Больш за 50 гадоў у гімназіі Белаазёрска дзейнічае пошукавы атрад, які адыгрывае вялікую ролю ў захаванні гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З чаго ўсё пачалося
— У жніўні 1971-га па рашэнні райкама партыі стварылі камісію “Подзвіг”, якая павінна была шляхам апытання мясцовых жыхароў, праз архівы і асабістую перапіску з ветэранамі ўстанавіць імёны воінаў, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўшчыны, — расказвае кіраўнік пошукавага атрада настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Скарына. — Да пошукавай дзейнасці актыўна далучыліся піянеры і камсамольцы з пяці школ, у тым ліку з сённяшняй гімназіі.

Галіна Скарына з партрэтам Міхаіла Бугаркова
Вучні пастараліся ўзнавіць лёсы экіпажаў 130-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка (ХБАП), лётчыкі якога аднымі з першых узняліся на абарону неба Бярозаўшчыны, наносячы бомбавыя ўдары па баявой тэхніцы і жывой сіле ворага, які рухаўся па шашы Брэст — Масква. Самым трагічным аказаўся першы вылет, здзейснены 22 чэрвеня 1941 года: з 27 бамбардзіроўшчыкаў, што адправіліся на баявое заданне, на аэрадром вярнуліся 7. У няроўным баі загінулі 60 членаў экіпажаў. Мясцовыя жыхары хавалі іх целы і дапамагалі тым, каму ўдалося выскачыць з парашутам і ацалець.
Юныя пошукаўцы вырашылі даведацца пра лёсы лётчыкаў. Для гэтага ў тагачаснай сярэдняй школе № 2 Белаазёрска стварылі з ліку настаўнікаў і старшакласнікаў асобную групу “Подзвіг” пад кіраўніцтвам дырэктара Леаніда Бяліншчыкава.
— Вучні сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, запісвалі іх успаміны, даследавалі месцы пахавання загінуўшых лётчыкаў і разам з адпаведнымі структурамі вялі раскопкі на месцы падзення самалётаў, — працягвае Галіна Скарына. — Каб наладзіць кантакты з ветэранамі і роднымі загінуўшых, пошукаўцы адправілі сотні лістоў у Цэнтральны ваенны архіў СССР, ваенкаматы і іншыя органы, адкуль неўзабаве прыйшлі першыя адказы. Крок за крокам сталі высвятляцца лёсы экіпажаў 130-га ХБАП, а таксама былі ўстаноўлены імёны 85 лётчыкаў.
Дзякуючы праведзенай рабоце ўдалося вызначыць не толькі месцы падзення самалётаў, але і імёны 9 загінуўшых, якія пахаваны ў Белаазёрску, і ўдакладніць звесткі пра 12 узятых у палон і выжыўшых пілотаў. Вынікам актыўнай пошукавай работы стала стварэнне карты падзення самалётаў на тэрыторыі Бярозаўскага і суседніх раёнаў.
7 мая 1973 года ў Белаазёрск з усіх куткоў СССР з’ехаліся ветэраны 130-га ХБАП, родныя лётчыкаў-герояў, прадстаўнікі вайсковых часцей і не толькі — усе, хто меў непасрэднае дачыненне да пошукавай справы, каб прыняць удзел у перапахаванні праху воінаў. У 1976-м у горадзе ўзвялі помнік героям і запалілі каля яго Вечны агонь, а ў 1988-м у сценах колішняй 2-й школы адкрыўся музей баявой і працоўнай славы, адзін з раздзелаў якога прысвечаны гісторыі стварэння, баявому шляху і лёсу лётчыкаў 130-га ХБАП.
На сучасным этапе
На гэтым пошукавая работа не спынілася. Больш за тое, дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам яе ўдалося актывізаваць. Так, у 2020 годзе пошукаўцы ўстанавілі, што Іван Машараў, які лічыўся загінуўшым, насамрэч трапіў у палон і выжыў, а пасля вайны вярнуўся ў родны Барысаглебск. Праўнук Івана Аляксеевіча пайшоў па яго слядах, скончыўшы лётнае вучылішча.
— У музейным фондзе захоўваецца гісторыя жыцця малодшага лётчыка Івана Машарава, запісаная са слоў яго родных, і фотаздымкі пілота, — гаворыць Галіна Скарына. — Пра лёс свайго земляка не ведалі і ў яго родным Барысаглебску. Звязаўшыся з адміністрацыяй горада, мы перадалі знойдзеныя матэрыялы пра лётчыка ў тамашні музей.
Потым вучняў зацікавіла імя Гапара Кадырава на адной з надмагільных пліт брацкай магілы ў Белаазёрску. Пошукаўцы вырашылі дасканала вывучыць біяграфію лётчыка, якая ўказвала на магчымыя роднасныя сувязі з сённяшнім кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым. Для гэтага школьнікі звярнуліся ў яго адміністрацыю, адкуль неўзабаве атрымалі адказ: “…Выказваем сардэчную падзяку пошукавай групе за ўклад у захаванне гістарычнай памяці пра свяшчэнны подзвіг савецкага салдата ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы вашым намаганням памяць пра бяспрыкладны подзвіг нашых продкаў не забудзецца, а маладое пакаленне будзе выхоўвацца ў духу патрыятызму, павагі да ветэранаў і гордасці за сваю Айчыну… Паведамляем, што Гапар Кадыраў не з’яўляецца сваяком кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава. Дзякуем за пісьмо і вашу актыўную грамадзянскую пазіцыю”.
— У 1973 годзе ў перапахаванні астанкаў загінуўшых лётчыкаў у Белаазёрску ўдзельнічаў родны брат Гапара — 82-гадовы Разак Кадыраў са сваім сынам, — расказвае Галіна Скарына. — Пошукаўцы вырашылі знайсці яго, каб запісаць успаміны пра той хвалюючы дзень і ўдакладніць лёс Гапара Кадырава. З адпаведнай просьбай школьнікі звярнуліся да Святланы Дудзюк, якая ўзначальвала ў Ташкенце беларускі культурны цэнтр “Світанак”. Дзякуючы ёй удалося адшукаць родзіча, які быў на перапахаванні, і наладзіць з ім сувязь. У выніку музей атрымаў новыя фотаздымкі і матэрыялы. Але далейшая пошукавая справа з-за раптоўнай смерці Святланы Дудзюк пакуль спынілася…
Важнае месца ў рабоце належыць сайту гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі. У 2019 годзе туды прыйшоў допіс ад Артура Іванілава: “…Я ўнук (стрыечны) аднаго з лётчыкаў 130-га ХБАП Івана Іванілава. Яго самалёт быў збіты 22 чэрвеня 1941 года. Буду рады, калі адгукняцеся…”
— Пошукаўцы наладзілі сувязь з унукам Івана Іванілава, — гаворыць Галіна Скарына. — На жаль, звестак пра яго дзеда ў музейным архіве не знайшлося, акрамя запісу ў кнізе вылетаў і даты гібелі. Вучні папрасілі родзіча падрабязней расказаць пра даваеннае жыццё лётчыка. Унук даслаў неабходныя звесткі пра дзеда і нават яго фотаздымак. У выніку летапіс 130-га ХБАП папоўніўся яшчэ адной старонкай. Немагчыма без хвалявання чытаць наступныя радкі: “Вялікі дзякуй, што вы і вашы выхаванцы ўдзяляеце мне свой час… Сёння пазваніў сваёй цётцы (дачцэ старэйшага з братоў-франтавікоў Іванілавых — Якава), ёй 88 гадоў, і яна апошняя, хто памятае дзядзьку Сашу жывым і прыгожым — ён прыязджаў у родную вёску перад вайной. Згадвае, як бегала за маладым лётчыкам вясковая дзятва, як ён кружыў малых на сваіх плячах. Цётка шмат часу прысвяціла яго пошуку, пісала ў розныя інстанцыі і яшчэ ў 1980-я гады атрымала ліст з архіва Міністэрства абароны СССР пра месца службы дзядзькі і дату, калі ён прапаў без вестак. Расказаў цётцы Валі пра ваш музей і пра тое, як вы зберагаеце родную для нас гісторыю. Яна вельмі ўзрадавалася, заплакала і таксама перадае вам падзяку…”
Па старых адрасах
Летась юныя следапыты пад кіраўніцтвам Галіны Скарыны пачалі пошукі родных яшчэ аднаго лётчыка 130-га ХБАП Міхаіла Бугаркова, кантакты з якімі перарваліся ў 1970-я гады.
— Пасля вайны сястра Міхаіла Бугаркова шукала сляды свайго брата-лётчыка, пахаванага вясковымі жыхарамі на беразе мясцовага Чорнага возера, — расказвае Галіна Скарына. — У 1949-м яна атрымала з вайсковых структур паведамленне, што капітан Бугаркоў 9 ліпеня 1941 года прапаў без вестак на фронце. Доўгі час сям’я Міхаіла Паўлавіча нічога не ведала пра яго лёс, пакуль не прыйшоў ліст ад белаазёрскіх школьнікаў.
Міхаіл Бугаркоў нарадзіўся ў 1908 годзе на Разаншчыне. Баявое хрышчэнне прайшоў на савецка-фінскай вайне, адкуль вярнуўся капітанам і з ордэнам Чырвонага Сцяга. Іграў на гітары, спяваў, займаўся спортам, любіў шахматы. У 1940-м яго перавялі з Ленінградскай ваеннай акругі ў Беларусь камандзірам эскадрыллі хуткасных бамбардзіроўшчыкаў у новы 130-ы авіяполк. Першы баявы вылет ажыццявіў 22 чэрвеня 1941 года ў раён польскай Бяла-Падляскі, а 24—25 чэрвеня — 3 баявыя вылеты ў раён Бярозы.
“Муж вылецеў у бой, а я з паўтарагадовай дачкой Нінай засталася пад Гомелем. Да таго ж чакала яшчэ дзіця. Муж прасіў падарыць сына. Але пасля яго вылету пачалася эвакуацыя ўсіх сем’яў ваеннаслужачых. На радзіму ў Ленінград ужо не пускалі, таму я эвакуіравалася на Паўночны Каўказ…” — пісала 22 сакавіка 1972 года белаазёрскім школьнікам Яўгенія Бугаркова ў адказ на іх пісьмо, якое “падарыла і радасць, і смутак”. У 1941-м
жонцы паведамілі, што самалёт мужа не вярнуўся на базу, але яна да апошняга спадзявалася на цуд.
— 25 чэрвеня 1941 года Міхаіл Бугаркоў павёў групу баявых машын на ворага, але ў няроўным баі васьмёрка пад яго камандаваннем несла значныя страты, — працягвае Галіна Скарына. — Вядучы самалёт фашысты атакавалі ў першую чаргу. Камандзір як мог трымаў строй. Калі ж назаўсёды змоўк стралок-радыст Юрый Папоў і стала немагчыма кіраваць ахопленай полымем машынай, Бугаркоў загадаў штурману Паўлу Голубеву пакінуць самалёт і следам скочыў сам. Баявога камандзіра вораг расстраляў у паветры…
21 чэрвеня 1972 года Яўгенія Бугаркова разам з дачкой пабывала ў Белаазёрску, дзе сустрэлася з пошукаўцамі.
У музеі гімназіі захоўваецца каля 20 лістоў перапіскі з удавой лётчыка, кантакты з якой неўзабаве перапыніліся. Восенню 2024 года вучні вырашылі аднавіць сувязі з роднымі Міхаіла Бугаркова.
У гэтай справе вельмі дапамаглі пошукавыя групы Санкт-Пецярбурга, якія адправіліся па захаваных адрасах. Па адным з іх жыла дачка Ніны Бугарковай Настасся Філяніна, якая ў выніку прыехала на мінулы Дзень Перамогі ў Белаазёрск, каб пакланіцца дзеду на брацкай магіле. Жанчына азнаёмілася з экспазіцыяй музея гімназіі, прысвечанай лётчыкам 130-га ХБАП, правяла ўрок мужнасці для старшакласнікаў і перадала сямейныя рэліквіі. У сваю чаргу вучні падарылі Настассі Філянінай партрэт дзеда-героя, напісаны выпускніцай Варварай Кузьміч.
— Вельмі важна, што з вынікамі пошукавай дзейнасці знаёміцца грамадскасць. Гэта істотна павышае каштоўнасць нашай справы. Дзякуючы ёй нашчадкі Вялікай Перамогі далучаюцца да гераічнага мінулага, вывучаюць гісторыю роднага краю і зберагаюць памяць аб продках, прапускаючы праз сэрца падзеі далёкага часу. У выніку пошукавай работы школьнікаў, пачатай у 1970-я гады, у Белаазёрску была названа вуліца і ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Міхаіла Бугаркова, а піянерская дружына гімназіі носіць яго імя, — падагульняе Галіна Скарына, якая па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы пошукавы атрад была адзначана дыпломам І ступені за арганізацыю пошукавай работы з вучнямі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва ўстановы адукацыі





