Настаўніца геаграфіі з Шуміліна Святлана Петухова падзялілася, як згуртаваць класны калектыў

- 9:02Главная, Образование

Самым эфектыўным выхаваўчым фарматам заўсёды была калектыўная дзейнасць з дастойнай, зразумелай і блізкай дзецям мэтай, лічыць настаўніца геаграфіі шумілінскай сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка Святлана Петухова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На момант выпуску з геафака БДУ наша гераіня не клапацілася пра тое, каб застацца ў Мінску, хоць магчымасці сталіцы за час студэнцтва паспела ацаніць. Яна не шукала работу, каб замацавацца. Гэта яе запрашалі ўладкавацца ў Акадэмію навук. Абяцалі на старце паўстаўкі інжынера (спецыяльнасць дазваляла), паўстаўкі лабаранта плюс навуковую кар’еру. Дзяўчына падзякавала за прапанову, але не спяшалася ўхапіцца за прэстыж і перспектывы, папрасіўшы крыху часу падумаць.

— Хацела тады прызнацца, што мацней за мегаполіс шуміць мая Шуміліншчына. Па адчуваннях так і ёсць, на словах жа гу­чыць залішне пафасна, таму прамаўчала, — успамінае Святлана Петухова. — Разважала: старэйшы брат з’ехаў у Санкт-Пецярбург, я ў Мінску застануся, а бацькі немаладыя… Хто будзе побач з імі?!

Гэтая думка вызначыла яе рашэнне канчаткова. Малады спецыяліст вярнулася ў родную сярэднюю школу №1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка — настаўніцай геаграфіі.

Працоўнае месца: першае і адзінае

— Калі параўноўваць сучаснае абсталяванне з тым, якім вы карысталіся ў пачатку настаўніцкага шляху, — значная розніца?

— Першы ўрок я правяла ў 1992 годзе і тады ж упершыню ўзяла класнае кіраўніцтва. Атрымліваецца, у сваім любімым кабінеце і лабаранцкай пры ім працую 33 гады. Перапынак быў толькі адзін, менш чым год — на дэкрэтны водпуск. Калі гаварыць пра інтэрнэт, VR-тэхналогіі, штучны інтэлект, то змяненні ўражва­юць. Возьмем хаця б мультыборд у маім кабінеце — велізарная дапамога педагогу.

Між тым не варта забываць, што ўсё мае свае плюсы і мінусы. І тэхнічны прагрэс не выключэнне. Каб навучыць дзяцей выкарыстоўваць яго перавагі і пазбягаць небяспек, настаўніку трэба самому пастаянна вучыцца. Не ленавацца, розум і рукі да справы прыкладаць.

Дарэчы, здымаць відэафільмы мы пачалі аднымі з першых на Шуміліншчыне і, варта адзна­чыць, атрымалі дастаткова высокае прызнанне вынікаў нашай работы. Напрыклад, вучнёўскі відэапраект пра геалагічныя помнікі раёна заняў 3-е месца на рэспубліканскім конкурсе “Радзіма мая дарагая”. Канкурсантак Алену Шчарбініну і Наталлю Бабуська мы рыхтавалі сумесна з калегай Святланай Емяльянавай. Да таго ж у групе памочнікаў былі мой муж Аляксандр Аляксеевіч, які ў нашай школе выкладае дапрызыўную падрыхтоўку і тэхнічную працу, і ўдзельнікі двух школьных аб’яднанняў па інта­рэсах, уключаючы вучняў з майго класа. Два гады назад мы з мужам атрымалі дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Аляксандр з 2013 года вядзе свой настаўніцкі сайт, дзе актыўна прымяняе элементы дыстанцыйнага навучання, я яму дапамагаю. Калі ж з віртуальнасці вярнуцца непасрэдна да абсталявання кабінета, дзе я вяду ўрокі, то звярніце ўвагу на дзве вялікія насценныя ламініраваныя карты. Першая зроблена, можна сказаць, уручную, сучасныя тэхналогіі нам тады не былі даступныя. Мы з мужам узялі звычайную карту свету, адксе­ракапіравалі па квадратах у патрэбным маштабе, потым у Віцебску раздрукавалі яе на плёначнай аснове, перанеслі на ДСП — і гатова шыкоўная карта.

— А карта Шумілінскага раёна побач адкуль?

— Нам дасталася ў алічбоўцы тапаграфічная карта Беларусі. Зразумела, мы задумаліся, як зрабіць карту свайго раёна, бо гэта цікава дзецям. Узяліся за справу ўчацвярых, сумесна з маімі баць­камі. Маці была фельчарам хуткай дапамогі, бацька працаваў у раённых электрасетках — мясцовасць яны ведалі дасканала. Далей аналагічны алгарытм дзеянняў, што і з картай свету, а вынік работы дагэтуль нам служыць. Увогуле, мы многае робім для школы па ўласнай ініцыя­тыве. Вучні гэта бачаць і дапамагаюць нам. Такім чынам у дзяцей фарміруюцца адказныя адносіны да працы. Карту Шуміліншчыны мы выкарыстоўваем у тым ліку ў даследчай дзейнасці. Так, у адным праекце стваралі з вучнямі відэафільм і для гэтага вывучалі, дзе на тэрыторыі раёна знахо­дзіліся храмы, іншыя звязаныя з праваслаўем аб’екты, якіх цяпер няма. Напрыклад, высветлілі, што ў вёсцы Дабея ў XIV стагоддзі існаваў мужчынскі манастыр. Вынікі даследавання нанеслі на карту, якую падарылі нашаму храму Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Потым па просьбе айца Фёдара тую карту раздрукавалі, аформілі і перадалі для Віцебскай епархіі.

Класныя мама і тата

— Разам з мужам мы не толькі займаемся абсталяваннем кабінета, але і праводзім мерапрыемствы. Пагадзіцеся, у сучаснай адукацыі не хапае мужчынскага пачатку ў выхаванні дзяцей. Нам пашанцавала: мы з Аляксандрам заўсёды поруч у выхаваўчай рабоце. Першую настаўніцу часта называюць другой мамай, а ў вучняў майго класа ёсць класная мама і класны тата.

— Якія школьныя мера­прыем­ствы, арганізаваныя ў сямейным тандэме за час вашага класнага кіраўніцтва, успамінаюцца перш за ўсё?

— Школьны клуб вясёлых і знаходлівых, конкурсныя выступ­ленні экатэатра, нашы спектак­лі і канцэртныя праграмы, паходы з класамі розных выпускаў. Я раней захаплялася турызмам, была ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, у Крыме і, канечне, па Беларусі прайшла шмат кіламетраў. Муж таксама аматар турыстычнай справы. Час уносіць свае карэктывы: удваіх ці з сябрамі цяпер мы часцей за ўсё падарожнічаем на матацыкле — вось гэта мы любім!

У школе дамаўляемся з калегамі на паралелі, аб’ядноўваем класы і дружна гуляем у лазертаг. Не проста збіраемся на прыродзе, каб пабегаць і пакрычаць удосталь, хаця і гэта карысна. Усё ўпісваецца ў адзіную адукацыйна-выхаваўчую канцэпцыю, якая грунтуецца на пазнанні роднай Шуміліншчыны — славутага партызанскага краю.

Рыхтуючыся да гульні, аднаўляем адпаведныя веды па школьнай праграме, нешта вывучаем дадаткова. Аляксандр праводзіць практычныя заняткі па выжыванні ў лесе. А якія тактычныя і стратэгічныя планы яны з вучнямі складаюць у працэсе гульні! Іншымі словамі, гэта добры інструмент выхавання і каман­даўтварэння. Самым эфектыўным выхаваўчым фарматам заўсёды была калектыўная дзейнасць з дастойнай, зразумелай і блізкай дзецям мэтай.

Хто мы ёсць на зямлі

— Што для вас галоўнае ў выхаваўчай рабоце?

— Важна, каб дзеці разумелі, хто яны ёсць на зямлі і кім імкнуцца стаць, каму і за што павінны быць удзячны. Таму вялікую ўвагу ўдзяляю грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Усяго ў мяне было чатыры выпускі, і кіраўніцтва яшчэ адным класам я перадала па прычыне дэкрэтнага водпуску. З маім трэцім выпускам мы рабілі спектакль “Сэр­ца дзеда” на ваенную тэматыку. На прэм’еры быў аншлаг, самыя маленькія гледачы прыходзілі са сваімі крэ­сельцамі, бо не хапала месцаў у актавай зале. Калі спектакль завяршыўся, першакласніца раптам устала з месца, падбегла да адной з юных актрыс, заплакала і папрасіла: “Толькі не памірай, калі ласка! Не трэба!” Наймацнейшыя выхаваўчыя сітуацыі — гэта якраз такія імправізацыі, дзе аўтарам выступае само жыццё. Так здарылася, што адзін з паказаў спектакля пабачылі расіяне. Раён тады прымаў гасцей з Грознага, якія завіталі і ў школу. У скла­дзе дэлегацыі былі мужчына з сынам. Пакуль адбывалася дзеянне на сцэне, бацька вёў відэа­здымку. Потым падышоў да нас — было відаць, што моцна ўзрушаны, — і сказаў: “Ваш спектакль заўтра, па нашым прылёце ў Грозны, бу­дзе паказаны на тэлебачанні. Дзякуй!”

— Новы год на парозе. Наколькі мне вядома, вы актыўна валанцёрыце?

— З мінулым маім выпускам мы зрабілі цудоўны навагодні спектакль. З віншаваннямі, падарункамі і самаробнымі сувенірамі ездзілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Мішневічах. У ролі Дзеда Мароза выступаў настаўнік інфарматыкі Андрэй Савасцьянаў — выпускнік першага класа, дзе я была кіраўніком. Потым ён прызнаўся, што спачатку быў шакіраваны сустрэчай з ляжачымі пацыентамі, але ўбачыў слёзы на вачах аднаго з іх, сабраўся і далей стараўся з усіх сіл, каб падарыць людзям казку. Цяпер валанцёрскую эстафету працягваюць старшакласнікі. Аднак і мы не застаёмся ўбаку: зрабілі з маім 6 класам і перадалі валанцёрам прыгожыя віншавальныя навагоднія паштоўкі. Не магу не да­даць: Анд­рэй Мікалаевіч — класны тата майго алімпіядніка Сцяпана Голубева, які зараз вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А Багдан Ушал з майго класа — майстар спорту, удзельнік “Цягніка Памяці — 2023” — студэнт ВДУ імя П.М.Ма­шэрава. Мая былая вучаніца Ірына Варанцова, па мужу Камінская, завяршыла вучобу і вярнулася ў нашу школу настаўніцай фізкультуры і здароўя, цяпер яна ў дэкрэтным водпуску. Даша Ліпнёва, па мужу Трафімава, стала лепшым інспектарам ІСН Рэспублікі Беларусь і працуе ў Шуміліне. Пра сваіх выпускнікоў магу гаварыць бясконца, мы пастаянна на сувязі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара