Дапамагаць вучням адкрываць таямніцы свету, шукаць адказы на хвалюючыя пытанні, тварыць — у гэтым бачыць сваё прызначэнне настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Бялыніч Наталля Ціханава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзіцячая мара
— Прайшло больш за 40 гадоў з таго часу, як я скончыла пачатковую школу, а сваю першую настаўніцу Лілію Іосіфаўна Савельеву добра памятаю і цяпер. Яе любоў да вучняў, клопат пра кожнага, дабрыня, мудрасць аказалі на мяне значны ўплыў, і ўжо 32 гады я іду па яе слядах, выкладаючы ў школе, у якой калісьці вучылася сама. За тое, што я ў настаўніцкай прафесіі, удзячна і маёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тамары Міхайлаўне Гузняковай, якая зараз працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна.
Наталля Ціханава ні разу не пашкадавала аб выбранай прафесіі. Яна чэрпае сілы і натхненне ў сваіх пачаткоўцах, якія не зводзяць з яе дапытлівых вачэй, штодзень адорваюць чароўнымі ўсмешкамі і бясконца штосьці выдумляюць, фантазіруюць, задаюць пытанні.
— Кожнае дзіця непаўторнае і таленавітае па-свойму. Важна дапамагчы яму праявіць свае лепшыя якасці, даць раскрыцца, накіраваць у патрэбнае рэчышча, — заўважае педагог. — Вельмі адказна быць першым настаўнікам, бо менавіта ад мяне залежыць, як складзецца школьнае жыццё маіх выхаванцаў, якія маральныя каштоўнасці будуць закладзены ў іх: ці навучу паважаць людзей, клапаціцца пра блізкіх, давяраць, не хлусіць.
Навучанне Наталля Уладзіміраўна арганізоўвае з улікам патрэб, узроставых асаблівасцей дзяцей, заахвочвае пошук розных спосабаў рашэння, іх супастаўленне, выбар найбольш рацыянальнага альбо вытанчанага спосабу дзеяння. Педагог пастаянна ўмацоўвае веру вучняў у свае сілы (у спалучэнні з аб’ектыўнай ацэнкай уласных магчымасцей), выхоўвае адэкватныя крытычныя ўстаноўкі на работу, дэманструе дзецям перспектывы і рэзервы іх развіцця. Для падтрымання станоўчага эмацыянальнага клімату ў класе жартам, усмешкай, добрым словам знімае негатыўныя эмоцыі няўпэўненасці, імкнецца знізіць адмоўны ўплыў дэфіцыту часу, стрэсу, стомленасці. На яе занятках вучні не баяцца, што іх могуць выклікаць да дошкі.
Сакрэты дзіцячай цікавасці
— Старажытная мудрасць гаворыць: “Можна прывесці каня да вадапою, але прымусіць яго напіцца нельга”. Так, можна пасадзіць дзяцей за парты, дабіцца ідэальнай дысцыпліны, але без абуджэння цікавасці, без унутранай матывацыі засваення ведаў не адбудзецца. Гэта будзе толькі бачнасць вучэбнай дзейнасці, — пераканана Наталля Уладзіміраўна.
Як жа матываваць вучняў на вучобу? На гэта “працуюць” разнастайныя метады і прыёмы навучання, пастаянная змена відаў дзейнасці, стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага малодшага школьніка, навучанне, пры якім дзіця ўцягваецца ў працэс самастойнага пошуку і адкрыцця новых ведаў, разуменне навучэнцам важнасці і мэтазгоднасці вывучэння матэрыялу. Настаўніца заўважыла: чым больш новы матэрыял звязаны з раней засвоенымі ведамі, тым ён больш цікавы навучэнцам, і чым часцей правяраецца і ацэньваецца работа школьніка, тым ахвотней ён працуе.
Цікавасць у пачаткоўцаў можна абудзіць праз нагляднасць. Так, на ўроках матэматыкі педагог актыўна прымяняе наглядныя сродкі навучання Н.У.Пяткевіч “Тэхналогія вывучэння лікаў першага дзясятка”, “Табліцу множання вучым з захапленнем”. Гэтыя дапаможнікі, заснаваныя на прасторава-колеравым успрыманні інфармацыі, ствараюць умовы для развіцця візуальнага мыслення дзяцей.
На павышэнне пазнавальнай актыўнасці пачаткоўцаў накіравана і выкарыстанне ІТ-тэхналогій. Яны дазваляюць педагогу развіваць уменне навучэнцаў арыентавацца ў інфармацыйных патоках, авалодваць практычнымі спосабамі работы з інфармацыяй, пераходзіць ад тлумачальна-ілюстрацыйнага спосабу навучання да дзейснага. Так, на ўроках матэматыкі з дапамогай слайдаў, створаных у праграме PowerPoint, ажыццяўляецца дэманстрацыя прыкладаў, задач на дошцы, ланцужкоў для вуснага лічэння, арганізоўваюцца матэматычныя размінкі і самаправерка. На ўроках беларускай мовы Наталля Уладзіміраўна выкарыстоўвае прэзентацыі пры рабоце над сачыненнем альбо пераказам. План, пытанні, цяжкія словы, ілюстрацыі і рэпрадукцыі — усё гэта перад вачыма дзяцей. Асабліва цікавымі з дапамогай слайд-паказу атрымліваюцца ўрокі чытання. Партрэты пісьменнікаў, месцы, дзе яны жылі і тварылі, інсцэніроўкі асобных эпізодаў з твораў, складанне плана, слоўнікавая работа прыцягваюць асаблівую ўвагу школьнікаў. А праверыць засвоенае дапамагаюць тэсты, крыжаванкі, рэбусы, шарады.
Шчасце быць настаўніцай

У рабоце педагог выкарыстоўвае розныя тэхналогіі і методыкі навучання, якія дазваляюць зрабіць вучэбны працэс эфектыўным. Гэта праблемнае навучанне, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і калектыўнай мыслядзейнасці і інш. І ўсё ж на першых этапах перавага аддаецца гульнявой тэхналогіі. Дыдактычная гульня дапамагае лепш засвоіць вучэбны матэрыял, выклікае ў дзяцей жывую цікавасць да працэсу пазнання, актывізуе іх дзейнасць. Яна дазваляе зняць пачуццё стомленасці, узмацняе міжвольнае запамінанне, раскрывае здольнасці навучэнцаў. Так, на ўроках матэматыкі педагог прымяняе лагічныя размінкі, “Магічныя квадраты”, “Вясёлае лічэнне”, “Вясёлыя задачы ў вершах”, на ўроках беларускай мовы — рэбусы, крыжаванкі “Карцінная дыктоўка”. На ўроках літаратурнага чытання і прадмета “Чалавек і свет” — гульні-драматызацыі (інсцэніраванне казкі), падарожжы па станцыях, віктарыны “Ці ведаеш ты?” і інш.
Нават чытанне ператвараецца з сумнага і манатоннага занятку ў вясёлую гульню. Для адпрацоўкі тэхнікі чытання Наталля Уладзіміраўна выкарыстоўвае “гудзячае” чытанне (хорам напаўголасу), “палавінкі” (чытанне тэксту з прыкрытай верхняй ці ніжняй часткай), “шыварат-навыварат” (справа налева), чытанне па крузе і інш.
Для развіцця пісьменнасці малодшых школьнікаў настаўніца прапаноўвае ім напісаць дыктоўку значэнняў, калі педагог дыктуе не словы, а іх значэнні. Напрыклад, агародніна, багатая на крухмал, з клубнямі, якія можна ўжываць у ежу, наш другі хлеб — бульба. Альбо дае заданне скласці сінквейн па пэўнай тэме. І, як паказвае практыка, гэтае творчае заданне дазваляе вылучыць у тэме самае галоўнае, павысіць самаацэнку ў дзяцей, калі яны зачытваюць свае сінквейны перад класам.
Наталля Ціханава з 1 класа развівае ў выхаванцаў даследчыя навыкі. І ўжо ў 3—4 класах малодшыя школьнікі паспяхова прадстаўляюць свае работы на разнастайных конкурсах.
Як правільна ўтылізаваць пластык, даследаваў Данііл Жураў. Хлопчык зрабіў вазу для кветак і падстаўку пад сталовыя прыборы, падарыўшы выкарыстанаму пластыку другое жыццё. Мікіта Красёў у рабоце “Мая малая радзіма — Бялынічы” склаў карту-схему “Цікавыя месцы маёй малой радзімы” і стварыў скарбонку падарожніка па Бялыніцкім раёне. Ангеліна Новікава работай “Другое жыццё выкарыстанай паперы” прыцягнула ўвагу аднакласнікаў да праблемы збору макулатуры і вырубкі лясоў.
— Так прыемна ганарыцца сваімі вучнямі, якія атрымліваюць маленькія перамогі на кожным уроку, калі без памылак пішуць дыктанты, з лёгкасцю арыентуюцца ў складаным матэрыяле, не баяцца тварыць і памыляцца. І цяжка перадаць словамі пачуццё захаплення, калі бачыш ззяючыя вочы дзяцей і не можаш выбрацца з іх цеснага кола: яны штосьці расказваюць, пытаюцца, прапаноўваюць. Менавіта ў гэтыя хвіліны пачынаеш адчуваць, што ты патрэбна навучэнцам і яны чакаюць адабрэння, пахвалы, каб падарыць у адказ сваю ўсмешку. Дзеля гэтых імгненняў і варта жыць. Менавіта ў такія моманты спявае душа. Ці не гэта шчасце? Так, для мяне настаўнік — не прафесія, не грамадскае становішча, не хобі. Не работа… Для мяне быць настаўнікам — гэта значыць жыць і быць шчаслівай, — адзначае Н.Ціханава.
***
Вопыт работы Н.Ціханавай умацаваў яе педагагічныя прынцыпы:
- навучэнцу неабходна аддаваць не толькі пэўную суму ведаў, але і часцінку сваёй душы;
- павага паміж настаўнікам і вучнем павінна быць узаемнай;
- кожнае дзіця мае права разлічваць на ўвагу, клопат і любоў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара




