Мінчанін года Віталь Міцкевіч — пра стварэнне ва ўстанове адукацыі ўнікальнай прасторы па патрыятычным выхаванні

- 12:15Интервью

Сёлета ганаровага звання “Мінчанін года” ў галіне сярэдняй адукацыі ўдастоены кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 93 Віталь Міцкевіч. Што садзейнічала такому прафесійнаму прызнанню і як ствараецца ва ўстанове ўнікальная адукацыйная прастора па патрыятычным выхаванні навучэнцаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў Віталь Гарыевіч.

— Прысваенне ганаровага звання “Мінчанін года” было нечаканай і прыемнай падзеяй. Аднак, лічу, што гэта не мая асабістая заслуга, а работа ўсёй каманды, — адзначае В.Г.Міцкевіч. — Каманда вырашае ўсё. Толькі яна здольна выбудаваць сістэму, якая сапраўды спрацоўвае. Работа па ваенна-патрыятычным выхаванні будзе эфектыўнай толькі пры адной умове — якасным узаемадзеянні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, і ў першую чаргу педагагічнага калектыву: дырэктара школы, намесніка па выхаваўчай рабоце, педагога-арганізатара, класных кіраўнікоў, спецыялістаў СППС, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, у тым ліку і школьнага спартыўнага клуба “Віцязь-93”. Створаны на базе нашай установы гарадскі рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні аб’ядноўвае 52 педагогі. Тут для настаўнікаў горада право­дзяцца шматлікія мерапрыемствы: семінары, кансультацыі і інш.

— Віталь Гарыевіч, якія яшчэ падзеі адыходзячага года сталі для вас знакавымі?

— Безумоўна, самай знакавай па­дзеяй стала святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй. Былі арганізаваны ўрокі мужнасці, экскурсіі, разам з навучэнцамі мы ўдзельнічалі ў акцыях, адна з якіх — “Ветэран жыве побач”. Гэтая акцыя прадугледжвае наведванне школьнікамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх засталося вельмі мала, ветэранаў лакальных войнаў і ўзброеных канфліктаў.

За плячыма Віталя Міцкевіча — шматгадовая служба ў арміі, якую завяршыў у званні падпалкоўніка, выкладчыцкая дзейнасць у Ваеннай акадэміі. Шосты год ён працуе ў 93-й школе. З’яўляецца кіраўніком гарадскога рэсурснага цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні, узначальвае раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне, праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах па шахматах.

Мы ініцыіравалі і Вахту Памяці на мемарыяльным комплексе героям 120-й дывізіі. Мерапрыемства было праведзена сумесна з Ваеннай акадэміяй. Курсанты выносілі сцяг Рэспублікі Беларусь, а нашы навучэнцы — штандарт ваенна-патрыятычных класаў 93-й школы, распрацаваны імі самастойна. Зараз Вахта Памяці стала ўжо традыцыяй.

Запомніўся таксама ўрачысты прыём навучэнцаў у ваенна-патрыятычныя класы. Дарэчы, сёння ў школе адкрыта 10 класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, дзе вучыцца каля 300 навучэнцаў.

Сёлета нашай установе адукацыі прысвое­на званне двойчы Героя Савецкага Саюза касманаўта У.В.Кавалёнка. Ён наш зямляк, ураджэнец Крупскага раёна, прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве. Мы заклалі алею і адкрылі экспазіцыю ў гонар касманаўта.

Сярод знакавых падзей года — адкрыццё музея “Спадчына эпохі”, матэрыялы якога ахопліваюць перапетыі 1950—1990 гадоў, стварэнне экспазіцыі “Генацыд беларускага народа” з доступам да матэрыялаў Генеральнай пракуратуры, удзел у навукова-педагагічных канферэнцыях на базе МГІРА, Акадэміі адукацыі, дзе мы прадстаўлялі вопыт ваенна-патрыятычнага выхавання.

— Што вас прывяло ў школу?

— Памятаю, калі вучыўся ў школе, заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы ў нас право­дзіў ваенрук. З 1989 года ва ўстановах адукацыі такую пасаду скасавалі: не існавала педагога, які закранаў бы пытанні абароны Радзімы, арыентаваў дзяцей на паступленне ў адпаведныя навучальныя ўстановы. А такая работа, лічу, павінна весціся ў школах, бо асновы патрыятызму і грамадзянскасці неабходна закладваць у юным узросце. І калі пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні зноў з’явілася, дырэктар 93-й школы Аксана Цымбаленка прапанавала яе мне. Лічу, што патрыятызм дзецям не навяжаш. Зусім іншая справа — паўдзельнічаць у ваенна-патрыя­тычнай гульні, з’ездзіць на комплекс “Лінія Сталіна”, выступіць з даследчай работай па гісторыі. Навучэнцы займаюцца дабрачыннасцю, наведваюць ветэранаў (нашай установе прысвоены статус “Школа міру”). Вось так выхоўваецца любоў да Ра­дзімы. 

— Ці не складана былому ваеннаму наладжваць кантакт з дзецьмі?

— Не, не складана. Тут, напэўна, дапамагае выкладчыцкі вопыт — у Ваеннай акадэміі я працаваў 10 гадоў, а таксама тое, што нарадзіўся ў педагагічнай сям’і і дзесьці на генетычным узроўні гэта было закла­дзена. Для кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні важна разумець: школа — не армія. Тут нельга працаваць загадамі. Трэба быць гібкім, знайсці падыход да вучняў, гаварыць з імі на адной мове. Варта выбудоў­ваць алгарытм узаемадзеяння, быць камунікабельным, умець аб’ядноўваць людзей. Калі кіраўнік наладжвае такое супрацоўніцтва — тады з’яўляюцца станоўчыя вынікі.

Калі дзіця выхоўваць на прыкладзе подзвігаў і дасягненняў яго дзядоў, прадзедаў, закладваць неабходныя маральна-каштоўнасныя арыенціры, то яно вырасце дастойным грамадзянінам і патрыётам сваёй Радзімы.

Мы разумеем, што галоўны выклік сённяшняга часу — канкурэнцыя з інтэрнэтам і гаджэтамі. Наша задача — паказаць школьнікам гістарычную праўду, матываваць да паступлення ў сілавыя УВА. Мы пачынаем працаваць з пачатковай школы, вядзём навучэнцаў праз дапрофільную падрыхтоўку ў профільныя класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

— Віталь Гарыевіч, наколькі важны ў патрыятычным выхаванні школьнікаў асабісты прыклад педагога?

— Асабістаму прыкладу адводзіцца ключавая роля. У нас у школе адкрыта экспазіцыйная зала “Беларусь гераічная”, дзе прадстаўлены сем тэматычных раздзелаў, якія ўключаюць матэрыя­лы, прысвечаныя наступальнай аперацыі “Баграціён”, генацыду беларускага народа, гісторыі партызанскага руху. Фарміраванне экспазіцыі пачалося з сямі ўзнагародных лістоў і ваенных фотаздымкаў майго дзеда-танкіста, які дайшоў да Берліна. Паступова навучэнцы і педагогі пачалі прыно­сіць матэрыялы пра сваіх родных і блізкіх. А зусім нядаўна ў маім кабінеце з’явілася ваенная каска, якую адзін з выхаванцаў адкапаў на дачы.

Нельга не прыгадаць і ўдзел нашых школьнікаў у праекце “Беларусь памятае”. Кожны ваенна-патрыятычны клас стварае сваю Кнігу Памяці. Навучэнцы шукаюць звесткі пра прадзедаў, дзядоў, бацькаў, якія ўдзельнічалі ў войнах, знаходзяць новыя факты пра сваю сям’ю, дакранаюцца да гісторыі. Напрыклад, навучэнка Ліза Бальшакова падрыхтавала Кнігу Памяці пра свайго дзядулю, адмірала Чарнаморскага флоту, і заняла 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе. Вучні па прыкладзе сваіх таварышаў уключаюцца ў работу, пачынаюць усведамляць, што гісторыя — гэта не абстрактныя даты, а лёсы іх родных. Гэта фарміруе асабістую сувязь з мінулым, павагу да подзвігаў продкаў.

