Чаму важна вучыць школьнікаў добразычлівасці, спагадзе і клапатлівасці

- 15:10Точка зрения

Пра тое, чаму важна вучыць школьнікаў добразычлівасці, спагадзе і клапатлівасці, разважае дырэктар сярэдняй школы № 2 Салігорска Марына Краўчэня.

— Ужо не першы год напярэдадні Каляд і Новага года праходзіць цудоўная акцыя “Нашы дзеці”. Для мяне як дырэктара, настаўніка, чалавека гэта не звычайнае мерапрыемства. Гэта сардэчны імпульс, які нагадвае пра міласэрнасць, увагу і простае чалавечае цяпло, якога часам так не хапае.

Галоўная мэта акцыі — прыйсці ў кожны дом, дзе ёсць дзіця. Важна, каб ніхто не застаўся ўбаку. Гэтыя словы — не проста прыгожы лозунг. За імі стаяць лёсы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія па стане здароўя вучацца дома і для якіх візіт госця — цэлая падзея. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якім не хапае зносін і разумення, выхаванцы прытулкаў, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў — ім усім важна ведаць, што яны не адны, яны — нашы. Я вельмі ганаруся тым, як школьная супольнасць адгукаецца на гэты заклік.

Нашы педагогі становяцца не толькі арганізатарамі, але і старэйшымі сябрамі, дарадчыкамі. Класныя кіраўнікі ра­зам з вучнямі рыхтуюць персанальныя віншаванні для сваіх аднакласнікаў, якія апынуліся ў няпростай сітуацыі. Настаўнікі-прадметнікі збіраюць кнігі і развіццёвыя наборы для дзяцей, якія знаходзяцца на дамашнім навучанні.

Але самае каштоўнае — уцягнутасць вучняў. Старшакласнікі-валанцёры арганізоўваюць майстар-класы па вырабе падарункаў, пішуць сцэнарыі маленькіх святочных паказаў. Яны вучацца дарыць радасць не за адзнаку, а проста так. Члены ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт” бя­руць на сябе важную місію — дапамагаюць з дастаўкай падарункаў, расчысткай двароў, становяцца для малышоў з падшэфных сем’яў прыкладам надзейнасці і дабрыні. А баць­коўскі камітэт стварае цуды, каардынуючы гэтую важную работу.

Акцыя “Нашы дзеці” — важны ўрок чалавечнасці для ўсіх. Яна вучыць школьнікаў самаму галоўнаму: бачыць таго, хто побач, і працягваць яму руку дапамогі. Акцыя вучыць спагадзе, адказнасці, ціхай, але сапраўднай сіле дабрыні. Гэта вопыт, які фарміруе характар лепш за любую лекцыю.

Для дзяцей, якія атрымліваюць нашу ўвагу, акцыя “Нашы дзеці” вельмі важная і чаканая, яна нагадвае, што свет неабыякавы, а кожнае дзіця важнае, пра яго памятаюць. Часам такі візіт, падарунак, зроблены з душой, можа натхніць на пераадоленне цяжкасцей, даць сілы, падарыць веру ў цуд. А цуд — гэта і ёсць любоў, выяўленая ў дзеянні.

Для мяне дабрачынная акцыя — гэта магчымасць спыніцца ў пагоні бясконцых спраў і справаздач і засяро­дзіцца на галоўным — нашых дзецях. Мы працуем для таго, каб бачыць цікаўныя дзіцячыя вочы, каб кожны хлопчык і кожная дзяўчынка, незалежна ад акалічнасцей, адчулі сябе часткай адной вялікай сям’і пад назвай школа, горад, краіна.

Няхай у гэтыя святочныя дні як мага больш дзетак усміх­нецца. А нам жадаю стаць дабрэйшымі і мудрэйшымі, таму што, дорачы цуд іншым, мы самі становімся шчаслівымі.

Давайце рабіць дабро разам!

 Запісала Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА