Майстар Мінскага тэхналагічнага каледжа Алена Мельянцова: «Візаж не толькі ўпрыгожвае знешне, але і раскрывае душу»

- 15:20Репортаж

Як трапіць на подыум, навучыцца быць прыгожай знешне і ўнутрана, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае майстар цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі Мінскага тэхналагічнага каледжа Алена Мельянцова.

Калі заходзіш у адзін з вучэбных кабінетаў каледжа, то быццам трапляеш у школу юных мастачак — вакол карціны, малюнкі, на сталах пэндзлі, палітры фарбаў, лісты з эскізамі. Алена Віктараўна Мельянцова клапатліва завіхаецца каля кожнага стала і падказвае навучэнкам, якія рыскі лепш кладуцца ў эскізе, як разабрацца ў колеравай гаме, як перадаць свой настрой. Дапамагаюць дзяўчатам мадэлі, ролю якіх выконваюць першакурсніцы. Так яны вучацца правілам візажу і імкнуцца стварыць вобраз, які будзе адпавядаць індывідуальнасці мадэлі. Гарманічныя вобразы атрымліваюцца не адразу, трэба доўгая практыка.

Па меркаванні Алены Віктараўны, добры візажыст павінен валодаць асноўнымі тэхнікамі нанясення дэкаратыўнай касметыкі, арыентавацца ў правілах яе прымянення. Такому спецыялісту ўласціва пачуццё стылю, гармоніі. Можна мець чамадан касметыкі, але не мець ведаў, як яе выкарыстоўваць. Таму наву­чыць гэтаму майстэрству — асноўная задача педагога. Каб зрабіць сваіх навучэнак сапраўднымі майстрамі візажу, яна выкарыстоўвае розныя метады навучання. Шмат дапамагаюць у гэтым інфармацыйныя тэхналогіі, штучны інтэлект, презентацыі, электронныя падручнікі. У навучанні такой прафесіі нагляднасць — адна з галоўных умоў паспяховага засваення ведаў. Як, зрэшты, і асоба педагога, а Алена Мель­янцова  — прызнаны прафесіянал.

— На ўроку я расказваю, якія быва­юць віды макіяжу, як яго наносіць пры розных формах твару, як накласці базавую і галоўную аснову касметыкі, агаворваю кожную рысачку і яшчэ шмат тлумачэнняў і практычных навыкаў даю па ходзе выкладання, — гаворыць Алена Віктараўна. — Потым разам з навучэнкамі право­дзім рэфлексію, разбіраем удалыя моманты і памылкі. 

Майстру прыемна адзна­чаць, што сярод яе навучэнак боль­шасць — творчыя, апантаныя сваёй справай дзяўчаты. Інакш у гэтай прафесіі няма чаго рабіць. Сама педагог таксама ў свой час захапілася маляваннем, а пасля б’юці-сферай. Стала сачыць за моднымі тэндэнцыямі ў візажы і цырульніцтве.

— Паступова зразумела, што гэты занятак — мой самы любімы, і нічым іншым я займацца не хачу, — успамінае педагог. — Таму не прыйшлося доўга думаць, куды пайсці вучыцца. Я выбрала Мінскі тэхналагічны каледж. Цяпер сама тут выкладаю і вучу іншых.

Працуючы 25 гадоў у каледжы, Алена Віктараўна ні разу не прыйшла, як ка­жуць, не ў форме. Заўcёды строгае адзенне, на твары лёгкая касметыка без яркіх тонаў. Такая стрыманасць у знешнім выглядзе апраўдана. Яна педагог, і яе вобраз павінен выклікаць у навучэнцаў не эмоцыі, а несці раўнавагу і засяроджанасць на вучобе. Акрамя гэтага, рукі, пазногці павінны быць дагледжанымі. Майстар усе дзеянні выконвае рукамі, і гэта яе галоўны інструмент.

— Акрамя візажу, вучу выхаванцаў майстэрству пасціжу, — расказвае педагог. — Гэта пляценне парыкоў, шыньёнаў, накладных валасоў. Зараз мала хто ўмее гэта рабіць, а мода на такія вырабы вяртаецца, таму я з задавальненнем перадаю свае ўменні дзяўчатам.

Алена Віктараўна ўдзячна майстру Таццяне Віктараўне Грыньковай, якая навучыла яе гэтаму майстэрству, бо сёння яна адна з нямногіх, хто працуе ў названым кірунку. Пасціж патрабуе не толькі спецыяльных навыкаў, але і спецыфічных прыстасаванняў. У каледжы ёсць спецыяльны станок-трэсбанк, які дазваляе раўнамерна і хутка ствараць трэсы — стужкі з валасоў, якія потым філігранна прымацоўваюцца да асновы парыка.

— У нашай рабоце нельга дайсці да піку дасканаласці, да вяршыні майстэрства, — адзначае мая суразмоўніца. — Гэта настолькі імклівая сфера, што яе дагнаць і перагнаць амаль немагчыма. Трэба пастаянна быць у цэнтры новых тэндэнцый, цікавіцца сучаснымі трэндамі ў візажы, навінкамі касметычных брэндаў і пры гэтым мець сваё бачанне, ствараць свой вобраз моднага візажу, уносіць сваю мастацкую рыску.

Ідэя новага вобраза часцей за ўсё ўзнікае нечакана. Калі вакол цябе творчыя людзі, цікавыя падзеі, якія нясуць яркія эмоцыі, то і натхненне не прымушае сябе чакаць, лічыць Алена Віктараўна. Крыніца натхнення — гэта і яе выхаванкі, якія прыўносяць у вобраз фантазію.

Абнаўляць кругагляд у сферы моды, даваць штуршок у засваенні новых прыёмаў у візажы і ўвогуле быць у творчым тонусе дапамагаюць конкурсы прыгажосці.

— Кожнае такое спаборніцтва — крок да поспеху і папулярнасці, магчымасць сябе паказаць, на іншых паглядзець, адчуць свежы подых сусветнай моды, стымул стаць лепшым і больш выразным, — сцвярджае Алена Віктараўна.

Яна не навічок у конкурсным руху высокай моды. Яшчэ ў часы, калі была навучэнкай каледжа, рэгулярна ўдзельнічала ў спаборніцтвах айчыннага і міжнароднага ўзроўняў і займала прызавыя месцы. Яе бліскучыя работы выклікалі захапленне і прадказвалі поспех у далейшым. Да статусу выкладчыка і майстра каледжа дадаліся высокія рэгаліі сусветнага ўзроўню. Яна з’яўляецца членам журы прэстыжных чэмпіянатаў прыгажосці, членам савета старэйшын дэкаратыўнай касметыкі. Сёння Алена Мельянцова ў конкурсным руху разам з навучэнкамі. І яны імкнуцца не адставаць ад свайго педагога, паспяхова выступа­юць і на знакамітых чэмпіянатах прыгажосці, і на рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus у кампетэнцыях “Прыкладная эстэтыка” і “Цырульніцкае мастацтва”. Алена Віктараўна — пастаянны эксперт гэтых спаборніцтваў.

Майстар расказвае, што ў сферы цырульніцтва і дэкаратыўнай касметыкі кожны вобраз патрабуе выразнасці, пачуццё­васці, гарманічнага спалучэння колераў, адзінага дыхання. Не можа быць аднолькавых вобразаў, кожны індывідуальны, дзе адчуваецца толькі твая рука, толькі твой узлёт думкі. Вобраз візажу павінен успрымацца ў адзінстве з прычоскай і адзеннем, якія могуць быць упрыгожаны ў тон макіяжу. І яшчэ — трэба ўдыхнуць у вобраз настрой, які б заварожваў!

— Можна зрабіць вобраз, як кажуць, чыстым, усё правільна і акуратна, — працягвае Алена Віктараўна. — Але глянеш на мадэль, няма ў твары эмоцый, у вачах іскрынкі, у характары індывідуальнасці. Таму трэба імкнуцца да адзінства эмоцый, пачуццяў, усплёску творчасці і фантазіі. Як бачыце, калі мы гаворым пра касметыку, то гэта не заўсёды выключна пра твар. Візаж не толькі ўпрыгожвае цябе знешне, але і раскрывае душу.

Сёння работы выпускніц Алены Мель­ян­цовай можна ўбачыць у салонах, на конкурсах і з экранаў тэлевізараў. Яе выхаванкі ствараюць вобразы дыктараў, вядучых тэлевізійных праграм. Некаторыя з іх працуюць у мінскіх тэатрах і грыміру­юць артыстаў для спектакляў. Напярэдадні Новага года ў праграмы забаўляльных мерапрыемстваў увахо­дзяць аквагрымы, якія сталі папулярнымі ў дзяцей. Аквагрымеры з ліку навучэнцаў Алены Віктараўны таксама дэманструюць сваё майстэрства, ператвараючы хлопчыкаў і дзяўчынак у казачных герояў, ствараючы вясёлы навагодні настрой.

Парады майстра

Пры ўсіх модных тэндэнцыях падлеткам трэба захоўваць сваю індывідуальнасць, выкарыстоўваць касметыку ў меру, паступова фарміраваць свой стыль у знешнасці. Напрыклад, дзяўчынкам у старшых класах першы сур’ёзны макіяж можна зрабіць на выпускны баль або на іншае важнае мерапрыемства. Ён павінен быць лёгкім, каб толькі пад­крэсліць маладосць і прыгажосць дзяўчыны.

Для штодзённага наведвання навучальнай установы старшакласніцам трэба абмежавацца светлым тонам ценяў, лёгкай пудрай, празрыстым бляс­кам для вуснаў.

Калі моладзі яшчэ можна дара­ваць няўмелае выкарыстанне касметыкі, то настаўнік павінен ставіцца да сваёй знешнасці з адказнасцю. Прызначэнне педагога — не толькі выкладаць прадмет, але і выхоўваць моладзь, быць прыкладам, у тым ліку ў знешнім выглядзе. Для настаўніцы падыдзе стыльная ўкладка, на твары — лёгкі, ­ледзь бачны макіяж, каб выглядаць прыгожа і ў той жа час строга і стрымана.

Адзенне таксама павінна быць у строгім стылі, лепш у бела-чорным спакойным тоне, каб дапамагаць дзецям канцэнтравацца на вучобе. Галоўнае — быць дарэчнай, нельга з адным і тым жа макіяжам пайсці на работу і на вечарынку. Свята Новага года якраз такое, калі можна не баяцца яркасці макіяжу, бліскучых упрыгажэнняў. 2026 год бу­дзе суправаджаць залаты конь. Каб яго задобрыць, трэба апрануцца ў дзень свята ў адзенне залатога, ­чырвонага або зялёнага, бэжавага колераў. Важна, каб спалучаныя адценні стваралі атмасферу цяпла, дабрыні і спагады. ­У 2026-м жаночы вобраз — гэта душэўная глыбіня, характар і ззянне вачэй. І калі ты адчуваеш, што ўнутры цябе жыве гэтая энергія, то ўсё атрымаецца.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА