Пра рэаліі і перспектывы адмаўлення ад мабільных тэлефонаў у школах карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Аксанай Грыб.
Яшчэ нядаўна Аксана Мікалаеўна ўзначальвала полацкую сярэднюю школу № 14 імя М.С.Грыневіча. Гэтая ўстанова стала адной з першых у краіне, дзе на перапынках сціхлі мабільныя званкі: іх тут не чуваць ужо другі год.

— Школа як сацыяльна-культурны аб’ект у першую чаргу працуе на тое, каб выхаваць дастойных грамадзян краіны, — гаворыць Аксана Грыб. — Стварыць для дзяцей спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе — агульная мэта ўсіх супрацоўнікаў установы. Мы назіралі за дзецьмі, рабілі высновы. І тое, што трэба нешта вырашаць з тэлефонамі, адчулі даўно. Спачатку, як і ў многіх установах, збіралі іх перад урокам у спецыяльныя скрыні і выдавалі на перапынках.
Паміж урокамі карціна была заўсёды адна: дзеці беглі да сваіх тэлефонаў і не выпускалі іх з рук увесь перапынак. Мы правялі бацькоўскі сход і вырашылі забіраць тэлефоны ў дзяцей на ўвесь вучэбны дзень.
Школа магла на мясцовым узроўні прыняць такое рашэнне. “За” выступілі ўсё кіраўніцтва ўстановы, педагогі, бацькоўскі камітэт. Год мы праводзілі гэты эксперымент, і ён даў вынік. Дзеці на перапынках вярнуліся да гульняў, якія даўно забылі. Пачалі наладжваць сяброўскія зносіны. Перасталі ўвесь перапынак знаходзіцца ў кабінетах, якія трэба праветрываць, — у школе ёсць спецыяльныя зоны, дзе школьнікі могуць адпачыць, пагуляць у настольныя гульні. Дзеці сталі часцей хадзіць у буфет.
Такім чынам, мы былі падрыхтаваны да таго, што ўжо на заканадаўчым узроўні будзе прапісана, як і калі трэба забіраць у дзяцей тэлефоны. Калі былі нейкія пытанні, напрыклад, адносна выкарыстання смарт-гадзіннікаў ці кнопачных тэлефонаў, бацькі заўсёды маглі звярнуцца па тлумачэнні да кіраўніцтва школы. Па кансультацыю мы звярталіся і да псіханеўролага Полацкай дзіцячай паліклінікі Алены Сцепанец, урача з больш чым 40-гадовым вопытам. Яна дала канкрэтныя парады нам і бацькам па выкарыстанні мабільнікаў і іх уплыве на псіхіку дзяцей.
Усе бацькі былі за забарону мабільных прылад у школе.
Толькі адна мама прыйшла да мяне з просьбай дазволіць дачцэ выкарыстоўваць тэлефон, таму што ў яе былі праблемы са здароўем.
Доступ да інтэрнэту ва ўстанове, вядома, ёсць — для настаўнікаў, а таксама для правядзення мерапрыемстваў. У школе ўстаноўлены восем мультыбордаў, інтэрактыўныя дошкі. Пасля капітальнага рамонту ва ўстанове правялі лакальную сетку. Пры гэтым вайфая, які нашы дзеці, хутчэй за ўсё, змаглі б узламаць, няма. Такім чынам, забяспечана поўная абарона ад выкарыстання вучнямі інтэрнэту. Мала проста забраць тэлефон у дзіцяці — яно можа “забыць” яго здаць ці прынесці ў школу іншы гаджэт.
Як змяніліся школьнікі за безтэлефонны перыяд?
Дзеці сталі часцей хадзіць у бібліятэку — папяровая кніга зноў запатрабавана. Пачалі больш старанна рыхтавацца да ўрокаў дома.
Калі раней яны былі ўпэўнены, што на перапынку перад урокам пачытаюць у інтэрнэце тую ці іншую інфармацыю, то зараз ім трэба падрыхтавацца загадзя, нешта выпісаць.
Вядома, мабільныя тэлефоны цалкам выключыць са школьнага жыцця немагчыма, ды і не трэба, але мы павінны навучыцца выкарыстоўваць іх па прамым прызначэнні — як сродак сувязі. Магчыма, з часам чалавецтва прыйдзе да разумення, што для дзяцей у інтэрнэце павінны быць фільтры, якія будуць абараняць іх ад небяспечнага кантэнту. Лічу, зараз мы вяртаемся да таго часу, калі моцнай была пераемнасць пакаленняў у галіне выхавання, дзе цаніліся жывыя зносіны паміж старэйшымі людзьмі і моладдзю. І гэта нядзіўна, бо ўсё ў жыцці развіваецца па гістарычнай спіралі.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара





