Таццяна Вянско, Алена Шымко і Кацярына Латушка ў педагогіку прыйшлі менавіта дзякуючы захопленасці школьным прадметам “Матэматыка”. У жыцці кожнай з іх быў прыклад настаўніка-прадметніка, які павёў за сабой. А сёння такім прыкладам усе яны становяцца ўжо для сваіх вучняў. З апошняй абласной канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа” ў Гродне вучні гэтых педагогаў вярнуліся з дыпломамі прызёраў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ці шмат магчымасцей для праектнай дзейнасці ў матэматыцы і як знайсці гатовых займацца дадатковай работай вучняў? У адказах на пастаўленыя пытанні калегі з сярэдняй школы № 3 імя І.Ю.Філідовіча салідарныя: пунктам адліку можа стаць абсалютна любая тэма, а здольных да такой работы талентаў звычайна выдаюць цікавыя пытанні падчас звычайных урокаў.
— Так, пытанне дзевяцікласніцы адносна прымянення ў жыцці арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсіі стала пачаткам для нашай вялікай сумеснай працы, — успамінае Таццяна Вянско.
У тандэме з гэтым педагогам і яе калегай Аленай Шымко цяпер ужо дзесяцікласніца Софія Каско не толькі знайшла адказ, але і стварыла ўнікальны інструмент, які дапамагае іншым вучням убачыць матэматыку ў штодзённым жыцці.
— У сваім даследаванні мы паглыбіліся ў гісторыю і высветлілі, што прагрэсія мела месца ў жыцці чалавека са старажытных часоў. Яшчэ ў антычнасці з яе дапамогай вырашалі цалкам зямныя задачы: размяркоўвалі прадукты, дзялілі маёмасць. А аналіз прыкладных задач паказаў, што прымяненне прагрэсіі сёння вельмі важнае ў такіх напрамках, як медыцына, фінансы, будаўніцтва, навука. Строгім законам арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсіі са школьнага курса матэматыкі сёння, напрыклад, падпарадкоўваецца разлік банкаўскіх працэнтаў, амартызацыя абсталявання, мадэляванне росту насельніцтва… — знаёміць з сутнасцю праекта Таццяна Вянско.
— Галоўным вынікам нашага даследавання стаў не проста даклад, а сапраўдны адукацыйны прадукт — інтэрактыўны зборнік на анлайн-платформе Genially, — падключаецца да размовы Алена Шымко. — Ад галоўнага меню тут можна перайсці да тэарэтычнага і практычнага блокаў. У апошнім нямала задач на прымяненне арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсіі. Тут жа прадстаўлены заданні па гэтай тэме для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання з рашэннямі. Прычым кожную прапанаваную намі задачу вучаніца разбірала паэтапна. Разам з ёй мы пастараліся растлумачыць рашэнне задач у тым ліку з выкарыстаннем інтэрактыўных элементаў. Па сутнасці, праект — шпаргалка для тых, хто прапусціў урокі, прысвечаныя знаёмству з арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсіяй.
Да прадукту-выніку даследчага праекта штораз звяртаюцца педагогі 3-й школы Дзятлава. У фармулёўцы задач тут актыўна выкарыстоўваюцца факты, якія маюць дачыненне да роднага райцэнтра. І ў гэтым таксама прасочваецца сувязь абстрактных матэматычных паняццяў з канкрэтнымі велічынямі са штодзённага жыцця.
— Над праектам мы працавалі даволі працяглы час. Яго каштоўнасць не толькі ў сістэмным прадстаўленні тэмы, яе пераламленні ў рэальным жыцці. Увага класа канцэнтруецца ў разы лепш, калі падчас урока кажу: “А зараз давайце паглядзім, якім спосабам аналагічную задачу вырашыла ваша аднагодка”, — з усмешкай дадае Таццяна Вянско.
Цікава, што частку тэставых заданняў для інтэрактыўнага зборніка згенерыраваў ШІ. Дасведчаныя педагогі ўнеслі папраўкі ў іх дакладнасць і актуальнасць і толькі потым прапанавалі рашыць юнай даследчыцы. Цікавая сумесная работа заняла 1-е месца ў раёне ў конкурсе даследчых праектаў. На вобласці яна стала 3-й, але галоўнай перамогай Таццяна Вянско і Алена Шымко называюць тое, што змаглі “злавіць” захопленасць школьніцы.
Абодва педагогі свой шлях у прафесіі больш за дзесяць гадоў назад пачалі якраз дзякуючы аналагічнай захопленасці асобай школьнага настаўніка.
Для Алены Шымко праваднікамі ў свет педагогікі сталі прадстаўнікі педагагічнага дуэта — фізік і матэматык з Вензавецкай школы Інеса і Аляксандр Гецэвічы.
А Таццяна Вянско ў свой час скончыла менавіта сярэднюю школу № 3 Дзятлава і сёння рада працаваць побач з Нінай Уладзіміраўнай Жых, дзякуючы якой матэматыка стала і яе прафесіяй.
У практыцы Кацярыны Латушкі захопленасць школьніка праектнай дзейнасцю нарадзілася падчас факультатыўных заняткаў.
— У мінулым годзе, працуючы з пяцікласнікамі, адчула, што ў дзяцей выклікаюць цяжкасці тэкставыя задачы. Бывае, дзіця можа рашыць задачу, але аргументаваць рашэнне яму не заўсёды проста. Падумала: з гэтым трэба нешта рабіць. Усім жадаючым тады прапанавала факультатыў “Элементы логікі”, дзе мы вучымся даказваць, разважаць і прыводзіць аргументы, — гаворыць педагог.
Будаваць работу факультатыву строга па прапанаванай праграме — не пра нашу гераіню. Яна прыгадала пра сваю вялікую захопленасць універсітэцкай дысцыплінай “Матэматычная логіка” і задалася пытаннем, ці змогуць школьнікі сярэдняга звяна зразумець азы гэтага напрамку ў бязмежным свеце матэматыкі.
У выніку сёння яе шасцікласнікі маюць агульнае ўяўленне аб лагічных аперацыях кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, інверсіі, імплікацыі і эквівалентнасці. Больш за тое, двое высокаматываваных вучняў — дзесяцікласніца Даша Заблоцкая і шасцікласнік Ілья Калюцік — пры падтрымцы педагога распрацавалі ў PowerPoint інтэрактыўны трэнажор. Ён на простай і зразумелай мове знаёміць аднагодкаў з пяццю лагічнымі аперацыямі і прапануе, выкарыстоўваючы іх, даказаць ілжывасць або праўдзівасць некалькіх выказванняў.
— Сучасныя школьнікі любяць гуляць у тэлефонах, і ў аснове такога трэнажора якраз аналагічны гульнявы прынцып. Дастаткова сказаць, што тры яго ўзроўні называюцца касмічныя, лясныя і падводныя бітвы. Кожны ўзровень складаецца з пяці заданняў-табліц. Каб іх запоўніць, вучні ўсталёўваюць сувязі, вызначаюць парадак дзеянняў і тым самым развіваюць логіку, — працягвае Кацярына Латушка.
Незвычайны даследчы праект захапіў не толькі аўтараў-школьнікаў. З трэнажорам па прапанове Кацярыны Латушкі справіліся ўжо практычна ўсе яе вучні.
— Для мяне важна, каб дзеці зразумелі: логіка — гэта аснова іх паспяховага навучання ў школе. Вельмі спадзяюся, што разам з маімі высокаматываванымі памочнікамі ў нас гэта атрымалася, — дадае Кацярына Валер’еўна.
Цікава, што шлях у педагогіку для яе стаў нечаканым. Атрымаўшы пасля заканчэння школы эканамічную спецыяльнасць, пачала працаваць у банку. Але хутка зразумела, што займаецца не сваёй справай. Адукацыя дазволіла паспрабаваць свае сілы ў якасці настаўніцы інфарматыкі ў невялікай Вензавецкай школе. І тут галоўную ролю адыграла ўпэўненасць дырэктара ўстановы адукацыі Ганны Франюк, што педагогіка — адзіны кірунак для развіцця суразмоўніцы.
Вялікую ўвагу на сваіх уроках яна ўдзяляе адпрацоўцы пройдзенага матэрыялу. Заўсёды акцэнтуе ўвагу школьнікаў: каб навучыцца рашаць задачы, трэба рашаць іх зноў і зноў:
— У аснове любога тлумачэння ў мяне заўсёды прыёмы візуалізацыі, нагляднага прадстаўлення матэрыялу. Звяртаюся да ШІ пры складанні тэматычных прэзентацый да ўрока і тэставых матэрыялаў. Наогул да любой задачы з яго дапамогай сёння можна ў адну хвіліну атрымаць тлумачальную карцінку ці нават невялікае відэа да пяці секунд.
Віртуальны памочнік нярэдка падказвае педагогу цікавыя ідэі, як незвычайна прадставіць матэрыял. З яго дапамогай, напрыклад, Кацярына Латушка да любога ўрока матэматыкі падбірае эпіграф па тэме:
— Проста размясціць яго на дошцы — няхай нават на інтэрактыўнай — сёння ўжо недастаткова. Практыкую вопыт, калі такія выказванні ў пачатку ўрока гучаць ад аўтара — згенерыраванага ШІ жывога здымка з накладзенай агучкай. Напрыклад, урок-знаёмства з правільнымі і няправільнымі дробамі ў мяне пачынаецца з выказвання Льва Талстога: “Чалавек падобны да дробу: лічнік — гэта тое, кім ён з’яўляецца, а назоўнік — тое, што ён пра сябе думае”. У канцы ўрока звычайна прапаную паразважаць дзецям над гэтым выказваннем у дачыненні да сябе.
Пры гэтым штучны інтэлект — гэта далёка не заўсёды тое, пра што мы, настаўнікі, гаворым са знакам “плюс”. Сёння інтэлект стварае асаблівае асяроддзе, у якім растуць сучасныя дзеці. У некаторых пытаннях нам нават даводзіцца даганяць іх. Існуе ўжо цэлы шэраг мабільных дадаткаў (напрыклад PhotoMath), якія менш чым за хвіліну справяцца з рашэннем любой задачы. Імкнуся і тут трымаць руку на пульсе. Калі ў дамашняй рабоце сустракаюся з ідэнтычным прапанаваным PhotoMath-рашэннем, работу не ацэньваю. Аналагічна сканірую заданні разумнай камерай Google. Педагогу сёння асабліва важна ісці ў нагу з часам яшчэ і з гэтай прычыны.
Кацярына Валер’еўна ўпэўнена, што ад класічнай школы, дзе ёсць месца тром складнікам — настаўнік, крэйда, дошка, — мы мэтанакіравана рухаемся да фармулёўкі “лічбавая школа”. Менавіта з гэтай прычыны яе вучні падчас ўрока часта выконваюць заданні на нарыхтоўках педагога для мультыборда або на камп’ютарах.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





