганна Пятроўна Ляхавец.
— У школе я працую трэці год, праводжу ўрокі ва ўсіх класах — з 1-га па 11-ы. Спачатку было страшна, асабліва ў рабоце са старшакласнікамі, бо розніца ва ўзросце ў нас была зусім невялікая. Аднак удалося наладзіць кантакт з вучнямі: імкнуся быць з імі на адной хвалі, часам выкарыстоўваю іх лексіку для больш даходлівага тлумачэння матэрыялу, — расказвае Алёна Рыгораўна. — Зразумела, што галоўнае ў адносінах з дзецьмі — быць сумленнай і шчырай, і яны адкажуць табе ўзаемнасцю. Вялікую дапамогу аказвае мой настаўнік Яўген Фёдаравіч Швец, які падказвае, накіроўвае, дае слушныя парады. Да яго я ў любы момант магу звярнуцца па кансультацыю. Ва ўсіх пачынаннях вельмі падтрымлівае адміністрацыя: дырэктар Ганна Пятроўна Ляхавец, яе намеснікі Таццяна Сяргееўна Міхалкова і Алена Леанідаўна Міхалкова.
Маладая настаўніца ўпэўнена, што сучасны педагог павінен не проста даваць веды, а прывіваць любоў да актыўнага ладу жыцця і матываваць дзяцей уласным прыкладам.
— Калі гаворыш, як важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, неабходна і самой гэта рабіць, — падкрэслівае педагог.
Ды і падчас урока на спартыўнай пляцоўцы альбо ў зале Алёну Рыгораўну часта можна ўбачыць у цэнтры гульні, ці то гэта выбівалы ў пачатковай школе, ці то футбол у старшых класах.
Настаўніца змагла так матываваць дзяцей і ўсяліць у іх упэўненасць у сваіх сілах, што ў яе і ў выхадныя, і падчас канікул няма перапынку ў рабоце — у спартзале і на футбольным полі заўсёды чуваць стук мяча, галасы дзяцей. Алёна Рыгораўна арганізоўвае пазакласныя мерапрыемствы, спартландыі, праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Мяч над сеткай”.
Аднак педагог падкрэслівае, што захопленасць спортам не павінна станавіцца перашкодай на шляху да набыцця ведаў па іншых прадметах. У яе не праходзіць стэрэатып, быццам спартсмену неабавязкова вучыцца, калі ён заняты ў спаборніцтвах. У спорце таксама трэба думаць галавой, ведаць тактыку гульні, разумець яе дынаміку. Дарэчы, зараз настаўніца вучыцца ў магістратуры.
Алёну Рыгораўну запрашалі ў спартыўную школу працаваць трэнерам, але, па яе меркаванні, трэнерская работа мае зусім іншую спецыфіку. А яна імкнецца развіваць дзяцей адначасова ў розных напрамках, ды і родную школу кідаць не хоча:
— Я зразумела, як гэта выдатна — дзяліцца з кімсьці не толькі ведамі, але і часцінкай сваёй душы, бачыць, што твая праца прыносіць канкрэтны вынік, прыкладаць намаганні, каб будучае пакаленне было фізічна моцным, развітым, клапацілася пра сваё здароўе. І калі ўсё атрымаецца, я буду па-сапраўднаму шчаслівая ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і мая заслуга.
Стымул для дзейнасці

Першыя крокі ў прафесіі робіць Анастасія Бурым, якая выкладае ў 3—5 і 7 класах англійскую мову і з’яўляецца педагогам-арганізатарам.
Настаўніцкі шлях яна выбрала па прыкладзе старэйшай сястры. Пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа дзяўчына была накіравана ў Лельчыцкі раён.
— Я вельмі рада, што вярнулася ў родную школу. Дома, як гаворыцца, і сцены дапамагаюць, — адзначае Анастасія Рыгораўна. — Добра ведаю настаўнікаў, а яны — мяне. Дарэчы, калектыў у нас цудоўны, мяне вельмі добра прынялі. А гэта вялікі плюс у любой прафесіі. У нас працуюць і вопытныя педагогі, і маладыя, да якіх я магу звярнуцца па любым пытанні. Вельмі дапамагае ў рабоце і мой настаўнік-куратар Наталля Аляксандраўна Раманава.
У каледжы Анастасіі Рыгораўне далі добрую тэарэтычную базу, а вось на практыцы трэба ведаць многія нюансы, якія прыходзяць толькі з вопытам. Пакуль настаўніцы цяжка знайсці падыход да кожнага дзіцяці, захоўваць дысцыпліну, утрымліваць увагу ўсяго класа, укладвацца ў 45 мінут урока. Перад пачаткам навучальнага года асаблівая ўвага педагога была звернута на вывучэнне нарматыўнай базы, запаўненне дакументацыі, у прыватнасці школьнага журнала, складанне каляндарна-тэматычнага планавання.
— Перада мной стаіць задача не толькі даходліва і зразумела падаць вучэбны матэрыял, але і прывіць любоў да свайго прадмета, знайсці падыход да кожнага дзіцяці, раскрыць яго лепшыя бакі. Імкнуся праводзіць урокі цікава, чаргуючы розныя віды дзейнасці, каб навучэнцам было нясумна. Рыхтую для іх шмат нагляднага матэрыялу, дадатковыя заданні, віктарыны, тэсты. Дзеці любяць глядзець тэматычныя відэа, прэзентацыі, якія таксама дапамагаюць у засваенні матэрыялу. Заўважаю, што пасля прагляду яны абмяркоўваюць убачанае, узаемадзейнічаюць, часам паміж вучнямі ўзнікаюць дэбаты. Увогуле, усе школьнікі такія розныя, кожны са сваім характарам, хтосьці лепш запамінае напісанае, хтосьці — пачутае, а камусьці трэба паўтарыць некалькі разоў. Галоўнае — быць цярплівым і неабыякавым да кожнага, атрымліваць зваротную сувязь ад дзяцей, — адзначае настаўніца.
Да падрыхтоўкі да ўрокаў Анастасія Рыгораўна ставіцца вельмі адказна. План-канспект заняткаў прадумвае да дробязей, падбірае дадатковы матэрыял. Каб навучыць дзяцей свабодна размаўляць на англійскай мове, педагог выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі. У практыку работы ўвайшлі ролевыя гульні: вучні вітаюць адно аднаго, развітваюцца, пытаюць нумар тэлефона, дарогу, расказваюць пра сям’ю і інш. Часта на ўрок прыходзяць казачныя героі, персанажы з мультфільмаў. Англійскі алфавіт навучэнцы пачатковых класаў вывучаюць з дапамогай займальных картак Т.Б.Кляменцьевай: падбіраюць словы да карцінак, складаюць словы і інш.
— Работа прыносіць мне задавальненне. Поспехі маіх выхаванцаў, бляск у іх вачах і, канечне, высокія адзнакі — гэта найлепшы стымул для далейшай дзейнасці, самаразвіцця і павышэння свайго прафесійнага майстэрства, — падкрэслівае А.Бурым.
***

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Міхалкова:
— Дзеці любяць маладых настаўнікаў. Яны з радасцю іх сустракаюць, ахвотна ідуць на заняткі, імкнуцца быць падобнымі на іх. І гэта зразумела: маладыя педагогі ўкараняюць у адукацыйны працэс лічбавыя тэхналогіі, выкарыстоўваюць інтэрактыўны матэрыял, прыўносяць у прафесію свежыя ідэі, сучасныя метады навучання. Ініцыятыўнасць і энергія пачынаючых настаўнікаў дапамагаюць зрабіць навучанне больш цікавым і эфектыўным, яны адкрыты да эксперыментаў, гатовы ісці насустрач вучням і ствараць умовы для іх развіцця.
Яркае сведчанне гэтага — дзейнасць нашых маладых педагогаў Алёны і Анастасіі Бурым. Яшчэ ў школе яны зарэкамендавалі сябе як вельмі адказныя, старанныя, працавітыя дзяўчаты, якім падабалася і ў якіх, галоўнае, атрымлівалася займацца з дзецьмі. Нашы выпускніцы мэтанакіравана прыйшлі ў прафесію, і мы бачым, што навучэнцы іх вельмі любяць. Увогуле, нам шанцуе з маладымі спецыялістамі, яны імкнуцца раскрыць сябе ў розных напрамках. Так, Анастасіі Бурым мы прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў якасці педагога-арганізатара. І не памыліліся. Цудоўныя водзывы навучэнцаў і педагогаў мы атрымалі на праведзенае ёй пазакласнае мерапрыемства ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Нашы пачынаючыя настаўнікі праводзяць розныя мерапрыемствы, пры неабходнасці прыходзяць на замену калег, распрацоўваюць урокі, якія папаўняюць метадычную скарбонку раёна. Акрамя таго, яны ўдзельнічаюць у конкурсным руху. Так, летась у раённым конкурсе “Лепшы малады спецыяліст” Алёна Бурым заняла 3-е месца.
Каб маладыя педагогі заставаліся на першых працоўных месцах, за кожным пачынаючым настаўнікам замацоўваем вопытнага, арганізоўваем узаеманаведванне ўрокаў, праводзім майстар-класы, семінары, кансультацыі. У раёне дзейнічае школа маладога настаўніка. І гэтую работу мы плануем працягваць.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