— Вы сказалі, што ў школе дзейнічае 10 ваенна-патрыятычных класаў. Што матывуе дзяцей у іх вучыцца?

— Мы набіраем школьнікаў у 5-я класы. Звычайна гэта дзеці, якім цікава надзець форму, сустракацца з ваеннаслужачымі, маршыраваць, умець абыходзіцца са ­зброяй. Бацькі зацікаўлены ў развіцці ў навучэнцаў лідарскіх якасцей і адказнасці, у выхаванні дысцыпліны, стрэсаўстойлівасці.

Што тычыцца ваенна-патрыятычных класаў на старшай ступені, то конкурс у іх вельмі сур’ёзны: сёлета мы прынялі 56 навучэнцаў, стварыўшы два профільныя класы замест аднаго запланаванага. Прыцягвае дзяцей у такія класы, па-першае, атрыманне якаснай адукацыі. Тут яны на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, наведваюць заняткі факультатыўнага курса “Гатовы Радзіме служыць!”. Асновы ваеннай справы вучні асвойваюць у спецыялізаваных кабінетах. Мы запрашаем педагогаў Ваеннай акадэміі і ваеннаслужачых 120-й механізаванай брыгады, якія праводзяць заняткі. Дарэчы, на сёння ў нас заключана 16 дагавораў з УВА: Ваеннай акадэміяй, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі, БДАТУ, Інстытутам пагранічнай службы і інш. Акрамя тэорыі, вучні набываюць практычныя навыкі. Напрыклад, у межах факультатыўных заняткаў ёсць тэма “Агнявая падрыхтоўка”, і старшакласнікі накіроўваюцца ў Ваенную акадэмію, дзе прафесіяналы праводзяць з імі заняткі на электронных трэнажорах у цірах. Па-другое, занятасць дзяцей. Навучэнцы ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычных акцыях, фестывалях, конкурсах “Зарнічка”, “Зарніца”, “Арляня”. Кожны чацвёрты вучань паступае ў ваенна-патрыятычны клас з жаданнем пайсці па слядах таты, дзеда, паступіць у сілавыя УВА.

— Раскажыце, калі ласка, пра выніковасць работы класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

— Практыка паказвае, што з 25 выпускнікоў профільнага класа прыкладна 5 выбіраюць ваенную прафесію. І я лічу, што гэта добры вынік. Яны вучацца ў Інстытуце пагранічнай службы, Акадэміі МУС, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і інш. Многія ідуць у грамадзянскія ўніверсітэты, але працягваюць навучанне на ваенных кафедрах. Усе яны выходзяць са школы як патрыёты і грамадзяне сваёй краіны, гатовыя абара­няць Радзіму. 

Вынікам вучобы ў ваенна-патрыятычных класах з’яўляецца і паспяховы ўдзел нашых навучэнцаў у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. Так, на канферэнцыі “На карысць Радзімы і чалавека”, якая праводзіцца ў 68-й сталічнай школе, работа Максіма Масовава “Нягаснучы летапіс перамог” адзначана дыпломам. Іван Шунтаў стаў дыпламантам II абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крок да Перамогі” ў Ліпецку, прысвечанай 80-годдзю зняцця блакады Ленінграда і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У суаўтарстве з Данілам Несцярэнкам (выпускніком Ваеннай акадэміі) быў распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс “100 урокаў мужнасці” і прадстаўлены на ІІ антыфашысцкім кангрэсе. Распрацоўка была станоўча ацэнена міністрам адукацыі.

— Віталь Гарыевіч, а якія планы на найбліжэйшую будучыню?

— Рыхтуемся да ІІ фестывалю “У адзінстве сіла”, правядзенне якога ініцыіравалі сумесна з МГІРА. Плануем да 23 лютага адкрыць школьны клуб “Гатовы Радзіме служыць!”. Ён аб’яднае навучэнцаў, якія хочуць займацца пошукавай работай. Ёсць задума абсталяваць электронны цір.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара